Этнаграфічная Беларусь і як мяняліся нашы межы ў XX ст.

Этнаграфічная Беларусь і тэрыторыя БНР і БССР у 1918—1921 гг.

На пачатку ХХ ст. канчаткова склалася этнаграфічная тэрыторыя Беларусі, якая была зафіксавана перапісам 1897 г. Існавалі і пэўныя геаграфічныя і гістарычныя цэнтры беларускай тэрыторыі, якія былі месцамі, дзе гадавалася і дзейнічала нацыянальная эліта. У першую чаргу гэта Вільня і Менск. Да іх можна далучыць Полацк, Віцебск, Магілёў, Смаленск, а таксама некаторыя іншыя гарады, асабліва на захадзе Беларусі. Гэта Гродна, Беласток, Слонім і Брэст.

Аднак у ХХ ст. найбольш спрэчак адбылося вакол Вільні, Смаленска і Беластока — гарадоў, якія адыгралі вялікую ролю ў фармаванні беларускага менталітэту ў пераломныя моманты нашай пакручастай гісторыі.

Усе беларускія філолагі, гісторыкі і пісьменнікі канца ХІХ — пачатку ХХ ст., асабліва пасля перапісу 1897 г. лічылі Вільню, Смаленск і Беласток беларускімі гарадамі. Гэта было зафіксавана Адамам Кіркорам у “Жывапіснай Расіі” (3 том, 1882 г.) і Яфімам Карскім на адпаведных мапах. Перад пачаткам і ў ходзе Першай сусветнай вайны немцы таксама аднеслі гэтыя гарады да Беларусі і лічылі іх беларускімі.

У ХХ ст. гістарычны лёс то ўключаў іх у склад беларускіх палітычных утварэнняў (БНР, БССР ці Літ-Бел), то выводзіў іх адтуль. Прычым, калі бальшавікі перадавалі іх ў склад іншых краін ці рэспублік, то кіраваліся не жаданнямі іх насельніцтва ці нейкімі дадзенымі рэферэндумаў або плебісцытаў (доўгі час рэферэндумы ў СССР былі проста забароненыя), а надзённымі палітычнымі выгадамі.

Змены межаў Беларусі ў 1918 - 1945 гг.

 

Пасля нямецкай акупацыі Беларусі, асабліва пасля “Брэсцкага міру”, у канцы 1918 г. у палітычнай гісторыі Беларусі на першае месца выходзіць Смаленск, дзе апынулася шмат беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і Янка Купала.

Менавіта тут 30 ліпеня 1918 г. Заходняя Камуна — вобласць Расійскай Рэспублікі — абвесціла сябе БССР. Гэта адбылося на IV Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б), якая аб’явіла сябе першым з’ездам КП(б) Беларусі. Межы краіны былі вызначаны ў той жа дзень. А 31 снежня першы з’езд КП(б) абвесціў у Смаленску Сацыялістычную Савецкую Беларускую Рэспубліку. Тут жа ў Смаленску быў утвораны ўрад. 3 студзеня новы ўрад выехаў у Менск. 4 студзеня ў смаленскай газеце “Известия” выйшаў артыкул Максіма Гарэцкага “Ніхай жыве комуністічная Беларусь!”

Аднак ужо 16 студзеня ў Менск з Масквы пасылаюць А.Ёфэ з мэтай падзелу ССРБ і ўтварэння Літ-Бела. У якасці буфера ён прапанаваў стварыць Літоўскую і Беларускую рэспублікі. Каб у БССР было менш нацыяналізму, вырашылі адабраць у яе Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 23 студзеня Смаленскі губком абвясціў пра выхад з БССР. 2—3 лютага 1919 г. Першы з’езд Саветаў БССР пагадзіўся з выхадам з рэспублікі трох усходніх губерняў і згадзіўся на аб’яднанне з Літоўскай Савецкай Рэспублікай. 17—21 лютага 1919 г. адбыўся першы з’езд саветаў Літвы. 27 лютага 1919 г. утварыўся рабоча-сялянскі ўрад і ўзнікла новая Савецкая Сацыялістычная Літоўска-Беларуская Рэспубліка (Мінская, Віленская, Гродзенская і частка Ковенскай губерняў) са сталіцай у Вільні.

Такім чынам, на змену Смаленску і Менску прыходзіць Вільня. Сталіца знаходзіцца там з 27 лютага да 28 красавіка 1919 г. 28 красавіка ўрад Літ-Бела пераехаў у Менск, а Вільню захапілі палякі. Наступны раз Вільня стала савецкай ў верасні 1939 г. а другі раз — у ліпені 1940 г.

У 1920 г. бальшавікі дораць частку Беларусі Літве і Латвіі, якіх хочуць скарыстаць як саюзнікаў у змаганні з Польшчай. Спачатку 12 ліпеня 1920 г. быў падпісаны дагавор з Літвой, паводле якога Вільня і значная частка былой Віленскай губерні, населенай беларусамі, перадаваліся Літве. З іншых буйных гарадоў літоўцам перадавалася Гродна. У верасні ў Вільні ўжо знаходзіліся літоўскія войскі, але 9 кастрычніка іх выбілі адтуль войскі генерала Жалігоўскага. аднаго з польскіх палкаводцаў, якія налічвалі 52 тысячы салдат. Літоўскі ўрад адступіў у Шаўляй (Шаўлі), а Жалігоўскі абвясціў стварэнне марыянеткавай дзяржавы “Рэспубліка Сярэдняя Літва” і правёў выбары ў мясцовы сойм. У лютым 1922 г. Сярэдняя Літва далучылася да Польшчы.

11 жніўня 1920 г. бальшавікі прызнаюць Латвію і перадаюць ёй тры паветы: Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі, заселеныя ў асноўным беларусамі. Узамен яны атрымалі права карыстацца латвійскімі партамі Лібавай і Віндавай і магчымасць выгадна гандляваць з Захадам. У траўні—чэрвені 1921 г. Латвія перадала Літве гарады Мажэйкяй і Палангу з ваколіцамі агульнай плошчай 200 кв.км. У адказ Літва перадала Латвіі кавалак тэрыторыі ў ваколіцах Дзвінска агульнай плошчай 299 кв.км, заселенай пераважна беларусамі. Колькасць беларусаў, якія спрадвеку жылі на гэтых землях і якія апынуліся ў Латвіі, павялічылася.

У 1920 г. адноўленая БССР складалася толькі з шасці паветаў былой Менскай губерні. Таму кіраўніцтва рэспублікі пачало змагацца за вяртанне забраных гарадоў і тэрыторый. Ужо восенню 1920 г. гэтае пытанне ўзняў Сакратар ЦК КПБ Кнорын. У верасні 1922 г. кіраўніцтва БССР паставіла гэтае пытанне афіцыйна і абгрунтавала ўзбуйненне інтарэсамі абароны. Вялікая рэспубліка лепей абароніць заходнія межы СССР. Масква пагадзілася, але мясцовыя бюракраты, як правіла небеларусы, былі супраць. Вёска была за ўз’яднанне. Там праходзілі валасныя сходы, дзе за гэта галасавалі.

7 сакавіка 1924 г. БССР атрымала 15 паветаў. Вярнулі гарады Полацк, Віцебск і Магілёў. Аднак аддалі далёка не ўсе землі, заселеныя беларусамі. Напрыклад, былы Мсціслаўскі павет (уезд) разрэзалі напалам, і такія мсціслаўскія мястэчкі як Хіславічы і Пачынак засталіся ў Расіі.

У жніўні 1926 г. беларусы папрасілі ў Маскве вярнуць Гомельскую губерню і тры паўднёвыя паветы Пскоўскай губерні з гарадамі Невель, Веліж і Себеж.

У снежні 1926 г. вярнулі толькі Рэчыцу і Гомель. У канцы 20-х гг. ішлі перамовы аб вяртанні вышэйзгаданых паветаў разам з некаторымі паветамі Смаленскай губерніі, нават надрукавалі адпаведную мапу ў “Звяздзе”. Аднак неўзабаве пачаліся сталінскія рэпрэсіі, і ўсё спынілася.

1939 год. Узбуйненне БССР, перадача Віленскага краю Літве

У 1937 г. узнікла ідэя перанесці сталіцу БССР з Менска ў Магілёў. У Магілёве ўжо збудавалі новы Дом Ураду, але надышоў 1939 г., і сітуацыя кардынальна змянілася. 17 верасня гэтага года пачалося далучэнне да БССР і СССР Заходняй Беларусі, якую ў сакавіку 1921 г. бальшавікі аддалі Польшчы.

Вільня зноў стала беларускай, але ненадоўга. Надышло 10 кастрычніка. У Вільні ўжо некалькі тыдняў знаходзілася Чырвоная Армія. Пачалі выходзіць беларускія газеты. Па начах арыштоўваюць беларускіх нацыяналістаў, якія нядаўна віталі прыход савецкіх войскаў і марылі пра ўваход у склад Беларусі. Ратуюцца як могуць польскія вайскоўцы і чыноўнікі, а таксама габрэйская буржуазія. І вось раніцай Вільня прачнулася ў новай краіне — Літоўскай рэспубліцы. На вуліцах літоўскія жаўнеры і паліцэйскія. Асабліва ўразіла віленчукоў форма літоўскіх паліцыянтаў і іх мова, якой ніхто не разумеў.

У савецкіх газетах надрукавана тлумачэнне Молатава, які прызнае, што ў Вільні і Віленскім краі ў большасці сваёй не жывуць літоўцы, аднак яго перадаюць Літве праз палітычныя выгады для СССР. Вільні больш няма на мапах Еўропы. Але з’явіўся Вільнюс.

Давайце ўявім сабе на хвіліну, што расейскую сталіцу Санкт-Пецярбург захапілі немцы і перадалі яе суседняй Фінляндыі, а новыя гаспадары далі гораду новую, зусім нязвыклую для славянскага вуха назву. Гэта прыкладна тое самае, што адчуваюць немцы, калі заміж Кёнігсберг чуюць Калінінград.

Вось як успамінае гэтыя кастрычніцкія дні ў Вільні 1939 г. адзін з беларускіх інтэлігентаў, жыхароў тагачаснай Вільні: “22 кастрычніка 1939 году ў Вільню прыехалі начупыраныя, як пеўні, лятувіскія паліцыянты, і хто ўцалеў ад арыштаў, той застаўся ў жывых. НКВД перад сваім адыходам грабіла, што можна было грабіць, ды вывозіла на ўсход...

28 кастрычніка лятувіская паліцыя поўнасцю асадзіла места. Насіла яна сінія шынялі, чырвоныя адзнакі, з чырвонымі аколышкамі шапкі, ды гутарылі выключна па-жамойцку. Дзеля іх пацешнага выгляду ды незразумелай мовы віленчукі дасьціпна празвалі іх “калакутасамі” — індыкамі. На другі дзень у Вільню ўвайшла брыгада лятувіскага войска, а за ім сьпяшаліся сотні “шаўлісаў”, каб заняць цёплыя пасады.

Жамойцкія збройныя аддзелы ўвайшлі ў Вільню як чужыя ў чужы горад. У месцы тады ня было й 2% лятувіскага жыхарства й яно гублялася ў славянскім моры. Дзеля гэтага й іхняга войска ніхто не сустракаў, ніхто ня вітаў.

Хутка пайшлі новыя парадкі. Старых жыхароў, Палякаў і Беларусаў, выкідалі з гарадской управы, чыгункі, прадпрыемстваў і ўстановаў, школьніцтва, адміністрацыі. Іх месца займалі малапісьменныя наезьнікі. Хутка яны павывешвалі свае шыльды, пазмянялі назовы вуліцаў на свой лад. Зразу ўвялі жамойцкую мову ўва ўсе ўрады і ўстановы. Цяпер Вільня сталася нямой: усюды патрэбны быў перакладчык. Людзі наракалі, клялі, бунтаваліся, што ня могуць згаварыцца ў сваім родным месцы ў сваіх самых пільных жыццёвых справах.” (Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні. Таронта, 1976год).

Часова вярнуўся ў склад Беларусі і Беласток, які стаў савецкім у верасні 1939 года. Менавіта тут адбыўся народны сход прадстаўнікоў Заходняй Беларусі, які прыняў рашэнне аб уваходжанні ў СССР і БССР. Беласток быў цэнтрам вобласці БССР да лета 1944 г., калі Сталін перадаў яго камуністычнай Польшчы разам з часткай Белавежскай пушчы, каб быў лес для адбудовы Варшавы. Дарэчы, летам 1944 г. мы ледзь не згубілі Полацк і Полацкую вобласць, але пра гэты крыху пазней.

У 1939 г. узніклі тэрытарыяльныя спрэчкі з Украінай на поўдні Заходняй Беларусі. У лістападзе гэтага года Хрушчоў хацеў далучыць да Украіны гарады Брэст, Пружаны, Столін, Пінск, Кобрын і Лунінец. 22 лістапада Панамарэнка і Хрушчоў абмеркавалі гэтае пытанне са Сталіным. Хрушчоў спаслаўся на Налівайку і Багдана Хмяльніцкага. якія ў XVI—XVII стст. прэтэндавалі на паўднёвую Беларусь. Аднак Сталін паслухаў Панамарэнку і сказаў, што лічыць Брэст (Літоўскі) і Белавежу ўкраінскімі несур’ёзна.

Новая пагроза ўзнікла ў жніўні 1944 г. калі Малянкоў з Хрушчовым задумалі далучыць Полацк да Расіі. 14 жніўня адбылася нарада ў Сталіна, на якой Панамарэнка даказаў, што Полацк разам з вобласцю з’яўляецца беларускім. “У таварыша Панамарэнкі былі тры аргумэнты, якія і перамаглі ў спрэчцы са Сталінам. Першы быў у тым, што Полацк ужо даўно, больш за 20 гадоў, быў у складзе савецкай Беларусі. Другі, ён вельмі цікавы,  Полацк з’яўляецца радзімай вялікага беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Але самым істотным было тое, што Беларусь і так ужо тэрытарыяльна пацярпела: аддалі Літве некалькі раёнаў, цяпер збіраюцца аддаць Польшчы Беласточчыну, а калі аддадуць і Полацк, дык беларусы гэтага ніяк не зразумеюць і моцна пакрыўдзяцца. Сталін падумаў і пагадзіўся.” (Паводле кнігі Міколы Зянькевіча “Чья Белоруссия? Границы. Споры. Обиды”. — М.,2000).

Трэба сказаць, што ў жніўні 1940 г., калі незалежную Літву ператварылі ў ЛССР, Сталін перадаў ёй яшчэ адзін кавалак Заходняй Беларусі з гарадамі Свенцяны, Салечнікі і Друскенікі. За валоданне Друскенікамі літоўскія і беларускія бальшавікі спрачаліся некалькі месяцаў, але перамаглі літоўцы. Такім чынам яшчэ каля дзвюх тысячаў квадратных кіламетраў беларускай тэрыторыі ўвайшлі ў склад Літоўскай ССР.

10 жніўня 1945 г. быў прыняты закон аб савецка-польскай мяжы. Згодна з ім, Польшча атрымала амаль усю былую Беластоцкую вобласць і два раёны Брэсцкай вобласці з гарадамі Беласток. Аўгустаў, Бельск, Ломжа, Гайнаўка і іншымі. У 1950 г. Польшча атрымала дадаткова яшчэ некалькі беларускіх вёсак. Такім чынам Беларусь стала адзінай краінай—заснавальніцай ААН і пераможцам у вайне з фашызмам, якая страціла частку сваёй этнічнай тэрыторыі.

У часы кіравання Мікіты Хрушчова, які ў 1954 г. ласкава перадаў Крым ад Расіі Украіне, існавалі планы перадачы БССР Калінінградскай вобласці РСФСР. На мапах малявалі “калідор” для беларусаў да Балтыйскага мора праз Літву і Польшчу. Пры гэтым Гродна хацелі аддаць Літве. Але гэтыя планы не здзейсніліся, а ў выніку БССР атрымала ў 1964 г. восем вёсак на ўсходзе, якія далучыліся да Мсціслаўскага раёна.

Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь у адміністратыўных межах БССР

У снежні 1991 г. на мапе Еўропы з’явілася незалежная Рэспубліка Беларусь у межах 1964 г. Аднак напрыканцы існавання СССР пытанне аб беларускіх межах узнялася зноў. Прэзыдыюм ВС БССР паставіў пытанне аб лёсе Вільні. Была прынятая адпаведная заява. Маўляў, калі Літва выходзіць з СССР, то Беларусь будзе прэтэндаваць на Віленскі край. Маскоўскія стратэгі таксама палохалі літоўскіх незалежнікаў планамі стварэння ў Віленскім краі польскай аўтаноміі накшталт Прыднястроўскай рэспублікі. Была спроба арганізаваць узброены канфлікт на беларуска-літоўскай мяжы, калі невядомыя расстралялі літоўскіх мытнікаў. Аднак пасварыць паміж сабой літоўцаў і беларусаў (па ўзоры армянска-азербайджанскага канфлікту) не атрымалася.

У гэты ж час спрабавалі зрабіць нейкую “яцвяжскую” аўтаномію са сталіцай у Пінску. У гэтым горадзе нават выдавалі газетку на невядомай мове (на грунце заходнепалескага дыялекту беларускай мовы). Аднак і гэта авантура з трэскам правалілася. У жніўні-верасні 1991 г. некаторыя маскоўскія палітыкі выказваліся ў тым сэнсе, каб Беларусь аддала Расеі Віцебшчыну і частку Магілёўшчыны.

Пасля абвяшчэння незалежнасці паўстала пытанне аб дакладным вызначэнні межаў Беларусі. За савецкім часам была вызначана толькі адна мяжа — з Польшчай. Гэта былая мяжа СССР з калючым дротам. Потым былі вызначаны межы з Латвіяй і Літвой. Аднак з Літвой узніклі спрэчкі за валоданне чыгуначнай станцыяй Гадуцішкі, якая знаходзілася быццам на літоўскай тэрыторыі, але ў савецкія часы ўваходзіла ў склад Беларускай чыгункі. Толькі восенню 1994 г. беларускі бок, які раней патрабаваў ад Літвы грашовую кампенсацыю за выкарыстанне станцыі, перадаў яе Літве бязвыплатна. 26 кастрычніка 1996 г. Беларуссю быў ратыфікаваны дагавор аб беларуска-літоўскай мяжы. Дамова юрыдычна вызначыла і замацавала дзяржаўную мяжу на аснове “савецкай” лініі 1940 г.

© Алег Трусаў