Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (4 лютага 1808, фальв. Панюшкавічы, Бабруйскі павет, Расійская імперыя, цяпер Бабруйскі раён Беларусі — 29 снежня 1884, Люцынка, Мінскі павет, Расійская імперыя, цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці; Псеўданім: Навум Прыгаворка) — беларускі празаік, паэт, драматург, тэатральны крытык. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры.
Біяграфія
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1808 годзе ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета (цяпер в. Панюшкавічы, Бабруйскі р-н) ў сям’і шляхціца-арандатара. Скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча (1824). С. Богуш-Сестранцэвіч, знаходзячыся на пасадзе мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расійскай імперыі, узяў пляменніка ў Пецярбург, дзе падлетак Вінцэнт жыў у сярэдзіне 1820-х гадоў.
Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце (па іншых звестках — у Віленскім універсітэце) на медыцынскім факультэце, але не мог прызвычаіцца да анатаміравання і пакінуў вучобу.
З 1827 года юнак распачынае чыноўніцкую кар’еру. Ён працаваў памочнікам каморніка пры Мінскім межавым судзе, служыў перакладчыкам у Мінскай епархіяльнай кансісторыі, быў служачым у Мінскай крымінальнай палаце.
У 1840 сумесна з жонкай Юзэфай Бараноўскай, з якой ажаніўся ў вельмі маладым веку, набыў невялікі маёнтак Люцінка (Люцынка) у Пяршайскай воласці (каля мястэчка Івянец) Мінскага павета і кінуў дзяржаўную службу. Люцынка стала калыскай яго творчых задум. Тут разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцця.
Падчас паўстання 1863—64 гадоў абвінавачваўся ў распаўсюджванні «шкодных для ўрада» ідэй. Паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). Хоць прамы ўдзел В. Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні не быў даказаны, яго арыштавалі. 3 кастрычнік 1864 да снежня 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876). Да самай смерці ён заставаўся пад наглядам паліцыі. Дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сібір і з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску.
Спрабаваў (1876) адкрыць нелегальную школку для навакольных дзяцей.
За сваё жыццё В. Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў шматлікія падарожжы па Беларусі, а таксама ў Пецярбург, Маскву, Варшаву, Кіеў, Коўна. Ён сустракаўся і падтрымліваў сяброўскія адносіны з С Манюшкам. Валодаў некалькімі мовамі, выдатна ведаў беларускую вусна-паэтычную творчасць, пісьмовыя літаратуры (польскую, рускую, украінскую, французскую).
Памёр у Люцынцы.
Творчасць
Пісаў па-беларуску і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з галоўных роляў.
Прысылаў свае творы ў газету «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»), якую рэдагаваў Адам Ганоры Кіркор. У 1846 годзе ў Вільні надрукаваны яго драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была пастаўлена ў 1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатральным калектывам (паўторна пастаўлена ў Мінску ў 1994). Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім).
Першыя вядомыя паэтычныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча на польскай мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэлігійнымі матывамі.
У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдактычным духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1856, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамантычная цікавасць да народных звычаяў, традыцый і рэалістычнае імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы народных легенд, казак, паданняў. У творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча сфарміраваўся своеасаблівы метад рамантычнага этнаграфізму, які адпавядаў пачатковаму этапу развіцця беларускай літаратуры XIX ст.
Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некаторыя надзённыя з’явы сацыяльна-гістарычнай рэчаіснасці1. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я частка «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманістычныя і сацыяльныя матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». 3 пазіцый народнай этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сацыяльна-псіхалагічныя з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феадальнага грамадства. Этнаграфічна-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асноўнай матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі народныя крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка беларускай літаратуры з перадавымі традыцыямі славянскіх літаратур, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феадальнай культуры.
Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакратычных прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сялянскай масы напярэдадні рэформы 1861 года: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара.
У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму славянскіх літаратур, яе вытокі бачыў у народнай творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў В. Дуніна-Марцінкевіча сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гістарычным падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі Адама Міцкевіча і яго рамантычнай школы сведчаць і творы на польскай мове, і пераклад на беларускую мову «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»).
У 1860-я — 1870-я гады напісаў камедыі «Пінская шляхта» і «Залёты». У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатырычнае выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатырычная камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асноўныя прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм.
Пачаўшы пісаць, ён сутыкнуўся з тымі самымі цяжкасцямі, што і ўсе літаратары гэтага перыяду — адсутнасцю ўнармаванай беларускай мовы (не было слоўнікаў і граматык). Нягледзячы на гэта, ён здолеў выйсці за вузкія дыялектныя межы і зарыентаваўся на агульнанародныя моўныя сродкі (пачаў ужываць формы словаў, якія былі вядомыя ва ўсёй Беларусі).
Творчае станаўленне В. Дуніна-Марцінкевіча складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэтычных каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакратычных ідэй у беларускай літаратуры. Вялікая заслуга В. Дуніна-Марцінкевіча ў развіцці беларускай літаратурнай мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Значная частка яго твораў, у тым ліку камедыі, не ўбачылі свету пры жыцці аўтара.
Тэатр Дуніна-Марцінкевіча
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч арганізаваў тэатральную трупу — першы беларускі тэатр, які ладзіў спектаклі ў 1840—50-я гады. Тэатр наследаваў народныя традыцыі мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам, абуджаў нацыянальную самасвядомасць у гледачоў, пакінуў прыкметны след у гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва, садзейнічаў яго станаўленню і развіццю. Выступаў пераважна ў фальварку Люцынка, а таксама ў Мінску, Бабруйску, Глуску і інш. У 1852 дзейнасць калектыву была забаронена ўладамі, і ён паказваў спектаклі фактычна нелегальна да 1856.2
Выступленні прымяркоўваліся да свят і ўрачыстасцей. Для гэтага пісьменнік спецыяльна пісаў новую п’есу (большасць не збераглася). У спектаклях ужываліся руская, беларуская і польская мовы. У Мінску паказаны «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і «Сялянка» («Ідылія», 9.2.1852; у ролях Іагана Бенатана і Навума Прыгаворкі раскрыўся яркі камедыйны талент В. Дуніна-Марцінкевіча).
У трупу (больш за 20 чалавек) уваходзілі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, яго дочкі Каміла і Мальвіна, сын Міраслаў, К. Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Ю. Кабылінскі, Прушынскі і інш. У пастаноўках удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, быў аркестр.