Казімір IV Ягайлавіч

Казімір IV Ягелончык (30 лістапада 1427, Кракаў — 7 чэрвеня 1492, Гродна) — вялікі князь літоўскі (1440-1492), кароль польскі (1447-1492).
Казімір Ягелончык, малюнак Я. Матэйкі

Вайна Свідрыгайлы з Жыгімонтам

Пасля смерці гаспадара Вітаўта дзяржаву напаткалі нялёгкія выпрабаванні. Спачатку вялікакняскі пасад заняў Ягайлаў брат Свідрыгайла (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў). Ён разарваў вунію з Польшчай, але не здолеў утрымаць уладу. У выніку змовы, падтрыманай польскімі панамі, вялікім князем быў абраны малодшы Вітаўтаў брат Жыгімонт Кейстутавіч, які аднавіў скасаваную папярэднікам персанальную вунію. Амаль увесь час уладарання ён мусіў весці вайну з Свідрыгайлам. Каб залучыць на свой бок беларускіх і ўкраінскіх паноў, якія падтрымлівалі былога гаспадара, Жыгімонт у 1434 г. ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы каталікоў і праваслаўных. Тым не менш вайна працягвалася яшчэ пяць гадоў. Цэласць Княства ўдалося захаваць, але краіна панесла вялікія страты. Дзяржаўная ўлада была аслабленая. Урэшце Жыгімонта забілі ў Троцкім замку змоўшчыкі, звязаныя з Свідрыгайлам.

Паўстагоддзя міру

Спакой і парадак у дзяржаве ўдалося навесці наступнаму вялікаму князю Казіміру Ягайлавічу, малодшаму сыну Ягайлы і княгіні Соф’і Гальшанскай. Забойства Жыгімонта Кейстутавіча азначала ліквідацыю персанальнага альянсу з Польшчай. Вунія з суседзямі была адноўленая толькі праз сем гадоў, пасля абрання Казіміра на польскі трон. За Казімірам Вялікае Княства вярнула занятую палякамі Дарагічынскую зямлю, замацавала за сабой Валынь, на якую прэтэндавала і Польскае Каралеўства. Вайна з Тэўтонскім ордэнам (Казімір Ягайлавіч вёў яе сіламі Польшчы) завяршылася тым, што крыжацкая дзяржава прызнала васальную залежнасць. Казімір дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а затым і Вугоршчыны.

Узмацнілася роля вялікакняскай Рады. Яна зрабілася найвышэйшым органам улады на час працяглых ад’ездаў гаспадара ў Польшчу. Ад неабмежаванай манархіі дзяржава пераходзіла да манархіі парламенцкага тыпу.

Акт васальнай прысягі вышэйшых станаў Прусіі каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Казіміру. 1454 г.

На ўсходнім кірунку замежная палітыка вялікага князя не вызначалася рашучасцю і, хоць спрыяла захаванню міру, была недальнабачнай. Казімір адмовіўся на карысць маскоўскага князя ад прэтэнзіяў на Пскоў, што толькі ўзмацніла захопніцкую актыўнасць Масковіі. Шукаючы ў змаганні з ёю падтрымкі, Ноўгарадская рэспубліка выказала намер далучыцца да Вялікага Княства пры ўмове захавання аўтаноміі. Казімір абмежаваўся тым, што паслаў ноўгарадцам свайго намесніка. Неўзабаве Ноўгарад Вялікі быў канчаткова падпарадкаваны Маскве. Казімір Ягайлавіч меў славу прыхільніка і апекуна «літоўскага», гэта значыць беларускага, мастацтва. Якраз у гады яго валадарання ў Кракаве выйшлі першыя кнігі, надрукаваныя кірылічным шрыфтам.

Выдадзеным у Вільні ў 1447 г. прывілеем Казімір даў шырокія правы і свабоды князям, панам і баярам незалежна ад іх веравызнання. Гаспадар дзяржавы дазволіў ім судзіць падданых. Сяляне баярскіх маёнткаў вызваляліся амаль ад усіх дзяржаўных натуральных і грашовых павіннасцяў на карысць уладальніка. Вялікі князь абвяшчаў, што зямлю і пасады ў дзяржаве будуць мець толькі народзінцы Вялікага Княства Літоўскага. Баярства атрымала права вольнага выезду за мяжу.

Статут 1468 года

Заслугай Казіміра была ягоная заканадаўчая дзейнасць. У 1468 г. ён зацвердзіў першы збор законаў Вялікага Княства Літоўскага, складзены на аснове мясцовага звычаёвага права і судовай практыкі. Гэты Статут складаўся з 25 артыкулаў і адлюстроўваў тагачасны стан беларускага права. Судзебнік Казіміра бараніў прыватную ўласнасць, замацоўваў прыгонную залежнасць сялянаў, прадугледжваў абавязковае выкананне судовых пастановаў, уводзіў прынцып індывідуальнай адказнасці. Статут устанавіў адзіныя для ўсяго Вялікага Княства віды пакаранняў за злачынствы супроць прыватнай уласнасці, абмежаваў пераслед жонкі і дзяцей за злачынныя дзеянні мужа і бацькі. Упершыню ўводзілася паняцце проціпраўнага дзеяння – «із права выступав»«на права сягнуў».
Казіміраў Статут быў напісаны на беларускай мове, якая ўжо даўно была моваю гаспадарскага двара, адміністрацыі і справаводства ўсёй дзяржавы. Гэты збор законаў умацаваў адзінства краіны і істотна паўплываў на наступныя Статуты Вялікага Княства.

Летапіс княжання Казіміра Ягайлавіча

Летапіс княжання Казіміра Ягайлавіча” – умоўная назва гістарычных навэл, у якіх распавядаецца пра асобу вялікага князя Казіміра Ягайлавіча (1427 – 1492). “Летапіс княжання Казіміра Ягайлавіча” захаваўся ў складзе Супрасльскага летапісу, Летапісу Рачынскага, а таксама Слуцкага летапісу. Структурна твор складаецца з сямі навэл. У летапісе акцэнт зроблены на складанасці міждзяржаўных адносін паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам пачынаючы з сярэдзіны XV стагоддзя. Пісьменнік дае дакладныя звесткі ваенных кампаній, называе асноўныя бітвы паміж варожымі бакамі, узгадвае падпісанні мірных дамоваў.

I. У 1440 годзе ад Божага нараджэння князі, паны і ўсе землі Вялікага княства Літоўскага параіліся і ўзялі сабе вялікім князем Казіміра Ягайлавіча, каралеўскага сына.
З вялікім ушанаваннем Казімір быў узведзены на трон у сталічных гарадах – Вільні і Троках. Яго ўрачыста абвясцілі гаспадаром усяго Вялікага княства Літоўскага і Рускага.
У той жа час з Ноўгарада ў Літву прыйшоў князь Юрый Лынгвеневіч. Вялікі князь Казімір даў яму яго бацькаўшчыну – горад Мсціслаўль.

II. У 1445 годзе вялікі князь Казімір уступіў у вайну з вялікім князем маскоўскім. Маскоўскія войскі і татарскія загоны заваявалі ўсю Вяземскую зямлю.
Узімку таго ж года Казімір накіраваў сваіх ваявод, князёў і паноў, каб яны захапілі Маскоўскае княства. Войскі Казіміра ўзялі і падпарадкавалі Казельск, Вярэю, Калугу і Мажайск. Шмат шкоды яны прычынілі Маскоўскай зямлі, павялі ў палон мноства людзей.
Масквічы склікалі вялікае войска – звыш 50 000 і пагналіся ў пагоню за літвою. Дагналі літоўскія харугвы і моцна з імі біліся.
Бог паспрыяў літве. Маскоўскае войска было ўшчэнт разгромлена. Шмат маскоўскіх ваяроў трапіла ў палон. Іх прывялі ў Смаленск да вялікага князя Казіміра.
Так учынілі вялікаму князю гонар, а сабе здабылі славу!

III. У 1447 годзе, пасля смерці польскага караля Уладзіслава, забітага пад Варнаю, палякі запрасілі Казіміра Ягайлавіча на пасад польскага караля.
Каранавалі Казіміра ў Кракаве на свята Яна Хрысціцеля. Гэтак Казімір Ягайлавіч стаў каралём польскім, вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім.

IV. У тую ж восень 1447 года, на Піліпавы запусты, войскі Вялікага княства Літоўскага прыйшлі пад Смаленск. І стаялі пад Смаленскам паўтара тыдня. Спалілі шмат цэркваў і горад. Вялікае мноства людзей пасеклі. Манастыры таксама спалілі.
А князь Юрый, яшчэ перад іх прыходам да Смаленска, спалохаўшыся, збег у Маскву.

V. У тым жа 1447 годзе вялікі князь Казімір і маскоўскі князь падпісалі замірэнне. Яны прысягнулі адзін другому, каб паміж іх землямі быў спакой.

VI. Казімір Ягайлавіч – кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі і жамоййцкі, – шчасліва панаваў на сваіх землях. Ён меў шэсць сыноў – Уладзіслава, Казіміра, Альбрэхта, Аляксандра, Жыгімонта і Фрыдэрыка. Старэйшы сын – Уладзіслаў, спачатку стаў каралём чэшскім, а затым каралём венгерскім.

VII. У 1492 годзе Казімір Ягайлавіч памёр у Гародні.
Ён шчасліва гаспадарыў на Польскім Каралеўстве 45 гадоў, а на вялікім княжанні літоўскім знаходзіўся 52 гады, бо спачатку ён заняў трон у Вялікім княстве Літоўскім, а толькі праз 7 гадоў – у Польскім Каралеўстве.

Асноўныя падзеі
1440 – 1492 гг.
Княжанне вялікага князя Казіміра Ягайлавіча.
1447 г.
Прывілей вялікага князя пра шырокія правы баярства. Абранне Казіміра каралём Польшчы.
1454 – 1466 гг.
Вайна з Тэўтонскім ордэнам і ператварэнне яго ў васала.
1468 г.
Прыняты Статут Казіміра, першы збор законаў дзяржавы.

© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии