Культура Вялікага Княства ў эпоху асветніцтва

Архітэктура і мастацтва

Значныя здабыткі мела ў ХVІІ-ХVІІІ стст. архітэктура Вялікага Княства. Паводле праектаў вядомых дойлідаў Я. Глаўбіца, Дж. Сака, К. Спампані ды іншых узводзіліся і перабудоўваліся кляштары, магнацкія рэзідэнцыі.

Сабор Святога Стэфана ў Полацку. XVIII ст. Узарваны ў 1964 г.

Да найлепшых архітэктурных узораў таго часу належаць збудаваныя ў стылі барока віленскія касцёлы святога Казіміра, святой Тэрэзы, святых Пятра і Паўла, касцёлы і кляштары езуітаў бернардзінцаў брыгітак у Горадні, францысканцаў у Пінску, бернардзінцаў і бернардзінак у Слоніме, касцёл і кляштар езуітаў у Менску, Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Магілеўская Мікалаеўская царква, Віцебская ратуша…

Выдатнымі помнікамі віленскага барока сталі перабудаваны Полацкі Сафійскі сабор, Беразвецкі манастыр базылянаў, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў. Важную ролю ў станаўленні школы гэтага своеасаблівага кірунку барока адыграў Ян Глаўбіц. Барока зрабіла адчувальны ўплыў на беларускую школу іканапісу, якая разам з тым па-ранейшаму вызначалася глыбокай сувяззю з народным светапоглядам і фальклорнымі матывамі.

У другой палове ХVII ст. з’явіліся збудаванні, у якіх спалучыліся рысы барока і класіцызму, – Гарадзенскі каралеўскі палац, Ружанскі палацавы комплекс. Палацава-паркавыя ансамблі існавалі ў Слоніме, Шчорсах (Наваградчына), Дзярэчыне (паблізу Зэльвы). Найбольш старадаўнія помнікі садова-паркавага мастацтва, якія захаваліся да нашых дзён, – рэгулярныя паркі ў Бачэйкаве (Бешанковіцкі раён) і ў вёсцы Дубай (Пінскі раён). Надзвычай цікавы італійскі парк быў створаны ў маёнтку Залессе паблізу Смаргоні, які належаў Агінскім.

Палацы і замкі магнатаў аздабляліся высокамастацкімі габеленамі і партрэтамі. Апісанне Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў за 1770 г. пералічвае 984 творы выяўленчага мастацтва на палатне і дрэве.

У сярэдзіне XVIII ст. склаўся і атрымаў пашырэнне адметны стыль віленскага барока. Ён вызначаўся вытанчанасцю прапорцыяў, скульптурнай пластычнасцю фасадаў і інтэр’ераў, маляўнічасцю франтонаў і ажурных вежаў. У гэтым стылі ствараліся шматлікія вуніяцкія храмы.

У жывапісе перажываў свой росквіт жанр партрэта. У ім, а таксама ў гістарычным, батальным, пейзажным жанрах плённа працаваў прадстаўнік класіцызму Францішак Смуглевіч. У другой палове XVIII ст. пачаўся творчы шлях майстра партрэта Яна Рустэма.

Мастацтва графікі папоўнілі працы Аляксандра і Лявона Тарасевічаў, Васіля Вашчанкі, Гершкі Ляйбовіча.

У скульптуры пад уплывам барока нашыя майстры стварылі з дрэва ўнікальныя алтарныя ансамблі ў Гарадзенскім касцёле езуітаў і Пінскім касцёле францысканцаў. Узнікла свецкая скульптура – бюсты магнатаў, гістарычных дзеячоў, мастацкія надмагіллі.

Шырокую вядомасць у краіне і за яе межамі набылі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, асабліва слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло.

Літаратура

Пасля соймавай пастановы 1696 г., якая замяніла нашу дзяржаўную мову на польскую, сфера выкарыстання беларускай яшчэ болей звузілася. У тэты перыяд літаратура ў Вялікім Княстве Літоўскім стваралася пераважна на польскай, а часам на лацінскай мовах.

Прыхільнік класіцызму паэт Міхал Карыцкі пісаў на лаціне. Самым папулярным яго творам была паэма «Птушыны сойм» – сатыра на шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Творчасць Карыцкага паўплывала на лацінамоўную паэзію эпохі Асветніцтва ў Польшчы і Украіне.

Прадстаўніком сентыменталізму быў паэт і драматург Францішак Князьнін. Яго пяру належаць напісаныя па-лацінску і па-польску байкі, любоўная і рэлігійная лірыка, пастаралі з элементамі беларускага фальклору.
Польскамоўны паэт, перакладнік і гісторык Адам Нарушэвіч пакінуў у сваёй творчай спадчыне палітычныя оды, пераклады з французскай і лацінскай моваў, дыярыюшы з апісаннем падарожжаў вялікага князя і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага па падуладных яму землях.

Пад уплывам эстэтыкі барока і ідэяў Асветніцтва пашыралася жанравая разнастайнасць твораў, якія набывалі выразны свецкі характар і набліжаліся да жыцця. Узнікла інтымная лірыка, гумарыстычная паэзія, парадыйна-сатырычная проза і драматургія.

Драматург Каятан Марашэўскі здабыў славу найперш сваей беларуска-польскай «Камедыяй», галоўны герой якой – прыгонны селянін Дзёмка. Аўтар сцвярджаў у п’есе асветніцкую думку, што шчасце залежыць не ад лёсу, а ад чалавечых учынкаў. «Камедыя» Марашэўскага ў сучаснай апрацоўцы і цяпер у рэпертуары беларускіх тэатраў.

Папулярнасцю карысталіся і драматургічныя творы Міхала Цяцерскага: камедыі «Шлюб, перакулены дагары штучкамі арлекіна» і «Лекар па прымусе» (на вядомы сюжэт Мальера, але з беларускімі героямі і мясцовым каларытам), лібрэта оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас».

Аўтаркай шматлікіх арыгінальных п’есаў і перакладаў была княгіня Францішка Уршуля Радзівіл, першая жанчына-драматург у Рэчы Паспалітай, а таксама таленавітая паэтка. У 1754 г. асобнай кнігаю выйшлі яе «Камедыі і трагедыі».

Надзвычай каларытныя мемуары, якія нагадваюць прыгодніцкі раман, стварыла ў 1760 г. ліцьвінка з Наваградчыны, падарожніца і лекарка Саламея Пільштынова (у дзявоцтве Русецкая). Яна дасціпна апісала побыт і норавы Вялікага Княства, Турцыі, Расеі, Аўстрыі. Польскамоўныя ўспаміны нашай таленавітай суайчынніцы перасыпаныя беларусізмамі, народнымі прыказкамі і прымаўкамі. У 1993 г. кніга С. Пільштыновай пад назовам «Авантуры майго жыцця» выйшла ў перакладзе на беларускую мову і, нягледзячы на вялікі наклад, хутка стала рэдкасцю.

Тэатр і музыка

Выдатнай з’явай нашай культуры ў гэтую эпоху сталі прыватныя тэатры, якія дасягнулі прафесійнага роўню. Найбольшую вядомасць у Вялікім Княстве і далёка за яго межамі мелі тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Тызенгаўза ў Горадні, Агінскага ў Слоніме. 60 актораў налічвала тэатральная трупа ў маёнтку Дзярэчын, што належаў Сапегам. Разам з тэатрамі звычайна ствараліся капэлы. Пры Нясвіжскім тэатры існавала балетная, музычная і вакальная школы. Спектаклі адбываліся ў адмысловым будынку «камедыхаўзе» ў суправаджэнні Нясвіжскай капэлы – прыдворнага аркестра князёў Радзівілаў. У рэпертуар уваходзілі камедыі, трагедыі, оперы Францішкі Уршулі Радзівіл, творы Мальера, Вальтэра, балеты і пантамімы. Нясвіжскія акторы з поспехам выступалі ў іншых гарадах краіны.

Міхал Клеафас Агінскі. Мастак Дж.Грасі. XVIII ст.

Слонімскі тэатр, заснаваны вялікім гетманам Міхалам Казімірам Агінскім, меў выключныя тэхнічныя магчымасці. Да прыкладу, пад час спектаклю маглі біць два вялікія фантаны, асветленыя бенгальскімі агнямі. Існавала таксама размешчаная на Агінскім канале плывучая сцэна на баржах для водных феерыяў і тэатралізаваных баталіяў з удзелам кавалерыі. У чатырох’ярусных ложах тэатра маглі змясціцца дзве тысячы гледачоў. Славілася майстэрствам Слонімская капэла. Рэпертуар тэатра Агінскага ўлучаў 60 опер (у тым ліку «Цыганы» на лібрэта Ф. Князьніна), 18 балетаў, тры музычныя камедыі, 253 сімфоніі. Музыку да некаторых сцэнічных твораў пісаў сам Агінскі, які, дарэчы, падказаў Гайдну сюжэт ягонай знакамітай араторыі «Стварэнне свету».

Вядомасць як кампазітар атрымаў пазней яшчэ адзін Агінскі – Міхал Клеафас, аўтар папулярных паланезаў (у тым ліку славутага «Развітання з Айчынай»), рамансаў, фартэпіянных п’есаў і напісанай на ўласнае лібрэта оперы «Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры». Мелодыя каванціны Фігаро ўпершыню прагучала за восем гадоў да стварэння Моцартам оперы «Вяселле Фігаро» ў вакальным цыкле Міхала Клеафаса Агінскага «Да Касі».

Нашы кампазітары ўзбагацілі музычнае мастацтва Еўропы шэрагам адкрыццяў. Да іх належыць выкарыстанне вакальных цыклаў задоўга да «афіцыйнага» пачынальніка гэтага жанру Бэтховэна. Творы Мацея Радзівіла сталі першымі еўрапейскімі аркестровымі ўзорамі паланезаў. Крыху пазней першую оперу «Фаўст» у супрацоўніцтве з Гётэ напісаў Антон Генрык Радзівіл.

Магнаты Вялікага Княства запрашалі да сябе прызнаных майстроў тэатральнага і музычнага мастацтва з Заходняй Еўропы, але болльшасць трупы або аркестра заўсёды складалі акторы і музыкі з мясцовых сялянаў і мяшчанаў. Гарадзенскі балет і слонімскія танцоры сталі пазней асноваю каралеўскага Варшаўскага балета.

Побач з прыватнымі працягвалі свае традыцыі гэтак званыя школьныя тэатры, што існавалі пры навучальных установах. Шырока вядомы быў тэатр Забельскага дамініканскага калегіюма (каля вёскі Валынцы Верхнядзвінскага раёна), дзе выкладалі знаныя драматургі К. Марашэўскі і М. Цяцерскі. Там была пастаўленая «Камедыя» Марашэўскага – першая беларуская камедыя, дзе галоўныя персанажы гавораць па-беларуску.

Культурныя дасягненні нашай краіны ў эпоху Асветніцтва ў сваіх лепшых праявах стаялі ўпоравень з здабыткамі заходнееўрапейскай культуры і значна ўплывалі на расейскае мастацтва.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1705-1753 гг. Жыццё і дзейнасць Францішкі Уршулі Радзівіл.
1738-1750 гг Перабудова Полацкага Сафійскага сабора ў стылі віленскага барока.
1740-1791 гг. Дзейнасць Нясвіжскага театра Радзівілаў.
1762-1835 гг. Жыццё і дзейнасць Яна Рустэма.
1769-1780 гг. Дзейнасць Гарадзенскага тэатра А. Тызенгаўза.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии