Статуты Вялікага Княства

Першы і другі Статуты дзяржавы

Папярэднікам збораў нашых дзяржаўных законаў, якія ўвайшлі ў гісторыю як Статуты Вялікага Княства Літоўскага, быў Статут вялікага князя Казіміра, уведзены пасля ўзгаднення з Панамі-Радай у 1468 г. Ён датычыў найперш дзейнасці судоў і рэгламентаваў павіннасці землеўласніка. Збор законаў быў напісаны на дзяржаўнай беларускай мове, таму некаторыя гісторыкі называюць яго таксама «беларускім Статутам».

Аднак розныя землі Вялікага Княства працягвалі выкарыстоўваць поруч з Статутам даўнейшыя мясцовыя законы. Дзеля ўмацавання адзінства дзяржавы быў патрэбны грунтоўны кодэкс з адзінымі юрыдычнымі нормамі. Прапановы пра яго стварэнне няраз гучалі на соймавых паседжаннях. Добра разумеў неабходнасць агульнадзяржаўнага збору законаў і вялікі князь Жыгімонт Стары.

Першы Статут набыў афіцыйную сілу пасля зацверджання на Віленскім сойме ў 1529 г. Ён складауся з 282 артыкулаў аб’яднаных у 13 раздзелаў,і распаўсюджваў сваю праўную моц на ўсіх жыхароў Вялікага Княства (з выняткам мяшчанаў, якія жылі паводле магдэбургскага права). Статут утрымліваў добра распрадаваныя нормы дзяржаўнага, цывільнага, сямейнага, крымінальнага і працэсуальнага права. Адмысловыя артыкулы гарантавалі захаванне абшару і палітычнай незалежнасці дзяржавы.

Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага. Старабеларуская мова. 1529 г.

Уводзіліся перадавыя на той час юрыдычныя прынцыпы: персанальная адказнасць за злачынства, роўнасць усіх перад законам, асаблівая абарона правоў жанчыны. (Да прыкладу, за згвалтаванне прадугледжвалася смяротная кара.)

Службовыя асобы мусілі прыносіць прысягу і кіравацца ў сваёй дзейнасці законам ды інтарэсамі дзяржавы.

Статут 1529 г. засведчыў высокі ровень праўнай культуры Вялікага Княства параўнальна з большасцю еўрапейскіх дзяржаваў. 3 народаў-суседзяў свае зборы законаў раней стварылі толькі чэхі і вугорцы, а Польскае Каралеўства яго яшчэ не мела.

Юрыдычныя здабыткі першага Статута працягнуў і развіў новы збор законаў, ухвалены ў 1566 г. Калі дагэтуль у палітычным жыцці дзяржавы прыярытэт належаў князям і панам, то цяпер права ўводзіць і змяняць законы меў выключна вальны Сойм.
Другі Статут, прыняты ў часе цяжкой Інфлянцкай вайны з Маскоўскай дзяржавай, патрабаваў захоўваць тэрытарыяльную цэласць Вялікага Княства і абавязваў гаспадара вяртаць страчаныя землі.

Статут 1588 года

Камісіяй найлепшых правазнаўцаў, якая стварала збор законаў, кіравалў канцлер Астафей Валовіч і падканцлер Леў Сапега. У працы бралі ўдзел віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч, сакратар гаспадара Аўгусцін Ратундус, жамойцкі кашталян Мельхіёр Шэмет і па адным шляхцічы ад кожнага ваяводства: ад Полацкага – князь Павел Сакалінскі, ад Віцебскага – Ян Сколка, ад Менскага – Марцін Валадковіч, ад Берасцейскага – Кірдзей Крычаўскі, ад Наваградскага – Бенядзікт Юрага… Праект Статута абмяркоўвалі павятовыя соймікі, Рада і вальныя Соймы. Да яго падрыхтоўкі меў дачыненне ўвесь «палітычны народ» дзяржавы.

Ва уступе да збору законаў Леў Сапега, згадваючы словы Цыцэрона, пісаў: «Ёсць мы нявольнікамі праў дзеля таго, абы вольнасці ўжываці маглі».

Адрозна ад лацінамоўных кодэксаў іншых еўрапейскіх краінаў Статут быў напісаны і выдадзены на зразумелай абсалютнай большасці жыхароў Княства беларускай мове. Ён меў адмысловы артыкул, які падвярджаў яе дзяржаўнасць і шырокія правы. У сярэдзіне XIX ст. пра гэта з гонарам казаў, чытаючы лекцыі ў Парыжы, у Калеж дэ Франс, наш суайчыннік Адам Міцкевіч.

Грунтоўна было распрацаванае ў Статуце крымінальнае права. Закон уводзіў прэзумпцыю невінаватасці для ўсіх станаў, прадугледжваў адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека, гарантаваў удзел у судовым працэсе адваката. Ад крымінальнага пераследу вызваляліся дзеці і падлеткі, а часам і тыя, што ўчынілі злачынства «па глупстве». Забаранялася караць смерцю цяжарных жанчын. Наагул сістэма пакаранняў параўнаўча з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі мела больш гуманны характар.

Разам з тым Статут адлюстроўваў няроўнасць жыхароў краіны. Галоўшчына (грашовая кара) за забойства шляхціча складала 100 копаў грошай, войта або бурмістра – 50 копаў, звычайнага месціча – 30 копаў. Мяшчане не мелі права ўдзельнічадь ні ў агульнадзяржаўных Соймах, ні нават у павятовых сойміках.

Закон ахоўваў прыродныя багацці краіны, у прыватнасці каштоўныя віды звяроў і птушак. Паводле раздзела X «Аб пушчах, аб паляванні, аб дрэвах бортных, аб азёрах і сенажацях» за разбурэнне сакалінага або лебядзінага гнязда вінаваты плаціў ад трох да шасці копаў грошай, за адлоў ці адстрэл бабра – ад дзвюх да чатырох. (Дзеля параўнання: рабочы вол ці жарабец каштавалі тады дзве капы.)

Статут 1588 г.
Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага. Тытульны аркуш з выдання віленскай друкарні Мамонічаў. 1588 г.

Тым часам як у іншых еўрапейскіх краінах панаваў антысемітызм, існаваў рэлігійны і этнічны ўціск, у Вялікім Княстве Літоўскім габраі і татары не толькі былі абароненыя законам, але і мелі магчымасць зрабіць вайсковую і палітычную кар’еру.
Трэці Статут Вялікага Княства стаў вяршыняю еўрапейскай юрыдычнай думкі XVI ст.
Праз усе 14 раздзелаў і 488 артыкулаў новага збору законаў праходзіла ідэя праўнай дзяржавы, у якой усе органы і службоўцы павінны дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з законам. Нормы і патрабаванні Статута мусілі выконваць як жыхары Вялікага Княства, так і чужаземцы, што знаходзіліся на яго зямлі.
Статут 1588 г. замацоўваў ідэю рэлігійнай талеранцыі і бараніў інтарэсы жыхароў краіны незалежна ад веравызнання.
Паводле закону асабіста свабодных людзей ні за якое злачынства нельга было аддаць у вечную няволю. Кожны вольны чалавек меў права выехаць за мяжу, абы гэта не рабілася на шкоду Бацькаўшчыне.
Юрыдычна замацоўваючы незалежнасць краіны, новы Статут не паўтараў ніводнага пункта Люблінскай вуніі і нават не згадваў яе.
Польскі бок рашуча пярэчыў прыняццю новага Статута, але Жыпмонт Ваза мусіў зацверлзіць яго, бо іначай Вялікае Княства адмаўлялася прызнаць Вазу сваім манархам.

У XVI—XVII стст. палякі неаднаразова патрабавалі «паправіць» або скасаваць «няўзгодненыя законы», але ўсе гэтыя спробы засталіся безвыніковымі.
Пры канцы XVIII ст. вядомы вучоны і палітычны дзяяч Гуга Калантай, выступаючы на Сойме, даў нашаму збору законаў такую характарыстыку: «Статут робіць гонар чалавечаму розуму. Ён складзены так разумна, што яго можна лічыць найдасканалейшай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе».
У расейскае «Соборное уложение» шмат якія артыкулы трэцяга Статута перайшлі без аніякіх зменаў. Нашымі праўнымі нормамі карысталіся ва Украіне, у судах Латвіі і Эстоніі.

Усе найважнейшыя дзяржаўныя справы (вайны і міру, склікання паспалітага рушання) мог вырашаць толькі вальны Сойм Вялікага Княства. Адмысловы дазвол патрабаваўся нават на тое, каб правесці праз нашу тэрыторыю польскае войска. Статут захоўваў свае ўласныя дзяржаўныя ўстановы, армію, фінансавую сістэму, мытную службу. У Рэчы Паспалітай не існавала ніводнага агульнага для Княства і Каралеўства міністра.

Абвешчанае Люблінскай уніяй раўнапраўе ліцьвінскай і польскай шляхты скасоўвалася. Палякі разглядаліся ў Статуце як чужаземцы і не мелі права займаць дзяржаўныя пасады і набываць зямлю. Новы збор законаў фактычна не прызнаваў тэрытарыяльных стратаў на карысць Польшчы і вымагаў ад гаспадара вярнуць іх у склад Княства.

Міжнародны ўплыў трэцяга Статута

Надрукаваны адразу пасля свайго зацверджання ў Віленскай друкарні Мамонічаў, Статут 1588 г. шмат разоў перакладаўся з беларускай на еўрапейскія мовы: нямецкую, французскую, лацінскую, польскую, украінскую, расейскую. Тэта было прызнаннем вычарпальнасці і дасканаласці нашага збору законаў, які выкарыстоўвалі ва ўнармаванні свайго заканадаўства Польшча, Прусія, Расея ды іншыя краіны.

Сёння трэці Статут Вялікага Княства лічыцца ў Еўропе выдатным помнікам юрыдычнай думкі. Яго, напрыклад, цягам цалага семестра вывучаюць на спецыяльным курсе студэнты-юрысты Сарбоны.

На абшары Вялікага Княства Літоўскага Статут 1588 г. дзейнічаў нават пасля захопу нашых земляў Расеяй: ва ўсходніх губернях Беларусі – да 1831 г., а ў Менскай, Гарадзенскай і Віленскай – да 1840 г.

ХРАНАЛОГІЯ
1529 г. Першы Статут Вялікага Княства
1566 г. Другі Статут Вялікага Княства
1588 г. Трэці Статут Вялікага Княства

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии