Апісанне земляў (з Дублінскага рукапісу XIII ст.). Alba Ruscia

Да апошняга часу лічылася, што першыя згадкі пра Белую Русь cycтpaкаюцца ў польскіх i нямецкіх крыніцах другой паловы XIV ст. Дзе-нідзе гэтая назва мільгае ў дзелавых дакументах i гістарыяграфічных творах заходне-еўрапейскага паходжання XV-XVI стст. Аднак яшчэ сто гадоў таму вядомы славіст У. Ламанскі, разважаючы над сэнсам i гісторыяй паходжання назвы, прыйшоў да высновы, што «яна больш старажытная, чым эпоха Альгерда i нават Гедыміна, што яна існавала ў канцы i нават у сярэдзіне XIII ст.» (В. Ламанский. «Белая Русь». Живая старина. Вып. 3, СПб.).

Адносна нядаўна, у 1979 г., у амерыканскім часопісе, прысвечаным даследаванню эпохі сярэднявечча, – «Speculum» (Люстра) была апублікаваная невядомая крыніца па гісторыі i геаграфіі Еўропы XIII ст. Прыярытэт яе адкрыцця належыць амерыканскаму вучонаму М. Колкеру. (Colker М. L. America rediscouered іп the thirteenth centry? Speculum. A Journal of medieual studies. Vol. 54. M 4. 1979. Cambridge.) Публікацыя ажыццёўленая ім паводле рукапісу ХІІІ ст., які захоўваецца ў бібліятэцы Ангельскага універсітэта (Trinity College) у Дубліне (Ірландыя). Гэты рукапіс малога фармату (158х113 мм) налічвае 406 лістоў i змяшчае разнастайныя сярэднявечныя творы на лацінскай мове: вершы, ананімныя пропаведзі, павучальна-дыдактычныя трактаты i інш., у тым ліку запавет св. Францыска, прароцтвы Іяхіма Флорскага, кароткі летапіс, прысвечаны пераважна гісторыі Ірландыі i даведзены да 1274 г. М. Колкер датуе зборнік канцом XIII ст.

У пачатку Дублінскага рукапісу на 3-5 старонках змешчаны невялікі геаграфічны трактат пaд назваю « Incipiunt descripUones terrarum» – «Апісанне земляў». Як сведчаць ягоныя заключныя словы, гэтае кароткае апісанне задумвалася своеасаблівым уступам да асноўнай працы пра татараў, якая або не была напісаная, або не захавалася.

Alba Ruscia

Хоць аўтар трактата даволі бегла апісвае розныя еўрапейскія краіны i землі, толькі зрэдку спыняючыся на асобных дэталях, яго твор у цэлым – каштоўны дакумент часу, сведка геаграфічных уяўленняў добра дасведчанага еўрапейца другой паловы XIII ст. У гэтым помніку нямала цікавых звестак самага рознага характару, напрыклад, паведамленне пра здабыццё золата на вялікім востраве, куды рэгулярна са Старога свету плаваюць людзі. Гэта яшчэ раз пераканаўча сведчыць за тое, што Амерыка была адкрытая еўрапейцамі задоўга да Калумба.

Для нас жа, зразумела, найбольшую цікавасць выклікаюць змешчаныя ў Дублінскім рукапісе гістарычныя звесткі пра наш край i прылеглыя да яго землі. Гэтыя звесткі асабліва каштоўныя яшчэ i таму, што аповед пра ўсходнюю Еуропу вядзецца не паводле пераказу, чутак i паданняў, а непасрэдным сведкам i ўдзельнікам падзей свайго часу, хрысціянскім місіянерам-падарожнікам, які жыў i працаваў тут у сярэдзіне XIII ст. Ён прапаведаваў сярод яцвягаў i літоўцаў, тады паганцаў, i нават прысутнічаў на каранацыі князя Міндоўга, праўда, на жаль, не пакінуў яе падрабязнага апісання.

Аўтар трактата давёў таксама важныя звесткі пра месца знаходжання асобных земляў на тэрыторыі Прыбалтыкі. У прыватнасці, ён піша, што «сумежная з Руссю зямля Літва» ляжыць на ўсход ад Жамойці. Гэта пацвярджаецца i данымі старажытнарускіх летапісаў.

Аднак найбольш каштоўнае для беларускай гісторыі ў апублікаваным амерыканскім вучоным геаграфічным трактаце – згадка пра Белую Русь. Апавядаючы пра норавы i звычкі карэлаў, аўтар піша: «Адзін з ix (місіянераў.- В. Ч.),слухаючы брата Вайслана, майго таварыша, які прапаведаваў на Белай Русі (іn Alba Ruscia), заклікаў таго ісці з ім да згаданых карэлаў». Геаграфічны кантэкст гэтага гістарычнага запісу (пералічваюцца землі: Прусія, Яцвезь, Жамойць, Літва, Латгалія, Лівонія, Эстонія) дазваляе зрабіць выснову, што тут аўтар пад Белай Руссю разумее суседнюю з прыбалтыйскім рэгіёнам частку Русі – Заходнюю Русь. Такое геаграфічнае становічша займала тады ўсходнеславянская тэрыторыя прыблізна ад Пскова да Турава.

Якую канкрэтна яе частку ў дадзеным выпадку апісваў аўтар трактата, цяжка сказаць пэўна i дакладна. Але, хутчэй за ўсё, тут маецца на ўвазе сучасная Усходняя або Цэнтральная Беларусь, бо аўтар, прапаведуючы пераважна ў Яцвезі i Літве, мог падтрымліваць цесную сувязь i сустракацца са сваім сябрам Вайсланам толькі пры ўмове, што апошні выконваў свой чын місіянера дзесьці зусім побач.

Калі ж быў напісаны гэты геаграфічны трактат? М. Колкер падае як найбольш праўдападобную, на яго думку, дату – 1255 г. К. Гурскі спыняецца на 1255-1260 гг. Думаецца, што «Апісанне земляў» магло ўзнікнуць i крыху пазней – у 60-я гг. XIII ст. Аўтар, хутчэй за ўсё, быў выхадцам з Заходняй Еўропы. Рукапіс яго твора апынуўся аж у Ірландыі, дзе быў змешчаны ў адным са зборнікаў побач з мясцовым летапісам. Аўтар, відаць, узяўся за пяро, каб грунтоўна апісаць Татарыю, ужо, напэўна, калі вярнуўся дадому пасля сваёй працяглай хрысціянскай місіі ў Прыбалтыцы. Да яго маглі i не дайсці звесткі пра некаторыя гістарычныя падзеі пачатку 60-х гг. XIII ст. І ці не сведчыць выраз «і гэта ж пакінуў ён (Міндоўг. – В. Ч.) i сваім нашчадкам», што трактат складаўся ўжо пасля смерці князя?

У заключэнне адзначым, што ў памянёным трактаце трэцяй чвэрці XIII ст. – самая ранняя згадка пра Белую Русь у Заходніх гістарычных крыніцах. У навуковай i навукова-папулярнай літаратуры бытуе неабгрунтаваная думка, са спасылкай на В. Тацішчава, быццам бы назвы «Белая Русь», «беларускі» ўпершыню згадваюцца ў XII ст. Аднак звесткі ў гісторыі В. Тацішчава пра XII ст. – хутчэй за ўсё, недакладныя, бо ўзятыя з больш позніх летапісных кампіляцыяў, магчыма, з XVII ст.

У гістарычных жа крыніцах XII-XV стст. у «Аповесці мінулых гадоў», Радзівілаўскім, Лаўрэнцеўскім, Іпацеўскім ды іншых аўтэнтычных летапісах i дакументах, складзеных на ўсходнеславянскіх землях, нідзе не згадваецца Белая Русь. Няма гэтай назвы i ў агульнадзяржаўных беларуска-літоўскіх летапісах i хроніках XV-XVI стст. i ў Баркулабаўскім летапісе, які напісаны ва Усходняй Беларусі ў першай палове XVII ст.

Самая ж даўняя дакладная гістарычная звестка пра Белую Русь сустракаецца ў помніку ўсходнеславянскага паходжання – грамаце Івана III да папы рымскага Сікста 1472 г., дзе маскоўскі князь называе сябе Ioannes dux Albae Russiae, а назва азначае вольная, прававерная, вялікая, а не заходняя.

Такім чынам, назвы «Беларусь», «беларусы», хоць i даўнія, але не мясцовага паходжання, марудна тут прыжываліся i позна ўвайшлі ў народную самасвядомасць. Гэта, аднак, не дае падставаў сумнявацца ў старажытнасці i самабытнасці беларускага народу, яго мовы, гісторыі i культуры.

Апісанне земляў (з Дублінскага рукапісу XIII ст.)

(1.) Дзеля таго, каб ведаць пра ўзнікненне, распаўсюджанне i звычаі таго племені, якое называецца татарамі (Tartari), неабходна адзначыць, што населеная зямля, як гэта падаецца ў розных гісторыях, падзяляецца на тры галоўныя часткі, якія засялілі пасля смерці Ноя ягоныя сыны: Сім, Хам i Яфет ca сваімі нашчадкамі1. Азію занялі сыны Сіма. Яна пачынаецца ад вялікай ракі Яўфрат, на ўсходзе ж абмяжоўваецца акіянам. Афрыкай завалодалі сыны Хама. Яна, пачынаючыся ад правінцыі Сірыя i гораў Аман2 i Ліван3 на захадзе канчаецца пад зімовым сонцастаяннем. Еўропу, якая яшчэ называецца паўночным краем, займелі сыны Яфета.

(2.) Яна ж пачынаецца ад Таўра4 i Амана – гораў Сіліцыі (Silicie)5 i Сірыі, цягнецца паміж усходам летняга сонцастаяння i паўночнымі краямі той самай часткі, дзе размешчаная Манголія (Mongal) – зямля татараў, як гэта будзе тлумачыцца далей, i кіруецца да летняга захаду i пасхальнай (pascalis) часткі акіяна, змяшчаючы ў сабе заходнюю царкву.

(3.) Гэтая ж самая частка, а менавіта Еўропа, паводле некаторых [аўтараў], падзяляецца яшчэ на дзве часткі, гэта значыць, на ўсходнюю i заходнюю царкву. Заходняя пачынаецца ад Італіі ўключна.

(4.) На поўнач ад яе, за Венецкім морам6 знаходзіцца суседняя зямля венграў. Яе насяляюць славяне (Sclaui), якія называліся гунамі. Пазней яе цэнтрам авалодалі, уварваўшыся туды, венгры. На ёй, мяркую я, быў Рымскі выган (Pascua Romanorum).

(5.) Да Венгрыі (Hungarie) з паўночнага боку прымыкае частка ўсходняй Польшчы (Polonie), за якой размешчаны Прусія (Pruscia), якая таксама на поўначы даходзіць да Салодкага мора (Маге Dulce)7 Яе пачаў схіляць [у хрысціянства] богаўгодны муж Хрыстыян8 першы біскуп гатай зямлі з закону цыстэрцыяў без меча, а праз ласку хрышчэння.

(6.) З захаду ад яе размешчаная вялікая частка Польшчы, прыморская ад поўначы. Яна называецца Памераніяй.

(7.) З усходу ж, у кірунку Русі (Russiam), да яе далучаецца Яцвезь9 (Jetwesya) Яе пачаў хрысціць я з таварышам. За Прусіяй, на поўнач ад гэтага ж народу, ляжыць Самбія10 Яна нібыта прыморская з паўночнага боку.

(8.) Яе падпарадкаваў сваёй уладзе сам Прыміцый, пяты пароль багемцаў (Boemorum)11, які правіць i цяпер, адзначаны крыжам, з вялікім войскам хрысціянаў. Найзнатнейшага з гэтай зямлі ён, ахрысціўшы, назваў сваім імем у маёй прысутнасці ў першы год валадарства папы Аляксандра IV12

(9.) Яны, гэтак як i прусы (Prutheni), шанавалі асобныя лясы як багоў, вельмі верылі варажбе i нябожчыкаў спальвалі разам з коньмі, зброяй i лепшым адзеннем, бо думалі, што гэтым i ўсім іншым, што спальваецца, [памерлыя] змогуць карыстацца ў наступным жыцці.

(10.) Да Самбіі далучаецца Курляндыя, якая больш схіляецца да поўначы, аточаная морам з паўднёвага, а таксама з заходняга боку. А з усходняга краю размешчаная зямля паганцаў, якая называецца Жамойць (Samoita). Тут ніколі не прапаведвалася без меча.

(11). Таксама на ўсход ад яе ляжыць сумежная з Руссю (Ruscie) зямля Летавія13 (Lectauie) першы кароль якой Міндоўг (Mendogus) быў хрышчаны i пры каранацыі прыняў сваё каралеўства ад рымскага пасаду пры маёй там бытнасці14. I гэта ж пакінуў ён i сваім нашчадкам, калі б толькі належным чынам дбалі пра справу такога роду.

(12.) Згаданыя літоўцы (Lectaui), яцвягі (Jetuesi) i Нальшаны15 (Nalsani) легка паддаюцца хрышчэнню, бо ўзгадаваныя ад самай калыскі хрысціянскімі карміцелькамі, таму мы маглі дзейнічаць сярод ix больш бяспечна.

(13.) За Курляндыяй ідзе Лівонія, на поўначы якой ёсць арцыбіскуп з 7 суфраганамі, з якіх чатыры знаходзяцца ў Прусіі, а тры – у Лівоніі. Яна атрымала пачатак свайго збавення дзякуючы купцам. Гнаныя непагодаю, яны павярнулі Ў вялікую раку над назваю Дзвіна (Duna), якая выцякае з межаў Русі, i пабачылі народ просты i бяззбройны. Абачліва i паступова купцы дамагліся ix дазволу на пабудову каменнай агароджы для невялікага двара на выспе гэтай ракі каб ваўкі альбо разбойнікі не патурбавалі ўначы ix саміх ці скаціну, якую яны прыдбалі тамсама. I, зрабіўшы цэмент, пачалі ўзводзіць даволі моцны замак. Пабачыўшы гэта, [тубыльцы] пачалі змаўляцца: «Давайце дазволім гэтым людзям складаць камяні i пасля, калі яны скончаць справу, абвязаўшы моцнымі канатамі i ўпрэгшы шмат валоў i коней, у адзін момант усё зрынем на зямлю». Калі ж яны прыйшлі з гэтымі прыладамі i ўбачылі мноства сваіх, параненых стрэламі абаронцаў, то пасля парады вырашылі ўчыніць з купцамі вечны мір. Вось такім чынам пачало тут пашырацца хрысціянства.

(14.) Да гэтае зямлі прымыкае Эстонія (Hestonia), якая, схіляючыся больш да поўначы, ляжыць пад Арктурам. Яна таксама прыморская з паўднёвага боку. За ёй, з захаду, ідзе Біронія (Bironia)16.

(15.) Да яе затым прымыкае каралеўства Швецыя (Suecie) як з поўдня, так i з захаду, схіляючыся да поўначы i паўднёвага захаду. Непасрэдна за ёй ідзе каралеўства Нарвегія, якое цягнецца як на поўнач, так i да краёў паўночнай часткі захаду.

(16.) У даўжыню i шырыню гэтага каралеўства нялёгка паверыць недасведчанаму чалавеку, хоць бы таму, што яго крайняя частка, якая прымыкае да краю поўначы летняга захаду з сярэдзіны траўня аж да канца ліпеня, не знае захаду сонца. Здаецца, што сонечны дыск у час летняга сонцастаяння, узняўшыся ў свой задыяк з паўночнае часткі акіянскіх водаў, праходзіць шлях сярод ночы на вышыні альпійскіх вяршыняў, альбо на адлегласці каля аднаго стадыя.

(17.) У паўночнай частцы гэтай зямлі ёсць вельмі высокія горы, пакрытыя лясамі. У ix шмат белых, надта хуткіх аленяў, якіх лепш лавіць у пасткі, чым цкаваць сабакамі. На гэтай частцы зямлі зусім няма ядавітых паўзуноў. Даволі шмат тут кітоў (cetus). Гэта – род рыбы, якая ў час шторму ікламі, што вырастаюць у яе, чапляецца за скалы. Калі ж мора раптам адступае, то іклы пад цяжарам кіта вырываюцца.

(18.) Гэтая краіна мае таксама два, вельмі аддаленыя на захад i поўнач астравы 17 На ix людзі з-за недахопу дроў у маразы звычайна робяць вогнішча з пакрытых рыбіным тлушчам касцей розных рыбаў i жывёлаў. Звычайна там вельмі шмат буйной рагатай жывёлы i авечак.

(19.) Апрача таго, ёсць востраў, знойдзены ўжо ў наш час у паўночнай частцы згаданай зямлі 18. На яго двойчы ў пяцігоддзе адпраўляюцца ды вяртаюцца назад два караблі. Гэта вялікі востраў, на якім вельмі шмат людзей, але паганцаў. 3 рачнога i марскога пяску ў вялікай колькасці [там] здабываецца найлепшае золата. Улетку людзі не ведаюць начнога змроку, а зімою цалкам пазбаўленыя святла. Аднак пад Нараджэнне Гасподняе, як [кажа] той, хто быў там два I гады, а цяпер жыве ў каралеўстве Даніі (Dacie), з поўначы дзівосным агнём паj лаюць паднябесныя зарніцы.

(20.) На поўдзень ад згаданай Нарвегіі, як даведзена, ляжыць востраў j Англія i Шатландыя (Scocia). Ірландыя ж размешчаная паміж поўднем i летнім захадам. З гэтага ж выразна бачна, якое становішча займаюць зямля святога Якуба Іспанія i Праванс (Prouincia), а таксама, якім і чынам нашая заходняя царква ўключае землі ля Міжземнага мора i вышэйназваныя, разам з хрысціянскімі астравамі на моры.

(21.) Усходняя ж царква пачынаецца ад Грэцыі альбо Сербіі (Serua), што была названая так таму, што служыла Грэцыі. Яна з роду славянаў (Sclauorum). Уключаючы ў сябе Антэварыю (Anteuariam) 19 яна цягнецца праз Грэцыю i заканчваецца на ўсходзе ў вышэйназваных гарах Сіліцыі i Сірыі.

(22.) Праходзячы далей, яна з поўначы далучаецца да Балгарыі, з паўночнага ж боку мяжуе з Руссю. Гэтыя дзве зямлі, а менавіта Сербія i Балгарыя, ад захаду сумежныя з Венгерскім каралеўствам.

(23.) Прусія ж, судакранаючыся з часткаю Венгрыі, па той жа самай лініі поўначы аточвае Польшчу, Яцвягію, Латвію, а потым схіляецца ў кірунку між поўначчу i паўднёвым захадам, абыходзячы Лецыю (Leciam) 20, Лівонію i Эстонію. I гэткім чынам даходзіць на захадзе да паганцаў карэлаў (Carilos), якія мяжуюць з Нарманскім каралеўствам (regno Nortmannorum).

(24.) Згаданыя карэлы – людзі лясныя i даволі дзікія. Калі яны пабачаць, што ідуць чужыя, як, напрыклад, купцы, то зараз жа з усёй сям’ёю накіроўваюцца у лес. Чужынцы ж вольна могуць карыстацца тым, што знойдуць у дамах, нічога, аднак, не выносячы. Бо калі б забралі з сабою якое-небудзь футра, якіх там шмат, а тыя, вярнуўшыся дадому, заўважылі б гэта, то неадкладна, склікаўшы грамаду, напалі б на чужынцаў ужо як на ворагаў.

(25.) Адзін з ix, слухаючы брата Вайслана (Vaislanum), майго таварыша, які прапаведаваў на Белай Русі 21 (in Alba Russia) заклікаў таго ісці з ім да згаданых карэлаў, даводзячы, што, без сумнення, давёў бы ix да праўдзівага бога праз хрышчэнне i пры жаданні збудаваў бы там касцёлы.

(26.) Вось жа ўсе землі, [пачынаючы] ад Русі i Грэцыі ўключна, што ідуць на ўсход між нашым Міжземным морам i Паўночным акіянам, уваходзяць у склад усходняй царквы.

(27.) Такім чынам, неабходна ведаць, што памянёны траісты падзел зямлі трэба разглядаць, зважаючы на яе цэнтр, дзе прапаведвалі прарокі i дзе Госпад даў многім збавенне. Гэтая зямля – святая 23

(28.) На поўначы яе, што таксама называецца Еўропай, жылі пятнаццаць пакаленняў Яфета, сына Ноя, як тлумачыцца ў гісторыях. 3 іхнага роду ў час апошні прыйдзе племя ліхое i найгоршае, а менавіта Гог i Магог, як адкрывае прарок Езекііль (раздз. 38), кажучы: «Сыне чалавечы! Павярні аблічча сваё супроць Гога i зямлі Магог» 24. I далей: «Ці не ў той дзень, калі народ мой Ізраіль будзе жыць упэўнена i мудра? I прыйдзеш з месца твайго з паўночных краёў ты i шмат народаў з табою, усе верхам на конях, сціжма вялікая i войска моцнае ў апошнія дні» 25.

(29.) Тады, кажа магістр Гуго 26, два народы, паводле Пісання, прыйдуць з паўночных краёў дзеля вайны ў час апошні з вернымі i нявернымі. А ці гэтыя прыйдуць альбо якія іншыя – дасюль немагчыма вызначыць.

(30.) Але пэўна тое, што з гэтых краёў выйдзе вялікае войска, якое бясперапынна будзе нападаць на розныя часткі свету. Аднак цяпер ужо я сцісла раскажу пра татараў i пра ix паходжанне 27.

Каментары i пасляслоўе В. Чамярыцкі; пераклад з лацінскай мовы А. Жлутка.
Крыніца: Апісанне земляў. (З Дублінскага рукапісу XIII ст.) // Спадчына №6-1993. С. 63-68.

  1. Біблейскі сюжэт пра падзел зямлі між трыма сынамі Ноя з’яўляецца «агульным месцам» у сярэднявечных летапісах, хроніках i землеапісаннях.
  2. Аман – старажытная назва горнага хрыбта Аманус, які пачынаецца ад затокі Іскандэрон i цягнецца на паўночны ўсход па тэрыторыі паўднёвай Турцыі.
  3. Хрыбет Ліван, які захаваў сваю старую назву, знаходзіцца на землях сённяшняга Лівана.
  4. У старажытнасці так называліся тры горныя хрыбты – Заходні, Центральны i Армянскі (альбо Усходні) Таўр, якія перасякаюць з захаду на ўсход аж да возера Ван усю паўднёвую Турцыю.
  5. Сіліцыя (Silicia, ScUicia альбо Cilicia) – Кілікія, старажытная краіна, якая размяшчалася ў паўднёва-ўсходняй частцы Малой Азіі на ўзбярэжжы Міжземнага мора паміж гарамі Аман i Таўр
  6. Тут маецца на ўвазе паўночная частка Адрыятычнага мора, размешчаная ля гістарычнай вобласці Італіі, дзе калісьці жыло племя венетаў. Яго імя захавалася ў назве вядомага італьянскага горада – Венецыя.
  7. Балтыйскае мора.
  8. Хрыстыян дэ Аліва – цыстэрцыянец, пачаў сваю місіянерскую дзейнасць у Прусіі каля 1207 г. Віскупам прускім быў з 1215 i да 1245 г.
  9. Яцвезь – гістарычная вобласць на паўднёвы ўсход ад Прусіі, дзе жыло балтыйскае племя яцвягаў. У XII-XIII стст. яны займалі тэрыторыю пераважна ў паўночнай частцы сучаснага Падляшша ў вярхоўі рэкаў Нараў i Бобр. У гістарычных крыніцах Яцвезь часам называецца i Судавіяй.
  10. Самбія – невялікая прыбярэжная частка Балтыі паміж ракой Праголяй, на якой стаіць сучасны Калінінград, i Куршскім залівам. Пазней увайшла ў склад Прусіі.
  11. Прыміцый – гэта. Прэмысл II (Атакар), які быў каралём Багеміі з 1253 да 1278 г. Яго палітычны ўплыў дасягаў берагоў Адрыятыкі i Балтыйскага мора. Паспяховы паход гэтага караля ў Прусію адбыўся ў 1254 г., у выніку чаго заснаваны ў 1255 г. крыжакамі новы горад у Самбіі быў названы ў яго гонар – Каралявец (Кёнігсберг).
  12. Аляксандр IV займаў папскі сталец з канца 1254 да 1261 г.
  13. Размешчаная паміж Жамойцю i Русою зямля Летавія – гэта, несумненна, Літва, або інакш Летува.
  14. Літоўскі князь Міндоўг прыняў хрышчэнне каля 1251 г., каранаваны каля 1253, вярнуўся ў паганства прыблізна Ў 1260 г., а быў забіты ў 1263 г.
  15. Нальшаны – зямля даўняй Літвы. Яе месцазнаходжанне дакладна не вызнача- на. Адны змяшчаюць яе ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага Віленскага краю, на думку іншых, яна ляжала ў раёне нашай Горадні. Паводле найноўшых высноваў літоўскай навуковай думкі, Нальшаны займалі тэрыторыю на поўнач ад Віліі, дзе цяпер ляжаць гарады i мястэчкі Свянцяны, Лынтупы, Ігналіна, Уцяны.
  16. Цяжка з пэўнасцю высветліць, якую зямлю тут меў на ўвазе аўтар трактата.
  17. Паводле праўдападобнага меркавання першага публікатара гэтага трактата М. Колкера, два астравы на паўночным захадзе – гэта Ісландыя i Грэнландыя.
  18. Калі строга трымацца кірунку свету, што ўказаны аўтарам, то на поўнач ад Нарвегіі ляжыць востраў, які сёння называецца Шпіцбергенам. Але іншыя дэталі зместу гэтай часткі тэксту (на востраве жыве шмат людзей, там цякуць рэкі, а з пяску здабываюць золата) сведчаць пра тое, што тут маецца на ўвазе, хутчэй за ўсё, нейкая частка Паўночнай Амерыкі. Так мяркуе i М. Колкер, які адпаведна i назваў свой уступны артыкул: «Паўторнае адкрыццё Амерыкі?». Чаму паўторнае ў XIII ст.? Даследчык лічыць, як прызнае сёння шмат хто з вучоных, што Амерыку ўпершыню адкрылі ісландскія вікінгі (каля 1000 г.).
  19. Са зместу трактата немагчыма дакладна вызначыць, якую тэрыторыю займала так званая Антэварыя i што пад ёю разумеў аўтар.
  20. Тут, напэўна, маецца на ўвазе Латгалія, жыхары якой у старажытнарускіх летапісах называюцца латыгола i летгола. У лацінамоўных крыніцах ХІІІ ст. назва гэтай зямлі часам падаецца як detthia, што сугучна форме, пададзенай у гэтым трактаце – decia.
  21. Гэта самая ранняя згадка ў пісьмовых крыніцах пра Белую Русь. Храналагічна яна адносіцца да сярэдзіны XIII ст.
  22. Святая зямля – гэта Палесціна.22Святая зямля – гэта Палесціна.
  23. Езекііль. XXXVIII. 2.
  24. Езекііль. XXXVIII, 14-15. Тэкст Бібліі працытаваны аўтарам трактата недакладна.
  25. Магістр Гуго – гэта, напэўна, Гуго Віктарынец (1097-1141), сярэднявечны манах, аўтар шэрагу філасофска-багаслоўскіх твораў, прадстаўнік містыцызму.
  26. Падзел тэксту на часткі i ix нумарацыя належаць М. Колкеру
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии