Другі падзел Рэчы Паспалітай (1793)

3 траўня 1791 г. бальшыня дэпутатаў Сойма аддала свае галасы за першую ў Еўропе і другую ў свеце (пасля Злучаных Штатаў Амерыкі) Канстытуцыю. Бальшыня «палітычнага народа» Вялікага Княства Літоўскага таксама падтрымала прынятую Соймам Канстытуцыю. Узімку 1792 г. усе 11 яе артыкулаў былі ўхваленыя на 32 з 34 павятовых соймікаў. Але супраць рэформаў Чатырохгадовага сойму выступілі кансерватыўныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя ўмацаваннем цэнтральнай улады.

Санкт-Пецярбург запатрабаваў ад урада Рэчы Паспалітай скасаваць Канстытуцыю. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі звярнуўся па падтрымку да прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II, з якім у 1790 г. падпісаў абарончую дамову. Аднак той пакінуў нашую дзяржаву ў адзіноце, бо ўжо меў таемнае пагадненне з Расеяй пра новы падзел нядаўняй хаўрусніцы.

Для інтэрвенцыі была падрыхтаваная 160-тысячная расійская армія. Утварэнне Таргавіцкай (ад назову мястэчка Таргавіцы на Украіне) канфедэрацыі незадаволеных рэвалюцыйнымі перамена-мі ў дзяржаве дало падставу для расейскага ўварвання. Злучыўшыся з канфедэратамі, велізарнае расейскае войска перамагло аддзелы патрыётаў і ўлетку 1792 г. заняло тэрыторыю Княства. Сучаснік тых падзеяў пісаў: «Увесь край, дзе вялася вайна, ад маскоўцаў і сваіх стаў дашчэнту спустошаны, так што засталіся нам толькі неба і зямля». Кароль Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. Канстытуцыя і рэформы Вялікага сойму скасоўваліся.

У Горадні быў скліканы Сойм Рэчы Паспалітай. Ён не адлюстроўваў сапраўдных настрояў у дзяржаве, бо патрыятычныя сілы абвясцілі яму байкот. Месца паседжанняў абкружылі расейскія войскі. Упартых дэпутатаў-незалежнікаў арыштавалі, астатнія, запалоханыя і падкупленыя, галасавалі так, як загадваў расейскі пасол. Сойм, якому наканавана было стаць апошнім у гісгорыі дзяржавы, узаконіў чарговы захоп земляў і афіцыйна скасаваў Канстытуцыю 1791 г. Цяпер урад Рэчы Паспалітай мог мець усяго 15-тысячную армію і канчаткова страціў магчымасць весці самастойную палітыку.

падзел Рэчы Паспалітай
Еўропа ў 1793 г.

На пачатку 1793 г. на тэрыторыю Рэчы Паспалітай увайшла пруская армія. 23 студзеня Расея і Прусія падпісалі акт аб другім падзеле нашай дзяржавы. Царская імперыя далучыла цэнтральныя беларускія землі прыкладна па лініі Друя-Пінск, а таксама ўсходнюю Валынь, Кіеўскае і Брацлаўскае ваяводствы на Украіне – разам 250 тысяч квадратных кіламетраў.

У зняважанай, разарванай на часткі краіне выспяваў пратэст.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
5 жніўня 1772 г.Першы падзел Рэчы Паспалітай.
27 красавіка 1792 г.Стварэнне Таргавіцкай канфедэрацыі магнатаў і шляхты, незадаволеных пастановамі Чатырохгадовага сойму.
Травень 1792 г.Пачатак інтэрвенцыі Расеі на тэрыторыю Вялікага Княства.
23 студзеня 1793 г.Другі падзел Рэчы Паспалітай.
Лістапад 1793 г.Апошні Сойм Рэчы Паспалітай прызнаў новыя межы.

© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии