Бітва пад Кірхгольмам (17(27) верасня 1605), бітва паміж шведскім войскам і войскам Рэчы Паспалітай каля в. Кірхгольм (сучасны Саласпілс, Латвія) у час вайны Рэчы Паспалітай і Швецыі (1600—1629).
Войска ВКЛ пад камандаваннем вялікага гетмана Літоўскага Яна Караля Хадкевіча змагалася з утрая пераўзыходзячым па колькасці шведскім войскам (кам. Карл IX). Бітва закончылася рашучай перамогай войска Вялікага княства Літоўскага і запомнілася як адзін з найвялікшых трыумфаў кавалерыі Рэчы Паспалітай. Вынік бітвы перадвызначыў вырашальны ўдар крылатых гусараў.
Гетман Хадкевіч валодаў сіламі што налічваюць каля 4500 чалавек: 2500 крылатых гусар, 1300 пяхотнікаў, татарскія вершнікі, якія складалі авангард. Сілы Карла IX Шведскага былі колькасна пераўзыходзячымі – 12 500 чалавек: 11 000 пяхоты (8500 пікінераў, 2500 мушкецёраў), 2500 кавалерыстаў і 11 гармат. Шведскае войска ўключала некалькі тысяч нямецкіх і галандскіх наймітаў і некалькі соцень шатландцаў.
Паколькі вусце Дзвіны з часоў Полацкага княства было зонай інтарэсаў беларускіх князёў, удзел польскіх войскаў у гэтай бітве Рэчы Паспалітай быў сціплым – усяго 200 гусар з 2500 (ВКЛ і Польшча ў Рэчы Паспалітай мелі ўласныя казну і войска). Галоўнай падставай для бітвы была шведская аблога Рыгі прадпрынятая 23 верасня 1605 года. Яе ўзяцце дазволіла б шведам амаль бесперашкодна заняць Ліфляндыю цалкам. Вайна са Швецыяй 1600-1611 гадоў – працяг серыі ваенных канфліктаў па раздзелу Лівоніі (Liefland & Curland), пачатых у XVI ст. Другой прычынай вайны была барацьба за шведскі прастол паміж герцагам Карлам і Жыгімонтам III Вазай. Вытокі канфлікту паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй ўзыходзяць да падзей шведскай грамадзянскай вайны за трон (1597-1599), калі Жыгімонт III Ваза, адначасова быўшы каралём і Рэчы Паспалітай, і Швецыі, пацярпеў паразу.
Бітва пры Кірхгольме стала самай выбітнай сярод шматлікіх перамог Хадкевіча. Вестка аб яго перамозе над шведамі разнеслася па ўсёй Еўропе. Яна Караля пісьмова павіншавалі не толькі кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III, але і папа рымскі Павел V, германскі імператар Рудольф II, англійскі кароль Якаў I, нават персідскі шах Абас Вялікі і турэцкі султан Ахмед I.
Яну Хадкевічу і бітве пры Кірхгольме былі прысвечаны паэмы і жывапісныя палотны. Паэма “Караламахія” мінскага ваяводы Хрыстафора Завішы ўваходзіць у склад беларускага лацінскага эпасу поруч з “Песняй пра зубра“.
Бітваў суровых так шмат… I вось гэтыя рукі нярэдка Зброю трымалі ў вайне і не раз здабылі перамогу. Шведы разбіты ў васьмі папярэдніх ваенных сутычках. Страшная бітва была, бо адзін дзень не бачыў нікалі Столькі забітых яны напаўнялі лівонскія землі. Трупы імгненна тады засцялілі палі пад Кгрхгальмам! …Поўніцца трупамі ўсё, разліваюцца рэкі крывёю Высяцца горы забітых жаўнераў гаротнага войска. Памяць баіцца пра гэта згадацъ нават нам, пераможцам. Выгляд жахлівы такі выклікае нязменныя слёзы. Хто ж не заплача, убачыўшы рэкі крыві хрысціянскай ? …Сведкі мне гэтыя слёзы й прарочыя ў небе сузор'і. Hi на мяне, ні на войска маё не спадае адказнасць Мужна ахоўваць Радзіму і ворагаў гнаць з яе межаў Бог дазваляе й прырода, ніводны закон не пярэчыць. Хрыстафор Завіша «Караламахія» 1606