Прыход да ўлады
Альгерд быў сынам князя Гедзіміна. Ён ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і неўзабаве стаў княжыць у Віцебску. Альгерд таксама меў вялікі ўплыў на Полацак, дзе ўладарыў ягоны сын Андрэй. Пазней Альгерд атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Усё гэта давала яму падставы лічыць сябе прэтэндэнтам на вялікакняскую карону. Аднак пасля смерці Гедзіміна пасад заняў Яўнут, малодшы брат Альгерда.
Разам з іншым братам Кейстутам Альгерд у 1345 г. выступіў супраць улады Яўнута, які быў узяты ў палон. Кейстут захапіў Вільню, але прызнаў гаспадаром Альгерда, што кантраляваў большую частку дзяржавы. Сам Кейстут застаўся кіраваць у заходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага.
Рыцар, які наведаў Вільню ў складзе нямецкага пасольства, пісаў пра Альгерда: «У князя велічны пагляд, вочы блакітныя, валасы светла-русыя. Рост ён мае вышэйшы за сярэдні, гаворыць гучна і выдатна ездзіць на кані». Альгерд добра ведаў нямецкую мову, але з крыжацкімі пасламі заўсёды гаварыў праз перакладчыка.
Бітвы з крыжакамі
Тэўтонскі ордэн імкнуўся адрэзаць нашую дзяржаву ад Балтыйскага мора. На Альгердава валадаранне прыпаў пік нямецкіх паходаў. Яшчэ ў 1342 г. Альгерд дапамог адбараніцца ад крыжакоў суседняму Пскову. Займаючы вялікакняскі пасад, ён адбіў шэсць вялікіх нападаў. У 1348 г. ліцьвінскае войска сустрэлася з немцамі на нёманскай прытоцы Стрэве. У крыжацкіх шыхтах знаходзіліся рыцары-найміты з Англіі і Францыі. Большую частку нашага войска складалі палкі з Полацка, Віцебска, Смаленска, Берасця. Сеча на рацэ Стрэве была доўгай і надзвычай жорсткай. Ордэн распускаў чуткі пра сваю перамогу, але напраўду поспеху дасягнулі ваяры Княства. Упарты супраціў крыжацкай агрэсіі працягваўся.
Перамогі над Масковіяй і Польшчай
Князь Альгерд вёў палітыку далучэння новых земляў на ўсходзе. Другі раз ён узяў шлюб з цвярской князёўнай Уллянай і меў уплыў на моцнае Цвярское княства. Гэта выклікала вострую незадаволенасць у Маскве. У 1368 г. маскоўскае войска рушыла на Цвер. Яе князь Міхайла звярнуўся па дапамогу да нашага манарха. Той адгукнуўся, і высланыя супроць Альгерда палкі былі разбітыя, прычым амаль усе варожыя ваяводы загінулі. Напалоханы маскоўскі князь Дзімітр (які потым увайшоў у летапісы як Данскі) спаліў драўляныя пасады і зачыніўся ў Крамлі.
Войска Вялікага Княства Літоўскага яшчэ раз з’явілася каля крамлёўскіх муроў у 1370 г. Пасля тыднёвай аблогі Дзімітр зноў папрасіў міру і прыслаў Альгерду вялізны выкуп – «дары многія, нязлічона золата, срэбра, жомчугу і сабалёў». Вялікі князь пашкадаваў крамлёўскага ўладара – «любоў сваю над ім учыніў з Масквы яго не здабываў ды мір з ім узяў». Пры гэтым наш гаспадар сказаў словы, што таксама засталіся ў летапісах: «Хоць я з табой і замірыўся, але хачу сабе яшчэ тую славу ўчыніць, што вялікі князь Альгерд дзіду сваю пад Масквою прыхінуў». Поўную перамогу ён засведчыў тым, што пад’ехаў на кані да Крамля і пастукаў у яго сцены дзідай. Памяткаю пра тыя падзеі засталася Паклонная гара ў Маскве. Менавіта туды маскоўскія баяры прыходзілі з выкупам на паклон да Альгерда.
Мір з Масквой, аднак, цягнуўся нядоўга. У 1372 г. цвярскі князь чарговым разам папрасіў падтрымкі ў змаганні з агрэсіўнай Масквой. Трэці паход Альгерда зноў быў пераможны і скончыўся замірэннем.
Князь Андрэй Полацкі
У Альгерда было дванаццаць сыноў. Найстарэйшы з іх, Андрэй, княжыў у Полацку. Ён вёў наступальную палітыку ў дачыненні да суседніх Пскова і Смаленска, паспяхова супроцьстаяў пагрозе старажытным крывіцкім землям з боку крыжакоў. Вядома, што ў 1373-1375 гг. Андрэй трымаў у аблозе нямецкую фартэцу Дынабург (суч. Даўгаўпілс).
Пасля бацькавага скону Андрэй разлічваў заняць вялікакняскі пасад. Але гаспадаром стаў іншы Альгердаў сын – Ягайла. Андрэй з дружынаю мусіў пакінуць Полацак і пайсці на пагадненне з маскоўскім князем Дзімітрам.
Дзве тысячы полацкіх ваяроў на чале з сваім князем удзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380 г. Андрэй камандаваў «палком правай рукі» – правым флангам славянскага войска. Па нейкім часе Андрэй адваяваў Полацак. Доўгае і бурнае жыццё ён скончыў у 1399 г. у бітве з татарамі на Ворскле. Апошняму ў гісторыі полацкаму князю ішоў тады 75-ты год. Расейская гістарычная навука перабольшвае значнасць Кулікоўскай бітвы. Перамога над ханам Мамаем не сталася пачаткам вызвалення расейскіх земляў ад татарскага ярма. Яшчэ цэлае стагоддзе пасля таго маскоўцы плацілі татарам ганебную даніну.
Князь Альгерд паказаў сябе дальнабачным палітыкам і таленавітым военачальнікам. За часы ягонага гаспадарання нашая дзяржава ўдвая павялічыла тэрыторыю і значна ўмацавала свой аўтарытэт у Еўропе. Дзяржаўнай моваю Вялікага Княства Літоўскага ад моманту стварэння гаспадарскай канцылярыі была беларуская.
ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ | |
---|---|
1341-1345 гг. | Княжанне вялікага князя Яўнута. |
1345-1377 гг. | Княжанне вялікага князя Альгерда. |
1348 г. | Перамога над нямецкімі рыцарамі на рацэ Стрэве. |
1356 г. | У склад Вялікага Княства Літоўскага ўвайшло Бранскае княства. |
1362 г. | Разгром татараў на Сініх Водах. Уваходжанне ў склад ВКЛ ўкраінскіх земляў разам з Кіевам. |
1368,1370,1372 гг. | Пераможныя паходы князя Альгерда на Маскву. |
1376 г. | Паход Альгерда на Польшчу. |
1399 г. | Бітва з татарамі на рада Ворскле. Смерць апошняга полацкага князя Андрэя. |
© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012