На чале дзяржавы стаяў вялікі князь, або, як яго ад XV ст. называлі дзяржаўныя дакументы, гаспадар. Ён быў носьбітам вярхоўнай улады. Яго гаспадарскі суд быў вышэйшай і канчатковай судовай інстанцыяй. У часы Гедзіміна, Альгерда і Вітаўта ўлада вялікага князя лічылася неабмежаванай. З часоў Гедзіміна ўсталяваўся парадак, паводле якога велікакняжацкі трон князь перадаваў аднаму са сваіх сыноў, не абавязкова старэйшаму. Калі ў вялікага князя не было сыноў, трон перадаваўся брату. З канца XIV ст. ў пытанне спадчыннасці трона ўсё больш умешваюцца буйныя феадалы. Пасля смерці Вітаўта манарха выбіралі шляхоцкім саслоўем, але толькі з дынастыі Ягелонаў, або Ягайлавічаў. Галоўным абавязкам гаспадара (князя) была абарона краіны. Ён узначальваў узброеныя сілы, абвяшчаў вайну і падпісваў мірныя пагадненні, выдаваў законы, ажыццяўляў дыпламатычныя зносіны з іншымі краінамі, прызначаў на дзяржаўныя пасады і распараджаўся дзяржаўнай маёмасцю, вызначаў асноўныя кірункі рэлігійнай палітыкі дзяржавы. Дзеці, браты і пляменнікі вялікага князя ў XIV – XV ст. атрымлівалі ад яго ўдзелы. Але іх уладанні не мелі характару трывалых палітычна-дзяржаўных утварэнняў: межы іх адвольна мяняліся, а ўладары змяшчаліся вялікім князем.
3 часам усё больш складаныя патрэбы ўнутранай і замежнай палітыкі дзяржавы прывялі да ўтварэння шэрагу пасадаў і органаў кіравання. Яшчэ за Вітаўтам з’явіліся такія найвышэйшыя ў Княстве ўрады (пасады), як канцлер (кіраўнік вялікакняскай канцылярыі і хавальнік дзяржаўнай пячаткі), падскарбій (загадчык дзяржаўнага скарбу) і маршалак (кіраўнік вялікакняскага двара), пазней – гетман (галоўны военачальнік). Апрача іх існавалі ўрады гаспадарскага пісара, падчашага, падстоляга, крайчага, кухмістра, канюшага… Прызначэнне на пасаду знаходзілася ў кампетэнцыі гаспадара. Арыстакрат, які атрымліваў пасаду, звычайна валодаў ёю пажыццёва і пакінуць мог, толькі пераходзячы на вышэйшую.
У сістэме цэнтральных органаў кіравання значную ролю адыгрывалі вышэйшыя службовыя асобы, якія загадвалі асобнымі галінамі кіравання. Сярод іх найважнейшае месца займаў маршалак земскі, які быў ахоўнікам парадку і этыкеты пры двары. Ён старшынстваваў на пасяджэннях сойма і Рады, аб’яўляў пастановы вялікага князя і Рады на пасяджэннях гэтых органаў, кіраваў прыёмам замежных паслоў, дапускаў да гаспадара прасіцеляў са скаргамі і чалабітнымі, судзіў за злачынствы, учыненыя на сойме, распараджаўся размяшчэннем прыбыўшых на сойм або на аўдыенцыю да вялікага князя. Яго намеснікам быў маршалак дворны, у непасрэдным падпарадкаванні якога знаходзіліся гаспадарскія дваране, якія выконвалі розныя даручэнні вялікага князя і маршалкаў па падтрыманню парадку і дастаўцы распараджэнняў мясцовым службовым асобам і некаторым феадалам.
Гетман найвышэйшы камандаваў узброенымі сіламі дзяржавы. У час ваеннага паходу ён надзяляўся самымі шырокімі паўнамоцтвамі ў адносінах да ўсіх падначаленых асоб. Яму належала права караць вінаватых аж да пакарання смерцю. У мірны час улада гетмана была менш значнай. Яго намеснікам быў гетман дворны, або польны, які ўзначальваў частку войскаў, часцей за ўсё размешчаных пры граніцы, знаходзячыся з імі ў полі.
Канцлер кіраваў працай дзяржаўнай канцылярыі, ажыццяўляў нагляд за працай пісараў (сакратароў) і іх памочнікаў (дзякаў). Пад яго наглядам знаходзілася гэтак званая Метрыка Вялікага княства Літоўскага – дзяржаўны архіў, ён жа быў хавальнікам вялікай дзяржаўнай пячаткі, без прыкладання якой ніводзін закон не мог уступіць у сілу. Канцлер змацоўваў сваёй пячаткай найбольш важныя дзяржаўныя акты. Намеснікам канцлера быў падканцлер. Канцлер і падканлер прымалі ўдзел у падрыхтоўцы праектаў заканадаўчых актаў і іх канчатковым рэдагаванні, інакш кажучы, – ажыццяўлялі функцыі юрыдычнай службы. Як правіла, на гэтыя пасады прызначаліся буйныя феадалы, якія мелі адукацыю або практычны вопыт судовай ці канцылярскай службы.
Падскарбій земскі быў хавальнікам дзяржаўнай казны – скарба. Ён загадваў дзяржаўнымі даходамі і расходамі. У скарбе захоўваліся і вялікакняскія рэгаліі – шапка Гедыміна, скіпетр, меч і сцяг (харугва). У распараджэнні падскарбія земскага знаходзіліся і ваенныя прыпасы (зброя і амуніцыя), г.зн. – дзяржаўны арсенал, пры якім працавалі і спецыяльныя майстры. Роля падскарбія земскага значна ўзрасла ў сярэдзіне XVI ст., калі ён стаў фактычна займацца асноўнымі пытаннямі дзяржаўнай гаспадаркі і ператварыўся з простага казначэя ў міністра гаспадаркі і фінансаў. Яго памочнікам і намеснікам быў падскарбій дворны, у распараджэнні якога знаходзілася дварцовая казна вялікага князя, яго каштоўнасці і грошы, якія шлі на ўтрыманне гаспадара і яго прыдворных. У падначаленні ў падскарбія земскага знаходзіліся скарбнікі, якія сачылі за своечасовым паступленнем сродкаў у казну і разглядалі фінансавыя справаздачы ключнікаў, мытнікаў, дзяржаўцаў, цівуноў і іншых асоб мясцовай гаспадарчай адміністрацыі.
Функцыі выканаўчай улады ажыццяўлялі: канцлер, які захоўваў дзяржаўную пячатку і загадваў цэнтральнай канцылярыяй; гетман, які ў адсутнасць вялікага князя камандаваў войскам падчас вайны; земскі падскарбій, што кіраваў дзяржаўнай казной. Пры двары быў таксама шэраг пасад, хутчэй ганаровых, чым рэальных. Гэта маршалак дворны, чашнік, стольнік, стайнік, мечнік і т.п.
У пачатковы перыяд Вялікае Княства Літоўскае складалася з удзельных княстваў, а таксама абласцей, змешчаных у федэратыўных адносінах з цэнтральнай уладай (Полацкая, Віцебская, Смаленская, Жамойцкая землі), і з тэрыторый уласна Літвы з часткай беларускіх земляў. Адмысловы аўтаномны статут мелі Кіеўская, Валынская і Падольская землі. Імі кіравалі князі – намеснікі. У XV ст. Вітаўт стварыў новую палітыка-адміністрацыйную сістэму. Буйныя васальныя княствы былі ператвораны ў ваяводствы, ці паветы. У Вялікае княства ўваходзіла шэсць ваяводстваў: Віленскае, Трокскае, Кіеўскае, Полацкае, Віцебскае, Смаленскае і (з XVI ст.) два староствы – Жамойцкае і Валынскае.
На чале мясцовай улады ў ваяводствах стаяў ваявода. Яго намеснікамі былі кашталян, які камандаваў ваеннымі падраздзяленнямі ў ваяводстве, а таксама падваевода, які кіраваў канцылярыяй. У 1413 г. былі ўведзены пасады віленскага і троцкага ваявод і кашталянаў, у XVI ст. такія ж пасады былі ўтвораны ў іншых ваяводствах. Гараднічы адказваў за рамонт і ўмацаванне ваяводскага замка, ключнік прыглядаў за зборам падаткаў і г.д.
У паветах ВКЛ да сярэдзіны XVI ст. на чале мясцовай адміністрацыі стаяў стараста – намеснік вялікага князя з поўнай дзяржаўнай і судовай уладай. Пасля ўвядзення ў 1565-1566 шляхецкага кіравання на сойміках у кампетэнцыі старасты застаўся толькі гродскі суд. Стараста прызначаўся вялікім князем (каралём) і сам прызначаў сабе намесніка – падстарасту, які выконваў судовыя абавязкі (раней і адміністрацыйныя). Павятовы харужы вёў улік шляхты і ваеннаслужылых людзей у павеце, збіраў у паход павятовае апалчэнне. Ніжэйшай асобай у сістэме дзяржаўнага кіравання былі дзяржаўцы, якія распараджаліся дзяржаўнымі маёнткамі і кіравалі насельніцтвам воласці. Сельская адміністрацыя была прадстаўлена цівунамі, сотнікамі, старцамі і інш.
Насельніцтва гарадоў да XV ст. падпарадкоўвалася велікакняжацкім намеснікам. Пачынаючы з канца XIV ст., а асабліва ў XVI ст., у ВКЛ уводзіцца магдэбурскае права – сістэма гарадскога самакіравання. На чале гарадской улады стаяў войт, прызначаны вялікім князем з феадалаў або заможных мяшчан (у прыватнаўладальніцкіх гарадах магнат прызначаў войта з мяшчан свайго горада). Войт ажыццяўляў галоўную распарадчую ўладу ў гарадской абшчыне, а таксама вяршыў войтаўскі суд.
Падводзячы вынік разгляду структуры і характару дзейнасці вышэйшых і мясцовых органаў улады, неабходна адзначыць, што на ўсе больш ці менш важныя і даходныя дзяржаўныя пасады маглі прызначацца толькі феадалы-шляхціцы хрысціянскай веры і ўраджэнцы Вялікага княства Літоўскага (Статут 1566 г.). Усе пасады звычайна лічыліся пажыццёвымі, пазбаўленне пасады магло быць праведзена толькі па суду за ўчыненне цяжкага крымінальнага злачынства. Дзяржаўная пасада разглядалася як сродак атрымання даходаў, а нясенне пэўных абавязкаў па пасадзе можна было даручыць сваёй даверанай асобе. Буйныя феадалы займалі адначасова некалькі пасад. Напрыклад, Аляксандр Іванавіч Хадкевіч у 1534 г. займаў пасады старосты берасцейскага, маршалка дворнага, дзяржаўцы вілкейскага, астрынскага і кнышынскага; Ян Мікалаевіч Радзівіл у 1535 г. – кашталяна віленскага, гетмана найвышэйшага, старосты гарадзенскага, маршалка дворнага, дзяржаўцы лідскага і беліцкага.
Такі стан дзяржаўнай службы выклікаў незадавальненне не толькі простага народа, але і значнай часткі шляхты, бо справы па кіраванню вырашаліся рознага роду намеснікамі з аглядкай на сваіх паноў або наогул не вырашаліся. Акрамя таго, сярэднія і дробныя феадалы самі былі не супраць займаць даходныя пасады.
1. Арлоў У. // Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2013. — 400 с. : іл.
2. Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя. У 2 т. Т 1 : Рэдкал. — 2-е выд. — Мінск : БелЭн, 2007. — 688 с. : іл.
3. Юхо Я.А. // Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэбн. дапам. — Мінск: РІВШ БДУ, 2000. — 352 с.