Лёс помнікаў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі ў кантэксце Ўсходняга фронту

Так склалася, што на працягу першай паловы ХХ стагоддзя, з-за свайго геапалітычнага становішча Германія была вымушана весці канфлікты на два франты – Заходні і Усходні. Па выніках баёў з 1917 г. Усходні фронт быў стабілізаваны ў наступным парадку: Рыга, Двінск, Свянцяны, Баранавічы, Пінск, Луцк, Ковель. Такім чынам, абапіраючыся на сучасную палітычную карту Усходняй Еўропы, можна вылучыць наступныя суб’екты: Латвія, Літва, Польшча, Украіна, Беларусь, Расія (Калінінградская вобласць). Перад тым як разглядзець помнікі краін, варта адзначыць, перш за ўсё:  рэгіянальныя асаблівасці або падабенства, характар ушанавання памяці аб Першай сусветнай вайне на тэрыторыі былога фронту і адрозненні ад Заходняй Еўропы.

Помнікі Усходняга фронту Першай сусветнай вайны, безумоўна, адносяцца да ваеннай спадчыны. Характар іх у Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне і Беларусі збольшага аднолькавы: фартыфікацыйныя збудаванні, узведзеныя ў перыяд вайны, або якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях; аб’екты жылога, гаспадарчага і вытворчага прызначэння, пабудаваныя для патрэб арміі; воінскія пахаванні; месцы буйных бітваў; помнікі, капліцы, усталяваныя ў ваенны час.

Падчас вайны актыўна будавалася і выкарыстоўвалася палявая фартыфікацыя. Варта адзначыць, што будаўніцтва з нямецкага боку вялося значна больш актыўна. Будавалася двухузроўневая, а ў асобных месцах і трохузроўневая сістэма абароны, якая ўключае драцяныя загароды, лініі акопаў, злучаныя зігзагападобнымі пераходамі, назіральныя пункты, салдацкія зямлянкі, склады гармат, агнявыя пункты. Нямецкія пазіцыі былі ўзмоцнены шматлікімі жалезабетоннымі будынкамі (доты, бліндажы, назіральныя пункты). Фартыфікацыя рускай арміі была прадстаўлена ў асноўным дрэва-землянымі будынкамі [1, c. 347].

На сённяшні дзень захаваліся сотні фартыфікацыйных збудаванняў часоў Першай сусветнай вайны. Рэшткі земляных акопаў і жалезабетонныя збудаванні размяшчаюцца ўздоўж усёй лініі фронту. Большасць з іх сканцэнтравана ў месцах правядзення ваенных аперацый. У час Усходне-Прускай аперацыі засталося шмат такіх аб’ектаў у Калінінградскай вобласці, рэшткі фартыфікацый прысутнічаюць у шматлікіх літоўскіх мястэчках. У час Віленскай аперацыі, Свянцянскага прарыву і ў выніку адступлення рускай арміі з пазіцый Аўстра-Венгерскага фронту, тэатр баявых дзеянняў быў перакінуты на тэрыторыю Беларусі і Украіны. Усталявалася пазіцыйная вайна. Руская і нямецкая армія пачала будаўніцтва умацаванняў у Баранавіцкім, Ляхавіцкім, Мядзельскім, Вілейскім раёнах, так сама на тэрыторыі Луцкага раёна і Ковельскай вобласці. Для размяшчэння шматлікіх частак будаваліся цэлыя ваенныя гарадкі з баракаў. Будаваліся гаспадарчыя пабудовы: склады, пункты харчавання, камандныя пункты, штабы, лазарэты, электрастанцыі. Нямецкая армія актыўна займалася будаўніцтвам і ўзвядзеннем дарог, камунікацый. На кожнай вузлавой станцыі будаваліся вакзалы. У нямецкіх лагерах нават будаваліся кінатэатры.

У ваенных дзеяннях, якія праходзілі з 1914 па 1918 гады на тэрыторыі Польшчы, Прыбалтыкі, Украіны і Беларусі удзельнічалі вайскоўцы армій трох дзяржаў: Германіі, Аўстра-Венгрыі і Расіі. Пры гэтым практыка воінскіх пахаванняў таго часу мела шэраг асаблівасцяў. Даволі часта, асабліва гэта тычыцца прыфрантавой зоны, ваеннаслужачых армій праціўніка хавалі адразу пасля баёў на могілках разам. Вельмі цікавае становішча было на тэрыторыі Усходняй Прусіі, дзе акрамя рускіх і немцаў хавалі і ваеннапалонных з іншых краін [2]. На тэрыторыі Беларусі і Украіны, ў заходніх частках абодвух краін, прысутнічаюць шмат воінскіх могілак, брацкіх магіл, на якіх у той ці іншай ступені захаваліся агульныя помнікі і мемарыялы, выкананыя непасрэдна ў час вайны, альбо ў першыя пасляваенныя гады.

Яшчэ грымелі бітвы Першай сусветнай, а ў Расіі і Германіі ўжо праводзіліся конкурсы па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і праектаў памятных знакаў для іх. Так, да прыкладу, вядомы праект надмагільнага помніка загінуўшым воінам Першай сусветнай вайны, які быў распрацаваны расійскім архітэктарам Іосіфам Лангбардам і ганараваны першай прэміяй Імператарскага таварыства архітэктараў-мастакоў. Конкурс праводзіўся па даручэнні Галоўнага Савета Усерасійскага таварыства ушанавання памяці загінуўшых воінаў (1916 г.) [2]. У Германіі таксама праводзіліся конкурсы, у якіх удзельнічалі вядомыя архітэктары. Да прыкладу, вядома некалькі праектаў воінскіх пахаванняў архітэктара Фрыдрыха Ларса, апублікаваных у спецыяльным выпуску штогодніка Нямецкага вытворчага саюза [2].

Пасля заканчэння вайны, аднавілася Польская дзяржава і у 1925 годзе быў пабудаваны мемарыял пад назвай “Магіла невядомага салдата”. Ушанаванне памяці аб Першай сусветнай вайне на захадзе пачалося з межваеннага перыяда, чаго нельга сказаць пра Савецкую Расію, дзе гэта вайна была абвешчана імперыялістычнай і надоўга была адкінута з публічнай увагі. “Войны, у якіх удзельнічала Расія ў мінулым стагоддзі, па нейкіх незразумелых прычынах часта станавіліся “невядомымі”. Ці шмат мы ведаем, напрыклад, аб савецка-польскай вайне, або аб Савецка-Фінскай вайне?  Але больш за ўсё ў гэтым сэнсе «пашанцавала» Першай сусветнай вайне – у народнай свядомасці яна надоўга была адціснута Кастрычніцкай рэвалюцыяй і грамадзянскай вайной. Нядзіўна, што вайна 1914-1918 гадоў абрасла усякага роду міфамі і небыліцамі, а то і наўмыснымі скажэннямі, выкліканымі імгненнымі палітычнымі меркаваннямі” [3, с. 5].

Калі аўтар цытуемых радкоў у пачатку 1990-х гадоў апынуўся ў навуковай камандзіроўцы ў Заходняй Еўропе, яго вельмі здзівіў той факт, што практычна ў кожным невялікім заходнегерманскім, бельгійскім, люксембурскім або французскім мястэчку ёсць помнікі загінуўшым героям Першай сусветнай вайны і іх нашчадкі да гэтага часу свята шануюць іх памяць. У Расіі ж, якая панесла ў гэтай бойні самыя вялікія людскія страты – 5 млн чалавек, няма ніводнага помніка – ні героям, ні ахвярам [3, с. 5].

Але ішоў час. Савецкая ідэалогія сышла у гістарычнае мінулае, а тое, што яна старалася выкінуць з памяці, стала прабівацца з-пад попелу. Так, у Маскве ў 2004 годзе, у год 90-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, на месцы Маскоўскіх гарадскіх брацкіх могілак паўстаў мемарыял, прысвечаны тым хто загінуў у сусветнай вайне 1914-1918 гадоў. У Санкт-Пецярбургу ў 2007 годзе ўсталявалі помнік генералу А. А. Брусілаву. У 2014 Расія ўпершыню адзначыла Дзень памяці воінаў, якія загінулі ў Першай сусветнай вайне 1914-1918 гадоў. Быў створаны помнік героям Першай сусветнай на Паклоннай гары ў Маскве, які адкрыўся 1 жніўня 2014 года. Памятныя манументы ўзвялі ў Калінінградзе, Пскове, Цверы, Ніжнім Ноўгарадзе, Уфе, Яраслаўлі, Калузе, Варонежы, Валгаградзе, Саратаве.

Ажывае памяць аб Вялікай вайне і ў Беларусі. У жніўні 2011 года ў Мінску былі адроджаны Мінскія Братэрскія могілкі герояў Першай сусветнай вайны, заснаваныя ў лістападзе 1914 года і закрытыя ў 1932 годзе. На могілках ўзведзена мураваная капліца, побач з якой размешчаны бронзавыя пліты з імёнамі 2500 пахаваных на могілках афіцэраў і салдат рускай арміі. 11 лістапада 2011 года на могілках быў упершыню адзначаны Дзень Памяці загінуўшых у Першай сусветнай вайне.

Але да гэтага часу на тэрыторыі Усходняй Еўропы не было агульнадзяржаўнага мемарыяла, годнага подзвігу герояў Першай сусветнай вайны. З’явіўся ён у горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці, які з 1 жніўня 2014 года стаў месцам правядзення юбілейных мерапрыемстваў міжнароднага значэння, прысвечаных 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны.

© Хворастаў Дзяніс Віктаравіч

БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС

  1. Белявина, В. Н. Беларусь в годы Первой мировой войны / В. Н. Белявина. – Минск : Беларусь, 2013. – 398 с.: ил.
  2. Казённов, А. С. Захоронения и памятники Первой мировой войны (период 1914-1945) // IMPERATIVE [Электрон. ресурс] – 2015. – Режим доступа: http://imperative.eu/koenigsberg/zahoroneniya_i_pamyatniki_pervoj_mirovoj_vojny_period_1914_1945/
  3. Шацилло, В. К. Первая мировая война 1914-1918. Факты. Документы. – М.: ОЛМА–ПРЕСС, 2003. – 480 с.: ил.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии