У лістападзе 1700 года пад Нарвай (Эстонія) адбылася бітва паміж шведамі і рускімі. Маскоўская імперыя імкнулася атрымаць выхад да Балтыйскага мора. Але шведы разграмілі дрэнна падрыхтаванае царскае войска на чале з Пятром I. А за некалькі месяцаў да Нарвы шведы пад Рыгай разграмілі польска-літоўскія палкі.
Менавіта ў гэты час адбылася і другая бітва, на Віленшчыне. Сышліся войскі магнатаў Рэчы Паспалітай Сапегаў і канфедэратаў Радзівілаў. Перамаглі апошнія. Аднак братазабойчая вайна толькі знясіліла краіну. У гэты час на палітычную арэну Рэчы Паспалітай ўзыходзіць стаўленік Швецыі і Сапегаў Станіслаў Ляшчынскі.
Радзівілы і польскi кароль Аўгуст II падпісваюць саюз з Расіяй, і Пётр I на чале 60-тысячнага войска ўваходзіць у Беларусь, заняўшы Мінск і Гродна. У студзені 1706 года шведы аблажылі Гродна. Пётр I ў гэты час быў у Маскве. У Гродне быў князь Аляксандр Меншыкаў, «правая рука» цара.
Ведаючы, што Пётр I збіраецца ў Гродна, Меншыкаў тайна выехаў яму насустрач. Яны сустрэліся ў Дуброўна (пад Оршай). Акрамя Меншыкава ў Гродне з конніцай быў і Аўгуст II. Аднак хутка польскі кароль ўцёк з Гродна, прыхапіўшы 2/3 усёй конніцы. У такім становішчы царскія войскі не маглі далей абараняцца і пакінулі Гродна, затапіўшы ў Нёмане свае гарматы. Праз Жалудок на Мінск і Кіеў яны рушылі да расійскай мяжы.
А шведы, разбурыўшы Гродна, пайшлі на Слонім і Пінск. Другая частка шведскіх войскаў рушыла на Наваградак, Карэлічы, Мір, Нясвіж. Сам Карл XII ішоў на Пінск. Ужо ў пачатку красавіка 1706 года шведы былі ў Ружанах, дзе ўшчэнт знішчылі мястэчка і палац. Пакуль шведскі кароль адпачываў у Пінску, ягоныя салдаты здабылі яму перамогу над рускімі пад Клецкам і Ляхавічамі. У маi 1706 года Карл XII ездзіў у Слуцк, але ненадоўга. I зноў вяртаўся ў Пінск.
Гэтае “сядзенне” у палесскіх балотах прывяло да таго, што Карл XII страціў час і ўпусціў рускую армію. Не інакш, невядомая прыгажуня полька або літвінка так надоўга паланіла караля, якому на той час не было і 30 гадоў. Трэба дадаць, што шведы, як і рускія, пa гарадах пакідалі свае гарнізоны. Але калі рускія іх папаўнялі, то шведы такой раскошы не мелі.
А што ж Аўгуст II? Ён нават думаў аб тым, каб капітуляваць перад шведамі і аддаць карону С. Ляшчынскаму. Вядома, што частка шведскага войска пайшла на Мінск і Магілёў. Летам 1708 года адбываецца бітва пры мястэчку Галоўчын, пад Магілёвам. I гэта была апошняя перамога шведаў у той вайне. Рускія былі разбіты і збеглі за Днепр, нягледзячы на тое, што іх было на 10 тысяч больш за шведаў.
Аднак ужо ў верасні 1708 года ля вёскі Лясная (ля таго ж Магілёва) А. Меншыкаў ушчэнт разбіў 12-тысячнае шведскае войска. I гэта быў пералом у ходзе Паўночнай вайны. Шведы скіраваліся на Украіну, разлічваючы на падтрымку ўкраінскага гетмана Мазепы (праціўніка Пераяслаўскай рады) і салдат Станіслава Ляшчынскага. Аднак абодва хаўруснікі здрадзілі шведам. Мазепа прывёў толькі 2 тысячы казакоў, кароль Ляшчынскі ўвогуле не з’явіўся.
27 чэрвеня 1709 года адбываецца славутая Палтаўская бітва, якая вырашыла зыход гэтай вайны. Рускіх у бітве было 42 тысячы, шведаў – у 2 разы менш. Карл ХII быў паранены. Без войска і невядома як ён апынуўся на турэцкай тэрыторыі. Дарэчы ёсць 2 версіі ягонай смерці. Першая – загінуў у 1718 годзе, калі вяртаўся ў Швецыю, дзе яго “не чакалі”. Другая – загінуў пры паходзе ў Нарвегію пасля вяртання з Турэччыны.
А што ж Аўгуст II? Пётр I вярнуў яму трон і карону Рэчы Паспалітай. Рускія канчаткова разбілі прыхільнікаў С. Ляшчынскага і рэшткі шведскага войска ў Беларусі і ў Прыбалтыцы.
Якія ж страты панеслі нашыя продкі ў той вайне? У баях, ад гвалту, голаду, эпідэмій загінуў амаль адзін мільён мірных жыхароў – гэта 1/3 усяго насельніцтва. Край напаткала разруха: бязлюдныя і спаленыя гарады і вёскі, зямля зарастала бур’янам (асабліва гарады Магілёў і Віцебск – за тое, што ў 1708 годзе адмовіліся пастаўляць рускаму войску фураж). У той час на этнічнай рускай тэрыторыі падчас той вайны не была зруйнавана ні адна пабудова і не загінуў ні адзін мірны жыхар.
© Ніна Марчук,
Историческая правда