Школы і калегіюмы
Вялікае Княства Літоўскае мела разгалінаваную сістэму адукацыі, у якую ўваходзілі навучальныя ўстановы розных роўняў. Гістарычныя крыніцы паведамляюць пра гарадскія школы пры цэрквах і касцёлах, праваслаўных брацтвах і пратэстанцкіх зборах.
Вядома пра існаванне школаў пры каталіцкіх храмах у Горадні, Полацку, Менску, Віцебску, Міры, Нясвіжы, Гайне, Мастах, Палонцы, Трабах, Зэльве, Лідзе, Слоніме, Шчучыне ды іншых гарадах і мястэчках. Славілася сваімі выкладчыкамі брацкая школа Полацкага праваслаўнага Багаяўленскага манастыра, дзе пачынаў шлях у навуку Сімяон Полацкі. Навучальні такога кшталту дзейнічалі таксама ў Вільні, Магілёве, Берасці, Менску, Слуцку.
Засвоіўшы пачатковыя веды, вучні тагачасных школаў пераходзілі да «сямі вызваленых навук», якія падзяляліся на «трывіюм» (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «квадрывіюм» (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). Вялікая ўвага адлавалася вывучэнню моваў – грэцкай, лацінскай, царкоўнаславянскай, польскай. Вучні практыкаваліся ў вершаскладанні і дэкламацыі. Пры вывучэнні «квадрывіюма» і ў каталіцкіх, і ў праваслаўных навучальнях карысталіся падручнікамі, выдадзенымі ў Заходняй Еўропе. У кожнай школе быў хор, наладжваліся тэатральныя паказы.
Вышэйшыя калегіюмы давалі адукацыю, якая паводле свайго роўню мала адрознівалася ад універсітэцкай. Напрыклад, у Полацку выкладаў паэтыку і рыторыку выдатны паэт-лацініст і філосаф першай маловы XVII ст. Мацей Казімір Сарбеўскі. У часе працы ў Полацкім калегіюме ён напісаў даследванне з антычнай міфалогіі «Багі паганскіх народаў» і кнігу «Паэтыка», якім была наканаваная еўрапейская слава.
Найбольшую актыўнасць у пашырэнні асветы выяўляла Таварыства Ісуса, як афіцыйна называўся Ордэн езуітаў. Беларусь была пакрытая цэлай сеткаю іх школаў і калегіюмаў. Раней за іншыя былі заснаваныя калегіюмы ў Вільні (1570 г.), Полацку (1581 г.), Горадні (1584 г.) і Нясвіжы (1586 г.). У XVII ст. такія ўстановы дзейнічалі ў Амсціславе, Берасці, Віцебску, Воршы, Дарагічыне-Набужскім, Магілёве, Менску, Наваградку, Пінску, Смаленску, Хвойніках (Хойніках). У калегіюмы прымалі дзяцей з розных станаў і неабавязкова каталіцкага веравызнання. Навучанне было бясплатнае і доўжылася шэсць-сем гадоў. За гэты час навучэнцы атрымлівалі класічную гуманітарную адукацыю, авалодвалі лацінскай і грэцкай мовамі. Калегіюмы вышэйшага тыпу мелі яшчэ трохгадовы курс філасофіі і чатырохгадовы – тэалогіі.
У сваёй педагагічнай практыцы выкладчыкі ўжывалі прагрэсіўныя методыкі і прынцыпы: засяроджвання на адной праблеме, індывідуальнага падыходу, паступовага ўскладнення заданняў, заглыблення ў моўную стыхію. Некаторыя з вынаходак тагачасных педагогаў увайшлі ў арсенал іх сённяшніх калегаў Прынцып заглыблення, калі на ўроках лаціны дазвалялася размаўляць толькі на гэтай мове, цяпер часта выкарыстоўваецца на курсах паскоранага вывучэння замежных моваў.
Мовамі навучання да сярэдзіны XVII ст. як у езуіцкіх, так і ў іншых навучальных установах былі беларуская і лацінская. Па меры паланізацыі шляхты адбываўся пераход на польскую.
Ліцьвіны ў заходніх універсітэтах
Юнакі з беларускіх земляў праклалі шлях па асвету ў навучальныя ўстановы Еўропы яшчэ ў XIV ст. Дзясяткі нашых суайчыннікаў здабывалі веlы ў Карлавым універсітэце ў Празе, заснаваным у 1348 г. Метрычныя кнігі гэтай альма-матэр толькі за XV – першую палову XVI ст. захавалі імёны 33 студэнтаў з Вялікага Княства Літоўскага. Некаторыя гісторыкі лічаць, што сярод іх быў адзін з папярэlнікаў Скарыны Ян (Іван) Ліцьвін, што ў 1480 г. адчыніў першую друкарню ў Лондане.
Ад 1364 г. адлічвае сваю гісторыю Кракаўскі ўніверсітэт, які пасля праведзенай Ягайлам рэформы стаў навучальнай установай як Польшчы, так і Вялікага Княства. Для «ліцьвіноў і русінаў» у Кракаве дзейнічала адмысловая студэнцкая бурса. На працягу XV-XVI стст. там вучылася каля 500 выхадцаў з нашых земляў, прычым прыкладна палова выпускнікоў атрымала навуковую ступень бакалаўра. Пры канцы XV ст. магістр Ян з Полацка чытаў у Кракаўскім універсітэце курс лекцый «Лісты Цыцэрона», а ягоны калега Ян з Мастоў выкладаў «Этыку» і «Метафізіку» Арыстоцеля. Адначасова з Францішкам Скарынам у гэтай альма-матэр авалодвалі навукамі Ян і Павел з Горадні, Станіслаў з Клецка, Вінцэсь з Слуцка, Мікола з Ашмяны, Марка з Нямігі. Сярод студэнтаў былі не толькі дзеці мяшчанаў і шляхты, але і сялянаў.
Пазней, у сувязі з пашырэннем рэфармацыйных ідэяў, колькасць ліцьвіноў, што вучыліся ў даўняй польскай сталіцы, пачала скарачацца. Большую папулярнасць набыло навучанне ў пратэстанцкіх краінах. Арыстакратыя нярэдка пасылала сыноў у старажытныя прэстыжныя ўніверсітэты. Перавага аддавалася Італіі, асабліва Балонні і Падуі, што былі цэнтрамі рэнесансавай думкі. Ліцьвіны штудыявалі навукі ў Вітэнбэрзе, Франкфурце, Караляўцы (Кёнігсбэрзе). У Ляйпцыгскім універсітэце вучыўся будучы вялікі канцлер Леў Сапега, у Страсбургскім і Цюбінгенскім – вялікі маршалак, мецэнат і пісьменнік Мікалай Радзівіл Сіротка.
Набыўшы еўрапейскую адукацыю, маладыя ліцьвіны амаль заўсёды вярталіся дадому. У духу гуманістычных традыцыяў Рэнесансу яны найперш імкнуліся служыць сваёй дзяржаве і свайму народу.
ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ | |
---|---|
1348 г. | Заснаванне Карлавага ўніверсітэта ў Празе. |
1364 г. | Заснаванне Кракаўскага ўніверсітэта. |
1480 г. | Ян Ліцьвін адчыніў першую друкарню ў Лондане. |
1570 г. | Адчынены Віленскі езуіцкі калегіюм. |
1581 г. | Адкрыццё Полацкага калегіюма. |
© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012