Мінскае замчышча (Гісторыя і даследаванні)

Мінскі замак, Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара – умацаваны цэнтр, дзяцінец старажытнага Менска, на аснове якога ўзнік горад і вакол якога ён рос і развіваўся. Пабудаваны ў 2-й пал. XI ст. на 2-метровым узвышшы сярод нізкай мясцовасці правабярэжнай поймы р. Свіслач і вусця р. Няміга. Быў абнесены пясчана-гравійным валам вышынёй каля 8 м на грэбні якога ўзведзены драўляныя сцены. З паўднёвага боку была пабудавана брама. Меў форму неправільнага авала. Даўжыня ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шырыня 120-150 м, плошча 3 га1. Першае згадванне ў летапісу Менска («Меньск») і «Немизы» пад 1067 г., а таксама наяўнасць у 16,7 км ад Мінска вялізнага археалагічнага комплексу на р.Мена, дало падставы для развіцця навуковай дыскусіі аб месцы першапачатковага Менска. Дадзенае пытанне мае дастаткова вялікую гістарыяграфію, сваіх прыхільнікаў і праціўнікаў. Тым не менш, да гэтага часу праблема ўзнікнення горада і яго магчымага пераносу з прычыны шэрагу прычын ваеннага, сацыяльнага і эканамічнага характару канчатковая не вырашана.

Панарама мінскай крэпасці
Панарама мінскай крэпасці (рэканструкцыя Э.М. Загарульскага).

Гісторыя забудовы ў XVII-XIX стст. Пасля вайны сяр. XVII ст. мінскае Замчышча канчаткова страціла ваеннае значэнне і было ўключана ў сістэму гарадской забудовы. Лагчына, якая аддзяляла яго ад суседняга ўзвышша, імкліва запаўнялася культурным пластом, у тым ліку і зрытым з іншых, больш узнёслых участкаў. Неўзабаве і тут паўстала гарадская забудова. Пераадкладзены і новы культурны пласт, які хутка нарастаў, паступова хаваў вал замчышча. У ім былі ўладкованыя новыя праезды, што знайшло адлюстраванне на планах 1773 і 1793 гг. Мяркуючы па плану горада 1797 г., гэтыя праезды, як і старажытны, пашыраліся, руйнуючы вал. У дадатак, праектны план 1800 г. зусім меркаваў пракладку скрозь замчышча новай вуліцы, якая павінна была разбурыць ўмацаванні ў паўднёва-ўсходняй частцы. На шчасце, праект гэты не атрымаў найвышэйшага зацвярджэння.

Чарговы праектны план 1809 г. прадугледжваў пракладку праз замчышча вуліцы, якая атрымоўвала працяг за ракой, у Траецкім прадмесці. У выніку вал падлягаў прарэзцы ва ўсходнім і заходнім ускрайках. І хоць гэты план таксама не быў зацверджаны, некаторыя работы па ім вяліся: план горада 1810 г. фіксуе з’яўленне на тэрыторыі Замчышча вуліцы, якая перасекла яго з захаду на ўсход, знішчыўшы ў заходнім ускрайку частку вала. Істотна закранулі Замчышча і будаўнічыя работы, прадугледжаныя зацверджаным 21 лютым 1817 г. “Планом губернскому городу Минску 1817 г.” і адлюстраваныя на плане горада 2-й чвэрці XIX ст. З гэтых планаў відаць, як гарадская планіроўка і забудова паступова паглыналі ўмацаванні старажытнага дзяцінца Менска. У выніку ад іх візуальна захавалася толькі невялікая ўзвышаная частка, якая прымыкае да берага Свіслачы. Менавіта за ёй ў 2-й палове XIX – XX ст. замацавалася назва «замчышча».

Мінскае замчышча. 1800
Замчышча на плане Мінска 1800 г.

На планах канца XVIII-XIX стст. сучасную тэрыторыю замчышча перасякае вул. Вялікая (пазней Стара-Мясніцкая), якая ў паўночным канцы пераходзіла ў вул. Замкавую, якая паварочвала на захад і прыблізна ў 300 м ад Свіслачы фактычна замыкалася з вул. Падзамкавай, якая фактычна стварала тое паўкола. Вуліца Падзамкавая была сфарміравана ў адпаведнасці з праектным планам 1858 г. на месцы знівеліраванага вала. На тэрыторыі ўсходняй часткі замка сфармаваўся квартал, які атрымаў па адміністрацыйным дзяленні г. Мінска ў канцы XIX – пачатку XX стст. парадкавы № 29. На частцы фотаздымкаў і малюнкаў Мінска канца XIX – пачатку XX стст., маюцца выявы часткі замчышча. Часцей за ўсё ў кадр пападала усходняя і паўночная часткі замчышча, якія сваім высокімі бакамі (рэшткамі вала) выходзілі да рэк Свіслачы і Нямігі.

Мінскае замчышча
Мінскае замчышча на здымку 1903 г.

Пытанні лакалізацыі ў 1920-30-х гг. Спробы археалагічнай лакалізацыі старажытнага Менска прадпрымаліся з 1920-х гг. Аднак шчыльная забудова тэрыторыі замчышча каменнымі будынкамі XIX ст. у значнай ступені абмяжоўвала магчымасці даследчыкаў. Не гледзячы на наяўнасць пісьмовых сведчанняў археалагічнай старажытнасці Мінска, тапаграфічна лакалізаваць і археалагічна вывучыць яго да 2-й сусветнай вайны спробы амаль не прадпрымаліся.

У 1920-1930-хх гг. беларускія археалогі асноўную сваю ўвагу надавалі пошуку, фіксацыі археалагічных помнікаў эпохі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў, а археалагічнае вывучэнне гарадзішчаў старажытных летапісных гарадоў праводзілася ў вельмі абмежаваным маштабе (Полацк, Тураў, Слуцк, Орша і інш.) Акрамя таго, археолагі таго часу цалкам не мелі вопыту і ведаў для паўнавартаснага вывучэння і інтэрпрэтацыі знойдзеных артэфактаў і рэшткаў канструкцый у магутных гарадскіх напластаваннях. Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася ў канцы 1930-х гг., калі фактычна ўсе навукоўцы былі рэпрэсаваныя.

Акрамя таго, у выніку актыўнага горадабудаўніцтва і шматлікіх земляных работ, мінскае замчышча фактычна страціла бачныя прыкметы ўмацаванага паселішча і не атаясамлялася даследчыкамі 1920-30-х гг. як месца летапіснага Менска. Праўда, І.А. Сербаў адзначыў, што дадзенае месца (замчышча) мае прыкметы гарадзішча. Але і пазасталае ад замчышча ўсходняе ўзвышэнне было асуджана на знішчэнне генеральным планам развіцця горада 1938 г., які аднак ня быў рэалізаваны.

Пытанні лакалізацыі ў 1945 – пач. 1950 гг. Як сведчыць В.Р. Тарасенка, толькі пасля 2-й сусветнай вайны, калі была моцна разбурана каменная забудова XIX – пачатку XX стст. у раёне Ніжняга рынку і замчышча, агляд навакольнага рэльефу археолагам К.М. Палікарпавічам у 1945 г. даў магчымасць усталяваць, што гэтая мясцовасць носіць некаторыя рысы, якія ў старажытнасці рабілі яе вельмі зручнай для размяшчэння на ёй ўмацаванага паселішча горада.

Выгляд Мінскага замчышча 1941
Выгляд Мінскага замчышча на фота аэраздымкі 24 чэрвеня 1941 г.

У 1945 г. К.М. Палікарпавічам было адзначана, што ад Татарскай вуліцы на ўсход да самай р. Свіслач цягнецца вузкая доўгая града. Уздоўж абодвух бакоў грады размешчаны ўчасткі поймы pэк Свіслач і Няміга, занятыя збольшага лугам. У раёне Татарскай вуліцы града аддзелена ад высокага берага даліны р. Свіслач лагчынай, якая прадстаўляе старую даліну Нямігі. Прылеглая да Свіслачы частка грады (мыс) і магла быць, па меркаванню К.М. Палікарпавіча, месцам старажытнарускага горада Менеска. Зыходзячы з гэтага дапушчэння, сектар археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР паставіў летам 1945 г. перад інстытутам пытанне аб правядзенні раскопак на Замчышчы.

Археалагічныя даследаванні 1945-1951 гг. В.Р. Тарасенка адзначыў, што правядзенне раскопак на мінскім Замчышчы з самага пачатку сустрэлася са значнымі цяжкасцямі. Уся паверхня Замчышча апынулася пакрытай абломкамі цаглін, будаўнічым друзам, кавалкамі ржавага жалеза, рэшткамі цагляных падмуркаў будынкаў, якія былі разбураныя на Замчышчы падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. і г.д. Так, паблізу паўночнага краю Замчышча немцамі быў збудаваны жалезабетонны дот, а папярок пляцоўкі Замчышча вырылі акопы поўнага профілю, якія ішлі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Акрамя таго, у цэнтральнай частцы плошчы Замчышча імі ж былі выкапаныя дзве глыбокія ямы. У адной з іх, больш буйной па памерах, калісьці размяшчаліся зенітныя гарматы і склад снарадаў, а дно закладзена бітай цэглай.

В.Р. Тарасенка на працягу 7 гадоў вёў раскопкі на адным з двух узвышшаў, размешчаных адзін за другім ўздоўж правага берага Свіслачы, паблізу ўпадзення ў яе р. Нямігі. Адно з гэтых узвышшаў, званае «замчышчам», знаходзілася на поўдзень ад старога вусця Нямігі і ўяўляла паўднёва-ўсходняе аканчанне вышэйапісанай грады. Сярэдняя вышыня яго 8,15 м над узроўнем Свіслачы. Другое ўзвышша меншых памераў знаходзілася метрах у 150 на поўнач ад першага і было акружана з усіх бакоў лугам, акрамя усходняга боку, прылеглай да Свіслачы.

Згодна з яго назіраннямі, замчышча, за межамі яго заходняй мяжы, ўяўляла сабой канчатак мыса, які пашыраецца ля берага Свіслачы. Мыс гэты ўзвышаўся над навакольнай мясцовасцю і быў арыентаваны з захаду на ўсход перпендыкулярна плыні ракі. Сярэдняя шырыня гэтага мыса каля 30-45 м. На захад і поўнач ад Замчышча мясцовасць ўяўляла луг-пойму Свіслачы, нават і ў 1940-я гг. забалочаную, а ў старажытнасці, несумненна, цяжкапраходную.

На працягу 1945–1951 гг. пад кіраўніцтвам В.Р. Тарасенкі на тэрыторыі мінскага Замчышча праводзіліся наступныя археалагічныя працы:

1945 г. – разведачныя раскопачныя працы засяродзіліся ў цэнтры Замчышча – у пазнейшых яме і траншэі, пракапанай з поўначы на поўдзень (10х2 м). Пробныя раскопкі, першапачаткова праведзеныя на малым (паўночным) ўзвышшы, паказалі, што тут ніякіх старажытных культурных рэшткаў не маецца. Асноўныя матэрыялы былі атрыманыя на ўзвышшы, якое насіла назву «замчышча». Пры даследаванні адной з вялікіх ям, якія былі на паверхні, у перамешанай зямлі сталі трапляцца рэчы, якія можна было датаваць XVIII-XIX стст. Пасля выдалення пласта перамешанай зямлі ясна намеціліся магутныя культурныя напластаванні. Разборка ніжняга культурнага пласта, які вырабляўся, праўда, на невялікім участку, дала рэчы ўжо больш старажытныя, у межах ад XVIII да XI-XII стст. Найбольш цікавым аказаўся культурны пласт, якія залягаў на глыбіні паміж 3,5 і 5 м ад сучаснай паверхні і утрымоўвалы класічную кераміку старажытнарускага часу, бярвеністы насціл, шкляныя бранзалеты, жорны і і г.д. Працы 1945 г. выявілі наяўнасць на мінскім замчышчы слядоў паселішча XI-XIV стст.

1946 г. – у раскоп памерамі 16х12 м (192 м2) увайшлі яма і траншэя даследаваныя ў 1945 г. Гэты раскоп быў выцягнуты з поўначы на поўдзень і распрацаваны на глыбіню 4,5 м ад паверхні.

1947 г. – праводзілася далейшае паглыбленне раскопу 1946 г. той жа раскопачнай плошчы памерам да 150 м2. Найбольшая глыбіня 5,5 м была дасягнута ў паўночна-ўсходняй частцы гэтай плошчы. Глыбіня раскопу даходзіла ў сярэднім да 5,2 – 5,3 м.

1948 г. – раскоп плошчай 100 м2. быў закладзены упрытык да паўночна-ўсходняга вугла катлавана раскопаў 1946 і 1947 гг. Глыбіня раскопу дасягала ў розных месцах ад 5,95 да 7,2 м.

1949 г. – даследаванні вяліся на плошчы раскопам папярэдніх гадоў (1946 г., 1947 і 1948 гг.), якія складалі адзін агульны раскоп. Плошча агульнага раскопу 1949 г. склала 240 м2. Раскоп быў даведзены да мацерыка, заляганне якога вар’іравалася паміж 5,95 і 7,2 м.

1950 г. – раскоп плошчай да 150 м2, які прымыкаў непасрэдна да ўсходняга і паўднёвага краёў раскопу 1949 г., а ў паўночнай частцы межаваў з паўднёва-усходнім кутом раскопу 1948 г. Даўжыня гэтага раскопу (ўсход-захад) 20 м, шырыня 14 м.

1951 г. – раскоп плошчай 300 м2, які прымыкаў непасрэдна да заходняй часткі раскопу 1949 г. Раскоп быў арыентаваны ў напрамку паўночны ўсход – паўднёвы захад. Памеры раскопу – даўжыня 20 м, шырыня 18 м.

Аднак візуальна ацалелая частка Замчышча, якая прымыкала да Свіслачы, была асуджана на знішчэнне рэалізаваным генпланам 1946 г., паводле якога праз тэрыторыю дзядзінца была пракладзена новая “парадная магістраль” сталіцы (Паркавая магістраль – праспект Машэрава – цяпер пр. Пераможцаў).

Пытанні лакалізацыі ў 1950-х гг. Між тым, як заўважыў Э.М. Загарульскі, В.Р. Тарасенка хоць і звярнуў увагу на тапанімічныя асаблівасці мінскіх вуліц, але ён не суаднёс із з канкрэтнай тэрыторыяй асобных частак старажытнага Менска. Менавіта Э.М. Загарульскі ажыццявіў дбайнае вывучэнне гістарычнай тапаграфіі горада. Ён адзначыў, што старажытныя вуліцы (вул. Вялікая, Замкавая, Падзамкавая, Завальная) у спалучэнні з натуральным рэльефам мясцовасці акрэсліваюць цалкам вызначаную і закончаную тэрыторыю, па свайму размяшчэнню, памерах і канфігурацыі характэрную для старажытнарускіх дзядзінцаў.

Так, на планах Мінска 1773, 1793, 1797 гг. тэрыторыя замка, або Старога горада, акружаная кольцам вала, разрываецца ў паўднёвай частцы. Праз гэты разрыў праходзіла Вялікая вуліца. Мяркуючы па планах, працягласць замка ад р. Свіслачы да паўночным захадзе складала 270-300 м, пры шырыні ў сярэдняй частцы да 150 м. Сумяшчэнне планаў XVIII ст. з планам гэтага раёна да перапланіроўкі 1950-60-х гг. выявіла, што замак ахопліваў з усходу на захад тэрыторыю ад Свіслачы да вуліц Падзамкавой і Завальнай. Такім чынам, гістарычная тэрыторыя замка ў некалькі разоў перавышае памеры пагорка, вядомага пад назвай Мінскага замчышча, і само замчышча ўяўляла толькі нязначную крайнюю ўсходнюю частку знішчанага гарадской забудовай старажытнага раёна Мінска.

Раскоп ІІІ Мінскага замчышча
Ніжні накат і тарцы бярвёнаў субструкцыі вала ў раскопе ІІІ (раскопкі Э.М. Загарульскага).

Археалагічныя даследаванні 1957-1961 гг. Пачынаючы з 1956 г. на пляцоўцы Замчышча сталі праводзіцца маштабныя земляныя і будаўнічыя працы, звязаныя як з распрацоўкай катлавана падмурка для будаўніцтва павільёна «Працоўныя рэзервы» (Дом фізкультурніка), так і з нівеліроўкай паверхні. У выніку гэтых работ былі знятыя культурныя напластаванні магутнасцю 3,0-3,5 м. У сувязі з гэтым ў 1957 г. аднавіліся раскопкі Мінскага замчышча.

Кіраўніком раскопачных работ 1957-1961 гг. з’яўляўся Э.М. Загарульскі. Тапаграфічныя дадзеныя раскопкі з’яўляліся працягам даследаванняў В.Р. Тарасенкі, і, у асноўным, тычыліся ўсходняй часткі дзядзінцу. Усе гэтыя злучаныя паміж сабой раскопы, якія ўмоўна можна назваць раскопам 1957-1961 гг., склалі агулам 1228 м2. Вынікі дадзеных маштабных работ былі абагульнены даследчыкам і апублікаваны ў манаграфіі “Возникновение Минска” (Мн., 1982). Прыведзеныя ў манаграфіі звесткі аб стратыграфіі і храналогіі замчышча, характары забудовы, абарончых збудаванняў і рэчавым матэрыяле, у пэўнай ступені, кампенсуе адсутнасць паўнавартаснай палявой дакументацыі ў фондах Архіва археалагічнай навуковай дакументацыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Паводле дадзеных, прыведзеных ў манаграфіі Э.М. Загарульскі на працягу 1957-1961 гг. распрацоўваліся наступныя раскопы:

1957 г. – раскоп I быў прырэзаны з поўдня непасрэдна да раскопа 1946-1951 гг. (распрацоўваўся на працягу 1957-1959 гг.)

Раскопкі Мінскага замчышча ў 1957 г. (від з захаду)

1958 г. – раскоп II быў пашыраны на поўдзень (распрацоўваўся на працягу 1958-1959 гг.). Быў таксама распрацаваны раскоп III плошчай 80 м2., закладзены паўднёва-ўсходняй частцы вала ў 16 м ад асноўнага раскопу 1957-1961 гг., З мэтай вывучэння асаблівасцяў абарончых збудаванняў старажытнага Мінска.

1959 г. – раскоп IV быў пашыраны на паўночны ўсход і на ўсход (раскоп V).

1959 – 1960 гг. – у паўднёвай частцы замчышча, у месцы меркаванага ўезду ў дзяцінец быў распрацаваны раскоп VI плошчай 64 м2, у якім выяўленыя рэшткі ўязных варот.

1961 г. – раскоп быў пашыраны на паўднёвы ўсход (раскоп VIII).

Археалагічныя даследаванні 1974-1991 гг. Пачынаючы з 1974 г. да даследаванняў тэрыторыі замчышча старажытнага Менска прыступаюць археолагі Інстытута гісторыі АН БССР. Кіраўніком гэтых работ часцей за ўсё выступаў Г.В. Штыхаў.

1976 г. – на тэрыторыі замчышча быў распрацаваны раскоп 8х20 м (плошча 160 м2); зафіксавана 18 пластоў – глыбіня 3,6 м, храм 12 ст., ніжнія пласты адносяцца да канца ХІ – ХІІ ст.).

1977 г. – на тэрыторыі замчышча распрацавана 2 раскопы. Раскоп 1 разбіты 20 м на паўднёва-захад ад вады, паміж павільёнам «Трудовые резервы» і р. Свіслач (плошча 24 м2), датыроўка ніжніх пластоў – 11 ст. Раскоп 2 разбіты за межамі Замчышча ў 200 м на паўночны захад ад раскопу 1, плошчай 48 м2. На плошчы 8 Сакавіка праводзіліся назіранні за траншэяй, паўднёвей Замчышча ў 60 м ад р. Свіслач, глыбіня 3 м, датаванне 16 ст.

1981 г. – у паўднёва-заходняй частцы замчышча на газоне насупраць крамы «Алеся», пр. Машэрава (зараз пр. Пераможцаў), д.3. Агульная плошча раскопу 140 м2 (7х20 м), глыбіня культурнага пласта да 3 м. раскоп І – вывучана 32 пласта, 13 будаўнічых гарызонтаў, культурны пласт глыбінёй да 6,4 м, датаванне да другой паловы ХІ – пачатку ХІІ стст. (пав. справаздачы В.Е. Собаля, З.С. Пазняка, П.А. Русава)

1983 г. – на Замчышчы, раскоп агульнай плошчай 48 кв. м, глыбінёй пласта да 3,2 м, усяго 33 пласта, 13 будаўнічых гарызонтаў, датыроўка пласта ХІ-ХV стст.

1984 г. – на паўднёва-ўсходнім участку замчышча, у зоне катлавана станцыі метро «Няміга», каля Дома фізкультуры “Трудовые резервы” распрацаваны раскоп памерамі 20х50 м (агульная плошча 1000 м2), культурны пласт ад 4,8-5, 6 м да 7-8 м, расчышчаны вал, насцілы вуліц, зрубы, падвалы, датаванне да XI ст. (пав. справаздачы Г.В. Штыхава).

1985 г. – Раскоп 1 – у катлаване станцыі метро “Няміга”, прымыкаў да раскопу 1984 г., агульная плошча 1000 м2., даследаваны да мацерыка 528 м2, культурны пласт да 8,4 м, датаванне да XII ст. Раскоп 2 – каля Дома фізкультуры, плошчай памерам 6х18 м – 10 м2, датаванне да XIII ст. Траншэя – з поўдня на поўнач уздоўж берага р. Свіслач, шырынёй 3 м, глыбінёй 6 м, расчышчаны зруб, датаванне да ХIV ст. (пав. справаздачы Г.В. Штыхава).

1986 г. – катлаван станцыі метро «Няміга» (раскоп 1), Дом фізкультуры (раскоп 2), катлаван каля кафэ «Реченька», вал ў двары д.5 і крамы «Алеся». Раскоп 1 – прымыкаў да раскоп 1985 г., памерам 36х20 м (плошча 720 м2), культурны пласт да 7 м, расчышчаны пабудовы, сустрэтая кераміка 06/07 стст., асноўны матэрыял датуецца да XII-XIII стст., шурф – у 8 м ад паўднёвай сценкі раскопу 1, памерам 2х6 м (плошча 12 м2), глыбінёй да 6,4 м, датаванне да XIII ст. Раскоп 2 – уздоўж сцяны Дома фізкультуры, выяўлены драўляныя пабудовы, раскоп памерам 36 х 6 м (плошча 216 кв.м) датаванне да XIII ст. (пав. справаздачы Г.В. Штыхава).

Знаходкі з Мінскага замчышча
Знаходкі з Мінскага замчышча

1987 г. – на т.зв. Татарскіх агародах. Траншэя – каля катлавана паміж Палацам спорту і р. Свіслач, даўжынёй 40 м, культурны пласт 0,6-0,7 м. Раскоп каля катлавана паміж Палацам спорту і р. Свіслач, памерам 8х12 м (плошча 96 м2), датаванне да XI ст.) (пав. справаздачы Г.В. Штыхава)2.

Раскоп 1 – на трасе станцыі метро “Няміга”, у 80 м ад абарончых валаў, плошча 236 м2, вывучана 19 пластоў, культурны пласт глыбінёй да 4,8 м, расчышчаючы 7 будаўнічых гарызонтаў, датаванне – да XII ст. (пав. справаздачы П.А. Русава).

1988 г. Станцыя метро «Няміга»: раскоп 22 – па цэнтру катлавана (паўднёвая ўскраек пл. 8 Сакавіка і паўночная частка вул. Горкага), раскоп памерам 10 х 20 м, агульная плошча 268 м2, культурны пласт глыбінёй да 2,5-3 м, расчышчаючы 4 пласта, датаванне – да XII ст.) (пав. справаздачы П.А. Русава).

ва ўсходняй частцы замчышча, побач з ганкам Дома фізкультуры закладзены раскоп на дне траншэі (плошча 48 м2), расчышчаны драўляныя будынкі на глыбіні 3,5 м, агульная глыбіня культурнага пласта да 4-4,5 м, датаванне пласта да XII – XIII стст.)

1991 г. – каля станцыі метро “Няміга”, раскоп – 3 ўчастка, выяўлены рэшткі вуліцы, датыроўка да XI-XII стст. Раскоп – плошчай 20 м2. памерам 4х5 м, месца ўязных варот, культурны пласт да 2 м, датаванне да XI ст.)

Схема Мінскага замчышча і месцы археалагічных раскопаў

Мінскае замчышча
1 – зводны раскоп 1946-1961 гг.; 15 – раскоп 1981-1982 гг.; 17 – раскоп у катлаване станцыі метро “Няміга” 1984-1986 гг.; 20 -раскоп 1986 г.; 21 – раскоп 1987 г.; 22 – раскоп 1988 г. (пав. Г.В. Штыхава)
Умоўныя знакі
Рэчышчы рэк на мапе Мінска XVIII-XIX стст.
Мяркуемы штучны рукаў р. Нямігі (цяперашняе рэчышча).
Контуры валоў замчышча на плане Мінска XVIII ст.
Месцы і нумарацыя археалагічных раскопаў пав. Э.М. Загарульскага
Месцы і нумарацыя археалагічных раскопаў пав. Г.В. Штыхава
Схемы дарог на мапах Мінска XIX ст.
Месца размяшчэння крэпасных варот
Тапаграфія Мінска паводле карты 2008 г.

Удакладненне лакалізацыі. У выніку археалагічных даследаванняў 1950-х – 1980-х гг. (даследаванні Э. М. Загарульскі, Г. В. Штыхава), а таксама назіранняў за землянымі работамі, было ўстаноўлена наступнае:

1. ва ўсіх месцах раскопак і земляных работ, дзе быў зафіксаваны вал, ён сапраўды супаў з валам, зафіксаваным у гістарычных планах горада з чаго была зроблена выснова, што ўсе гістарычныя апісанні рэшткаў абарончых збудаванняў, роўна як і планы Менска XVIII – XIX стст., зафіксавалі вал летапіснага Менска;

2. была вызначана тэрыторыя умацаванай часткі старажытнага Менска. Старажытны гарадскі дзядзінец займаў усю тую тэрыторыю, якая на гістарычных планах горада заключана ўнутры вала. Яна была вядомая пад назвай «Стары замак», «Стары горад» або проста «Замак». Ён пачынаўся ад Свіслачы і расрпасціраўся на паўночны захад на 250-300 м да існуючых тут пазней вуліц Падзамкавай і Завальнай. Шырыня дзядзінца 100-150 м. Плошча умацаванай часткі старажытнага Менска складала прыблізна 3 га. Цэнтральная частка горада зараз перакрытая праспектам Пераможцаў. Пагорак, называемы “замчышчам», складаў усяго 1/11 частку тэрыторыі дзяцінца старажытнага Менска.

Згодна з меркаваннем Ю.А. Заяца, вызначэнне плошчы менскага дзяцінца ў 3 га зроблена на аснове планаў Замчышча 2-й паловы – канца XVIII ст., на якіх паказана толькі верхняя частка вала, якая выступала над нарослым культурным пластом. Прымаючы пад увагу значную крутасць ўнутранага схілу больш старажытнага вала, можна лічыць, што першапачатковая плошча дзяцінца была блізкая да 3 га. Але ў выніку перабудовы земляных умацаванняў яна паменшылася да 2,5-2,6 га і толькі паступова, з нарастаннем культурнага пласта, які накладваўся на новы ўнутраны схіл вала, да 2-й паловы XVI – пачатку XVII ст. карысная плошча Замчышча зноў наблізілася да 3 га.

3. Пры даследаваннях 1980-х гг. былі канкрэтызаваныя або падкарэктаваныя некаторыя ўстояныя палажэнні папярэдніх даследчыкаў менскага замчышча. Так, было адзначана, што старажытныя фартыфікатары не былі вольныя ў выбары формы ўмацаванняў і ў пэўнай ступені прытрымліваліся рэльефа мясцовасці. Дзяцінец Менска быў заснаваны на невялікім узвышшы, якое сфарміравалася на стадыі дэградацыі дняпроўскага ледніка. На даследаваным у 1984-1985 гг. ўчастку пад 2-мятровай пясчана-жвіровай тоўшчай ўзвышша быў прасочаны галечна-валунны гарызонт, наяўнасць якога, мабыць, спрыяла ўстойлівасці верхніх адкладаў. Найбольш прыпаднятая паўночна-ўсходняя частка гэтага ўзвышша прымыкала да берага Свіслачы і мела ў плане абрысы, блізкія да чатырохвугольніка. З поўначы магчымасці фартыфікатара абмяжоўвала рэчышча Нямігі, а з поўдня – лагчына, якая злучае з рэчышчам Свіслачы. Па гэтай прычыне абарончая лінія дзяцінца трымалася натуральнага рэльефа. Невялікія памеры ўзвышша з аднога боку, а з другога – імкненне будаўнікоў збудаваць дзяцінец максімальна вялікіх памераў абумовілі праходжанне трасы вала каля самага краю ўзвышша. Ахоўныя ўласцівасці штучных умацаванняў дапаўнялі натуральныя перашкоды: р. Свіслач, р. Няміга з яе нізінным левым берагам (нават у XIX ст. гэтая вуліца, якая называлася Падзамкавай, праходзіла на балоце) і лагчына. Не выключана, што першае рэчышча Нямігі ля дзяцінца раздвойвалася; паўднёвы рукаў яго мог быць штучнага паходжання. У гэтым выпадку дзяцінец з усіх бакоў быў акружаны вадой. Даследаванне ўчастка, што прылягае да дзяцінца з поўдня (1986-1987 гг.) паказала адсутнасць тут рова. Яго з поспехам замяняла натуральная лагчына.

Вынікі даследаванняў. Такім чынам, у выніку маштабных археалагічных даследаванняў другой паловы ХХ ст. ўстаноўлена наступнае:

1. З дакладнасцю лакалізаваны дзяцінец (гарадзішча, замчышча) летапіснага «Менска», які ўяўляў сабой селішча пры ўпадзенні р. Няміга ў р. Свіслач. У плане дзяцінец меў паўкруглую форму плошчай каля 3 га.

2. У розных пунктах знівеліраванай ў канцы 1950-х гг. пляцоўкі дзяцінца выяўлены рэшткі магутнага абарончага вала, які атачаў крэпасць. Прасочана 2 этапы будаўніцтва вала, прычым першапачатковы вал быў узведзены адначасова з узнікненнем жыцця на пасяленні. Унутры вала былі выяўленыя і даследаваны драўляныя субструкцыі, якія прадухілялі абсыпанне. Акрамя таго, выяўлены і даследаваны крэпастныя вароты, якія знаходзіліся ў паўднёва-ўсходняй частцы дзядзінцу;

3. Культурны пласт на тэрыторыі дзядзінца дасягаў 5,0-6,0 м, аднак у выніку нівеліроўкі дзённай паверхні, ён захаваўся на глыбіню 2,0-3,5 м;

4. Даследаваннямі вывучана планіроўка і забудова паўночна-ўсходняй часткі горада;

5. У ранніх напластаванні ўсходняй часткі замчышча выяўлены падмурак каменнай царквы памерамі 12х16 м з трыма апсідамі.

5. Знойдзена вялікая колькасць археалагічных артэфактаў, якія характарызуюць матэрыяльнае і духоўнае жыццё жыхароў горада канца XI-XVII стст., узровень развіцця рамяства, эканамічныя і культурныя сувязі паселішча.

Раскопкі Мінскага замчышча ў 2009 г.

Археалагічныя даследаванні 2009 г. У сувязі з праектам рэканструкцыі мінскага Замчышча ў 2009 г. у паўднёва-заходняй частцы тэрыторыі замчышча праводзіліся раскопкі археолагамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам А.М. Мядзведзева.

  1. Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах. 2 том. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 2011
  2. А.М. Медведев. Отчёт об археологических исследованиях в 2009 г. на объекте «Минское Замчище. Юго-восточная часть. Национальный историко-археологический центр» (1. Историческая справка). Архіў археалагічнай навуковай дакументацыі ІГ НАН Беларусі
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии