Трайдзень (Трайдзен) быў абраны вялікім князем Літоўскім, пасля смерці Шварна ў 1270 г. Гэта быў грубы і люты язычнік, які пасля прыходу да ўлады, пачаў пераследваць хрысціян. Пра яго паходжанне нічога не вядома. Ёсць нават падставы сцвярджаць, што Трайдзен увогуле быў не літоўскім, а яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадна абапал Нёмана. Прыкладна з часу Трайдзена дайнаўскія землі робяцца часткай Літоўскай дзяржавы — гэта лёгка тлумачылася б тым, што князь Дайнавы, стаўшы вярхоўным князем Літвы, зліў сваю вотчыну з уладаннямі папярэдняй дынастыі. Працягваючы палітыку ўмацавання дзяржавы Вялікі князь Трайдзень таксама канчаткова далучыў да Вялікага Княства верхняе Панямонне, землі яцвягаў і селаў.
Беларуска-літоўскія летапісы ведаюць князя Трайдзена, уладара Дайнавы і пазней вялікага князя літоўскага. Праўда, Трайдзен у гэтых летапісах XV—XVI стагоддзяў уключаны ў агульны радавод літоўскіх князёў — нашчадкаў міфічнага Палямона. Там ён выступае не як старэйшы, а як малодшы з братоў, і тыя летапісныя браты не маюць нічога агульнага з яго сапраўднымі родзічамі, што загінулі ў войнах з Васількам. Але нельга выключыць, што паведамленне пра сувязь Трайдзена з Дайнавой — адлюстраванне сапраўднага стану рэчаў. Прынамсі, характарыстыку Трайдзена, дзе ён параўноўваецца з Неронам і Ірадам, стваральнік радавода ўзяў з дабраякаснай крыніцы — Іпацьеўскага летапісу.
З’яўленне дайнаўскога князя на літоўскім пасадзе можна тлумачыць дзвюма акалічнасцямі. З аднаго боку, ад старой дынастыі за час крывавых міжусобіц амаль нічога не засталося — хіба што Даўмонт-Цімафей, які трывала асталяваўся ў Пскове, ды, магчыма, сын Гердзеня, што пазней стане цвярскім епіскапам. Абодва яны звязалі свой лёс з Руссю, таму літоўскія праціўнікі Шварна не маглі разлічваць на іх у справе аднаўлення паганскай старыны. Пра нашчадкаў Булевічаў і Рушкавічаў таксама больш не чуваць. Верагодна, яны таксама сталі ахвярамі тэрору, які ўчынілі Войшалк і Шварн.
З другога боку, у Яцвягіі князёў было шмат, хаця поўнага пераліку іх мы і не маем. Крыніцы ведаюць князёў Скамонта і Борута, якія загінулі ў бітве з Васількам Валынскім у сярэдзіне XIII стагоддзя, пазней — другога Скамонта (напэўна, князя Судавы), які вызначыўся ў барацьбе з тэўтонцамі. У 1273 годзе мір з Валынню падпісваюць князі Мінтэле, Шурпа, Мудзейка і Песціла. Аднак тэрыторыя іх імкліва сціскаецца крыжакамі з захаду, мазаўшанамі і валынцамі з поўдня. Для ўладальніка самага ўсходняга з яцвяжскіх княстваў, Дайнавы, вельмі прадбачліва было б не чакаць, пакуль варожая хваля дасягне яго землі, а загадзя шукаць паратунку ў зліцці з суседняй, адносна маналітнай Літвой, дзе на шчасце якраз выявіўся недахоп князёў.
Узыходжанне на трон Трайдзена азначала адраджэнне ўсіх паганскіх культаў, магчыма — новую “чыстку”, гэтым разам — прыхільнікаў прагаліцкай партыі. Для Галіцка-Валынскага княства падзея была вельмі непажаданай, аб чым сведчыць абурэнне мясцовага летапісца: “Нача княжити в Литве окаянный и беззаконный, проклятый, немилостивый Троиден. Его же беззакония не могохом писати срама ради: так бо бяшет беззаконный, яко и Антиох Сурьскнй, Ирод Ерусалимский и Нерон Римский. И ина много злейша того беззаконья чиняше”.
Войскі Вялікага Княства ў час княжання Трайдзеня няраз рабілі пераможныя выправы і на польскія землі. Бліжэйшая з іх – Мазовія шукала міру з нашай дзяржавай. Дзеля гэтага мазавецкі князь Баляслаў Плоцкі ўзяў шлюб з дачкою Трайдзеня Гаўдэмундай, якая ў хрышчэнні стала Соф’яй.
Трайдзень паспяхова супроцьстаяў нападам галіцка-валынскіх князёў і татарскім паходам. Ён даваў прытулак прусам, якія на сваёй зямлі вялі зацятую барацьбу з нямецкімі захопнікамі. Уцекачоў з Прусіі на загад вялікага князя сялілі ў ваколіцах Слоніма і Горадні.
Вялікае Княства Літоўскае ў гады гаспадарання Трайдзеня ўмацавалася і пашырыла замежнапалітычны ўплыў.
Ліцьвінскае войска рабіла ўдалыя паходы ва ўлаланні крыжакоў, даходзячы да эстонскага вострава Саарэма. Інфлянцкія рыцары атрымалі цяжкія паразы ў 1270 і 1279 гг., а ў 1281 г. Трайдзень змусіў крыжакоў перадаць яму замак Дынабург (Дзвінск, цяперашні Даўгаўпілс).
У 1282 годзе Трайдзень быў забіты наёмнікамі (хто падаслаў іх, дакладна не вядома). Магчыма, гэта быў адзін з яго братоў Даўмонт, а па іншай версіі, гэта быў Нальшанскі князь Полюш, які ўцёк з ВКЛ да крыжакоў.