29 лютага 1468 г. – выданне Судзебніка (Статута) Казіміра Ягайлавіча
Да 1468 г. адносіцца першы, які дайшоў да нашага нашага часу, помнік права ВКЛ, вядомы як Судзебнік Казіміра. Негледзячы на невялікі аб’ем (7 з невялікім старонак) ён з’яўляецца каштоўнейшай крыніцай па гісторыі права Вялікага княства. Ён адлюстраваў нормы літоўскага звычаёвага права, якія ўзыходзяць да старажытнага перыяду, а таксама зафіксаваў адзін з этапаў развіцця феадальнага імунітэту і дзяржаўнасці ў ВКЛ у 2-й палове XV ст.
Арыгінальны акт аб выданні Судзебніка не захаваўся. Вядомыя тры спісы ў складе ўсходнеславянскіх рукапісаў з тэрыторыі зямель Русі, якія ўваходзілі ў склад ВКЛ: Румянцаўскі (80-я гг. XV ст. Расійская дзяржаўная бібліятэка, Масква), Тарноўскі (апошняя чв. XV ст. Ягелонская бібліятэка, Кракаў) і Увраўскі (кн. XV – пач. XVI ст., Дзяржаўны гістарычны музей, Масква), з якіх апошні змяшчае найбольш поўны тэкст і ўтрымлівае найменьш памылак, а таксама змяшчае дату і месца выданне. Тэкст Судзебніка напісаны на старабеларускай мове. Упершыню ён быў апублікаваны ў 1826 г. у Вільні лацінскімі літарамі даследчыкам літоўскага права І. Даніловічам.
Паводле меркавання большасці даследчыкаў, Судзебнік быў прыняты 29 студзеня 1468 г. ў Вільні абласным соймам ВКЛ на пашыраным паседжанні панскай рады. Існуе меркаванне (К. Яблонскіс), што праца па складанню Судзебніка вялася ў вялікакняскай канцылярыі пад кіраўніцтвам канцлера і віленскага ваяводы Міхаіла Кезгайлавіча (пры ім жа вялося складанне агульназемскага прывілея 1447 г.; Міхаіл Кезгайлавіч быў адным з мецэнатаў Кракаўскага універсытэта, дзе ў XV ст. вучыліся і студэнты з Літвы).
Судзебнік складзены на аснове мясцовага звычаёвага права і судоваадміністратыўнай практыкі. Дакумент складаецца з 25 артыкулаў. Судзебнік устанавіў адзіныя для ўсёй дзяржавы віды пакаранняў за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, абмяжоўваў адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа і бацькі. У Судзебніку развіта ідэя індывідуалізацыі пакарання. Гэта было накіравана на захаванне гаспадаркі ўсёй сям’і як феадальна падатковай адзінкі, што было ў інтарэсах феадала. У выпадку, калі жонка і дзеці злодзея карысталіся крадзеным, дзейнічала норма старога звычаёвага права. Калі не было чым плаціць судовы штраф і кампенсаваць прычыненыя злачынствам страты, маглі перадаць у рабства таму, хто пацярпеў, жонку і старэйшых за 7 гадоў дзяцей асуджанага. Гэта першае ў законе вызначэнне ўзросту, з якога дзеці маглі несці адказнасць за віну бацькоў. Новым было і вызначэнне злачынства як проціпраўнага дзеяння: злачынца “ис права выступаеть”, “над право сягнул”. У Судзебніку ўпершыню змешчаны артыкул, які прадугледжваў аналогію закона. Так, паводле артыкула 23-га за ўтойванне знаходкі вінаватага каралі, як за крадзеж. Узмацненне феадальнага прыгнёту і пазбаўленне залежных сялян права свабоднага адыходу ад феадала было замацавана ў артыкуле 24-м, які прадугледжваў суровае пакаранне асоб, што садзейнічалі ўцёкам чэлядзі нявольнай і феадальна залежных сялян1.
У Судзебніку выявіўся і новы погляд на мэты пакарання. У звычаёвым праве галоўнаю мэтай пакарання была кампенсацыя пацярпеламу прычыненай шкоды і спыненне злачыннай дзейнасці. Мэта пакарання, паводле Судзебніка,— застрашванне, хоць не выключаліся і маёмасныя кампенсацыі. Цялесныя пакаранні і смяротная кара прадугледжваліся нават за такія злачынствы, як крадзеж на суму “выше полукопья”, г.зн. больш за 30 грошаў. У старажытным праве злачынец, прыгавораны да смяротнай кары, мог ад яе адкупіцца, яго маглі таксама перадаць у няволю пацярпеламу ці яго блізкім. Паводле Судзебніка забаранялася вызваляць злачынцу ад кары. У Судзебніку адлюстраваны таксама захоп чужых зямель феадаламі, іх міжусобіцы і зямельныя спрэчкі. Бакам у такіх выпадках прадпісвалася не рабіць самачынных нападаў і захопаў, а звяртацца ў суд. Калі ж феадал нападаў на другога феадала, то вінаватага належала разглядаць як парушальніка закону і караць. Але ў Судзебніку не ўказвалася, якое пакаранне трэба ўжываць да злачынца, бо такі прыгавор павінен быў выносіцца вялікім князем з панамі радай. У канцы Судзебнік абавязваў усіх жыхароў трымаць у належным стане дарогі і масты. За парушэнне гэтай павіннасці ўстанаўліваўся штраф 10 рублёў.
Першы даследчык Судзебніка І. Даніловіч разглядаў гэты дакумент як на крыніцу І Статута ВКЛ 1529 г. Іншыя даследчыкі заўважалі сувязь Судзебніка Казіміра з Судзебнікам Івана ІІІ 1497 г. і Рускай Праўдай. Паводле меркавання некаторых навукоўцаў (І.І. Лаппо), з пункту гледжання формы Судзебнік, які ў тэксце мае саманазву “ліст”, не адрозніваўся ад абласных прывілеяў і не мог мець агульнадзяржаўнага значэння і што асноўная мэта Судзебніка – гэта абмежаванне самавольства намеснікаў Казіміра Ягайлавіча ў Літве. Паводле ацэнкі іншых (А. Янулайціс), Судзебнік з’яўляўся пешым агульнадзяржаўным кодэксам ВКЛ. Існуе меркаванне, што Судзебнік першапачаткова прызначаўся для ўласна Літвы, аднак апасля мог знайсці больш шырокае скарыстанне2.
- Язэп Юхо. Судзебнік 1468. (Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў двух тамах. Том 2, 2-е выданне. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Патруся Броўкі”, 2007. С. 641-642)
- И.П. Старостина. Судебник Казимира 1468 г. (Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования, 1988-1989 гг. М.: Наука, 1991. C.170-344)