Распаўсюджванне каталіцызму ў ВКЛ

Спробы крыжакоў усталяваць каталiцызм на лiтоўскiх землях у XIII — сярэдзiне XIV ст. поспеху не мелi. Каб выбiць у iх рэлiгiйную зброю, якой прыкрывалася агрэсiя, згадзiўся прыняць каталiцтва Мiндоўг i ва ўзнагароду за гэта ў 1253 г. атрымаў ад Папы Рымскага карону. Але саюз з Рымам не спраўдзiў надзей лiтоўскага караля i ён адрокся ад хрысцiянства наогул. Гедымiн у надзеi спынiць крыжацкi нацiск абяцаў Папе хрысцiць Лiтву па заходняму абраду. Такiя захады былi рызыкоўнымi — маглi выклiкаць апазiцыю прыхiльнiкаў язычнiцтва i праваслаўных “русiнаў”, што i здарылася пры Гедымiне.

У канцы XIV ст. пад нацiскам Ватыкана, якi баяўся ператварэння княства ў магутны праваслаўны бастыён Усходняй Еўропы i страты сваей патэнцыяльнай паствы, Польшча аддала Ягайлу каралеўскую карону ў абмен на акаталiчванне Лiтвы, а ў перспектыве — i ўсходнеславянскiх зямель. Калi непрыманне хрышчэння з рук крыжакоў было справай прынцыпу, то каталiцызм з Польшчы, здавалася, не хаваў у сабе небяспекi. Крэўская унiя рэзка змянiла рэлiгiйную сiтуацыю ў ВКЛ. Яна пакiнула насельнiцтву Беларусi свабоду належаць да сваёй веры, але ў праваслаўнай царквы княства з’явiўся сур’ёзны канкурэнт.

Нацельны крыж з могільніка Снядзін (Петрыкаўскі р-н), XIV-XV ст.

Гэта форма хрысцiянскай рэлiгii падыходзiла кiруючым колам княства ва ўмовах узмацнення сувязей з Польшчай. Яна прадухiляла асiмiляцыю лiтоўскай знацi у масiве праваслаўнай Русi, садзейнiчала яе кансалiдацыi. Дзяржава, усе гаспадары якой, пачынаючы з Ягайлы, былi католiкамi, перадае заходняй царкве вялiкiя надзелы зямлi, спрыяе заснаванню манаскiх ордэнаў, касцёлаў i кляштараў, стымулюе пераход у гэту веру лiтоўскiх i славянскiх феадалаў.

У 1387 г. былi ўтвораны Вiленская епархiя, упада якой ахапiла амаль усю Беларусь, i сем каталiцкiх парафiй, у тым лiку тры — на тэрыторыi Беларусi: у Крэве (цяпер Смаргонскi раён), Абольцах (Талачынскi раён), Гайне (Лагойскi раён). Спачатку епархiя падпарадкоўвалася Папе, з 1415 г. — прымасу польскай каталiцкай царквы архiепiскапу гнёзненскаму. У канцы XIV ст. у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм iснавала 12 касцёлаў, з iх шэсць — на Беларусi (у Быстрыцы, Гароднi, Лiдзе, Наваградку i iнш.), у 1430 г. — 27 касцёлаў, у тым лiку 12 — на Беларусi.

У XIV—XV стст. заснаваны ўсяго чатыры каталiцкiя бiскупствы: Кiеўскае, Луцкае (уваходзiла i Берасцейская зямля), Жмудскае i Вiленскае. Епархii падзялялiся на дэканаты, аношнiя — на парафii. Бiскупаў выбiралi капiтулы (саветы вышэйшага духавенства) епархii. Першымi бiскупамi былi палякi, з пачатку XVI ст. усе бiскупы — прадстаўнiкi вышэйшай знацi Вялiкага княства Лiтоўскага. Магнацкае паходжанне давала iм магчымасць дадаткова ўплываць на дзяржаўныя справы. У каталiцкай царкве княства ў XVI ст. служылi выключна мясцовыя ўраджэнцы. Па сацыяльных матывах пазiцыi магнатаў i вярхоў каталiцкай царквы ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм супадалi.

Вялiкiя лiтоўскiя князi (з 1386 г. католiкi) апякалi каталiцкую царкву. Дзяржаўныя ўлады стваралi для яе прывiлеяванае становiшча. Паводле прывiлея Ягайлы ад 22 лютага 1387 г. каталiцкая царква атрымала поўны iмунiтэт у сваiх маёнтках у фiнансавых i судовых пытаннях, вызвалялася ад дзяржаўных падаткаў i павiннасцяў, а насельнiцтва маёнткаў трапляла ў поўную залежнасць ад царквы. Дыскрымiнацыйныя артыкулы Гарадзельскага прывiлея 1413 г. стваралi ў феадалаў зацiкаўленасць у пераходзе у каталiцтва. Пры актыўным садзейнiчаннi вярхоўнай улады на беларускiх землях замацавалiся манастыры каталiцкага Ордэна францысканцаў (Лiда, Наваградак, Ашмяны — канец XIV ст.), бернардзiнцаў (Гародня — 1494 г., Полацк — 1498 г., Браслаў — 1504 г.), аўгусцiнцаў (Быстрыца — 1390 г., Бярэсце — пачатак XV ст.).

Да сярэдзiны XV ст. Вiленскай епархii належала 285 вёсак i 16 мястэчак, у якiх пражывала каля 40 тыс. жыхароў, што складала 1,5% усяго насельнiцтва дзяржавы. 2/3 гэтай латыфундыi было на Беларусi. За 1387—1550 гг. на тэрыторыi епархii было заснавана 259 касцёлаў, у тым лiку 176 — на беларускiх землях. Касцёлы размяшчалiся пераважна на захадзе Беларусi па лiнii Браслаў—Вiлейка—Менск—Нясвiж—Пiнск, на ўсход ад яе былi толькi ў Полацку, Вiцебску, Абольцах i Слуцку. Такiм чынам, да сярэдзiны XVI ст. каталiцкая царква пры падтрымцы вялiкiх князёў i феадалаў-католiкаў замацавалася на сучасных паўночна-заходнiх беларускiх землях i ў Лiтве. 19 каталiцкiх парафiй у той час iснавалi у Гарадзенскiм павеце, 20 — у Наваградскiм, 16 — у Менскiм, 15 — у Ваўкавыскiм, 7 — у Слонiмскім. Гэта сiла разгарнула актыўную дзейнасць па акаталiчванню паганцаў, а таксама праваслаўнага насельнiцтва Беларусi. Яна прыўносiла ў Вялiкае княства Лiтоўскае элементы польскай i пераважна заходнееўрапейскай культуры. Такi ўплыў адыграў пэўную ролю ў развiццi грамадска-палiтычнай думкi, культавага i абароннага дойлiдства, музыкi, пашырэннi асветы.

Папа Яўген IV на мініяцюры 1450 г.

Каталiцкае хрышчэнне лiтоўцаў, пазбавiўшае праваслаўе надзеi на ролю пануючай рэлігіі ў княстве, не ўшчамляла правоў праваслаўнага насельнiцтва i царквы. Аднак, паколькi феадалы-католiкi атрымалi дадатковыя прывiлеi, то ў параўнаннi з iмi становiшча iх праваслаўных братоў адносна пагоршылася. Асаблiвы сацыяльна-палiтычны статус касцёла, ператварэнне яго ў буйнога землеўласнiка. закраналi iнтарэсы беларускага сялянства, мяшчанства, праваслаўнай духоўнай iерархii. Прыняцце правячымi коламi каталiцызму як дзяржаўнай рэлiгii абвастрыла этнарэлiгiйныя адносiны, паколькi большасць усходнеславянскага насельнiцтва спавядала праваслаўе. Дыскрымiнацыя праваслаўных з канца XIV ст. пачала раздзiраць унутранае адзiнства княства i стала крынiцай шэрагу канфлiктаў: грамадзянская вайна 30-х гадоў XV ст., выступленне М.Глiнскага, прамаскоўскiя настроi часткi феадалаў. Ягайла, Вiтаўт, Свiдрыгайла, Аляксандр хацелi залагодзiць антаганiзм памiж праваслаўным i каталiцкiм насельнiцтвам пры дапамозе унii. Аднак праваслаўныя княствы не падтрымалi Фларэнцiйскай унii 1439 г.

Пракаталiцкая рэлiгiйная палiтыка аказалася недальнабачнай i пацярпела крах. Урад уносiць у яе iстотныя карэктывы. У 1432 i 1434 гг. ён здымае эканамiчныя абмежаваннi для праваслаўнай знацi, з канца XV ст. пачынае ўцягваць яе ў палiтычную элiту дзяржавы, а ў 1563 г. поўнасцю ўраўноўвае ў правах праваслаўную шляхту з каталiцкай.

Праваслаўная царква ў першай палове XVI ст. па-ранейшаму займала трывалыя пазiцыi у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, на ўсёй тэрыторыi Беларусi, а ўсходнiя раёны заставалiся сферай яе манапольнага уплыву. У канцы XV — першай палове XVI ст. быў прыняты шэраг дзяржаўных актаў, якiя замацоўвалi яе правы i ранейшыя прывiлеi. У XVI ст. князь абвясцiў аб склiканнi царкоўных сабораў. Вялiкакняжацкая ўлада ўмешвалася ва ўзаемаадносiны царквы i праваслаўных феадалаў, рэгулюючы гэтыя адносiны на карысць першай. У супрацьстаяннi праваслаўя i каталiцтва на землях Вялiкага княства Лiтоўскага ў першай палове XVI ст. склалася раўнавага сiл.

Значнае месца ў рэлiгiйнай палiтыцы вялiкакняжацкай улады адводзiлася планам унii праваслаўнай i каталiцкай цэркваў пад эгiдай рымскай курыi. Пытанне гэта ўзнiмалася Ягайлам, Вiтаўтам, Свiдрыгайлам. Нарэшце, у 1439 г. на Фларэнцiйскiм саборы царкоўна-рэлiгiйная унiя была аб’яўлена. Аднак падтрымкi з боку праваслаўнага насельнiцтва княства яна не атрымала i была фактычна правалена. У канцы XV — пачатку XVI ст. вялiкiм князем Аляксандрам з дапамогай смаленскага епiскапа Iосiфа Балгарыновiча, якi ў 1500 г. заняў кафедру мiтрапалiта, былi зроблены спробы ўзнавiць унiю. Але яны аказалiся няўдалымi. Аж да стварэння Рэчы Паспалiтай вялiкакняжацкi ўрад не ўзнiмаў больш пытання аб царкоўна-рэлiгiйнай унii.

сабор Санта Марыя дэль Фьёрэ
Від на сабор Санта Марыя дэль Фьёрэ (Santa Maria del Fiore) ў Фларэнцыі, у якім была падпісана Фларэнтыйская унія

Неаднастайнасць рэлiгiйнага складу насельнiцтва Вялiкага княства Лiтоўскага i неабходнасць лiчыцца з мясцовымi феадаламi i рознымi царкоўнымi арганiзацыямi вызначылi верацярпiмую палiтыку вярхоўнай улады. Пераемнiкi Аляксандра Жыгiмонт I Стары i Жыгiмонт II Аўгуст, калi апынулiся ў цяжкiм унутры- i знешнепалiтычным становiшчы, пайшлi на стварэнне рэлiгiйнай талерантнасцi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Пры Жыгiмонце I у дзяржаве з’явiлася каля 90 новых праваслаўных храмаў. У Вiльнi было 15 цэркваў i 14 касцёлаў, у Наваградку на адзiн касцёл прыходзiлася 10 цэркваў, у Полацкiм i Вiцебскiм паветах было толькi па адным касцёле. У 1563 г. Жыгiмонт II выдаў у Вiльнi прывiлей (пацверджаны на Гарадзенскiм сойме 1568 г.), якi адмяняў усе абмежаваннi на рэлiгiйнай глебе Гарадзельскага прывiлея i тым самым замацаваў “шляхецкую” талерантнасць у пэўных сацыяльных межах.

Подписаться
Уведомить о
guest
1 Comment
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии