Міхал Эльвіра Андрыёлі

Міхал Эльвіра Андрыёлі (пл. Michał Elwiro Andriolli) – 2 (па інш. 14) лістапада 1836 г., Вільна – 23 жніўня 1893 г., Налэнчаў (Польшча) – графік, ілюстратар і жывапісец, прадстаўнік рамантызму, удзельнік паўстання 1863-64 гг. на Літве і Беларусі. Выхоўваўся ў польскамоўным асяроддзі, але душою праз усё жыццё быў прывязаны да сваёй радзімы – Літвы, культура і гісторыя якой давала яму вялікае натхненне для яго творчасці.

Продкі. Бацька мастака – Франчэска Андрыёлі (Francesco Andriolli: 1794-1861) – паходзіў з невялікай мясцовасці Брэтоніка (Bretonico) бліз Равэрэта (Rovereto) на поўначы Італіі, у італьянскім Тыролю. У 1812 г. ён у чыне капітана ўдзельнічаў у кампаніі Напалеона ў Расіі, дзе трапіў ў расійскі палон. Вяртаючыся з палону ў 1818 г. асеў у Вільні.

У Вільні ён стаў вядомы як “мастак, здольны ў разьбе як з дрэва, так і камяню”. З 1818 г. пачаў супрацоўнічаць з “Літоўскім Кур’ерам”. У 1827 г. ён прыняў расійскае падданства і ў хуткім часе ажаніўся. У 1827 г. ён здаў у Вільні экзамін па спецыяльнасці дэкаратара і мастака, а таксама выкладчыка малюнку ў павятовых школах. У 1839 г. Франчэска Андрыёллі пасля прэзентацыі некалькі працаў у Імператарскай Акадэміі Мастацтваў у Санкт-Пецярбургу атрымаў дыплом Акадэміі.

Усяго ў Франчэска Андрыёлі было пяцёра дзяцей.

Андрыёлі
Міхал Эльвіра Андрыёлі

Дзяцінства і адукацыя. Міхал Эльвіра Андрыёлі нарадзіўся ў 1836 г. ў Вільні. Ён быў чацвёртым дзіцем у сям’і Франчэска і Петранэлі Андрыёлі.

Першым пасля бацькі настаўнікам будучага мастака стаў мясцовы мастак Антоні Залескі. Дзякуючы яго ўплыву, ужо тады Міхал Андрыёлі вызначыў для сябе асноўны жыццёвы накірунак: “пазнаць край, яго гісторыю і, наколькі здолею, адлюстраваць яе”.

У 1855 г. па жаданні бацькі Міхал паехаў вучыцца медыцыне ў Маскву. Але праз год ён звльняецца з курсаў і, насупраць волі бацькі, паступае ў Вучылішча жывапісу і скульптуры ў Маскве (Училище живописи и ваяния Московского художественного общества). У 1858 г. ён ужо атрымаў дыплом Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга.

Дыплом Акадэміі Мастацтваў ў Пецярбургу выдадзены Андрыёлі
Дыплом аб сканчэнні Імператарскай Акадэміі Мастацтваў ў Пецярбургу, выдадзены М.Э. Андрыёлі

У 1858 г. ён вяртаецца да Вільні, дзе на публічнай выставе экспануе адзін з сваіх першых твораў – “Бітву ліцвінаў з крыжакамі”. У 1859 г. ён ад’ехаў у Варшаву, дзе пачаў супрацоўніцтва з Людвікам Еніке (Ludwik Jenike) – першым рэдактарам “Ілюстраванага штотыднёвіка” (“Tygodnik Ilustrowany”).

У 1859 г. Міхал Андрыёлі ад’ехаў у Рым, каб там працягваць вучобу і ўдасканаліваць майстэрства ў Акадэміі Св. Лукаша (Accademia di San Luca). За гады вучобы у Рыме ён пазнаёміўся там з іншымі землякамі: архітэктарам Вітальдам Ланцы (Witold Lanci), скульптарамі Леанардам Марконі (Leonard Marconi) і Марцэлем Гурскім (Marceli Guyski), а таксама з сынам Адама Міцкевіча – Уладзіславам Міцкевічам, з якім яны сталі сябрамі на шмат год. Па сведчанню сучаснікаў, Андрыёлі “рабіў пешыя вандроўкі па ўсёй Італіі, часам спадарожнічаючы абозам Гарыбальдзі”.

Удзел у вызваленчым руху. У 1861 г. Андрыёлі праз Парыж вяртаецца на радзіму і пад канец года ён знаходзіцца зноў у Вільні. Тут ён уключаецца ў працу так званых патаемных курсаў навучання польскай гісторыі і культуры, якмі кіраваў Аляксандр Здановіч. На гэтых курсах Станіслаў Манюшка выкладаў музыку, Адам Шэмеш – малюнак, а Міхал Андрыёлі – жывапіс.

У 1863 г., калі на частцы земляў былой Рэчы Паспалітай ўспыхула паўстанне (у польскай гістарыяграфіі — Студзеньскае паўстанне – Powstanie styczniowe), ён узначалівае атрад паўстанцаў, які складае 70 чалавек. Пасля ён са сваім атрадам адыходзіць пад кіраўніцтва Людвіка Нарбута і ваюе з ім да самай смерці апошняга 5 мая 1863 г.

Пасля паражэння паўстання Андрыёлі праз некаторы час укрываецца пад прозвішчам Маліноўскі, а пасля Бжазоўскі. Але ў кастрычніку ён быў арыштаваны.1 лютага 1864 г. “па апоўдні, падчас агульнага шпацыра пад вокам варты” Андрыёлі ўцёк з няволі, і праз Вільню, Рыгу, Капенгаген – у Лондан, а адтуль у чэрвені пераехаў у Парыж.

Летам 1866 г. як эмісар Камітэту польскай эміграцыі (Komitet Emigracji Polskiej) выехаў з Парыжа, і праз Швейцарыю, Германію, Аўстрыю, а затым марскім шляхам праз Іанічнае мора, праз Афіны і Балканскае ўзбярэжжа дабраўся да Канстанцінопаля. Там ён сустрэўся з доктарам Тадэвушам Окша-Ажэхоўскім (Tadeusz Oksza-Orzechowski) – дыпламатычным агентам Народнага польскага ўрада у эміграцыі, які адначасова з’яўляўся і агентам турэцкай разведкі.

У гэтым жа годзе Андрыёлі праз Чорнае мора трапіў у Адэсу, а адтуль праз Малдавію – на Падолле. Там яго выдаў паліцыі кантрабандыст, які перавозіў Андрыёлі да Хоціма. Андрыёлі быў схоплены і пасаджаны ў хоцімскую крэпасць. Спроба ўцячы не ўдалася, ён быў схоплены, збіты і перавезены ў Вільню, дзе яго чакаў прысуд за ўдзел у паўстанні.

Высылка ў Сібір. У 1867 г. цар выдаў маніфест, які прадугледжваў аблягчэння пакарання ўдзельнікам паўстання 1863-64 гг. і Андрыёлі, які знаходзіўся ў вязніцы, вырашыў назваць уладам сваё сапраўднае прозвішча.

У ліпені 1868 г. Андрыёлі быў вынесены прысуд: “за збройны удзел у паўстанні, выкананне абавязкаў камісара рэвалюцыйных уладаў у Ковенскай губерніі”, а таксама за пранікненне ў дзяржаву ў ролі эмісара было пастаноўлена пазбавіць Андрыёлі “ўсіх правоў і выслаць на катаржныя работы цягам на 15 год”. Але хутка прыгавор ваеннага суда з 15 год катаржных работ і пазбаўлення ўсіх правоў быў заменены на высылку ў глыб Расіі.

У верасні 1868 г. Андрыёлі прыбыў у Вятку (сёння г. Кіраў). Па некаторых звестках ён жыў у доме Новікавай (зараз вул. Валадарскага 85).

У Вятцы Андрыёлі распісываў цэрквы, у прыватнасці кафедральны сабор. Памочнікам у яго быў будучы вядомы расійскі мастак В.М. Васняцоў (В.М. Васнецов). Па яго сведчанню, Андрыёлі быў увесь час чым-небудзь заняты: маляваў партрэты архірэяў, купцоў і заможных вяцічаў, гравіраваў свае малюнкі, змайстраваў лодку з ветразем.

Андрыёлі даваў таксама ўрокі малюнку. Адным з яго вучняў быў брат В.М. Васняцва Апалінарый, які таксама пазней стаў вядомым мастаком. Андрыёлі намаўляў таго кінуць духоўнае вучылішча і шукаў дабрачынныя сродкі для таго, каб паслаць свайго вучня ў Санкт-Пецярбург для навучання жывапісу.e Апалінарый Васняцоў наведываў Андрыёлі кожную нядзелю і прыносіў яму на адзнаку свае малюнкі, а таксама маляваў у яго віды з вакна ці капіраваў малюнкі швейцарскага мастака А. Калама.

За два гады, праведзеныя ў Вятцы, Андрыёлі “аднавіў амаль усе цэрквы, … намаляваў вельмі шмат і заставіў па сабе ўспамін як чалавек вялізарнай працы”. Свае малюнкі ён пасылаў таксама і ў Варшаву1.

Варшаўскі перыяд. У жніўні 1871 г., пасля чарговага царскага маніфеста аб аблягчэнні пакарання, Андрыёлі атрымаў дакумент, які здымаў з яго паліцэйскі нагляд.e Але яму было забаронена жыць у Літве і ён пераехаў у Варшаву. Хутка па прыездзе ў Варшаву Андрыёлі быў прадстаўлены тагачасным выдаўцам: Мечыславу і Маўрыцыю Аргельбрандам (Mieczysław i Maurycy Orgelbrand), Саламону Левенталу і Юзэфу Унгру.

У 1872 г. за серыю малюнкаў – “Вербная нядзеля”, “Увенчанне дубу”, “Холадна і голадна” – Андрыёлі быў прызнаны калегамі па рамяству “найлепшым ў тым накірунку яго творчасці, які ён сабе абраў”. Летам таго ж года Андрыёлі быў вымушаны на нейкі час ад’ехаць у Вятку каб завершыць распачатыя раней працы па аздабленню цэркваў. Восенню ён зноў вяртаецца ў Варшаву.

У 1873 г. да 400-х ўгодкаў М. Каперніка ён стварае малюнак, прысвечаны знакамітаму астраному. У ліпені 1873 г. ён наведвае міжнародную мастацкую выставу ў Вене. У снежні таго ж года ён купіў каля 2 га зямлі каля Новамінска (у межах сёняшняга Мінска Мазавецкага).

У 1874 г. выдавецтва Гебетнэра і Вольфа (wydawnictwo Gebethnera i Wolffa) прапанавала Андрыёлі зрабіць ілюстрацыі да вельмі папулярнай на той час “Марыі” А. Мальчэўскага (Antoni Malczewski). Летам 1875 г. Андрыёлі на кароткі час наведвае Мюнхен, які з’яўляўся на той час сапраўднай мекай для мастакоў.

У лістападзе 1875 г. Андрыёлі бярэ шлюб з Наталляй Хэленай Тарноўскай.

У 1876 г. Андрыёлі стварае ілюстрацыі да кніг: К.В. Вуйціцкага (K.W. Wóycicki) “Старажытныя паданні і аповесці народаў Польшчы і Русі” (“Klechdy starożytne, podania i powieści ludu polskiego i Rusi”), Уладыслава Сыракомлі (W. Syrokomla) “Ян Дэмбарог” (“Urodzony Jan Dęboróg”), Ігната Ходзкі (Ignacy Chodżko) “Успаміны квестара” (“Pamiętniki kwestarza”). У гэтым ж годзе пры пасрэдніцтве Юзэфа Унгра Андрыёлі атрымаў запрашэнне ад французкага выдаўцы А. Фірмін-Дзідота (A. Firmin-Didot). На працягу 1876-77 гг. ілюструе „Bohaterek rosyjskiej literatury”. У 1877-78 гг. працуе над ілюстрацыямі да кнігі Элізы Ажэшка “Мейр Эзафовіч” (“Meir Ezofowicz”).

1878 г. – вельмі цяжкі для Андрыёлі. У чэрвені памірае яго паўтарагадовая дачка, а неўзабаве памірае таксама і яго маці.

Працягам творчасці Андрыёлі з’яўляюцца яго ілюстрацыі да кнігі Юзафа Крашэўскага (Józef Ignacy Kraszewski) “Старое паданне” (“Stara baśń”), драмаў Ю. Славацкага (Juliusz Słowacki) “Баладына” (“Balladyna”) і “Ліла Венеда” (“Lilla Weneda”).

У лютым 1880 г. Андрыёлі купіў частку фальфарку Анелін (каля 202 га), які знаходзіўся на поўнач ад Карчава (Karczew). Купленай дзялцы ён даў назву Бжэгі (Brzegi – берагі). У будучым гэтая дзялка ператворыцца ў буйны маёнтак мастака, але пакуль гэтая мясцовасць, праз якую цякла рака Свідэр (Świder), была амаль незаселена і пакрытая лесам.

У 1882 г. была скончана (распачатая ў 1879 г.) праца над ілюстрацыямі да львоўскага выдання “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча. Ілюстрацыі былі высока ацэнены крытыкамі, але сам Андрыёлі лічыў, што яны яму не ўдаліся: “Я гэта рабіў пры ложку маці, якая памірала, і незадоўга пасля страты дзіцяці”. Між тым Анрыёлі робіць ілюстрацыі яшчэ да аднога твора А. Міцкевіча – паэтычнай аповесці “Конрад Валенрод”.

Паміж Парыжам і Бжэгамі. У сакавіку 1883 г. Андрыёлі накіраваўся ў Парыж, дзе пасяліўся ў свайго сябра Ўладзіслава Міцкевіча – сына Адама Міцкевіча. Хутка ён заключае пагадненне аб супрацоўніцтве з найбуйнейшымі на той час французскімі выдавецтвамі (Firmin-Didot, Palme). У сярэдзіне красавіка праз Лондан на кароткі тэрмін ён вяртаецца ў Варшаву, каб забяспечыць апеку над сваім маёнткам – Бжэгамі, і прыгатавацца да некалькі год пражывання за мяжой. Пад канец красавіка ён разам з жонкай Натальяй праз Вену ад’ехаў да Парыжа.

У Парыжы Андрыёлі супрацоўнічае не толькі з парыжскімі, але таксама з лонданскімі і варшаўскімі выдавецтвамі. Цёпла былі прыняты крытыкамі яго ілючтрацыі да рамана А. Дзюма “Графіня дэ Монсаро” (“La Dame de Monsoreau”).

У 1884 г. Андрыёлі з жонкай дабраліся да Бжэгаў. Там ён бярэцца за працу па уладкаванню маёнтка. Акрамя ўласнага дома ён плануе пабудаваць іншыя – хаткі-лецішчы, якія ён потым змог бы здаваць у арэнду. Так на сельскагаспадарчай выставе ў Варшаве ён набывае чатыры павільёны і па Вісле сплаўляе іх да Бжэгаў. Хутка яго маёнтак налічвае ўжо 14 дамоў. Дамы ён будуе па асабістым праектам, у спецыфічным стылі, які спалучае элементы мазавецкага стыля і швейцарскай альпійскай архітэктуры. За гэтым стылем замацавалася назва «свідэрмаер» (“świdermajer”, па аналогіі з назвай стылю бідэрмаер), якое пазней прыдумаў у дачыненні да тыпу пабудоў Андрыёлі паэт К. І. Галчыньскі.

Назвы хаткам зазвычай давалі самыя жыльцы: “Graniczny”, “Wenecja”, “Cacko”, “Mały”, “Wygodny”, “Sosnowy”, “Ogrodnik”, “Średni” і іншыя. Свайму дому-майстэрні Андрыёлі даў надзвычай простую назву “Mój” – “Мой”. Найвялікшы з дамой, які меў назву “Dwór”, прызначаўся на “старыя гады”.

У лістападзе 1885 г. Андрыёлі з вялікай неахвотай зноў паехаў у Парыж. Жонка засталася дома. Па прыездзе ў Парыж ангельскія выдаўцы яму прапаноўваюць вялікі заказ: 200 ілюстрацый да раманаў Фенімора Купера, якія на той момант карысталіся вялікім попытам. Андрыёлі піша, што іншым заказчыкам ён быў проста вымушаны адмовіць. Але тое, за што ён узяўся, не вельмі захапляла яго, паколькі адлюстроўвала свет, які быў для яго чужы і далёкі. Таму з вялікім надхненнем ён ўзяўся працаваць над ілюстрацыяй “Koncert nad koncertami” з “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча, якую яму заказаў граф Б.Х. Тышкевіч.

Забойства Кейстута. 1882

Творчыя падарожжы. У 1886 г. Андрыёлі распачаў працу над алейнымі рэлігінымі абразамі “Св. Казімір” і “Хрыстос у гробе” для парафіі ў Карчэве.

У жніўні 1886 г. Андрыёллі разам з жонкай прадпрыняў падарожжа па Паўднёвай Польшчы з мэтай наведаць і зрабіць замалёўкі гістарычных месцаў. Яго маршрут пралягаў праз Пулавы, Дэмблін, Кельцы, Скала, Кракаў.

У 1887 г. Міхал Андрыёлі і Наталья разышліся. Мастак ўжо адзін працягвае падарожнічаць па польскіх мясцінах, зараз ужо ў Сілезію, аб якой распавядае яго цыкл “Пад зямлёй і на зямлі” (“Pod ziemią i na ziemi”). З восені 1887 да вясны 1888 г. Андрыёлі быў заняты ў Бжэгах ілюстраваннем ўсіх паэтычных і драматычных твораў Адама Міцкевіча. Творчыя падарожжы працягваліся і ў 1889 г., гэтым разам і на Балтыйскае ўзбярэжжа.

У 1891 г. Андрыёлі наведвае два разы Санкт-Пецярбург, паколькі атрымаў прапанову ілюстраваць “Героя нашага часу” М.Ю. Лермантава.

Нарэшце ўвосень 1891 г. Андрыёлі адправіўся ў “край дзяцінства” – Літву. Там ён таксама робіць замалёўкі як помнікаў гісторыі так і навакольнага жыцця, не застаўляючы без увагі самыя падрабязныя дэталі: чалавечыя тыпы, строі, падворкі, інтэр’еры хатаў, прылады працы і конская вупраж і г.д.

Апошнія гады жыцця. Зімою 1892 і ўвесну наступнага года Андрыёлі працуе над ілюстрацыямі да чарговага твора Адама Міцкевіча “Дзядоў”. У сакавіку 1892 г. Андрыёлі выставіў некалькі працаў у сваёй майстэрні на вул. Абознай у Варшаве, сярод якіх і картон памерам 149 x 105 см “Адкуль вярталіся ліцвіны?” (“Skąd Litwini wracali?”)

На працягу 1892 г. Андрыёлі займаецца выкананнем касцёльных абразоў і адведвае сваякоў, якія жывуць у Санкт-Пецярбургу. У 1893 г. пад канец лютага ён, каб паправіць здароўе, якое астатнім часам пагоршылася, адправіўся ў цёплыя краіны: Харватыю, Чарнагорыю. Там таксама рабіў замалёўкі. Але ў красавіку яго стан пагоршыўся яшчэ болей і ён ад’ехаў у Варшаву для сыстэматычнага лячэння. Але пераканаўшыся, што сітуацыя ўжо безнадзейная, ён 18 чэрвеня склаў завяшчанне.

Першапачатковы намер дактароў накіраваць Андрыёлі на лячэнне ў Славуты быў імі адменены з прычыны імклівага пагаршэння яго стану і яго накіравалі ў бліжэйшы да Варшавы Налэнчаў, куды ён і патрапіў на пачатку ліпеня. 23 жніўня 1893 г. ён памёр у шпіталі. У Налэнчаве ён быў і пахаваны.

  1. Robert Lewandowski. Andriolli … właściciel obu brzegów Świdra. (andriolli.pl)
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии