Гарадзельская унія

Гарадзельская унія 1413 года, саюз ВКЛ з Польшчай, юрыдычна замацаваны ў 3 граматах (прывілеях) 2 кастрычніка 1413 г.

Для абмеркавання далейшых дачыненняў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства ў 1413 г. у замак Горадля на Заходнім Бугу з’ехаліся манархі, паны і баярства абедзвюх краінаў.

47 ліцьвінскіх баярскіх родаў абмяняліся гербамі з польскай шляхтай. У выпадку смерці Вітаўта вярхі Княства абяцалі не абіраць сабе гаспадара без парады і згоды палякаў. Але тыя ў сваю чаргу таксама не павінны былі праводзіць выбары караля без згоды Вітаўта і ягоных баяраў.

Новая персанальная вунія спрыяла з’яднанню сілаў Вялікага Княства і Польшчы ў змаганні з вонкавай небяспекай і мела на мэце супакоіць кіраўніцтва каталіцкай царквы ў Рыме, устрывожанае разгромам Тэўтонскага ордэна.

Паводле Гарадзельскай уніі самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага захоўвалася і пасля скону Вітаўта. У Польшчы зразумелі, што падпарадкаваць такую магутную дзяржаву немагчыма.

Гарадзельская унія
Акт баяр ВКЛ з Гарадзельскай уніі.

1-я грамата выдадзена ад імя 47 польскіх феадалаў, якія надзялялі 47 феадалаў-католікаў ВКЛ сваімі гербамі і тым самым прымалі іх у сваё гербавае брацтва. У 2-й грамаце (да яе было прывешана 45 пячатак феадалаў ВКЛ) феадалы-католікі прымалі гербы польскіх феадалаў і абяцалі быць з імі ў вечнай дружбе і саюзе. У выпадку смерці вялікага князя Вітаўта яны абяцалі не выбіраць сабе князя без парады і згоды польскіх феадалаў. Тыя, у сваю чаргу, у выпадку смерці караля Ягайлы таксама не павінны былі выбіраць новага караля без парады і згоды вялікага князя Вітаўта і феадалаў ВКЛ.

У 3-й грамаце Гарадзельскай уніі, якая ўвайшла ў гісторыю як Гарадзельскі прывілей 1413 года, польскі кароль Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт абяцалі назначаць на дзяржаўныя пасады феадалаў-католікаў, якія прынялі польскія гербы, і дазволіць ім свабодна распараджацца маёмасцю ў сваіх маёнтках і тым самым павысіць іх грамадскае становішча да князёў Рурыкавічаў і Гедзімінавічаў, даваць ільготы касцёлам, кляштарам і іншым каталіцкім установам. У грамаце абвяшчалася аб’яднанне ВКЛ з Польшчай, аднак гарантавалася захаванне адасобленасці і нязменнасці ўлады вялікага князя, тым самым захоўвалася самастойнасць ВКЛ. Гарадзельская унія ўмацоўвала сілы ВКЛ і Польшчы ў барацьбе з замежнай агрэсіяй, а таксама мела на мэце задобрыць і супакоіць рымскую курыю, якой быў нанесены ўдар у выніку паражэння Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410 г.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии