У палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага Княства дамінавалі беларускія землі і наш народ. Цалкам заканамерна беларуская мова зрабілася ў краіне дзяржаўнай.
Віленскі вялікакняскі двор здаўна быў беларускамоўным. Ад моманту стварэння ў XIV ст. вялікакняскай канцылярыі ў ёй выкарыстоўвалася тагачасная беларуская мова, якая была добра распрацаваная і цалкам магла забяспечваць усе патрэбы жыцця краіны. Мова, на якой тады размаўлялі продкі сучасных летувісаў – жамойты, яшчэ не была пісьмовай. Іхнае пісьменства ўзнікла толькі ў сярэдзіне XVI ст., тым часам як беларускае мела ўжо 500-гадовую гісторыю.
На нашай мове ствараліся і выдаваліся ўсе зборы законаў дзяржавы ад Статута (Судзебніка) вялікага князя Казіміра Ягайлавіча 1468 г. да самага дасканалага ў Еўропе Статута 1588 г.
Па-беларуску гаварылі, выдавалі граматы і прывілеі манархі і ўсе галоўныя асобы Княства. Па-беларуску пісалі соймавыя пастановы. Нашая мова актыўна выкарыстоўвалася ў дыпламатычным ліставанні з Масковіяй ды іншымі суседнімі краінамі. Не існуе ніводнага дзяржаўнага дакумента Вялікага Княства, які быў бы напісаны па-летувіску.
Нашая мова – адна з найдаўнейшых дзяржаўных нацыянальных моваў у Еўропе. Дзеля параўнання: кастыльская (гішпанская) ужывалася ва ўрадавых дакументах ад XIII ст., ангельская зрабілася афіцыйнай у 1362 г., а французская – у 1400 г.
Падкрэсліваючы значнасць дзяржаўнай беларускай мовы, канцлер Леў Сапега з гонарам пісаў: «А еслі катораму народу ўстыл праў сваіх не ўмеці, пагатоў нам, каторыя не обчым якім языком, але сваім уласным правы спісаныя маем і кождага часу, чаго нам патрэба ку адпору ўсякае крыўды, ведаці можам».
Выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйным справаводстве і судаводстве заканадаўча замацоўваў Статут Вялікага Княства, дзе патрабавалася, каб земскі пісар пісаў «усе лісты, выпісы і позвы» менавіта па-беларуску, «а не іншым языком». Тады праваслаўных беларусаў-ліцьвіноў звычайна называлі «рускімі» (а продкаў цяперашніх расейцаў – «маскавітамі», «маскоўцамі»). Таму нашая мова, на якой апрача дзяржаўных дакументаў ствараліся летапісы і хронікі, шматлікія мастацкія творы, звалася не толькі «літоўскай», але і «рускай». У вершы беларускага паэта першай паловы XVII ст. Яна Казіміра Пашкевіча ёсць поўныя гонару за родную мову радкі:
Польска квітнець лацінаю,
Літва квітнець рушчызнаю.
Без той у Польсцэ не прабудзеш,
Без сей у Літве блазнам будзеш.
Па-беларуску складзеная велізарная колькасць разнастайных матэрыялаў Літоўскай Метрыкі (архіва вялікакняскай канцылярыі), якая налічвае больш за 600 тамоў Пераважная іх большасць у XIX ст. трапіла ў Расею. Калі ў 1920 г. бальшавіцкі ўрад падпісаў мірную дамову з незалежнай Летувой, тая, прэтэндуючы на гістарычную спадчыну Вялікага Княства, запатрабавала вярнуць ёй Метрыку. Адзін з запрошаных экспертаў – беларускі гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі прапанаваў перадаць летувісам усе дакументы на іхнай мове. Такіх у сотнях тамоў Метрыкі не знайшлося ніводнага!
У гэтай самай справе летувісы звярталіся па дапамогу і да Вацлава Ластоўскага, старшыні эміграцыйнага ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі. Нават пасля атрымання катэгарычнай адмовы яны працягвалі настойваць. Урэшце В.Ластоўскі даручыў урадавай канцылярыі падрыхтаваць праект пагаднення, паводле якога згаджаўся на перадачу Летуве дакументаў Метрыкі, складзеных па-летувіску. У сваю чаргу просьбіты мусілі назаўсёды адмовіцца ад дакументаў напісаных па-беларуску. Летувіскі ўрадовец з радасцю падпісаў пагадненне і, як сведчаць відавочцы, спрабаваў апераваць ім у Маскве «на вялікі канфуз свой і свайго начальства».
Апрача ўжывання ў справаводстве мова нашых продкаў была на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства сродкам зносінаў паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў. У тагачасным Польскім Каралеўстве ўсе ўстановы – як свецкія, так і духоўныя – вялі справаводства на незразумелай простым людзям лаціне.
Насуперак відавочным фактам гісторыкі Летувы не хочуць прызнаваць дзяржаўнасць старабеларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Не маючы аніякіх падставаў назваць дзяржаўную мову Княства летувіскай, яны ў сваіх мэтах упарта вынаходзяць іншыя назовы для беларускай, характарызуючы яе, да прыкладу, як «афіцыйную славянскую» або «канцылярскую». Часам ужываюць даўнейшае найменне «руская», але ў сучасным значэнні гэтага слова. 3 другога боку, летувіскія вучоныя імкнуцца давесці, што вялікія князі хоць і пісалі «па-славянску», але гаварылі па-летувіску. Ды гэтаму няма нават ускосных пацверджанняў.
Між тым з гістарычных дакументаў вядома, што, выпраўляючыся ў які-небудзь населены жамойтамі куток дзяржавы, гаспадары і віленскія вялікакняскія службоўцы бралі з сабой перакладнікаў
Сваю функцыю дзяржаўнай беларуская мова захоўвала да самага канца XVII ст. У 1696 г. Сойм Рэчы Паспалітай, у склад якой тады ўваходзіла нашая краіна, надаў афіцыйны статус на тэрыторыі Вялікага Княства польскай мове. На той час яна ўжо фактычна выціснула беларускую з афіцыйнага ўжытку. Але паводле соймавай пастановы ўсе напісаныя і выдадзеныя па-беларуску дакументы і зборы законаў захоўвалі юрыдычную сілу.
ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ | |
---|---|
Другая пал. XIV ст. | Беларуская мова становіцца дзяржаўнай. |
1468 г. | На беларускай мове пабачыў свет першы збор законаў дзяржавы – Статут (Судзебнік) вялікага князя Казіміра Ягайлавіча. |
1588 г. | Дзяржаўнасць беларускай мовы пацвярджае трэці Статут Вялікага Княства. |
© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012