Гедзімін (Гедымін) (каля 1275-1341 гг.) Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага (1316-1341).
Вялікі князь Гедзімін — адна з самых славутых постацей нашай гісторыі. Чалавек гэты шмат зрабіў для мірнага аб’яднання беларускіх і літоўскіх земляў у адзіную дзяржаву, якая стала ўрэшце адной з самых магутных у Еўропе. Адрозніваўся ён верацярпімасцю і дэмакратычнасцю, што не вельмі ўласціва для тагачасных палітычных дзеячаў.
За часамі князя Гедзіміна, які заняў пасад пасля Віценя, у Вялікім Княстве знаходзілася ўжо большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі. Далучэнне новых земляў адбывалася рознымі шляхамі, але амаль заўсёды мела мірны характар, бо давала прыяднаным княствам надзейную абарону ад ворагаў і магчымасць спакойна займацца земляробствам, рамёствамі і гандлем.
На пачатку XIV ст. канчаткова ўвайшлі ў склад новай дзяржавы Тураўская і Пінская землі, крыху пазней – Менскае княства. Віцебская зямля стала часткаю Вялікага Княства ў выніку шлюбу Гедзімінавага сына Альгерда з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай. Дэманструючы палітычную мудрасць, набытым землям гаспадар (так называлі вялікіх князёў) Гедзімін гарантаваў захаванне ранейшых традыцыйных правоў і законаў.
Гедзімін заснаваў новую сталіцу Беларуска-Літоўскай дзяржавы — Вільню. Паходжанне князя дакладна не высветлена. На думку многіх гісторыкаў, ён не сын Віценя ці Лютавара, а нашчадак Гердэна (ці Эрдэна) — князя полацкага. Гэты факт падкрэслівае беларускія вытокі Гедзіміна. Варта адзначыць: яго браты насілі беларускія імёны Віцень і Воін.
Вялікакняскую пасаду Гедзімін заняў пасля смерці свайго брата Віценя, у 1316 годзе. Крыжакі наўмысна распускалі плёткі аб нізкім сацыяльным статусе паходжання гаспадара Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Па іх аповядах, Гедзімін, быццам бы, быў конюх Віценя.
У 1320 годзе князь будуе ў Троках (сённяшнім Тракаі) замак на востраве, сярод вялікага возера, і пераносіць сюды сваю сталіцу. (Магутны замак у Тракаі літоўцы аднаўлялі болей за стагоддзе, добра разумеючы, што відавочнае сведчанне магутнасці дзяржавы працуе на нацыянальную свядомасць лелей, чымся любыя размовы. Замку ў Наваградку не пашанцавала з намі, няўдзячнымі і няўважлівымі ўладальнікамі былой першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага).
Галоўную пагрозу Гедзімін бачыў у крыжацкай агрэсіі, што прымушала яго ісці на саюз з дзеячамі суседніх дзяржаў і княстваў. Гарантам саюзаў былі роднасныя сувязі, якія адыгрывалі значную ролю ў палітычным свеце. Дачка князя Альдона (у каталіцтве Ганна) — была жонкай Казіміра Вялікага — караля польскага, што дазволіла атрымаць волю 25-ці тысячам палоненых Гедзімінам палякаў. Увогуле, з дзецьмі яму пашанцавала. I астатнія шэсць ягоных дачок выйшлі замуж за людзей высокіх і знакамітых; напрыклад, князя цвярскога, валадара Плоцка, сына Івана Каліты. Нам здаецца, што самым слаўным з зяцёў Гедзіміна быў гродзенскі стараста Давыд, вядомы ў гісторыі як Давыд Гарадзенскі. 3 сямі сыноў Гедзіміна двое — Альгерд і Кейстут — аказалі найбольшы ўплыў на нашу гісторыю.
Падчас праўлення Гедзіміна да Беларуска-Літоўскай дзяржавы далучыліся Віцебская, Менская, Турава-Пінская, Берасцейская землі. Увайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага і Падляссе (цяпер у складзе Польшчы). У 1340 годзе ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага Валынь. Менавіта так складвалася беларуская дзяржава. Адбываўся гэты працэс мірна, шляхам роднасных сувязяў, усведамленнем сілы і палітычнай мудрасці гаспадара. Большасць баяр пры двары Гедзіміна былі праваслаўнымі — гэта значыць беларусамі. Пахавалі ж яго як язычніка. Вось што піша пра гэта “Хроніка літоўская і жамойцкая”: ” Кгедымін, вялікі князь, таге року ад гнемцаў у Прусах забіты з ручніцы…
… Сыны яго… звычаем паганскім, наклаўшы вялікі стос смалістага дрэва, труну яму нарыхтавалі. А потым… прыбралі яго ў адзенне княжае каляровае, якое любіў пры жыцці найболей, а пры ім шаблю, рагаціну, сагайдак, сокалаў пару, хортаў пару, каня з сядлом, слугу яго найшчырэйшага ўлюбёнца, з ім звязаўшы, на бярэмя дроў паклалі… і трох вязняў немцаў узброеных жывых вакол дрэва запаліўшы, з ім спалілі… Кідалі ў агонь кіпцюры рысіныя і мядзвежыя, як быў у іх звычай старадаўні”.
Гедзіміна можна па праву лічыць вялікім сынам нашай дзяржавы.
АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ | |
---|---|
1316-1341 гг. | Княжанне вялікага князя Гедзіміна. |
1320 г. | Перамога над крыжакамі пад Меднікамі. Часткаю Вялікага Княсгва Літоўскага стала Віцебская зямля. |
Каля 1325 г. | У склад дзяржавы ўвайшло Менскае княства. |
1331 г. | Разгром нямецкіх рыцараў на рацэ Акмяне. |