На пачатку 1764 г. Сойм Рэчы Паспалітай разгледзеў праграму рэформаў, закліканых змяніць дзяржаўны лад і вывесці краіну з крызісу. Прадугледжвалася павелічэнне войска з 24 да 50 тысяч. Пры вырашэнні эканамічных пытанняў скасоўвалася права «лібэрум вэта». Дэпутаты вызваляліся ад абавязковых наказаў соймікаў.
Намаганні рэфарматараў выклікалі трывогу ў Расеі і Прусіі. Імператрыца Кацярына II і прускі кароль Фрыдрых II узаемна абавязаліся не дапускаць ў Рэчы Паспалітай прагрэсіўных пераўтварэнняў, а ў выпадку неабходнасці выкарыстоўваць зброю.
У верасні 1764 г. пры падтрымцы Расеі вялікім князем і каралём быў абраны былы каханак і фаварыт Кацярыны II Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Папярэдне ён атрымаў ад паслоў з Пецярбурга таемную інструкцыю, паводле якой павінны быў «во все время своего государствования интересы нашей империи собственными почитать, их остерегать и им всеми силами по возможности поспешствовать». Пагадзіўшыся на такія ўмовы, Панятоўскі перадвызначыў лёс дзяржавы і сваю асабістую трагедыю як апошняга манарха.
У 1766 г. Расея запатрабавала ад Сойму і Станіслава Аўгуста ўраўнаваць у правах з каталікамі праваслаўных і пратэстантаў. Для Кацярыны II і яе ўрада гэта была толькі зачэпка для ўмяшання ў нутраныя справы нашай дзяржавы. Сам кіраўнік расейскай дыпламатыі граф М. Панін цынічна прызнаваўся, што сапраўднае паляпшэнне становішча праваслаўных у Рэчы Паспалітай прынесла б імперыі толькі шкоду, бо выклікала б масавыя ўцёкі сялянаў у Вялікае Княства Літоўскае. Рэч у тым, што прыгоннае права ў Расеі вызначалася значна больш жорсткай эксплуатацыяй і нагадвала рабства. Апрача таго, пасол імператрыцы Кацярыны II пратэставаў на Сойме супроць абмежавання права «лібэрум вэта». Пад моцным ціскам дэпутаты пакінулі гэтую «шляхоцкую вольнасць» некранутай, але патрабаванне наконт «дысідэнтаў» (іншаверцаў) засталося нявыкананым, што Пецярбург таксама выкарыстаў у сваіх інтарэсах.
Пры падтрымцы Расеі ў Слуцку была створаная канфедэрацыя (збройнае аб’яднанне) праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты. Яе ўзначалілі праваслаўны магілеўскі епіскап Георгі Каніскі і кальвініст граф Грабоўскі. Акт канфедэрацыі падпісалі ўсяго 270 шляхцічаў, але гэтага хапіла, каб Расея пад лозунгам дапамогі «адзінаверцам» увяла ў Вялікае Княства 40-тысячнае войска.
Вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст разлічваў пад пратэкцыяй Пецярбурга правесці рэформы, каб утаймаваць магнатаў і выратаваць Рэч Паспалітую ад Прусіі, якую ён лічыў галоўным ворагам дзяржавы. Аднак насамрэч значна больш небяспечнай была ўсходняя суседка.
Сойм 1767 г., маршалкам якога стаў Кароль Радзівіл, задаволіў усе ўмовы Расеі. Асновы дзяржаўнага ладу (у тым ліку і права «лібэрум вэта»), якія ўсё больш падточвалі Рэч Паспалітую, былі названыя «вечнымі і нязменнымі». Гарантам іх захавання прызнавалася Кацярына II. Цяпер мяняць нутраны парадак дзяржавы можна было толькі тады, калі на тое згаджаліся Расея і Прусія. Каб захаваць карону, Станіслаў Аўгуст мусіў зацвердзіць соймавыя пастановы.
Праціўнікі расейскай гегемоніі ў 1768 г. стварылі сваю канфедэрацыю ў мястэчку Бар на Украіне. Да патрыётаў далучыліся значныя сілы ліцьвінскай шляхты, а таксама частка мяшчанаў і сялян Вялікага Княства. Змаганне супраць царскіх войскаў і прыхільнікаў Панятоўскага ахапіла Полацкае, Амсціслаўскае, Берасцейскае ваяводствы, Ваўкавыскі, Ашмянскі, Браслаўскі паветы, наваколле Гомеля… Расейскія ўлады афіцыйна прызнавалі, што «мятежников» падтрымлівае мясцовы люд. Пасля доўгіх ваганняў на бок паўстанцаў стаў Радзівіл «Пане Каханку», прыватнае войска якога налічвала 10 тысяч пяхоты і кавалерыі. У вёсцы Лань ягоныя жаўнеры разбілі расейцаў пад камандаю князя Мяшчэрскага, але штурм царскімі войскамі Нясвіжа так напалохаў Радзівіла, што ён згадзіўся на капітуляцыю. Барскія канфедэраты разлічвалі на дапамогу Заходняй Еўропы, але падтрымка адтуль практычна абмежавалася накіраваннем вайсковых інструктараў. Тым не менш у няроўным змаганні з расейскімі рэгулярнымі войскамі аддзелы патрыётаў у 1769 г. выйгралі бітвы пал Бераставіцай, Слонімам і Мышшу (каля Баранавічаў). Паміж Менскам і Мядзелам паспяхова вялі баявыя дзеянні канфедэраты Сымона Касакоўскага, які нават здзяйсняў рэйды на тэрыторыю Расеі.
Увосень 1771 г. да барскіх канфедэратаў перайшоў вялікі гетман Міхал Казімір Агінскі з войскам. Ён разграміў расейцаў пад вёскай Бездзеж паблізу Дарагічына, але неўзабаве каля Сталовічаў, непадалёку Баранавічаў, пацярпеў цяжкую паразу ад выдатна ўзброеных і загартаваных у захопніцкіх паходах войскаў А. Суворава. Пасля гэтага барацьба канфедэратаў пачала згасаць.
У сакавіку 1772 г. на ўсходнім Палессі склаў зброю іх апошні аддзел. Тысячы ўдзельнікаў Барскай канфедэрацыі, сярод якіх блізу 70% складалі сяляне, былі асуджаныя на сібірскую катаргу. Нашая дзяржава аказалася безабароннай перад магутнымі суседзямі.
5 жніўня 1772 г. Расея, Аўстрыя і Прусія падпісалі ў Санкт-Пецярбурзе канвенцыю пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Царская імперыя «прырэзала» сабе ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага: усё Амсціслаўскае ваяводства, амаль усё Віцебскае, Полацкае да правага берага Дзвіны, частку Менскага ваяводства і Інфлянты. На захопленым абшары плошчаю 92 тыс. км² жылі 1 мільён 300 тысяч чалавек.
У красавіку 1773 г. у Горадні для зацверджання падзелу быў сабраны Сойм Рэчы Паспалітай. 3 рашучым пратэстам на ім выступіў удзельнік Барскай канфедэрацыі, пасол ад Наваградскага павета Тадэвуш Рэйтан. Яго падтрымалі толькі двое: яшчэ адзін наваградскі дэпутат Самуль Корсак і менскі пасол Станіслаў Багушэвіч. Згодніцкая большасць ратыфікавала акт першага падзелу.
Храналогія асноўных падзей | |
---|---|
1764-1795 гг. | Уладаранне вялікага князя і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. |
1767 г. | Слуцкая шляхоцкая канфедэрацыя. |
1768 г. | Утварэнне патрыятычнай Барскай канфедэрацыі. |
1769 г. | Барскія канфедэраты разбілі расейцаў пад Бераставіцай, Слонімам і Баранавічамі. |
1771 г. | Царскія войскі на чале з А. Суворавым перамаглі каля Сталовічаў гетмана М. К. Агінскага. |
5 жніўня 1772 г. | Першы падзел Рэчы Паспалітай. |
© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012