Ha працягу 2-га тысячагоддзя назоў «Літва» ў розныя часы меў розны сэнс. Урэшце, ужо ў XX ст. ён набыў чатыры галоўныя значэнні:
- старажытнае (летапіснае) племя і тэрыторыя, якую яно засяляла;
- Вялікае Княства Літоўскае;
- гістарычны рэгіён, які традыцыйна звалі Літвою, пасля таго як Вялікае Княства Літоўскае знікла з палітычнай карты;
- новая дзяржава (Летува), якая ўзнікла ў 1918 г.
Нават на пачатку XX ст., калі ўжо даўно не існавала Вялікага Княства Літоўскага, заходнія і цэнтральныя беларускія землі ў Расейскай імперыі працягвалі называцца Літвой. Сітуацыя кардынальна змянілася толькі пасля Першай сусветнай вайны, калі найменне «Літва» (Lietuva) афіцыйна узяў для сваёй дзяржавы народ, які сфармаваўся на населеных балтамі тэрыторыі Жамойці і прылеглых да яе землях. Але будзьма памятаць: ні ў якім разе нельга атаесамляць сярэднявечныя і сучасныя назовы «Літва», «літоўцы», «ліцьвіны».
Летувісы выступаюць супраць ужывання тэрмінаў «Летува» і «летувіс» ў іншых мовах. Між тым карыстанне гэтай тэрміналогіяй мае ўжо даўнюю традыцыю ў самой Летуве. Да прыкладу, у 1928 г. для шматлікай супольні расейскіх старавераў, што жылі ў Летувіскай рэспубліцы, на замову ўрадоўцаў быў зроблены пераклад дзяржаўнага гімна, які пачынаўся словамі:
Летува, отчизна наша,
Ты – земля героев,
И сыны Твои на прошлом
Все величье строят.
Літва ў гістарычным сэнсе – гэта нашая дзяржава, а ліцьвінамі або літоўцамі называлі нашых продкаў. Каб пазбегнуць блытаніны, сучасную суседнюю з Беларуссю краіну варта менаваць яе саманазовам – Летува, яе жыхароў – летувісамі, а мову – летувіскаю.
© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012