Русь у часы Ігара (912- 945)

Пасля смерці Алега ў 912 г. улада перайшла да сына Рурыка – Ігара. Дзяржава, якая дасталася Ігару ў спадчыну перажывала складаны перыяд звязаны з праблемамі знешняй пагрозы і ўнутранага раладу. Актывізацыя качэўнікаў-печанегаў і імкненне зямель Русі выйсці з пад улады Кіева пахіснулі дабрабыт і палітычны ўплыў кіеўскага князя.

У 914 г. Ігар вёў вайну з драўлянамі, якія адмовіліся ад уплаты даніны, а перамогшы іх, усклаў на іх даніну, большую за ранейшую. Пасля былі заваяваны углічы, якія жылі ў міжрэччы Дняпра і Днястра. Мір з пячанегамі, які быў заключаны ў 915 г. доўга не пратрываўся і ў 920 г. Ігар ваяваў з імі.

Русь у часы Ігара
Усходняя Еўропа ў 1-й палове X ст.

Удзел ў частых войнах падняў значэнне і ўплыў княскіх дружыннікаў, старэйшыя з якіх, як ваявода Свенельд (Suainaltr), мелі свае дружыны, карысталіся пэўнай незалежнасцю ад князя і былі надзелены прывілеямі кшталту права збору даніны. Каб выправіць цяжкае становішча і падняць аўтарытэт кіеўскі князь і яго дружына была вымушана зноў звярнуцца да арганізацыі рабаўніцкіх набегаў.

Так ў 941 г. была арганізавана выправа на Канстанцінопаль, але ў першым жа сутыкненні флот русаў пацярпеў паражэнне. Многія караблі былі спалены “грэчаскім агнём”, а войска – частка патанула, а частка была ўзята ў палон. Другі паход на Візантыю з войскам варагаў, русі і славян ў 943 г. скончыўся падпісаннем міру, а ў наступным годзе і новай дамовы з Візантыяй, у якой Полацк ужо не згадваўся.

У гаспадарчым жыцці ў часы княжання Ігара таргоўля пераважна складалася са збыта “палюддзя” – даніны з мясцовага насельніцтва. З павялічэннем ролі баярскай знаці. Распаўсюджваецца баярскае, і, верагодна, дружыннае земляўладанне. У сувязі з развіццём гандлёвых адносін з Візантыяй, шлях “з вараг у грэкі” пачынае адыгрываць усё большую ролю, аб чым сведчаць канцэнтрацыя кладаў у буйных гандлёвых цэнтрах, асабліва такіх як Гнёздава ля Смаленска, якое знаходзілася на месцы скрыжавання валочных шляхоў з Заходняй Дзвіны і з Волхава і Ловаці ў Днепр. Паступова нарастае працэс асіміляцыі варагаў і іх змешвання з славянскім асяроддзем.

Паслабленне ўлады князя ў Кіеўскай дзяржаве стварыла ўмовы для існавання першых самастойных дзяржаўных утварэнняў на беларускіх землях. Дзяржаўнатворчы працэс, які распачаўся пры Рурыку з прыходам у Полацк яго “мужа” у 862 г., якога можна лічыць першым урадоўцам у беларускай гісторыі, набыў адасобленасць і пачаў развівацца незалежна ад уплыву Кіева. Версія паходжання Рагвалода з нарвежскай каралеўскай дынастыі, які вымушаны быў вандраваць з прычыны выгнання з радзімы, дапускае верагоднасць з’яўлення яго ў Полацку якраз у перыяд ад пачатку 930-х да 944 г., калі Полацк не згадваецца ў дамове Русі з Візаныяй. Тым часам дрыгавічы і смаленскія крывічы пакуль засталіся ў складзе Кіеўскай дзяржавы.

Захад Беларусі працягвалі засяляць балцкія плямёны яцвігаў, якія ўжо на землях Пабужжа зведалі хвалю славянскай каланізацыі з боку дрыгавічаў і валынян. На паўночным-захадзе Беларусі знаходзілася яшчэ адно балцкае племя – літва, паходжанне якога звязваюць з культурай ўсходнелітоўскіх курганаў. І яцвягі і літва перажывалі ў гэтыя часы працэс распаду родавага ладу і замены крэўнай структуры грамадства тэратарыяльнай. Між тым паступовае развіццё грамадскага ладу апынулася пад пагрозай далейшай экспансіі славян, у сувязі з чым роля племені ў яцвягаў і літвы змянялася ад адзінкі тэратарыяльнай арганізацыі да структуры, якая магла б забяспечыць бяспеку саплеменнікам і аказаць сапраціўленне ворагу1.

  1. Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 1). Мінск: выд. “І. П. Логвінаў”, 2007.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии