Днепра-данецкая культура (4 500 – 2 200 г. да н. э.) – археалагiчная культура эпохі неаліту на Усходнім Палессі Беларусi і на паўночным-усходзе Украіны. Назва паходзiць ад месца першых знаходак у Падняпроўі і на Паўночным Данцы. Належала да супольнасці культур грабеньчата-накольчатай керамікі, але вызначалася сярод іх некаторай адасобленасцю1. Адметнай асаблiвасцю культуры з’яўляюцца керамічны пераважна вострадонны посуд, аздоблены грабеньчата-накольчатым арнаментам. На тэрыторыi Беларусi у эпоху неаліту суiснавала адначасова з верхнедняпроўскай, нарвенскай і нёманскай культурамі.

Першапачаткова культура сфарміравалася на ўзбярэжжах Дняпра на Кіеўшчыне, Чаркашчыне і Палтаўшчыне, на ніжняй Прыпяці і на верхнім цячэнні Северскага Данца. Ранненеалітычны посуд быў вострадонны, з дамешкам валакністых раслінных рэшткаў, сціпла арнаментаваныя паясамі грабенчатых адбіткаў і пракрэсленымі рыскамі. Крэмневыя вырабы на раннім этапе мелі рысы мезалітычнай эпохі, найбольш тыповымі з якіх былі мікраліты і архаічныя сякеры.
Насельніцтва належала да позніх краманьёнцаў. Асноўны занятак – рыбалоўства, паляванне, зямляробства, жывёлагадоўля (бык, свіння). Жытлы наземныя або крыху паглыбленыя ў зямлю, невялікага памеру, авальныя або прамавугольныя. Усярэдзіне жылля знойдзены парэшткі вогнішча, абкладзенага камянямі, гаспадарчыя ямы.
Акрамя паселішчаў знойдзены калектыўныя магільнікі (ад 2 да 13 пахаваных у адной яме; паложаны на спіне) з прыладамі і ўпрыгожаннямі, прысыпаныя чырвонай вохрай.
Знойдзены разнастайны крамнёвы інвентар: пласціністыя і трохвугольныя наканечнікі стрэл, вузкія і шырокія нажы, сярпы, скрабкі, праколкі, свёрлы, сякеры. Характэрнай асаблівасцю з’яўляецца наяўнасць мікралітаў і прылад плоскай апрацоўкі.

На Украіне культура праіснавала да 3-га тысячагоддзя да н.э. На Усходнем Палессі доўжылася яшчэ 500 гадоў. Усходне-палескі варыянт днепра-данецкай культуры на апошнім этапе развіцця вылучаецца багаццем керамічных форм і арнаментацыі. Посуд вырабляўся стужкавым спосабам з гліны з раслінным дамешкам, пазней пяском. Арнамент уяўляе сабой адбіткі грабеньчатага штампа, прачэрчаныя прамыя лініі. У афармленні посуда прасочваюцца вытокі беларускага народнага геаметрычнага арнамента2.