Кажуць, калісьці пад Дрысвяцкім замкам былі тры падземныя хады: адзін выводзіў на так званы Двор, дзе стаяў панскі палац, другі — на Пашавічы, трэці — непадалёк ад касцёла. Сёння пра спадчыну былога замчышча нагадваюць паселішчы бліз Дрысвятаў, якія калісьці ўтвараліся ад гаспадарак ваенна-служылых людзей (баяраў), што атрымлівалі надзелы за абавязак несці службу ў Дрысвяцкім замку.
У мірны час тут знаходзіліся пастаянныя невялікія гарнізоны, якія ў войны падмацоўваліся дадатковымі сіламі. Лічба даходзіла да 2 300 вершнікаў. Так, вёскі Станкавічы, Пашавічы, Бэйнары, Марцінкавічы ўзніклі ад прозвішчаў баяр. Праўда, цяпер гэтыя вёскі паступова знікаюць праз малую колькасцю жыхароў і занядбанасць.
Ад Дрысвяцкага замка цяпер засталася толькі назва. Астраўное замчышча вядомае з XI стагоддзя як памежная крэпасць Полацкага Княства. Гэта было крывіцка-балцкае памежжа, адбывалася частая асіміляцыя. Сведкамі этнічнага сінтэзу сёння выступаюць выяўленыя пры раскопках старажытныя амулеты і кераміка. Дрысвяцкі замак упершыню згадваецца у 1402 годзе ў дадатку да Пагаднення вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы, заключанага з Крыжацкім ордэнам. Пісаў пра яго ў сваіх нататках у ХV стагоддзі і французскі вандроўнік Жыльбер дэ Лануа. У “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі” Гваньіні сярод найважнейшых замкаў віленскай зямлі вылучае Дрысвяты як “замак над возерам шырокім”. Абазначае іх і Гашгольдзі ў 1562 годзе ў Венецыі, калі выдае карту Польшчы. Праз замкавыя тэрыторыі часта праязджалі еўрапейскія падарожнікі, пакідаючы запісы ў сваіх нататніках. Востраў Замак на возеры Дрысвяты — адзін з найбуйнейшых у Беларусі. Плошча гарадзішча — каля 1 га. Культурныя напластаванні над валам адсутнічаюць. Даследчыкі мяркуюць, што яго ўзвялі адначасова з узнікненнем паселішча.
Напрыканцы XIV — у пачатку XV стагоддзяў на востраве стаяў “Двор Дрысвяты” Вялікага Князя Літоўскага Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. Паводле інвентара 1662-га Дрысвяцкі драўляны замак меў тры вежы. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя ён страціў абарончае значэнне і прыйшоў у заняпад. З гістарычных крыніц вядома, што жыццё на востраве спынілася ў 1627-м, калі пасля пажару тагачасны віленскі ваявода Кшыштаф Радзівіл перасяліў насельніцтва на бераг возера, дзе сёння і месціцца вёска Дрысвяты. Пры даследаванні могільніка Пашавічы высветлілася, што ў ім пахаваны жыхары паселішча на востраве Замак.
Дарэчы, могільнік той быў хрысціянскім па змесце і па форме. У Браслаўскім Паазер’і першымі хрысціянамі былі княжацкая дружына ды адміністрацыя. Насельніцтва насіла бронзавыя нацельныя крыжыкі і энкалпіёны-складні — апошнія можна лічыць творам сярэднявечнага мастацтва. Побач з крапасным валам знаходзіўся невялікі касцёл. Цяпер гэта каталіцкі храм — адзін з самых старажытных на Браслаўшчыне, узведзены Мікалаем Радзівілам паводле каралеўскага загаду 1514 года. З датай завяршэння будаўніцтва касцёла звязваюць стварэнне аднаго з самых цікавых твораў беларускага мастацтва — абраза “Пакланенне вешчуноў”, які мае рысы паўночнаеўрапейскага рэнесансу і адначасова — нямецкага жывапісу ды беларускага іканапісу.
Фрагменты рэйнскага каменнага тавару і парцаляны, знойдзеныя на Дрысвяцкім замку, сведчаць пра гандлёвыя кантакты ВКЛ з Германіяй. Жыхары Браслаўскага замка таксама кантактавалі з немцамі ў познім Сярэднявеччы, а яшчэ яны былі аматарамі тытуню і выкарыстоўвалі гліняныя люлькі. Адны даследчыкі кажуць, што апошнія былі імпартныя, іншыя ж — што іх рабілі па прынцыпе прывазных.
А шыфернае праселка цёмна-ружовага колеру са старажытнаславянскім надпісам “ДЭПРЯСЛ” з тэрыторыі замка пашырае геаграфію эпіграфічных помнікаў на тэрыторыі Беларусі…
Аўтар: Ірына Сакалоўская
kimpress.by