Рэформы другой паловы XVIII ст.

Эканамічны рост

Першы падзел Рэчы Паспалітай паскорыў у ёй прагрэсіўныя пераўтварэнні. Іх правядзенню спрыяла тое, што Расея на нейкі час вывела з тэрыторыі нашай дзяржавы сваю армію.

Ад сярэдзіны XVIII ст. у Вялікім Княстве, як у гарадах, так і ў вёсцы пачалося ажыўленне эканомікі. Пра гэта сведчыла павелічэнне экспаргу, у якім галоўнае месца займалі прадукты земляробства і лясных промыслаў. Ва ўладаннях магнатаў, дзе жыла трэцяя частка насельніцтва краіны, сялянаў пераводзілі на чынш (грашовы аброк), пачыналі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя механізмы і больш рацыянальныя метады працы. Збожжа вывозілася на продаж у Гданьск, Каралявец, Рыгу ды іншыя гандлёвыя цэнтры Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Агінскі судаходны канал. Фота канца XIX ст.

Урад Вялікага Княства рабіў захады для развіцця гандлю. Былі ўведзеныя агульнадзяржаўныя меры вагі, даўжыні і аб’ёму, а таксама адзінае мыта. Праз палескія балоты пракладаліся пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты. Агінскі суднаходны канал, збудаваны на сродкі вялікага гетмана Міхала Казіміра Агінскага, праз Шчару і Ясельду злучыў басейн Дняпра з Нёманам. Гэта зрабіла значна больш зручным перавоз збожжа ў балтыйскія порты. Тады ж распачалося пракладанне яшчэ адной унікальнай воднай магістралі – Дняпроўска-Бугскага, або Каралеўскага, канала, што па Прыпяці і Мухаўцы, а затым па Бугу выводзіў з Дняпра ў Віслу.

У гарадах і мястэчках, магнацкіх уладаннях ствараліся мануфактуры – перадавыя для свайго часу прадпрыемствы, заснаваныя на падзеле працы. Радзівілы, да прыкладу, адчынілі 23 мануфактуры. Найбольш вядомай з іх была закладзеная ў Нясвіжы суконная мануфактура, ператвораная потым у «пярсярню», дзе вырабляліся персідскія тканіны. Пазней гэтае найбуйнейшае ў Вялікім Княстве прадпрыемства перанеслі ў Слуцак, і яно праславілася знакамітымі слуцкімі паясамі. У краіне і за яе межамі карысталася попытам прадукцыя шмат якіх радзівілаўскіх мануфактураў: габеленавых у Міры і Альбе, фаянсавай у Свержані, шкляных гутаў у Налібоках і Урэччы. Да буйных прадпрыемстваў належалі «зялезная фабрыка» Яўхіма Храптовіча ў Вішневе, фаянсавая мануфактура Агінскіх у Целяханах пад Пінскам.

Чатырохгадовы сойм

Калі ў 1788 г. Расея занялася вайной з Турцыяй і аслабіла свой пратэктарат над Рэччу Паспалітай, быў скліканы вальны Сойм, які потым назвалі Вялікім, або Чатырохгадовым. Большасць ягоных удзельнікаў сталі дэпутатамі ўпершыню і належалі да прыхільнікаў рэформаў. Сярод іх вылучаліся падканцлер Яўхім Храптовіч, берасцейскі стараста Казімір Нестар Сапега, пасол ад Пінскага павета Мацей Бутрымовіч.

Мацей Бутрымовіч
Мацей Бутрымовіч

Дэпутаты разглядалі цэлую праграму зменаў у дзяржаўным ладзе. На пачатку паседжанняў паслы ўтварылі канфедэрацыю «дзеля найдакладнейшага гарантавання бяспекі і паляпшэння Айчыны».
Сойм часткова ўраўнаваў правы шляхты і мяшчанаў. Гарадскія жыхары атрымалі магчымасць набываць зямлю і маёнткі, а шляхта – займацца гандлем і рамяством. Невялікім гарадам, што былі пазбаўленыя перад тым самакіравання, вярнулі іх магдэбургскія правы.
Войска Вялікага Княства Літоўскага павінна было павялічыцца з 6 да 32 тысяч. Абмяркоўваўся праект аднаўлення незалежнасці праваслаўнай царквы ад расейскіх духоўных уладаў. Грэцка-каталіцкаму мітрапаліту надалі годнасць сенатара, што сталася прызнаннем ролі вуніяцкай царквы, прыхільнікамі якой ужо была пераважная большасць насельніцтва Вялікага Княства.
Рэформы, распачатыя Чатырохгадовым соймам, мелі тыпова буржуазны характар. Іх працягам сталася прыняцце Канстытуцыі.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1765-1780 гг. Рэформы Антона Тызенгаўза
1765-1784 гг. Будаўніцтва Агінскага канала.
1775 г. Пачатак будаўніцтва Дняпроўска-Бугскага канала.
1788-1792 гг. Чатырохгадовы сойм Рэчы Паспалітай.
3 траўня 1791 г. Сойм зацвердзіў першую ў Еўропе Канстытуцыю.
20 кастрычніка 1791 г. Прыняцце Соймам ухвалы «Узаемнае заручэнне Абодвух Народаў».

© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии