Берасцейская зямля ў X-XIII стст.

У пачатку XII ст. Глеб Усяслававiч у сваей палiтыцы пашырэння тэрыторыi Менскага княства на заходыiм накiрунку, верагодна, падначалiў сабе землi верхняга Панямоння. Аднак у вынiку карнага паходу Манамаха 1116 г. страцiў тут свае пазiцыi. 3 гэтай стратай Менск не мог змiрыцца. У тацiшчаўскiх звестках, паводле якiх у 1119 г. Глеб разам з палачанамi “начал воевать области Владимировых детей. Новгородскую и Смоленскую”, бачыцца ўказанне на спробу менскага князя вярнуць нёманскiя землi, у прыватнасці наваградская належала камусьцi з “дзяцей Уладзiмiравых”. На жаль, крынiцы не паведамляюць пра вынiкi гэтага паходу.

На параўнальна невялiкай тэрыторыi старажытнай Гродзеншчыны ў XII ст. было шмат гарадоў: Наваградак, Гарадзен (Гародня), Ваўкавыск, Услонiм, Свiслач, Турыйск. Хоць летапiс iх упершыню называе толькi ў XII —XIII стст., але, паводле даных археалогii, яны ўзнiклi значна раней – у X — XI стст.

У пачатку XII – пачатку XV ст. у басейне сярэдняга Нёмана iснавала Гарадзенскае княства з цэнтрам-крэпасцю Гарадзен. Яно, згодна з адной канцэпцыяй, у XII ст. знаходзiлася ў васальнай залежнасцi ад Кiева, а ў адпаведнасцi з другой – не падпарадкоўвалася адмiнiстрацыi Кiева, а выступала з iм ў сумесных паходах раўнапраўным ваенным саюзнiкам. Гарадзен, як лiчылася раней, адыгрываў ролю сталiцы ў гэтай зямлi. М. Ермаловiч выказваў альтэрнатыўную думку, што галоўным горадам у XII—XIII стст. тут быў Наваградак, яго князь меў значэнне вялiкага князя для гэтага рэгiёна. Выгаднае геаграфiчнае становiшча (выхад у Балтыйскае мора па Нёмане, яго прытокi звязвалi з басейнамi Заходняй Дзвiны, Прыпяцi, Дняпра) спрыяла хуткаму эканамiчнаму i культурнаму развiццю княства.

Берасцейская зямля з галоўнымi гарадамi Бярэсце, Кобрын, Камянец, Мельнiк, Драгiчын, Вельск раскiнулася па абодва бакi Заходнягя Буга i ўяўляла сабой палiтычна адзiную воласць. Яна мела выключна важнае з пункту гледжання развiцця мiжнароднага гандлю геаграфiчнае становiшча. У Пабужжы перакрыжоўвалiся некалькi важных гандлёвых шляхоў, па якiх ажыццяўляўся тавараабмен памiж Тураўскай, Кiеўскай, Галiцка-Валынскай, Чарнiгаўскай i iншымi землямi i Заходняй Еўропай. Асаблiвасцю Берасцейскай зямлi з’яўлялася полiэтнiчнасць яе насельнiцтва. У IX—ХІІІ стст. яна займала прамежкавае становiшча памiж асноўнымi землямi дрыгавiчоў, валынян, мазаўшан, яцвягаў i была зонай iх узаемадзеяння. Знаходзячыся ў сферы геапалiтычных iнтарэсаў адразу некалькiх моцных племянных саюзаў i княстваў, Берасцейшчына нiколi не выступала як незалежнае самастойнае палiтычнае аб’яднанне. У XI—XIII стст. тут сутыкалiся iнтарэсы кiеўскiх, тураўскiх, пiнскiх, мiнскiх, галiцка-валынскiх, а з пачатку XIV ст. i князёў ВКЛ з iнтарэсамi польскiх феадалаў. У канцы XI — першай палове XII ст. Берасцейская зямля ўваходзiла ў склад Тураўскага княства, залежнага ад Кiева, а з сярэдзiны XII ст. трывала ўвайшла ў сферу уплыву Валынскага княства.

Наканечнік ножнаў мяча (Х-XI стст.) з Франопаля (Брэсцкі р-н).

Горад Бярэсце ўзнiк на мяжы X—XI стст. на мысе пры ўпадзеннi Мухаўца ў Заходнi Буг як пагранiчная крэпасць i апорны пункт славянскай (дрыгавiцкай) каланiзацыi навакольнай тэрыторыi. Пiсьмовыя паведамленнi XI—XIII стст. пра Брэст адрознiваюцца кароткасцю i адрывачнасцю, адсутнасцю паслядоўнага i сiстэматычнага выкладання падзей. Прычынай слабага адлюстравання ў летапiсах гiсторыi Бярэсця паслужыла яго аддаленае размяшчэнне ад старажытных летапiсных цэнтраў, невялiкiя памеры i нязначная вага ў агульнай сiстэме старажытных рускiх i беларускiх гарадоў, сканцэнтраванне палiтычных падзей у iншых раёнах старажытнай Русi. Таму многiя падзеi ў жыццi Бярэсця можна зразумець толькi ў агульным усходнеславянскiм кантэксце. Памежнае становiшча Бярэсця прыводзiць да таго, што з самага пачатку сваей гiсторыi ён стаў аб’ектам заваёўнiцкiх нападаў з розных бакоў. Вiдаць, на апошнiм этапе барацьбы Святаполка i Яраслава Бярэсце было занята палякамi. Каб вярнуць яго, Яраслаў у 1020 г. робiць паход на гэты горад, але змог вызвалiць яго толькi ў 1043 г.

Бярэсце не адносiцца да лiку буйных гарадоў. Тым не менш яно было тыповым для свайго часу гарадскiм паселiшчам, адмiнiстрацыйным, гандлёва-рамесным, абарончым, культурным i рэлiгiйным цэнтрам прылягаючых тэрыторый, цэнтрам славянскiх пасяленняў значнага рэгiёна. Яго размяшчэнне на пагранiччы, на важных стратэгiчных рубяжах i ажыўленых водных шляхах прыводзiла да таго, што горад часта аказваўся ў зоне пастаянных эканамiчных i ваенных канфлiктаў суседнiх народаў. Па ўзроўню сацыяльна-эканамiчнага развiцця i ролi для навакольных тэрыторый ён мог стаць сталiцай самастойнага княства, i старажытнарускiя летапiсы неаднаразова паведамлялi пра спробы мясцовага насельнiцтва да такога выдзялення (1101, 1102, 1146, 1204, 1289). I толькi iснаванне моцных суседнiх Тураўскага i Галiцка-Валынскага княстваў, не зацiкаўленых у выдзяленнi з iх складу Бярэсця, не дазволiлi яму атрымаць самастойнасць.

Пастановай Любечскага з’езда 1097 г., якi ўрэгуляваў тэрытарыяльныя спрэчкi князёў, Бярэсце было замацавана за вялiкiм кiеўскiм князем Святаполкам Iзяславiчам “яко князем туровским”. Аднак Любечскi дагавор тут жа быў парушаны. Уладзiмiрскi князь Давыд Iгаравiч стаў намаўляць Святаполку Iзяславiчу на князя Васiльку: “увидишь, займет города твой Туров, и Пинск, и Берестье, и Пагорину, и тебя убьёт, яко и брата ти убыл Ярополка”. Апанаваны сумненнямi i паверыўшы так рэальна намаляваным пагрозам, Святаполк загадаў схапiць Васiльку i асляпiць. Калi ж князi запатрабавалi ў Святаполка адказу за гэтыя дзеяннi, ён спаслаўся на сведчанне Давыда. Абураныя князi пазбавiлi Давыда ўладзiмiрскага прастола, а ад Святаполка запатрабавалi пакараць яго. Давыд, спасаючыся ад расплаты, уцёк да польскага караля Баляслава, просячы абароны i абяцаючы шчодрую ўзнагароду. Святаполк запатрабаваў ад Баляслава выдаць Давыда i ў падмацаванне свайго патрабавання накiраваўся з дружынай да Бярэсця. Тут i адбылася яго сустрэча з Баляславам. ” И ста Святополк в граде, а ляхове на Бузе, и сносися Святополк речью сляхы… “.

У 1101 г. безудзельны ў той час пляменнiк Святаполка Яраслаў вырашыў забяспечыць сябе “вотчынай” i заняў Бярэсце. Святаполк не пацярпеў такога свавольства i сам узначалiў паход на Яраслава, ўзяў Бярэсце, а непакорнага пляменнiка схапiў, закаваў у кандалы, адвёз у Кiеў i пасадзiў у “поруб”, адкуль ён быў выпушчаны толькi па просьбе iгуменаў i баяр. Адпушчаны ў наступным годзе, Яраслаў зноў пачынае барацьбу за Пабужжа, аднак у хуткiм часе зноў трапляе ў рукi кiеўскага князя. Загiнуў ён у турме ў тым жа 1102 г. Гэты эпiзод паказвае, што Бярэсце ўяўляла ў той час значную каштоўнасць для кiеўскага i тураўскага князя. У спробе Яраслава, меўшага асабiстыя кантакты з прадстаўнiкамi мясцовай феадальнай вярхушкi, якая iмкнулася да самастойнасцi, захапiць удзел у Бярэсцi i Пабужжы, бачыцца першая спроба надаць Берасцейскай зямлi статус асобнага княжацкага ўдзела. Аднак гэтым пажаданням не суджана было здзейснiцца. Пасля смерцi Святаполка ў 1113 г. Бярэсце разам з Тураўскiм княствам апынулася ў падпарадкаваннi Уладзiмiра Манамаха.

Бярэсце ўпамiнаецца таксама ў 1140 i 1142 гг., калi на кiеўскiм прастоле ўладарылi чарнiгаўскiя князi Святаславiчы. Каб задаволiць прэтэнзii сваiх сваякоў i саюзнiкаў, яны раздаюць iм гарады Тураўскага княства – Клецк, Слуцк, Рагачоў, Бярэсце. У склад гэтага княства Бярэсце было вернута ў 1146 г. тураўскiм князем Вячаславам, сынам Манамаха.
Спыненне на тураўскiм стале мясцовай дынастыi Iзяславiчаў у 1113 г., пераход Турава ў распараджэнне Манамахавiчаў i частая змена князёў на кiеўскiм i тураўскiм сталах у сярэдзiне XII ст. аслабiлi Тураўскае княства i паскорылi яго распад. Тады ж Бярэсце перайшло да ўладзiмiра-валынскiх князёў.

Тэрыторыя Беларусі і суседніх земель ў перыяд 1140 – 1146 гг.

У канцы XII ст. польскiя феадалы спрабавалi захапiць Берасцейшчыну. У 1179 i 1182 гг. князь Казiмiр II, у 1210 г. Конрад Мазавецкi i Лёшка Кракаўскi часова захапiлi пабужскiя землi. У пачатку ХІІІ ст. Брэст з`яўляўся невялiкiм удзелам, якi знаходзiўся ў зоне пагранiчных канфлiктаў. Пачашчаюцца напады лiтвы i яцвягаў. У 1164 г. упершыню адзначаны напад лiтвы на Бярэсце.

У гэты час выспелi усе ўмовы для выдзялення Берасцейскай зямлi у самастойнае княства. Аднак па суседству з магутным Галiцка-Валынскiм княствам гэта было нерэальным. У другой палове XII ст. ёй валодаў Раман Мсцiславiч. У 1205 г. ён быў уцягнуты ў міжусобную барацьу польскіх князёў і 15 ліпеня загінуў у бітве пад Завіхвостам, пасля чаго берасцяне зноў робяць спробу атрымаць незалежнасць. Аднак новыя валадары Валынскай зямлi не даюць iм такой магчымасцi. Адчуваючы пагрозу захопу ўлады ў Галічы іншымі князямі ўдава Рамана Мсціславіча звярнулася за дапамогай да венгерскага караля Андрэя II. Але ўладу ўсёж утрымаць не ўдалося і галіцкія баяры паклікалі на княжанне ноўгарад-северскага князя Уладзіміра Ігаравіча. У 1208 г. на просьбу берасцейцаў на княжанне ў Валынь вяртаюцца “княгіня Раманава” з малодшым сынам Васількам. Старэйшы ж сын Даніла быў адпраўлены ў Венгрыю пад ахову караля Андрэя1.

У 1227 i 1229 гг. пад горадам “павоеваша ятвязи”. Але галоўнай небяспекай былi мангола-татарскiя орды Батыя. У пачатку XIV ст. Берасцейская зямля была ўключана у склад ВКЛ. У 1566 г. на яе аснове створана Берасцейскае ваяводства.

  1. П.Ф. Лысенко. Открытие Берестья. Минск, “Белорусская наука”, 2007
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии