На паўднёвых межах Вялікага Княства Літоўскага было неспакойна. Адтуль зноў і зноў нападалі татары. Яны стварылі велізарную дзяржаву — ад Заходняй Сібіры да Дуная і трымалі ў васальнай залежнасці рускія і ўкраінскія княствы. У 1223 г. на рацэ Калцы пры паўночным узбярэжжы Азоўскага мора адбылася першая сутычка аб’яднаных усходнеславянскіх і палавецкіх войскаў з татара-мангольскімі ордамі. Крывавая сеча скончылася паразай саюзнікаў. У высокую стэпавую траву ляглі і дружыны з беларускіх княстваў. Праз 14 гадоў Бату-хан вынішчыў Разанскую зямлю, а ў 1240 г. захапіў і Кіеў. Пачаўся татара-мангольскі прыгнёт, які доўжыўся ў Масковіі амаль два з паловай стагоддзі. Прыхадні з далёкіх азійскіх стэпаў спрабавалі захапіць і Беларусь. Але нашыя прадзеды паспелі згуртавацца, утварыўшы моцнае гаспадарства — Вялікае Княства Літоўскае. Да таго ж яны прайшлі суровую баявую школу ў змаганнях з рыцарамі нямецкіх манаскіх ордэнаў. Таму захопнікі былі спыненыя на Палессі і пад Смаленскам.
Калі наша дзяржава ўзмацнілася, яна распачала экспансію на суседнія абшары. Увагу князёў найперш прыцягнулі ўрадлівыя землі Украіны, што плаціла цяжкую даніну татара-мангольскай Залатой Ардзе. Да таго ж там жыло адзінавернае хрысціянскае насельніцтва, блізкае беларусам па мове.
У 1362 годзе вялікі князь Альгерд пастанавіў разграміць ардынцаў у генеральнай бітве і рушыў з 30 тысячамі ваяроў углыб варожай тэрыторыі. Аснову войска складалі беларускія палкі, да якіх далучылася кіеўскае і валынскае рушанне (апалчэнне). Сабраўшы войскі, Альгерд пераправіўся на правы бераг Прыпяці. Па дарозе на поўдзень да яго далучыліся з сваімі дружынамі сыны наваградскага князя Карыята. Яны валодалі землямі на паўночным захадзе Украіны і таксама былі зацікаўленыя ў аслабленні татарскага панавання. Мінуўшы Канеў і Чаркасы, войскі выйшлі да ракі Сінюха (Сінія Воды). Гэта левабярэжны прыток Паўднёвага Буга. Там, як піша летапісец, “указалася ім у полю вялікая арда з трыма царыкамі, на тры абозы раздзеленая”. Гэта былі татары, якія тады валадарылі ў Крыме, на Паўночным Прычарнамор’і і ў Падольскай зямлі. На чале іх былі ханы Кутлубуга, Качубей і Дзімітр.
Бітва адбылася восенню 1362 г. каля ракі Сінія Воды (Сінюха, Снівада) — левы прыток Паўднёвага Буга. Татары разлічвалі выкарыстаць сваю звычайную тактыку – імклівай атакай зайсці з флангаў і абкружыць нашае войска. Але Альгерд яшчэ раз выявіў выдатны вайсковы талент і сарваў гэтыя планы, паставіўшы шэсць сваіх палкоў у лінію глыбокай абароны. Магчыма таксама, што беларускія ваяры шчыльна прыкрыліся шчытамі, утвараючы вядомую яшчэ з антычных часоў “чарапаху”. Ардынцы мусілі распачаць франтальны бой. Адбіўшы іхны націск, Альгердава войска само атакавала ворага з фронту і з флангаў. Альгерд паслаў нашую конніцу “з копіямі і шаблямі” ў імклівую сустрэчную атаку. Гэтая атака была падтрыманая знішчальнай стралянінай наваградцаў з нязвыклых для стэпавікоў кушаў-арбалетаў. Выпушчаныя з іх стрэлы з цяжкімі жалезнымі дзюбамі-бэлтамі ляцелі значна далей, чым з звычайных лукаў. Яны лёгка прабівалі ахоўнае татарскае ўзбраенне, нават і жалезнае.
Такім магутным націскам праламалася “чало” ардынскіх парадкаў. Тым часам былі нанесеныя і флангавыя ўдары. Татарскія шыхты змяшаліся “як снапы ад раптоўнага ветру”. Стэпавікі пачалі ўцякаць, засцілаючы трупамі палі і рэкі. Ляглі на пабаявішчы ўсе ардынскія “царкі”, шмат знаці. У рукі пераможцаў трапіла і вялікая здабыча — статкі жывёлы, вярблюды, абозы з дабром.
Разгром стэпавікоў на Сініх Водах стаўся першай ва ўсёй Усходняй Еўропе буйной перамогай над татарамі. У выніку гэтай перамогі ды іншых поспехаў Альгерда паўднёвыя межы нашай дзяржавы перасунуліся з Кіеўшчыны – Прыкарпацця да дняпроўскіх парогаў. У абсягі Вялікага Княства былі ўлучаныя большасць земляў, заселеных украінскім земляробчым насельніцтвам, шматлікія вёскі і гарады. Беларуская конніца выйшла нават на берагі Чорнага мора ў вусцях Дняпра і Буга. Разгром татараў на Сініх Водах паклаў канец больш як стогадоваму панаванню іх ва Украіне, распачаў вызваленне Усходняй Еўропы з-пад ардынскага прыгнёту.
© М. Чарняўскі “Дзесяць бітваў”, 2004
У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012