Гарадзішча на Менцы — месца, дзе быў заснаваны Менск, дзе горад месціўся да 1067 года, калі ён быў спалены кіеўскімі князямі і перанесены да ўпадзення Нямігі ў Свіслач.
Тут, на гэтых валах у Х стагоддзі і пачынаўся Менск, якому было наканавана стаць сталіцай Беларусі.
Усяслаў Чарадзей, пашыраючы Полацкае княства, захапіў гэтыя землі (дагэтуль яны належалі Тураўскаму княству, якое кантралявалася Кіеўскім княствам)
3 сакавіка 1067 года войска Яраславічаў ідзе паходам на Менск (гэты — у сённяшнім Гарадзішчы!), каб вярнуць яго пад уладу Кіева.
Ярославичи же трие — Изяслав, Святослав, Всеволод — совокупивше вои, идоша на Всеслава, зиме суще велице. И придоша ко Меньску, и меняне затворишася в граде. Си же братья взяша Менеск, исекоша муже, а жены и дети вдаша на щиты, и поидоша к Немизе; и Всеслав поиде противу. И совокупишася обои на Немизе, месяца марта в 3 день. …И бысть сеча зла, и мнози падоша, и одолеша Изяслав, Святослав, Всеволод, Всеслав же бежа.
Тое, што ўзяўшы Менск, войскі пайшлі “к Немизе”, сведчыць, што гэтыя два пункты знаходзіліся геаграфічна ў розных месцах. Пасля набегу 1067 года Менск (у сённяшнім Гарадзішчы) быў адноўлены, але ў 1084 (або 1085) спазнаў новы напад. Пасля чаго быў перанесены Усяславам Чарадзеем на суток Свіслачы і Нямігі, дзе быў збудаваны ўдвая большы замак.
У 1104 годзе ствараецца Менскае княства, першым князем становіцца Глеб Менскі, сын Усяслава Чарадзея.
Плошча замка складае каля 1,6 га. Плошча навакольнага селішча, паводле розных ацэнак, каля 30-40 га. Замкавыя валы маюць вышынёй 11-15 метраў. Наверсе па ўсім перыметры стаялі драўляныя сцены (абарончая галерэя) вышынёй ад 3 да 8 метраў (паводле розных звестак). Замак меў тры заезды (брамы), усе яны і сёння выдатна чытаюцца на мясцовасці. Археалагічныя прарэзкі валоў далі зразумець іх структуру. А менавіта — што ў аснове землянога насыпу ляжыць 8-9 вянцоў дуба.
Як выглядала галоўная замкавая брама, верагодна, дакладна ўжо не скажа ніхто. Вядома адно — яна мела адну вежу. І была падобная да той вежы, якую пасля збудавалі на Менскім замчышчы на сутоку Нямігі і Свіслачы. Вось, якой уявіў браму археолаг Юры Заяц.
© Па матэрыялах сайта miensk.by