Зараз Галоўчын – гэта невялікі аграгарадок у Магілёўскай вобласці. Але ў XVI-XVII стст. гэта быў даволі буйны горад, у якім дзейнічалі дзясяткі кузняў, некалькі храмаў (у дзённіку Багуслава Радзівіла ад 1647 года гаворыцца аб 5 храмах).
Замак у гэтым месцы з’явіўся яшчэ ў канцы XIV стагоддзя. А вакол яго размяшчаліся дамы гараджан. Пазней і сам горад і замак неаднаразова перабудоўваўся. У асноўным з-за пажараў.
Галоўчын не раз станавіўся арэнай баявых дзеянняў. Але дакладна невядома, які ўдзел у гэтых бітвах браў замак.
У 1654 годзе падчас «крывавага патопу» рускія войскі пад камандаваннем Трубяцкога без асаблівых складанасцяў выбілі з горада войска Януша Радзівіла. Але ненадоўга. У тым жа годзе Радзівіл вярнуўся ў горад, адбіўшы яго ў расійскага войска. Лічыцца, што падчас гэтых бітваў і горад і замак былі спалены. Але ў пісьмовых крыніцах згадваецца толькі аб тым, што спалена і разрабавана было толькі паселішча.
Верагодней за ўсё, пасля разбурэння замка ў 1654 годзе ён быў сур’ёзна перабудаваны для адпаведнасці сучасным умовам бою. Так, выяўленыя цагляныя муры могуць сведчыць аб умацаванні падмурка замка, а таксама стварэння некалькіх бастыёнаў – аднаго на поўначы і двух на поўдні – каля ўяздной брамы. На гэтых бастыёнах маглі размяшчацца гарматы.
У 1708 годзе горад у чарговы раз ператварыўся ў арэну баявых дзеянняў. Але на гэты раз паміж шведскімі і расійскімі войскамі. Перамогу ў недоўгачасовай бітве атрымала армія Карла XII. Але хай бітва была і нязначнай, але ўсё роўна ўвайшла ў гісторыю Паўночнай вайны. Лічыцца, што менавіта пад Галоўчынам шведская армія атрымала сваю апошнюю перамогу ў гэтай вайне. Зноў жа, існуе меркаванне, што замак у час бітвы згарэў.
Аднак адзначым, што ні адзін з гісторыкаў не згадвае пра разбурэнне замка. Таму ўсе довады аб яго спаленні грунтуюцца толькі на здагадках.
Захаваліся ад замка – замкавы насып, частка цаглянай кладкі і напаўразбураныя падвальныя памяшканні.