Насовіч – славуты лексікограф і фалькларыст

Цяжка пераацаніць значэнне Івана Іванавіча Насовіча (1788-1877) у гісторыі беларускай філалогіі, фалькларыстыкі і этнаграфіі. Ён займае пачэснае месца сярод выдатных дзеячаў культуры ХІХ ст. Яго слушна называюць “беларускім Далем”, супастаўляючы дзве слынныя працы У.І. Даля з кнігамі І.І. Насовіча – “Слоўнікам беларускай мовы” (СПб., 1870) і “Зборнікам беларускіх прыказак” (СПб., 1874). Праўда, паводле ахопу моўнага матэрыялу працы Насовіча значна ўступаюць далеўскім, але тут ёсць свае прычыны.

Насовіч
Іван Іванавіч Насовіч

Беларуская мова ў тыя часы афіцыйнымі ўладамі не прызнавалася як самастойная, лічылася “наречием русского языка”, і Насовіч у адпаведнасці з устаноўкамі Расійскай Акадэміі ўключаў у свой “Слоўнік…” далёка не ўсё, што было ў жывым маўленні беларусаў, а толькі тое, што не супадала з засведчанымі ў даведніках фактамі рускай мовы. Таму ў ягоным “Слоўніку…” няма многіх тысячаў такіх, напрыклад, вядомых кожнаму беларусу шырокаўжывальных слоў, як агонь, вада, вішня, зямля, нага, сын, хлеб і г.д.

Навукова-даследчай дзейнасцю Насовіч пачаў займацца ў 1844 годзе, маючы за плячыма вялікі жыццёвы досвед, дасканала вывучыўшы духоўнае багацце не толькі роднай яму Магілёўшчыны, але і Віленшчыны, Міншчыны, Аршаншчыны, дзе 30 гадоў настаўнічаў, выкладаючы рускую славеснасць і латынь, працуючы інспектарам, рэктарам духоўнага вучылішча, наглядчыкам, а пасля кіраўніком дваранскага вучылішча (ён ведаў не толькі беларускую і рускую мовы, але авалодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай, французскай, старажытна-яўрэйскай і польскай мовамі). Выйшаўшы ў 1844 г. у адстаўку, Насовіч пачаў папаўняць матэрыялы для слоўніка беларускай мовы. “Для паспяховага выканання гэтай справы , – пісаў сын вучонага В.І. Насовіч, – бацька мой не шкадаваў ніякіх выдаткаў, ездзіў у розныя беларускія мясціны, якія яго цікавілі. Жывучы з маленства сярод сельскага люду, добра ведаў як мову беларусаў, так і мноства іх песень, прыказак, прымавак і інш. Ён ведаў і шанаваў іх звычаі” . І.І. Насовіч заўсёды меў пры сабе сшытак, “куды неадкладна занатоўваў кожнае новае для яго слова, што траплялася яму ў гутарцы з простым чалавекам, кожную цікавую песню, прыказку”.

Дарэчы, у тыя часы, як пісаў І.І. Насовіч ва “Успамінах майго жыцця”, па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. “Наогул усе мяшчане і рамеснікі гавораць па-беларуску, апрача асоб не беларускага паходжання. Аканомы ж і прыказчыкі, зразумела, з дробнай шляхты, абавязкова павінны з беларускімі мужычкамі размаўляць па-беларуску. Нават самі памешчыкі, асабліва беларускага паходжання, любяць паміж сабою гутарыць па-беларуску” .

У 1863 г. рукапіс “Слоўніка…”, пасля 16-гадовай напружанай працы па яго складанні, быў пададзены ў Акадэмію навук. Рукапіс атрымаў высокую ацэнку (“як праца надзвычай важная”). Аўтару была прысуджана Дзямідаўская прэмія (714 рублёў), а ў 1870 г. “Слоўнік…” выйшаў з друку (756 с.). Акадэмічнае выданне “Филологические записки” ацаніла гэты слоўнік як “помнік, які можа служыць найлепшым упрыгожаннем рускай вучонай літаратуры” .

Гэты слоўнік па яго будове і прынцыпах раскрыцця лексічнага значэння лічаць тлумачальна-перакладным беларуска-рускім даведнікам. У ім апісана больш як 30 тысяч слоў. У многіх выпадках беларускае слова тлумачыцца рускім адпаведнікам, усюды даецца граматычная, а пры неабходнасці і стылістычная характарыстыка слова, прыводзіцца ілюстрацыйны матэрыял з жывой народнай гаворкі. Адзін прыклад:

Самота , ы, с. ж. [=существительное женского рода с окончанием -ы в родительном падеже]. Уединение. Ёнъ самоту любиць. Въ самоце живуць, ни съ кимъ не знаюцца. На самоце запёршись, зюкаюць.

Між іншым, ёсць у гэтым слоўніку і назоўнік спадар , растлумачаны, аднак, толькі як “хозяин, глава семейства”.

“Слоўнік…”, будучы з’явай унікальнай, арыгінальнай і непаўторнай, засведчыў “стан і ўзровень развіцця беларускай мовы 1850-60-х гадоў, данёс і перадаў нам яе лексічныя скарбы, фразеалагічнае і прыказкавае багацце, адлюстраваў у жывым слове глыбіню мыслення і светаразумення беларусаў як нацыі” (М.Р. Суднік). Больш як стагоддзе ён нязменна служыў навуцы і стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму ў 1983 годзе выдавецтва “БелСЭ” перавыдала гэты “Слоўнік…” фотамеханічным спосабам.

Пра “Слоўнік…” І.І. Насовіча напісана ўжо нямала артыкулаў, але ў іх або нічога не гаворыцца пра фразеалагічны матэрыял, або коратка інфармуецца, што ў слоўніку падаюцца прыказкі і прымаўкі як ілюстрацыі да апісаных слоў.

Насамрэч жа ў гэтым слоўніку тагачасная беларуская фразеалогія і парэміялогія знайшла даволі багатае адлюстраванне. У ім пададзена звыш 3 тысяч прыказак, а таксама прымавак (апошнія ў сучасным мовазнаўстве носяць назву фразеалагізмаў). Многія фразеалагізмы выступаюць у якасці ілюстрацый, а больш як 200 фразеалагічных адзінак вынесена ў загалоўкі слоўнікавых артыкулаў.

Калі Насовіч складаў свой слоўнік, яшчэ і гаворкі не было пра фразеалагізмы, не было ні ў рускай, ні ў замежнай лексікаграфіі ўзораў, як падаваць устойлівыя выразы з цэласнай семантыкай. Насовіч ішоў самастойным шляхам і даў такія ўзоры распрацоўкі фразеалагізмаў, якія амаль нічым не адрозніваюцца ад сённяшніх фразеалагічных артыкулаў. Ён вылучыў многія фразеалагізмы ў асобныя слоўнікавыя артыкулы і гэтым зрабіў значны крок наперад па шляху да стварэння спецыяльных фразеалагічных даведнікаў.

У працы Насовіча фразеалагізм, вынесены ў загаловак, растлумачваецца, мае граматычную і стылістычную характарыстыку, а іншы раз і этымалагічную даведку, ілюструецца прыкладам з жывога народнага маўлення.

Съ катнихъ рукъ , вь знач. нар. ( убежавъ от палача ). Неизвестно откуда, говорится презрительно. Пришовъ съ катнихъ рукъ, а вы яго трымаеце!

Тлумачэнне фразеалагізмаў звычайна кароткае і дакладнае. Найчасцей складальнік падбірае да таго ці іншага выразу сэнсавы адпаведнік. Калі значэнне фразеалагізма нельга перадаць адным словам, выкарыстоўваецца словазлучэнне. Часам паказваецца сітуацыя, у якой ужываецца пэўны выраз. Сэнс многіх фразеалагізмаў тлумачыцца апісальным зваротам.

Другая праца І.І. Насовіча, істотная для беларускай філалогіі і фалькларыстыкі (дакладней, для парэміялогіі і парэміяграфіі), – “Зборнік беларускіх прыказак” (1874). Аўтар сціпла назваў яе зборнікам прыказак, а між тым гэта быў першы ў гісторыі ўсходне-славянскага мовазнаўства тлумачальны слоўнік прыказак. Е.Р. Раманаў справядліва ахарактарызаваў гэтую працу як “пакуль што адзіную ў сваім родзе”. Яшчэ да выхаду зборніка ў свет, азнаёміўшыся з рукапісам, Рускае геаграфічнае таварыства прысудзіла І.І. Насовічу залаты медаль і выбрала яго членам-супрацоўнікам Таварыства.

Збіранню, асэнсаванню і вытлумачэнню прыказак Насовіч аддаў больш за дваццаць гадоў жыцця. Публікацыя гэтых матэрыялаў мае сваю гісторыю. Першая тысяча прыказак была надрукавана ў 1852 г. Затым, як зазначае сам даследчык, ён, збіраючы лексічныя і фальклорныя матэрыялы, “адкрыў непараўнана большую колькасць прыказак, якія існуюць у гаворках беларускіх жыхароў, асабліва сялян”. “Беларусы ўсе факты, усе выпадковасці чалавечага жыцця, усе ўчынкі, як добрыя, так і дрэнныя, і ўсякае нават меркаванне пра што-небудзь падводзяць пад мерку прыказак сваіх… Паміж простымі людзьмі ёсць шмат такіх здольных, якія на ўсякую падзею, на ўсякі выпадак, вясёлы, спрэчны, сумны, – раптам падаюць прыказку, дарэчы, як быццам яны знарок вывучалі іх, як тыя, хто, авалодваючы лацінскай мовай, завучвае на памяць дыстыхі Катонавы”. У новы зборнік (1867) увайшлі і раней апублікаваныя прыказкі, і новыя (больш за дзве тысячы). Апошняе выданне зборніка (1874) змяшчае 3715 прыказак і прымавак. Да зборніка прыкладаецца тлумачальны слоўнік асобных слоў (каля дзвюх тысяч).

У кароткай прадмове да зборніка, якую трэба лічыць пачаткам тэарэтычнага асэнсавання беларускай парэміялогіі, Насовіч піша: “Прыказкамі змагаюцца з хібамі і слабасцямі…, насміхаюцца, упікаюць, пагражаюць, суцяшаюць у смутку, смешаць і нават у таго, хто плача, выклікаюць усмешку”.

Значэнне зборніка не толькі ў тым, што яго аўтар упершыню занатаваў каля чатырох тысяч прыказак і прымавак. Вельмі важна, што ён растлумачыў сэнс амаль кожнай з іх, многім даў эмацыянальна-экспрэсіўную характарыстыку, раскрыў паходжанне некаторых парэмій.

Тыпы тлумачэння сэнсу прыказак у зборніку разнастайныя. Найчасцей паказваецца сітуацыя, у якой ужываецца выказ. Напрыклад: “Молодое пиво уходзицца. – Говорится насчет шалостей или вспыльчивости или самой ревности к чему-либо молодого человека”.

І.І. Насовіч – аўтар шмат якіх іншых прац. У 1853 г. ён, па даручэнні Археаграфічнай камісіі і Аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства, пачаў ствараць гістарычны слоўнік на аснове пяцітомнага збору “Актаў… Заходняй Расіі”. У 1857 г. рукапіс слоўніка (1110 старонак) пад назвай “Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з “Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі” быў завершаны і дасланы ў Імператарскую Акадэмію навук. У слоўніку растлумачана каля 13 тысяч слоў. Акадэмічная камісія высока ацаніла слоўнік, рэкамендавала яго да друку і прысудзіла І.І. Насовічу Увараўскую прэмію – 1500 рублёў срэбрам. Аднак слоўнік так і застаўся ненадрукаваным.

Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін твор, напісаны, але не надрукаваны. Насовіч ва “Успамінах майго жыцця” прыгадвае: калі ён упершыню глядзеў на свой толькі што выдадзены “Слоўнік беларускай мовы”, то ўбачыў, што, на жаль, замест ягонай вялікай прадмовы да “Слоўніка…”, якая каштавала яму “многіх бяссонных начэй на працягу цэлага года”, далі кароткую рэдакцыйную прадмову з некаторымі высновамі, супрацьлеглымі поглядам аўтара. Прыгадваецца, што ў ягонай прадмове даваліся, у прыватнасці, гістарычныя звесткі пра беларускую гаворку “як гаворку старажытнага племя крывічоў ад вярхоўя Заходняй Дзвіны, Дняпра і Волгі” , гаворку, сляды якой “і цяпер яшчэ відаць у Пскоўскай, Смаленскай і Цвярской губернях”.

Насовіч напісаў і яшчэ некаторыя лінгвістычныя працы, а таксама апублікаваў шэраг фальклорных зборнікаў з беларускімі песнямі.

За некалькі гадоў да адыходу ў іншы свет Насовіч напісаў “Успаміны майго жыцця” (935 рукапісных старонак). Рукапіс захоўваўся ў спадчыннікаў, якія жылі ў Паўночнай Асеціі, і ў пачатку 1950-х гадоў быў набыты акадэмічным Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. А ўпершыню прыкладна палова гэтай мемуарнай працы надрукавана ў трох нумарах часопіса “Нёман” (1997, №№ 2-4).

Чытаючы гэтыя старонкі мемуараў, нічога не знойдзеш пра тое, як аўтар збіраў словы або прыказкі для сваіх прац, як пісаліся гэтыя і іншыя працы. Тут пераважна распавядаецца пра жыццё некалькіх пакаленняў насовічаўскай радаслоўнай, апісваецца мсціслаўскае духоўнае і свецкае асяроддзе, духоўны свет настаўнікаў з розных мясцін, дзе працаваў Насовіч. Сустракаюцца і эпізоды, вартыя пэўнай увагі. Вось адзін з іх.

У 1839 годзе І.І. Насовіч, выкладаючы рускую славеснасць у Свянцянскім дваранскім вучылішчы, аднойчы быў вельмі ўзрушаны. Усе вучні яго класа катэгарычна адмовіліся завучваць на памяць верш Пушкіна “Клеветникам России”. Так паўтаралася тры дні запар. Нарэшце, настаўнік зразумеў, у чым справа. ” – Скажыце шчыра, гэтыя вершы супрацьлеглыя вашаму патрыятызму? Ці так? – Так, пан настаўнік! – крыкнулі ўсе”.

Вось якія былі тады вучні! “Не то, что нынешнее племя”, – як пісаў Лермантаў з іншай нагоды.

Не прачытаўшы апублікаваныя старонкі Насовічавых мемуараў, можна падумаць, што ў гэтым эпізодзе настаўнік быў салідарны з вучнямі ў ацэнцы шавіністычнага, апалагетычна-імперскага верша Пушкіна, які толькі і марыў пра час, калі “славянские ручьи сольются в русском море”. Не, далёка не так! Аддаючы належнае І.І. Насовічу за яго патрыятычны, навуковы подзвіг (стварэнне “Слоўніка…” і іншых прац), не лішнім будзе ведаць і тое, што па сваіх светапоглядных і палітычных перакананнях Насовіч – цвёрда ўпэўнены, “глыбока перакананы, заўзяты вернападданы расійскага цара і айчыны”, “цалкам пазбаўлены беларускай нацыянальнай самасвядомасці”, “тыповы прадстаўнік заходнерусізму”. Гэтак слушна яго ахарактарызаваў Ніл Гілевіч, прачытаўшы “Успаміны майго жыцця” і напісаўшы да іх прадмову.

На старонках “Успамінаў…” бачым такія, напрыклад, упэўненыя сцвярджэнні: “сама Беларусь – руская ад прыроды”, “Беларусь адарвана ад Расіі ў часы нашэсця татар на Расію”, “Блажэннай памяці гаспадар Мікалай Паўлавіч зрабіў незабыўную паслугу не толькі праваслаўнай расійскай царкве, але і ўсёй Расіі, увёўшы ўсіх уніятаў ў праваслаўе”. Пра польскае паўстанне 1830-1831 гг.: “Палякі падымаюць бунт супраць дабрадзейкі сваёй Расіі”. Пра паўстанне ў 1863 г. на тэрыторыі Беларусі гаворыцца: “Польскі мяцеж ёсць справа лацінскіх ксяндзоў”. Мімаходам упамінаецца пра “мяцежнікаў са студэнтаў Горы-Горыцкага інстытута”. “Памешчыкі рымскага веравызнання амаль усе спачувалі паўстанню і настройвалі нават сялян сваіх удзельнічаць у мяцяжы супраць рускіх. Але сяляне, не вагаючыся, былі духам верныя рускай айчыне і рускаму цару”. Прыводзяцца прыклады, як сяляне дапамагалі рускім ваенным выяўляць паўстанцаў. Аднойчы і сам Насовіч данёс пра шляхціца Шыпілу (ён “з мяцежніцкім духам”) спраўніку і палкоўніку Вітэ, “пад сакрэтам упамянуўшы і асоб, якія данеслі мне”.

Насовіч быў знаёмы з заснавальнікам тэорыі заходнерусізму М. Каяловічам, які даказваў, што беларусы – гэта частка рускага народа, крыху апалячанага і акаталічанага, і патрабаваў прыняць меры, каб беларусы і ўкраінцы забылі свае мовы ды пачалі думаць і гаварыць толькі па-руску. Насовіч піша, што ў 1864 г. ён, “улічваючы параду прафесара Каяловіча, заняўся выпраўленнем беларускіх прыказак”. Можа, таму, напрыклад, прыказка “Татка, татка, лезе чорт у хатку! – Абы не маскаль”, пашыраная сярод беларусаў і ўкраінцаў, растлумачана, з улікам Каяловічавых парад, наступным чынам: “Крестьяне так смеются над шляхтами, боящимися Русских хуже черта”. Але ж баяліся і слушна ацэньвалі маскалёў не толькі шляхціцы, а і ўвесь народ Вялікага Княства Літоўскага. Былі для гэтага і важкія падставы: за 300 каляндарных гадоў ХІV-ХVІІ стст. войны паміж Масковіяй і ВКЛ занялі 72 гады!

Як відаць з “Успамінаў…”, Насовіч усёй душой садзейнічаў выцясненню каталіцтва і выкараненню ўніяцтва ў Беларусі, сустракаўся з галоўным ліквідатарам уніяцтва І. Сямашкам, пісаў пра яго: “Няхай будзе вечная памяць Гасудару Мікалаю Паўлавічу і мітрапаліту Заходняй Расіі Іосіфу Сямашку, “учинившим столь великое благо для России и православной Церкви”.

Будзем і далей помніць пра ягоны навуковы подзвіг ў гісторыі нашага народа і яго духоўнай культуры, будзем таксама ведаць, што многія яго палітычныя погляды наўрад ці прымальныя для абсалютнай большасці цяперашніх беларусаў. Што было, тое было. З песні слова не выкінеш1.

  1. Лепешаў Іван. Насовіч – славуты лексікограф і фалькларыст // НАША СЛОВА № 40 (1139) 2 кастрычніка 2013 г
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии