мяцежны князь Грамадзянскай вайны
"Свидригайло ... изображается старыми польскими писателями в самых мрачных красках. Не подлежит сомнению, что он отличался крутым и жестоким нравом…"
Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона
Свідрыгайла (1370-1452) – князь віцебскі, падольскі, ноўгарад-северскі, чарнігаўскі і бранскі, Вялікі князь Літоўскі 1430-32, князь валынскі 1434-52. Сын вялікага князя літоўскага Альгерда і цвярской князёўны Ульяны, малодшы брат Ягайлы і стрыечны брат Вітаўта.
Яшчэ пры жыцці Вітаўта, кіраўніка ВКЛ, распачаў мноства спроб заняць месца Вялікага князя. Дзеля гэтага ўступаў у саюзы з Тэўтонскім і Лівонскім Ордэнамі, Маскоўскім царствам. Быў заточаны Вітаўтам у крэпасць на дзевяць гадоў. Але мара не давала спакою. Ён біўся за яе 40 год.
1370-1430 Храналогія барацьбы Свідрыгайлы за першынство ў ВКЛ да смерці Вітаўта.
1377 Пасля смерці бацькі атрымлівае ва ўдзельнае валоданне горада Віцебск і Крэва (Свідрыгайла на той момант 7 гадоў).
1393 захоплівае Віцебск і забівае намесніка, пастаўленага Вітаўтам замест яго. На яго бок перайшлі Друцк і Орша. Вітаўт горад адбіў і Свідрыгайла быў у кайданах адпраўлены ў Кракаў, да двара Ягайлы. Быў памілаваны братам.
1396 З атрадам лівонскіх рыцараў зноў захоплівае Віцебск. Жыхары прызнаюць яго сваім князем. Вітаўт горад адбіў і Свідрыгайла зноў быў у кайданах адпраўлены ў Кракаў, да двара Ягайлы. Быў памілаваны братам.
1402 Едзе ў Прусію. У абмен на ваенную дапамогу абяцае Тэўтонскаму Ордэну Самагіцію. 40-тысячнае войска Ордэна ўварвалася ў ВКЛ і падышло да Вільні. Разлічвае на сваіх прыхільнікаў у сталіцы. Вітаўт, які кіраваў абаронай Вільні, іх выявіў і пакараў смерцю. Горад узяць не ўдалося.
1404 Вяртаецца на радзіму, мірыцца з Ягайлам і Вітаўтам, прыносіць ім васальную прысягу на вернасць і наўзамен атрымлівае шырокае ўдзельнае княства – Чарнігава-Северскую зямлю разам з гарадамі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Трубчэўск, Старадуб і Бранск.
1408 Разам з групай князёў едзе ў Маскву да Васіля I Дзмітрыевіча. Атрымлівае ад маскоўскага князя шэраг гарадоў у кармленне: Уладзімір, Пераяслаў-Залескі, Юр’еў-Польскі, Волак Ламскі і Ржэў, а таксама палову Каломны.
1408 З войскам Васіля I урываецца ў памежныя літоўскія землі. Маскоўскае і літоўскае войскі сустрэліся на берагах Угры. Арміі ў бой не ўступілі і паміж Васілём Дзмітрыевічам і Вітаўтам была заключана дамова аб вечным міры. Вітаўт запатрабаваў выдаць Свідрыгайлу, але Васіль I адмовіўся.
1409 Пакідае маскоўскія ўладанні і вяртаецца ў ВКЛ. Па дарозе руйнуе маскоўскі горад Серпухаў.
1409 Вядзе перамовы з Тэўтонскім Ордэнам аб звяржэнні Вітаўта. Быў схоплены па загадзе Вітаўта і зняволены ў Крамянецкім замку. У турме Свідрыгайла знаходзіцца да 1418 года (9 гадоў)
1409-18. Заключаны ў Крамянецкім замку.
1418 Вызвалены князямі Данілам Астрожскім і Аляксандрам Пінскім пасля захопу імі замка. Займае горад Луцк, у Вугоршчыне захоплівае ў валынскіх баяраў паўтары тысячы коней для свайго войска.
1418-20 Мірыцца з Ягайлам пры пасярэдніцтве германскага імператара і пры пасрэдніцтве Ягайлы мірыцца з Вітаўтам. Атрымлівае свой ранейшы ўдзел, дзе жыве 10 год да смерці Вітаўта.
У 1430 памёр Вялікі князь Вітаўт. 4 снежня 1430 г. у віленскім рымска-каталіцкім саборы св. Станіслава Свідрыгайла каранаваўся вялікім князем літоўскім. Каб павялічыць сваю папулярнасць сярод праваслаўнага насельніцтва і шляхты, Свідрыгайла аднавіў праваслаўных у правах, ушчэмленых Гарадзельскай уніяй.
Ён разрывае саюз з Польшчай і адмаўляецца прысягаць Ягайлу. Свідрыгайла разрывае Гарадзельскую Унію і імкнецца да аднаўлення палітычнай незалежнасці ВКЛ і каралеўскай кароны. У1432 пры падтрымцы Польшчы яго зрынае стрыечны брат Жыгімонт, і краіна апускаецца ў бездань Грамадзянскай вайны.
У гэтай вайне на баку Свідрыгайлы ўдзельнічаў Жыгімонт Карыбутавіч — унук Альгерда, які вярнуўся з Чэхіі. Там ён з войскам літоўскім, па даручэнні Вітаўта, дапамагаў гусітам адбіваць Крыжовыя паходы Свяшчэннай Рымскай Імперыі. Паводле храніста Яна Длугаша, Жыгімонт Карыбутавіч спрабаваў памірыць Жыгімонта Кейстутавіча і Свідрыгайлу, прапаноўваючы арганізаваць пасрэдніцкі суд пад кіраўніцтвам папы ці імператара.
У архівах Тэўтонскага Ордэна захаваўся “Спіс гарадоў”, якія падтрымлівалі Свідрыгайлу.
1434 Жыгімонт выдае Вялікі земскі прывілей, які абвяшчаў раўнапраўе каталікоў і праваслаўных у межах усёй дзяржавы, так што правы, гарантаваныя каталікам Гарадзельскім прывілеем 1413 года, распаўсюджваліся зараз на ўсіх падданых незалежна ад веравызнання. Праваслаўнае баярства атрымала гарантыі недатыкальнасці сваіх уладанняў, свабоду распараджэння зямлёй, ільготы ў дзяржаўных павіннасцях, а таксама права на рыцарскія гербы.
1435 У вырашальнай бітве ля Вількаміра Свідрыгайла пацярпеў паражэнне. Часткай насельніцтва прызнаваўся Вялікім князем да 1440 года. Аднак ваенныя сутыкненні 1437 і 1440 гадоў аказаліся для яго няўдалымі. У 1452 Свідрыгайла памірае ў Луцку, валодаючы Валынню.