Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі

Назва: Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі
Аўтар: Штыхаў, Г. В.
Выдавецтва: Права і эканоміка
Год выдання: 2002
Старонак: 94
Характарыстыка: Кніга беларускага археолага і гісторыка Георгія Васільевіча Штыхава (1927–2018) прысвечана станаўленню і развіццю дзяржаўнасці на беларускіх землях. Аўтар спачатку разглядае асноўныя погляды на сутнасць і ўзнікненне інстытуту дзяржавы, а потым паказвае асаблівасці працэсаў дзяржаваўтварэння на беларускіх землях.

Улічваючы даныя археалагічнай і лінгвістычнай навук, вучоныя ў асноўным згодны з уяўленнем аб рассяленні славян з нейкай пачатковай тэрыторыі — іх прарадзімы. У VI ст. славяне ўключыліся працэс Вялікага перасялення народаў. Яны сяліліся на землях Візантыйскай імперыі, з’явіліся на Балканах. На ўсходзе славяне паступова выйшлі да вярхоўяў Дняпра, Дона і Акі, да Ладажскага возера. Славянскія плямёны мелі шмат агульнага ў гаспадарцы, побыце і культуры. Таму сацыяльна-эканамічныя з’явы ва ўсіх славян у раннім сярэднявеччы адбываліся прыкладна аднолькава. У славян адбываўся працэс разлажэння родавых адносін.

Пісьмовыя крыніцы, якія дайшлі да нас, не даюць адказа, якое насельніцтва жыло на тэрыторыі Беларусі ў трэцяй чвэрці І тыс. да н.э., не гаворачы пра больш ранні час. Святло на гэта праліваюць даныя гідранімікі і тапанімікі. У Верхнім Падняпроўі ў І тыс. н.э. жылі плямёны балцкага паходжання. У асноўнай сваёй масе яны былі паступова асіміляваны славянамі. Славянізацыя балцкага насельніцтва і змешванне з ім носьбітаў славянскай мовы спрыяла адасабленню часткі ўсходніх славян, што садзейнічала затым станаўленню беларускай народнасці. Адбывалася гэта на працягу доўгага часу ад рубяжа VII–VIII стст. да канца ХІІІ ст. Тэрмін «плямёны» адносна ўсходніх славян апошняй чвэрці І тыс. н.э. вельмі ўмоўны — размова павінна ісці ўжо пра протадзяржаўныя аб’яднанні славян — «племянныя княжанні» і іх саюзы. Развіццё гэтых груповак, якія адначасова з’яўляліся протанароднасцямі, ішло па шляху іх эвалюцыі ў дзяржаўныя ўтварэнні. На тэрыторыі сучаснай Беларусі знаходзілася некалькі такіх аб’яднанняў: крывічы-палачане, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне і, верагодна, часткова дулебы. Заходняе Палессе ў Х–ХІІ стст. было пагранічнай тэрыторыяй паміж групамі валынян, дрыгавічоў, мазаўшан і яцвягаў.

Найбольш моцным княствам з усіх, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў IХ–ХIII стст., было Полацкае. Полацкаму княству было наканавана стаць калыскай беларускай дзяржаўнасці. Полацкая зямля была найбольш развітай у гаспадарчых і культурных адносінах, таму яна першай з беларускіх земляў уступіла на шлях раздробленасці. У канцы Х ст. быў пабудаваны і Тураў. Тураўскае княства таксама з’яўляецца адной з першых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі. У цеснай сувязі з Туравам і Кіевам было старажытнае Берасце — важны цэнтр Сярэдняга Пабужжа. У паўднёвай Беларусі рана ўзніклі іншыя гарады — Рагачоў, Мазыр, Брагін.

У Х–ХІ стст. адбывалася славянская каланізацыя Верхняга Панямоння. Славяне ў асноўным мірна жылі побач з мясцовымі балтамі і паступова змешваліся з імі. У канцы Х ст. былі заснаваны Наваградак і Ваўкавыск. Дзяржаўнасць у Верхнім Панямонні узнікла амаль адначасова з яе ўсталяваннем у Полацкай і Тураўскай землях. У аналах нямецкага горада Кведлінбурга пад 1009 г. упершыню названа Літва. Найбольш верагодна, што летапісная Літва займала значную плошчы на тэрыторыі сучаснай Літвы і заходняй Беларусі. У ХІІ ст. Літва канчаткова выйшла з-пад улады ўсходнеславянскіх князёў. У другой палове ХІІ ст. на паўднёвым захадзе Усходняй Еўропы ўзвысіліся Галіцкае і Валынскае княствы. У 1253 г. у Наваградку літоўскі князь Міндоўг прыняў тытул караля. Галіцка-валынскі князь Даніла небеспадстаўна расцаніў гэта як узнікненне небяспечнага канкурэнта ў барацьбе за беларускія землі. Галіцка-валынскія войскі разам з яцвягамі, крыжакамі і жамойтамі некалькі разоў нападалі на тэрыторыю Наваградскай зямлі. Здавалася, нараджаючаяся беларуска-літоўская дзяржава не вытрымае цяжкіх выпрабаванняў. Але вярхоўная яе ўлада мела падтрымку ў беларускім і літоўскім баярстве, у народных апалчэннях беларускіх гарадоў. Новая дзяржава выжыла і захавалася. Аб’яднанне беларускіх і літоўскіх зямель у адну дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае — вынік сацыяльна-эканамічных з’яў, якія адбываліся ў гэтых землях. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай і дасягнуты ўзровень сацыяльнага і палітычнага развіцця ўсходнеславянскіх зямель у Верхнім Панямонні стаў падмуркам дзяржаваўтваральных працэсаў, якія абумовілі ўзнікненне і развіццё Вялікага Княства Літоўскага.


Спампаваць

Калі спасылка не працуе, калі ласка, паведаміце аб гэтым праз форму сувязі.