Пазбаўлены ў 1599 г. шведскага трону, вялікі князь і кароль Жыгімонт Ваза не пагадзіўся з гэтым і распачаў цяжкую і доўгую вайну за панаванне на Балтыйскім моры. Зачэпкаю для яе стала ўлучэнне Эстляндыі ў склад Рэчы Паспалітай. У часе вайны асабліва вызначылася войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Янам Каралём Хадкевічам, які паходзіў з старажытнага ліцьвінскага роду.
Гетман Хадкевіч
Дзяцінства будучага славутага ваяра прайшло ў родавым замку-палацы ў маёнтку Мыш недалёка ад Баранавічаў. 3 малых гадоў Янка выявіў цікавасць да вайсковай справы. Ён добра ездзіў на кані, страляў з лука і агняпальнай зброі. Вучыўся Хадкевіч у Віленскай акадэміі, а потым у Нямеччыне і італійскіх універсітэтах Падуі і Венецыі. Ян Кароль грунтоўна ведаў гісторыю, геаграфію, матэматыку, дасканала валодаў лацінай. Разам з тым ён настойліва спасцігаў вайсковае майстэрства: штудыяваў кнігі знакамітых палкаводцаў, вывучаў на востраве Мальта досвед змагання тамтэйшых рыцараў з туркамі.
Камандуючы ўласным аддзелам конніцы, Ян Кароль Хадкевіч атрымаў першыя перамогі пад час ваеннай экспедыцыі ў Малдавію і Валахію. Гэты поспех неўзабаве прынёс яму высокую пасаду палявога гетмана. Дзякуючы выдатнаму вайсковаму таленту Хадкевіч звычайна дасягаў перамогі над значна большымі непрыяцельскімі сіламі. (Трэба ўлічыць, што шведскае войска было адным з найлепшых у Еўропе.) Так, наш гетман разбіў шведаў пад Кокенгаўзенам (1601 г.) і Дорпатам (1603 г.). У бітве пад Белым Каменем у 1604 г. дзве тысячы нашых жаўнераў разграмілі 7-тысячны варожы корпус. У наступным годзе Хадкевіч атрымаў булаву вялікага гетмана.
Ягоным улюбёным родам войскаў былі гэтак званыя крылатыя гусары. Да іх панцыраў мацаваліся вялікія крылы з пёрамі, якія пад час атакі сваім гулам наводзілі на ворага жах. Менавіта беларускія гусары з бел-чырвона-белымі сцяжкамі на дзідах прыносілі ў тыя гады нашай арміі найбольшую славу. Яны дапамаглі Хадкевічу здабыць фантастычную перамогу пад Кірхгольмам.
Ад самага пачатку вайны з шведамі Хадкевіч быў у Інфлянтах. Ён усталяваў у войску суровую дысцыпліну, аднак заўсёды клапаціўся пра рыштунак і забеспячэнне падначаленых. Калі дзяржаўныя грошы на заробак жаўнерам сталі прыходзіць з перабоямі, гетман самаахвярна ўзяў утрыманне арміі на сябе, дзеля чаго заклаў уласныя маёнткі.
Кірхгольмская бітва
27 верасня 1605 г. 4-тысячны корпус Хадкевіча на беразе Дзвіны каля вёскі Кірхгольм (цяпер латвійскі Саласпілс) сустрэўся з арміяй шведскага караля Карла IX, якая налічвала 14 тысяч жаўнераў. Нашае войска складалася цалкам з ліцьвіноў-беларусаў. Імі былі і ўсе камандзіры: Ян Пётра Сапега, Вінцэнт Война, Ян Кішка, Тамаш Дуброва, Марцін Гедройц…
Гетман вымусіў шведаў атакаваць першымі. Ён загадаў нашай лёгкай конніцы ўвязацца ў бой і адступіць. Карл IX, паверыўшы ў блізкую перамогу, кінуў у наступ і кавалерыю, і сваю праслаўленую пяхоту, якая разам з гарматамі спусцілася з зручных пазіцыяў на ўзвышшы. Шведы нечакана апынуліся пад моцным агнём нашых пяхотнікаў. I тут з флангаў на ворага абрынулася гусарская конніца ліцьвіноў…
Польскія падручнікі называюць разгром шведаў пад Кірхгольмам трыюмфам польскай зброі. Аднак у сапраўднасці, як давёў вядомы даследнік Анджэй Рахуба, палякаў там не было. На падмогу войску Вялікага Княства прыйшлі толькі 300 райтараў курляндскага герцага.
Пад Кірхгольмам шведы, паводле розных звестак, страцілі ад 6 да 9 тысяч жаўнераў, кінулі на пабаявішчы ўсю артылерыю і 60 баявых сцягоў. 3 войска Вялікага Княства Літоўскага загінула ўсяго блізу 100 ваяроў і 200 былі параненыя. Слава пра перамогу разнеслася па ўсім свеце. Віншаванні вялікаму гетману прыслалі папа рымскі і бальшыня еўрапейскіх манархаў. Ваенны трыюмф Хадкевіча, на думку спецыялістаў, стаўся адной з найвялікшых тактычных перамог у сусветнай гісторыі.
Марская перамога пад Салісам
Пад час кампаніі 1608 г. шведская армія з 12 тысяч жаўнераў высадзілася на ўзбярэжжы Латвіі і, выкарыстаўшы часовую адсутнасць Хадкевіча ў Інфлянтах, заняла вялікую тэрыторыю. Маючы ўсяго 2 тысячы кавалерыстаў і невялікую артылерыю, наш гетман пастанавіў адваяваць страчанае. Ён штурмам вызваліў Парнаву (Пярну) у Эстоніі, а затым рушыў на дапамогу абложанай ворагам Рызе.
Атрымаўшы звесткі, што недалёка знаходзіцда шведскі флот, Хадкевіч распрацаваў і здзейсніў бліскучы план. Паблізу гарадка Саліс (цяпер Салацгрыва ў Латвіі) вялікі гетман пасадзіў сваіх ваяроў на некалькі караблёў, захопленых раней у непрыяцеля і набытых у марскіх гандляроў. Рэшта размясцілася проста на лодках. Натхнёныя Хадкевічам спешаныя коннікі, сярод якіх шмат хто раней ніколі не бачыў мора, рушылі на ворага. Іх вялі адвага і вера ў ваярскі геній гетмана.
Уначы ў вусці ракі Салацы ліцьвіны раптоўна з’явіліся перад варожым флотам і накіравалі на яго некалькі падпаленых брандэраў (суднаў з выбуховымі і палкімі рэчывамі). Два шведскія караблі загарэліся і пачалі тануць. У святле пажару нашыя гарматы трапна ўдарылі па астатніх. Ратуючыся, непрыяцельскія маракі панічна выходзілі ў адкрытае мора.
Марская бітва пад Салісам увайшла ў летапіс беларускай вайсковай славы. Вядомы пісьменнік Юльян Нямцэвіч у XIX ст. напісаў пра «бацьку» гэтай перамогі такія словы: «Толькі генію ўласціва знаходзіць магчымасці, якіх звычайны розум не заўважае».
Турэцкая кампанія
Адначасова з шведскай вайной Рэч Паспалітая ад 1609 г. вяла баявыя дзеянні супраць Расейскай дзяржавы. Дзякуючы Яну Каралю Хадкевічу адбараніўся і застаўся ў нашай краіне Смаленск.
Пазней разгарэлася яшчэ адна вайна – з Асманскай імперыяй. Турэцкі султан Асман II рыхтаваў вялікі паход на поўнач. Ён заявіў што разгроміць Рэч Паспалітую і будзе маліцца Алаху на беразе Балтыйскага мора. Наступ з поўдня даручана было адбіваць Хадкевічу, якога прызначылі камандаваць аб’яднаным войскам Вялікага Княства і Польшчы.
У верасні 1621 г. пад Хацінам (цяпер Чарнавіцкая вобласць Украіны) наш гетман з 70-тысячнай арміяй, у склад якой уваходзілі і запарожскія казакі, перамог удвая з лішкам большыя сілы туркаў Абарона ўмацаванага лагера Хадкевіча, які нягледзячы на цяжкую хваробу некалькі разоў асабіста ўзначальваў баявыя вылазкі, доўжылася цэлы месяц. Страціўшы 80 тысяч жаўнераў з 150 000, султан прызнаў паразу. Ян Хадкевіч памёр у Хацінскім замку пад час бітвы. Прадчуваючы блізкую смерць, ён забараніў паведамляць пра яе, каб не падарваць баявы дух сваіх ваяроў. Сучаснікі пісалі, што разам з вялікім гетманам памерла «вялікае шчасце Айчыны мілай». Дзяржава сапраўды развітвалася з адным з найвыдатнейшых палкаводцаў у сваёй гісторыі.
Падпісаны ў тым самым 1621 г. мір з Асманскай імперыяй пакінуў ранейшую мяжу нязменнай і вывеў Рэч Паспалітую з небяспечнай вайны.
Замірэнне з Швецыяй было падпісанае толькі праз восем гадоў. Рэч Паспалітая панесла значныя тэрытарыяльныя страты. У яе ўладанні засталася толькі паўднёва-ўсходняя частка Інфлянтаў.
Вайна 1600-1629 гг. пакінула ў нашай гісторыі бліскучыя перамогі, але аслабіла дзяржаву, якая сталася закладніцай амбіцыяў Жыгімонта Вазы ў барацьбе за шведскую карону.
ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ | |
---|---|
1560-1621 гг. | Жыццё і дзейнасць Яна Караля Хадкевіча. |
1600-1629 гг. | Вайна Рэчы Паспалітай з Швецыяй. |
1605 г. | Сойм прызначыў Я. Хадкевіча вялікім гетманам. |
27 верасня 1605 г. | Перамога над арміяй Карла IX пад Кірхгольмам. |
Сакавік 1609 г. | Разгром шведскага флоту пад Салісам. |
1620 г. | Пачатак вайны з Турцыяй. |
Верасень 1621 г. | Бітва пад Хацінам. |
© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012