Кіраванне ваяводствамі і паветамі ў ВКЛ

У сярэдзіне XVI ст. Вялікае княства Літоўскае падзялялася на ваяводствы, а тыя – на паветы. Ваяводстваў было чатырнаццаць: Амсціслаўскае (Амсціслаўскі павет), Берасцейскае (Берасцейскі і Пінскі паветы), Брацлаўскае (Брацлаўскі і Вінніцкі), Віленскае (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі), Віцебскае (Аршанскі, Віцебскі), Валынскае (Камянецкі, Луцкі, Уладзімірскі), Жамойцкае (Жамойцкая зямля), Кіеўскае (Кіеўскі, Мазырскі), Менскае (Менскі, Рэчыцкі), Наваградскае (Ваўкавыскі, Наваградскі, Слонімскі), Падляшскае (Бельскі, Дарагічынскі, Мельніцкі), Полацкае (Полацкі), Смаленскае (Смаленскі і Старадубскі) і Троцкае (Гарадзенскі, Ковенскі, Троцкі, Упіцкі паветы).

Уся ўлада ў ваяводствах належала ваяводам. У іхнай кампетэнцыі знаходзіліся галоўныя гаспадарчыя, фінансавыя, вайсковыя і судовыя справы. На чале ўзброеных сілаў ваяводства стаяў кашталян. Падваявода кіраваў ваяводскай канцылярыяй. Гараднічы быў адказны за ўмацаванні ваяводскага замка.

За зборам падаткаў і адбываннем павіннасцяў наглядаў ключнік. Ляснічы і лоўчы адказвалі за стан лясоў і пушчаў. Ваяводскімі стайнямі (канюшнямі) загадваў стайнік.

Уладу ў паветах трымалі ў сваіх руках старасты. За выкананнем іх загадаў сачылі цівуны, сотнікі і прыставы. Цывільныя справы жыхароў павета разглядаў земскі суд, крымінальныя – замкавы, зямельныя спрэчкі – падкаморскі. Павятовы маршалак кіраваў шляхтай, склікаў і вёў павятовыя соймікі. Вайсковым кіраўніком мясцовай шляхты быў павятовы харужы, які прызначаў сабе памочнікаў – ротмістраў.

Дзяржаўныя асобы ВКЛ

Полацкае і Віцебскае ваяводствы працягвалі карыстацца значнай самастойнасцю. Пасады гараднічага, ключніка, стайніка і лоўчага тут маглі займаць толькі мясцовыя народзінцы. На ваяводскім судзе ў Полацку і Віцебску адрозна ад іншых ваяводстваў абавязкова прысутнічалі старэйшыя баяры і мяшчане. Самога ваяводу вялікі князь прызначаў палачанам і віцяблянам «з іх волі».

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии