Нясвіж

Герб: шчыт падзелены на дзве часткі: у правай, залатога колеру, палова чорнага арла; у левай дзесяць касых срубаў — залатога. блакітнага і чырвонага колераў. Атрыманы 18 чэрвеня 1586 г.

Успамін аб нясвіжскім князі Фёдары (Юр’і), які прымаў удзел у бітве на рацэ Калцы ў 1223 г., дазваляе меркаваць аб тым, што горад Нясвіж як цэнтр княства існаваў ужо ў XIII ст. 3 1432 па 1513 г. належыць беларускаму роду Кішкаў, потым Радзівілаў. Апошнія дабіліся згоды рымскага папы на ўтварэнне ардынацый, сярод якіх галоўнай была Нясвіжская. У 1552 г. адпаведна з каралеўскім прывілеем у Нясвіжы быў заснаваны першы ў нашай краіне архіў, дзе захоўваліся дзяржаўныя акты. У 1562—1571 гг. працавала Нясвіжская друкарня, дзе выдавалі кнігі С. Будны і В. Цяпінскі. У XVIII ст. адной з багацейшых бібліятэк у краіне з’яўлялася нясвіжская. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай горад быў амаль цалкам спалены (1654). У 1706 г. яго захапілі шведы. У ходзе барацьбы дзяржаўных войскаў з барскімі канфедэратамі гарадскія ўмацаванні поўнасцю знішчаны. 3 1793 г. Нясвіж — у складзе Расіі. У 1796 г. пакінуты за штатам як горад Слуцкага павета.
У час вайны 1812 г. адбіты ў Напалеона расійскім войскам, якім камандавалі Чычагаў і Тучкоў. У выніку штурму значна разбураны. Відавочцы згадвалі, што на ўсім замкавым двары валяліся старажытныя дакументы, якія казакі выкарыстоўвалі для распальвання вогнішчаў, шмат каштоўнейшых збораў было вывезена ў Пецярбург. Паводле падлікаў 1813 г., толькі замкавы комплекс пацярпеў стратаў больш як на 6 млн. руб. асігнацыямі.

Нясвіж
Унутраны двор нясвіжскага замка

У 1866 г.— адзін з найбольш бедных гарадоў Мінскай губерні з насельніцтвам каля 6000. Жыхары існуюць за кошт дробнага гандлю, у горадзе адна невялічкая суконная фабрыка і 178 рамеснікаў 22 спецыяльнасцей, сярод якіх 102 майстры, 34 вучні і 42 рабочыя. У канцы XIX ст. насельніцтва горада дасягае 8500 чалавек. 3 лютага 1918 г. акупіраваны нямецкімі, а з чэрвеня 1919 да ліпеня 1920 г. польскімі войскамі. 3 1921 па 1939 г.— у складзе Польшчы. Колькасць жыхароў у 1939 г.— 8500.
Сёння Нясвіж — раённы цэнтр Мінскай вобласці.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии