Васіль Быкаў

Васіль Быкаў (19 чэрвеня 1924, Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласці — 22 чэрвеня 2003) — выдатны беларускі пісьменнік і грамадзкі дзеяч, удзельнік нямецка-савецкай вайны. Народны пісьменнік БССР (1980).

Большасьць твораў — аповесьці, дзеянне якіх адбываецца падчас нямецка-савецкай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцця.

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласці. Маці — Ганна Рыгораўна, бацька — Уладзімір Фёдаравіч, звычайныя беларускія сяляне. Дзяцінства Васіля Быкава прайшло ў родных мясцінах.

Першым мастацкім творам, з якім пазнаёміўся Васіль Быкаў, стала апавяданне Міхася Лынькова «Гой». З дзяцінства захапляўся паэзіяй Янкі Купалы і творчасцю Якуба Коласа. Акрамя беларускай літаратуры Быкаў з дзяцінства знаёміўся і з замежнымі аўтарамі (Майн Рыд, Жуль Верн, Джэк Лондан і інш.).

Як сведчыць сястра пісьменніка Валянціна, Васіль яшчэ ў школе спрабаваў пісаць апавяданні і вершы, але ў тыя гады больш моцнай была цяга да малявання. Пасля заканчэньня 9 класа ў Кублічах Быкаў паступіў на мастацкае аддзяленне Віцебскай мастацкай вучэльні. Потым быў пераведзены на скульптурнае аддзяленне. Аднак, доўга там не правучыўся, паколькі ў 1940 годзе былі адмененыя стыпэндыі. Васіль вярнуўся назад у Кублічы, дзе скончыў сярэднюю школу.

Калі Нямеччына напала на СССР у 1941 годзе, ён знаходзіўся ва Ўкраіне, збіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка (Сумская вобласьць). Спачатку сямнаццацігадовы Быкаў трапіў у інжынэрны батальён, капаў траншэі, пасля пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у цяжкіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце. Быў двойчы паранены. Потым вучыўся ў пяхотнай вучэльні ў Саратаве. Навучанне ў вайсковай вучэльні звычайна цягнулася 2 гады, аднак, у сувязі з патрабаваньнямі ваеннага часу скарацілася да 1 году. У кастрычніку 1943 году Васіль Быкаў скончыў вучэльню, атрымаўшы званне малодшага лейтэнанта, і працягнуў удзел у баях (Украіна, Румынія, Аўстрыя) да самай перамогі.

Васіль Быкаў у Румыніі. 1944

На Кіраваградчыне ёсць брацкая магіла, у якой Быкаў значыўся пахаваным. Да бацькоў прыйшла пахавальная, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзводу лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч забіты 10 студзеня 1944 году, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградзкай вобласьці.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях. У 1949 годзе яго зноў прызвалі ў войска, дзе Быкаў праслужыў яшчэ 6 гадоў і ў 1955 годзе звольніўся ў запас і прыехаў у Горадню1.

У 1956—1972 гадах — літсупрацоўнік, затым літкансультант газеты «Гродзенская праўда», у 1972—1978 гадах — сакратар Гарадзенскага абласнога аддзяленьня СП БССР. У 1974 годзе Васіль Быкаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесьці «Абеліск» і «Дажыць да світання».

У 1978 г. пераехаў у Мінск. Некалькі разоў абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, з 1989 году — народны дэпутат СССР. У 1990 годзе абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёну Віцебскай вобласці. Сябра СП СССР з 1959 году. З 1980 — народны пісьменнік БССР. У 1993 падпісаў «Ліст 42-х» Барысу Ельцыну.

Яшчэ за савецкім часам яго творы былі перакладзеныя на розныя мовы, прычым большасьць перакладаў на расейскую мову была зробленая самім пісьменнікам.

Нападкі на Васіля Быкава, якія пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу. На працягу некалькіх гадоў Васіль Быкаў жыў спачатку ў Фінляндыі, затым у Нямеччыне і Чэхіі. У Чэхіі перанёс аперацыю, і вярнуўся на Бацькаўшчыну толькі за месяц да смерці. Памёр пісьменьнік 22 чэрвеня 2003 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках Мінска.

Веравызнаньне Быкава было ўніяцкім.

Творчасць

Пачынаўся творчы шлях Васіля Быкава з апавяданняў «У першым баі» і «У той дзень», якія ў 1949 годзе на расейскай мове былі змешчаныя ў газеце «Гродзенская праўда». Тады яны аказаліся незаўважанымі шырокай літаратурнай грамадзкасьцю.

Значны грамадзкі рэзананс мелі апавяданьні Васіля Быкава на роднай мове, надрукаваныя ў 1956—1957 і наступных гадах, і асабліва яго аповесьць «Жураўліны крык», якая прынесла празаіку заслужанае прызванне. Пазней яно было замацавана вялікім поспехам «Трэцяй ракеты» (1961), якая ў 1962 годзе публікавалася адначасова ў «Маладосці» і ў «Дружбе народов».

Да найбольш папулярных ранніх аповесцяў Быкава належыць «Альпійская балада» (1963). Яна шмат перакладалася на замежныя мовы, часта выдавалася ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых савецкіх рэспубліках. На аснове аповесьці створаны кінафільм, некалькі тэатральных спэктакляў, інсцэніроўка для радыё, балет, пастаўлены ў Менску і Чалябінску, опэра, пастаўленая ў Харкаве, сімфонія.

У шмат якіх адносінах паваротнай для Быкава стала аповесьць «Мёртвым не баліць» (1965). Пісьменьнік разгарнуў апавядальную плынь у двух часавых плянах, спалучыўшы паказ некаторых аспектаў ваеннай пары з прамым выхадам да трапяткой сучаснасьці. Быкаў адштурхоўваўся ад таго, што перажыў сам. Ён ня раз падкрэсліваў, што твор мае шмат аўтабіяграфічнага, грунтуецца на нявыдуманай падзейнай канве.

У 1968 годзе была завершаная аповесць «Праклятая вышыня», якая таксама стваралася на матэрыяле добра вядомай пісьменніку франтавой рэчаіснасці, на аснове тых падзеяў, у якіх ён сам прымаў удзел.

Патас чалавечнасці выразна гучыць у «Круглянскім мосце» (1968) — першай аповесьці з партызанскага цыклу, услед за якой былі напісаныя «Сотнікаў», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца».

Новы этап у творчым развіцці Васіля Быкава адкрыла аповесьць «Сотнікаў» (1970), адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў ня толькі ў самога пісьменніка, але і ва ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры пра вайну. Паводле прызнання аўтара, «Сотнікаў» пісаўся адносна лёгка, бо выношваўся доўга, грунтоўна асэнсоўвалася яго ідэя, шматразова прадумваліся многія сюжэтныя павароты, загадзя дэталёва распрацоўваўся фінал.

Высокую ацэнку грамадзкасці атрымала аповесьць «Знак бяды» (1982). У газеце «Правда» яна характарызавалася як кніга-падзея, якая нікога не пакінула абыякавым. Быкаўская мера праўдзівасці і чалавечнасці выразна адчуваецца ў рамане «Кар’ер» (1986).

Акрамя аповесцяў, якія складаюць аснову створанай Васілём Быкавым мастацкай эпапэі народнага гераізму ў гады нямецка-савецкай вайны, а часткова і ў іншыя пэрыяды нашага жыцця, празаік напісаў шэраг таленавітых апавяданняў. Спрабаваў свае сілы і ў драматургіі. Яго п’есы (у прыватнасьці «Апошні шанц») ставіліся ў Маскве, Мінску, Горадні. У Латвіі па гэтай п’есе быў створаны тэлеспэктакль.

Адной з апошніх прац В. Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года «Цярновы шлях», якія пазней увайшлі ў кнігу «Грамадзянін свету» (2004). Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога В. Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.

Бібліяграфія

  • Апошні баец (1958, наступнае выданне ў 2007)
  • Жураўліны крык (1959—1960)
  • Здрада (1961)
  • Трэцяя ракета (1962)
  • Альпійская балада (1963—1964)
  • Пастка (1964)
  • Мёртвым не баліць (1965)
  • Сваякі, аповесць (1966)
  • Праклятая вышыня (1968)
  • Круглянскі мост (1969)
  • Ліквідацыя (Сотнікаў) (1970)
  • Абеліск (1971)
  • Дажыць да світання (1973)
  • Воўчая зграя (1974)
  • Яго батальён (1975)
  • Пайсці і не вярнуцца (1978)
  • Знак бяды (1982)
  • Аблава (1986)
  • Кар’ер (1986)
  • У тумане (1987)
  • На крыжах (1992)
  • Сцюжа (1993)
  • На Чорных лядах
  • Перад канцом
  • Бедныя людзі
  • Ружовы туман (1995)
  • Сцяна (1997)
  • Воўчая яма (1998)
  • Пахаджане (1999)
  • Балота (2001)
  • Эквівалент
  • Доўгая дарога дадому (2002)
  • Калі рукаюцца душы (разам з Рыгорам Барадуліным) (2003)
  • Парадоксы жыцця (2004)
  • Бліндаж (няскончаная, апублікаваная па архіве пісьменніка ў канцы 2006 году ў часопісе «Дзеяслоў»)
  • Гарадзенскі архіў. Невядомыя творы (1957—1972) (2012), уключае ніколі дагэтуль не друкаваную аповесьць Атака, апавяданне Жалезны камандзір, некалькі прыпавесцяў, нататнікі, кінасцэнар па аповесьці Сотнікаў пад назвай «Двое в ночи» і не закрануты цэнзурай пераклад на рускую мову аповесьці Апошні баец
  • Пасляжыццё (2012) — зборнік, у які ўвайшлі аповесьці і апавяданні, якія ніколі не друкаваліся пры жыцьці аўтара: «Атака», «Жалезны камандзір», «Афганец», «Бутэльчына», «Бліндаж».

Экранізацыі

  • «Трэцяя ракета» (1963)
  • «Альпійская балада» (1965)
  • «Ваўчыная зграя» (1975)
  • «Дажыць да сьвітаньня» (1975)
  • «Доўгія вёрсты вайны» (1975)
  • «Узыходжаньне» (1976) (паводле аповесьці «Сотнікаў»)
  • «Абэліск» (1976)
  • «Знак бяды» (1986)
  • «Круглянскі мост» (1989)
  • «Яго батальён» (1989)
  • «Кар’ер» (1990)
  • «У тумане» (1992)
  • «На чорных лядах» (1995)
  • «У тумане» (2012)

Сцэнары да фільмаў2

  • «Трэцяя ракета» (1963)
  • «Альпійская балада» (1965)
  • «Западня» (кароткамэтражны) (1966)
  • «Дажыць да сьвітаньня» (1975)
  • «Доўгія вёрсты вайны» (1975)
  • «Узыходжаньне» (1976) (паводле аповесьці «Сотнікаў»)
  • «Абэліск» (1976)
  • «Ваўчыная яма» (1983)
  • «Яго батальён» (1989)
  • «На чорных лядах» (1995)
  • «Адлюстраваньне» кароткамэтражны (2003)
  1. Бугаёў Дз. Васіль Быкаў. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1987. — 207 с.
  2. Быков Василь Владимирович. Кино-Театр.РУ
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии