Ян Караль Хадкевіч (1560 — 24 верасня 1621) — вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі літоўскі, ваявода віленскі (1616). Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў, што паходзіў ад кіеўскіх баяраў (XV ст.). Належаў да найстарэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа «на Шклове, Мышы і Быхаве».
Ян Караль Хадкевіч — адзін з найбольш таленавітых вайскаводцаў XVII стагоддзя1. У сваёй палітычнай дзейнасці адстойваў суверэнітэт Вялікага Княства ў складзе Рэчы Паспалітай.
Продкі
Сын Яна Хадкевіча, у той час яшчэ стольніка літоўскага, і Крыстыны, дачкі польскага магната Марціна Збароўскага, ваяводы познанскага, а потым кашталяна кракаўскага. Адзін з братоў маці, Ян Збароўскі, быў гетманам надворным у Каралеўстве Польскім; іншыя яе браты займалі пасады ваяводаў і кашталянаў.
Бацька Яна Караля, Ян (1537—1579), быў кашталянам віленскім (сенатарам) і адміністратарам Інфлянтаў2. У 1568 г. ён атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фэрдынанда тытул графа з назвамі галоўных маёнткаў — Шклова, Мышы і Быхава. Дзед вядомага вайскаводца, Геранім Хадкевіч (1500—1561), быў кашталянам віленскім і ўваходзіў у склад Паноў-Рады Вялікага Княства Літоўскага. А брат дзеда, Рыгор Хадкевіч, які памёр у 1572 годзе, быў кашталянам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Гэтыя традыцыі роду, багатыя латыфундыі, галоўным чынам на Беларусі, і сваяцкія сувязі з магнацкімі сем’ямі Вялікага Княства і Кароны давалі магчымасць здольнаму і амбітнаму чалавеку рабіць сваю кар’еру
Маладосць
Дзяцінства Яна Караля праходзіла ў часы Лівонскай вайны. Ён быў сведкам ваенных дзеянняў на Літве і Балтыцы і вельмі цікавіўся вайсковай справай. Калі хлопчыку было некалькі гадоў, бацька ўзяў яго ў паход супраць маскоўскіх войскаў Івана Жахлівага, што ўварваліся ў Літву. Літоўскім войскам камандавалі гетманы вялікі Крыштап Мікалай Радзівіл «Пярун» і польны Рыгор Хадкевіч, дзядзька яго бацькі. Асобным атрадам камандаваў і сам Ян Хадкевіч, які раней удзельнічаў у бітве над Улай у 1564 годзе.
Пасля папярэдняй хатняй адукацыі ў 1573 годзе Ян Караль разам са сваім старэйшым братам Аляксандрам (каля 1560—1626), які потым зрабіўся ваяводам троцкім, распачаў навучанне ў Віленскай езуіцкай калегіі, а потым і ў Віленскай акадэміі. Калі кароль і вялікі князь Стэфан Баторый ў сакавіку 1579 году праязджаў праз Вільню з войскам, каб здабыць Полацак, ад імя студэнтаў акадэміі яго вітаў малады Ян Караль Хадкевіч урачыстай прамовай. Ён вылучаўся сваёй здольнасцю да навукі і ўжо тады меў моцны характар, хаця і без перашкоды ўсталёўваў кантакты з людзьмі. Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну ня толькі маёнткі, але і тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве.
У 1586—1589 гадах малады Ян Караль Хадкевіч разам з братам навучаўся ў езуіцкай акадэміі ў Інґальштаце (Баварыя), дзе вывучаў філасофію і права. У верасні 1589 г. яны атрымалі пасведчанні пра паспяховае заканчэнне курсу навучання. Потым браты паехалі ў Італію, у Падую. Аляксандар Хадкевіч застаўся ў Італіі, а Ян Караль наведаў Мальту, дзе ў мальтыйскіх рыцараў азнаёміўся з дзеяньнем артылерыі, з пальнай зброяй, фартыфікацыяй і правіламі аблогі фартэцыяў. За мяжой Ян Караль Хадкевіч, апрача акадэмічнага курсу, шмат увагі прысвячаў вайсковым ведам і тэорыі вайсковай справы.
Пачатак вайсковай кар’еры
Па вяртанні на радзіму ў 1590 г. Ян Караль Хадкевіч стаў вайскоўцам. Ужо ў 1595 г. ён камандаваў уласнай ротай з 50 коннікаў, а потым — ротай у 100 коннікаў ва Ўкраіне. У 1596 г. Я. К. Хадкевіч удзельнічаў у баях з паўстанцкім войскам Севярына Налівайкі. Камандаваў гэтым войскам гетман польны каронны (польскі) Станіслаў Жулкеўскі. У першай бітве пад Каневам, які быў узяты 14 красавіка 1596 году, Я. К. Хадкевіч выявіў свой вайсковы талент. Вызначыўся ён і падчас аблогі казацкага табару пад Лубнамі (25 траўня — 7 чэрвеня 1596). За свае вайсковыя заслугі Я. К. Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага літоўскага, а праз тры гады, у 1599 г., яму было нададзена Жамойцкае староства, што раўнялася ваяводзкай пасадзе, і ён увайшоў, такім чынам, у склад сенату Рэчы Паспалітай.
У 1600 г. Ян Караль Хадкевіч разам з братам Аляксандрам на чале ўласнай коннай роты ўдзельнічаў у паходзе гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага ў Малдову, якую заняў гаспадар Валахіі Міхай Мужны (Віцязул), каб аб’яднаць Дунайскія княствы. Польшча намагалася захаваць палітычную залежнасьць ад яе Малдовы і ўстанавіць там уладу залежнага ад яе гаспадара. Бітва войска Яна Замойскага з арміяй Міхая Мужнага адбылася ў ваколіцах Плаешці 20 кастрычніка 1600 году і скончылася перамогай Замойскага. Хадкевічы былі ў перадавым атрадзе дабраахвотнікаў, якія ўдарылі на сілы гаспадара Міхая і прычыніліся да перамогі. Гетман Ян Замойскі сярод лепшых вояў вылучаў Я. К. Хадкевіча. У выніку перамогі ў Валахіі ў кастрычніку 1600 году быў пасаджаны на трон стаўленнік Польшчы Сымон Магіла з малдаўскага баярскага роду. У тым жа годзе Я. К. Хадкевіч атрымаў тытул гетмана польнага літоўскага.
Войны са Швэцыяй 1600—1629
У 1600 г. пачалася доўгая па часе вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй за панаванне на Балтыйскім моры. Яна цягнулася да 1629 г. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза, каталік, які адначасова лічыўся каралём Швецыі, але прабываў у Варшаве, у 1599 г. быў дэтранізаваны лютэранскай апазыцыяй. У 1600 г. Жыгімонт Ваза ўключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. Гетман польны літоўскі Ян Караль Хадкевіч пад камандаваньнем гетмана вялікага літоўскага Крыштапа Мікалая Радзівіла ўдзельнічаў у ваенных дзеях з самага пачатку вайны3. Абодвух гетманаў накіравалі ў Лівонію, нягледзячы на суперніцтва паміж двума гэтымі магнацкімі родамі Радзівілаў і Хадкевічаў, якія ў 1600 годзе амаль не распачалі ў Вільні і краіне грамадзянскую вайну праз тое, што не маглі дамовіцца пра гарады і маёнткі слуцкай князёўны Соф’і Алелькавіч (апекунамі якой былі Хадкевічы), калі яна выходзіла замуж за князя Януша Радзівіла, сына гетмана вялікага. Адносіны паміж Радзівіламі і Хадкевічамі ў некаторай ступені ўплывалі і на ход ваенных дзеяў.
Бітва пад Какенгаўзенам
Гетман вялікі Крыштап Радзівіл у траўні 1601 г. распачаў ваенныя дзеі ў Інфлянтах (Лівоніі). Яго атрады акружылі горад і крэпасьць Какенгаўзен (Кокнэсэ, Кукенойс), на правым беразе Дзьвіны. 8 чэрвеня 1601 г. да Какенгаўзена падышоў са сваімі атрадамі і польны гетман Ян Караль Хадкевіч (каля 2-3 тыс. жаўнераў, з якіх 1100 — пяхоты з 16 гарматамі). Каб зняць аблогу гораду, шведскі камандуючы Карл Карльсан Юленьельм на ўсход ад гораду на беразе Дзьвіны даў бітву літоўскаму войску. На баку Швецыі ў бітве ўдзельнічала каля 5 тыс. жаўнераў. Ян Караль Хадкевіч камандаваў гусарскім рэгіментам на правым фланзе літоўскага войска, знаходзячыся ў першых шэрагах свайго войска. Разам з конным палком Крыштофа Дарагастайскага Хадкевіч правёў моцную атаку на левае крыло шведскага войска. Шведскія рэйтары былі разбітыя. Шведы страцілі 2 тыс. чалавек, войскі ВКЛ страцілі 80 забітымі і 100 параненымі з якіх 20 памерла пазней, было пабіта шмат коней. Шведскі гарнізон Какенгаўзена капітуляваў. У палон трапіла 1800 шведскіх жаўнераў і ўзятая шведская артылерыя. У выніку перамогі пад Какенгаўзенам літоўскае войска заняло ў ліпені 1601 г. Вендэн (Кесь, Цэсыс), на паўночны ўсход ад Рыґі. Але потым пад націскам пераважных па колькасьці шведскіх сіл літоўскае войска адступіла да Рыґі, якую разам з вендэнскім ваяводам Ґеорґам Фарэнсбахам і польскімі атрадамі абаранялі атрады Яна Караля Хадкевіча. Некалькі штурмаў шведскіх войскаў былі адбітыя. У кастрычніку 1601 г. да Рыґі наблізілася польская армія на чале з гетманам вялікім каронным Янам Замойскім, і шведская армія пачала адступаць. Атрады Яна Караля Хадкевіча ўдзельнічалі ў пераследаванні шведаў і блакадзе шведскіх гарнізонаў у крэпасцях Вольмар (Валміера) і Вэзэнбэрґ (Раквэрэ), Фэлін (Вільяндзі) і Белы Камень (Пайдэ). Узяцце Белага Камня ўзмацніла пазіцыі войска Рэчы Паспалітай. Ваенныя дзеянні працягваліся ад восені 1601 г. да канца лета 1602 г.
Змаганне за Дорпат
У пачатку кастрычніка 1602 г., пасля ад’езду з тэатра ваенных дзеянняў гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага, кароль Жыгімонт Ваза даручыў камандаванне польскімі і літоўскімі сіламі ў Інфлянтах Яну Каралю Хадкевічу. Хадкевічу ўдалося сабраць пад сваім камандаваннем да 4 тыс. жаўнераў. 3 імі ў лістападзе 1602 г. ён пачаў самастойна новую кампанію. 16 лістапада яго войска пачало аблогу аднаго з буйнейшых гарадоў Балтыі — Дорпата (Тарту). Паступова ў баях сілы Хадкевіча змяншаліся, і ў канцы студзеня 1603 г. ў яго заставалася толькі 700 коннікаў і 100 пехацінцаў. Даведаўшыся, што шведскае войска збіраецца прыйсці да Дорпата і зняць аблогу, Ян Караль Хадкевіч пакінуў каля гораду сотні дзве жаўнераў, а з астатнімі сіламі, узяўшы з гарнізона Вэзэнбэрґа (Раквэрэ) дапамогу, прымусіў у сакавіку 1603 г. шведскае войска, якое не дайшло да Дорпата, адступіць. Пасля другой аблогі 13 красавіка 1603 г. шведскі гарнізон (1050 чалавек) Дорпата капітуляваў на ганаровых умовах, адышоўшы на Рэвэль (Талін), але аддаўшы пераможцам усю артылерыю (звыш 80 гарматаў). У 1603 г. Хадкевіч быў прызначаны адміністратарам Лівоніі.
Шведскае ўварванне 1604 году
У пачатку 1604 г. шведскі рыксдаг абраў каралём герцага Сёдэрманляндзкага Карла (дзядзьку польскага караля Жыгімонта Вазы), дагэтуль рэгента каралеўства. Пазіцыі новага караля Карла ІХ узмацніліся, і ён намагаўся вярнуць крэпасьці і гарады ў Эстоніі, перш за ўсё Дорпат і Белы Камень, а потым пайсці на Рыґу. Была сфармаваная новая шведская армія ў 9 тыс. жаўнераў на чале з губернатарам Фінляндыі, генералам Арвідам Эрыксанам Стэлярмам. У верасні 1604 г. войскі Стэлярма і Хадкевіча сустрэліся. 23 верасня 1604 г. адбылася бітва на дарозе з Дорпата да Рэвэля каля Белага Камня. У Хадкевіча было 2300 жаўнераў, шведскае войска налічвала 7 тыс. чалавек. Хадкевіч вырашыў ударыць на больш моцнае левае крыло праціўніка. Яго гусары, што знаходзіліся на правым крыле арміі, смелым націскам разграмілі шведскіх рэйтараў, а потым ударылі на пяхоту. Калі ў бой пайшлі атрады цэнтру і левага крыла, шведскае войска было кінутае ў балоты і пачаўся поўны разгром праціўніка. На полі бою засталося 300 забітых шведскіх жаўнераў. Пераможцы ўзялі 21 сцяг, 6 гармат і ўвесь абоз. У войску Хадкевіча страты былі невялікія. Перамога не была выкарыстана, бо ў дзяржаўным скарбе не было грошай і жаўнерам не выплацілі жалавання. Войска стварыла канфедэрацыю, якая адмовілася працягваць ваенныя дзеянні.
Кірхгольмская бітва
За заслугі ў вайне са Швецыяй у 1605 г. староста Жамойцкі Ян Караль Хадкевіч атрымаў вялікую булаву, гэта значыць атрымаў пасаду гетмана вялікага літоўскага. Кароль Жыгімонт Ваза надаў таксама Хадкевічу Дорпацкае староства (у Эстоніі). А ў гэты час Швецыя рыхтавалася да новай кампаніі, каб усё ж такі захапіць Інфлянты. У верасні 1605 г. шведскія сілы сканцэнтраваліся каля Рыґі, каб узяць яе. Сюды ж накіравалася і шведзкая армія на чале з каралём Карлам ІХ. Ян Караль Хадкевіч, які меў 3500 жаўнераў (пераважна конніцы), вырашыў даць бітву каля Рыґі, супраць яго выступіла шведскае войска ў 11 тыс. чалавек, у тым ліку 8500 пяхоты. Кароль Карль ІХ, маючы войска ўтрая большае, быў перакананы ў сваёй перамозе.
27 верасня 1605 году пад Кірхгольмам (цяпер Саласпілс), у 15 км ад Рыґі, на паўночным беразе Дзьвіны, адбылася бітва. Хадкевічу ўдалося выманіць шведаў з іх выгадных пазіцыяў на ўзгорках, зрабіўшы выгляд, што яго войска раптам пачало адступаць. А калі пяхота і конніца праціўніка пачалі наступ услед за адступаючымі атрадамі Хадкевіча, літоўскія конныя харугвы хутка змянілі фронт і абрынуліся на шведскую пяхоту, якая ўжо пачала ўзбірацца на ўзгоркі, услед за атрадам Хадкевіча. Адначасова шведскую пяхоту ва ўпор расстрэльвала артылерыя літоўскага войска. Гусары Яна Пятра Сапегі, Вінцэнта Войны і Тодара Ляцкага разграмілі шведскіх рэйтараў і ўварваліся ў шэрагі галоўных шведскіх сіл на правым крыле, якім камандаваў граф Фрыдрых Яахім Мансфэльд. Пасля трох гадзін бою армія шведскага караля была цалкам разгромлена. Карл ІХ выратаваўся, уцёкшы на кані з бітвы ў Парнаву (Пярну). Шведы страцілі ад 5 да 9 тыс. забітымі. Былі захоплены 60 шведзсіх штандараў, 12 гармат і ўвесь абоз. Некалькі соцень шведскіх жаўнераў трапілі ў палон4. Страты арміі Хадкевіча былі невялікімі: у баі з пяхотай страцілі 100 чалавек забітымі і 200 параненымі.
Перамога Яна Караля Хадкевіча пад Кірхгольмам над у тры разы большым праціўнікам была атрымана дзякуючы майстэрскаму кіраванню коньніцай і канцэнтрацыяй сіл на розных этапах бітвы ў патрэбным на гэты час кірунку. Таму кавалерыя Хадкевіча і здолела перамагчы некалькі калонаў праціўніка, што стаялі адна з адной. Бітва пад Кірхгольмам была найбольш слаўнай сярод перамог гетмана Яна Караля Хадкевіча, з’яўляючыся адначасова адной з самых слаўных старонак літоўскай вайсковай гісторыі XVII ст. Хутка весткі пра яе разляцеліся па ўсім краі і за мяжой. Хадкевіча віншаваў ня толькі кароль Жыгімонт Ваза, але таксама і нямецкі імператар Рудольф ІІ, ангельскі кароль Якуб І і нават персідскі шах Абас Вялікі і турэцкі султан Ахмед І. Папа рымскі Павел V даслаў Хадкевічу ліст з віншаваннямі. Прапаведнік Пятро Скарга выступіў у Вавельскім катэдральным касцёле з казаннем у прысутнасьці караля. Гэтая прамова пра інфлянцкую перамогу была надрукаваная ў Вільні ў тым жа 1605 годзе. За сваю перамогу Ян Караль Хадкевіч атрымаў маёнткі Сэруце ля Віцебска, Дуды над Нёманам і Лотву (Ашмянскі павет), а таксама прыбыткі з Упіцкай эканоміі. Яму таксама была перададзена Любашанскае староства ў Аршанскім павеце.
Перамогі над шведамі ў 1607—1617
Грамадзянская вайна ў Рэчы Паспалітай палегчыла становішча шведаў у Балтыі. Увесну 1607 году яны здабылі Белы Камень, а ў 1608 г. — Дынамюндэ (пры ўпадзенні Зах. Дзвіны ў Рыжскую затоку) і Фэлін (Вільяндзі). У кастрычніку 1608 г. Ян Караль Хадкевіч вярнуўся ў Лівонію і перайшоў у контрнаступ. Сабраўшы 2-тысячнае войска, Хадкевіч рушыў на поўнач. Яго войска ў лютым 1609 г. за 6 дзён прайшло 200 км, што для таго часу было незвычайна. Дайшоўшы да Парнавы (Пярну), ён начным штурмам 1 сакавіка 1609 г. здабыў гэтае места і вярнуўся пад Рыґу, якую заблакавалі шведскія войскі і флот. Смелым ударам коннікаў Я. К. Хадкевіч разбіў перадавыя атрады корпуса графа Мансфэльда, што прымусіла шведскага генерала адыйсці ад Рыґі. Была ўзятая крэпасць Дынамюндэ. Адначасова невялічкая эскадра Хадкевіча нанесла страты шведскаму флоту ля Рыґі, ля порта Саліс, і прымусіла яго адыйсці таксама. Пры гэтым шведскі флот страціў два караблі. Далей Ян Караль Хадкевіч намагаўся пайсці ў Эстонію, але не атрымаў абяцаных падмацаванняў ад караля, бо Жыґімонт ІІІ рыхтаваўся да вайны з Расіяй. Смерць караля Карла ІХ дазволіла пачаць мірныя перамовы. У 1611 г. паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай было падпісана перамір’е, і на некаторы час (да 1617 году) ваенныя дзеі ў Балтыі былі спыненыя.
Паходы на Маскву
Перадгісторыя
Падчас барацьбы ў Маскоўскай дзяржаве паміж Ілжэдзьмітрыем І і Барысам Гадуновым і потым, пасля забойства Ілжэдзьмітрыя І, сярод кіроўных колаў Рэчы Паспалітай папулярным быў план стварэння славянскай федэрацыі — Рэчы Паспалітай з далучэннем да яе Русі ў якасці трэцяга чальца федэрацыі, разам з Польшчай і Літвой.
Зачэпкай для пачатку вайны з Маскоўскай дзяржавай было ўвядзенне на яе тэрыторыю на просьбу цара Васіля Шуйскага ў 1609 г. шведскага корпусу на чале ь Я. Дэляґарды для барацьбы з прыхільнікамі Ілжэдзьмітрыя ІІ, які знаходзіўся ў Тушыне пад Масквой. Паколькі Жыгімонт Ваза быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне каралеўскіх войск у Маскоўскую дзяржаву і яе саюз са Швецыяй разглядаліся як варожы акт. Сам кароль Жыгімонт узначаліў войска, якое складалася з польскіх і літоўскіх войск і палкоў украінскіх казакоў. Да гэтага войска, якое ўступіла на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы, на заклік караля далучыліся польскія і літоўскія атрады з-пад Тушына, якія пакінулі лагер Ілжэдзьмітрыя ІІ. У верасні 1609 г. пад камандаваннем караля Жыгімонта пачалася аблога Смаленска, якая закончылася ўзяццем горада ў чэрвені 1611 г.
Пасля ганебнага паражэння маскоўскага войска (на чале з братам цара князем Дз. І. Шуйскім), калі 6500 жаўнераў аб’яднанага войска на чале з гетманам польным каронным С. Жулкеўскім 4 ліпеня 1610 г. разграмілі 35-тысячную маскоўскую армію ля сяла Клушына (у раёне Ґжацку), у Маскве цар Васілій Шуйскі быў скінуты з трона і пастрыжаны ў манахі. Новы маскоўскі ўрад — «сямібаяршчына» — праз месяц заключыў дамову з каралём Жыгімонтам і абвясьціў 15-гадовага каралевіча Ўладзіслава Зыгмунтавіча (як яго на літоўскі ўзор называлі ў Польшчы) царом маскоўскім і ўсяе Расіі). Жыхары Масквы і іншых гарадоў Расіі прызналі Ўладзіслава царом і прынеслі яму крыжацалавальную прысягу на вернасць, падпісаўшы грамату. Але бацька тады не адпусціў каралевіча ў Маскву. У Маскву ўвайшоў польска-літоўскі гарнізон на чале са Станіславам Жулкеўскім.
Гетман вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч выступаў супраць дапамогі Ілжэдзьмітрыю ІІ і супраць вайны з Маскоўскай дзяржавай і нават выказваў сваё незадавальненне каралю, як і раней, гаварыў яму адкрыта, што праз тое, што кароль ня выдаткаваў грошай і не прысылаў у час вайсковай дапамогі ў Лівонію, не ўдалося атрымаць канчатковай перамогі над шведамі. Цяпер каралю прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб пераканаць Хадкевіча ўдзельнічаць з войскам, што было ў Лівоніі, у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. У красавіку 1611 г. Ян Караль Хадкевіч пайшоў на Пскоў і шэсьць тыдняў стаяў пад мурамі Пячорскага манастыра, але ўзяць яго ня здолеў і адступіў.
Першы паход
Урэшце найвышэйшы гетман літоўскі Ян Караль Хадкевіч згадзіўся на прапанову караля ўзначаліць войска для дапамогі польска-літоўскаму гарнізону ў Маскве. Восенню 1611 г. ён сабраў у Шклове 2500 жаўнераў, запасы харчавання і амуніцыі і накіраваўся ў Маскву. Войска Я. К. Хадкевіча мела некалькі сутычак з удзельнікамі першага маскоўскага апалчэння Дзьмітрыя Трубяцкога і І. Заруцкага, але мусіла адступіць.
У 1612 годзе яшчэ двойчы ён прыходзіў у Маскву, каб забяспечыць гарнізон харчаваннем. Апошні паход гетмана Я. К. Хадкевіча на Маскву, зноў з запасамі для крамлёўскага гарнізона, адбыўся ў канцы лета — пачатку верасня 1612 году. У адзін час з гетманам Янам Каралем Хадкевічам у Маскву накіраваўся кароль Жыгімонт ІІІ і каралевіч Уладзіслаў, каб заняць маскоўскі трон. Каралевіча суправаджаў канцлер Леў Сапега. Хадкевіча ля Масквы сустрэлі атрады першага і другога расійскага апалчэння, у якіх воінаў было значна больш, чым у Яна Караля Хадкевіча. На гэты раз прабіцца да Крамля яму не ўдалося. Другое расійскае апалчэнне пад кіраўніцтвам ахрышчанага ў праваслаўе этнічнага татарына і ніжагародзкага купца Кузьмы Мініна і князя Дзьмітрыя Пажарскага ўжо заняло большую частку Масквы. 31 жніўня 1612 году войска найвышэйшага гетмана ВКЛ Яна Хадкевіча знаходзілася ў 5 км ад мураў Масквы, на Паклоннай гары. 1 верасня Хадкевіч заняў падмаскоўны тады Навадзевічы манастыр і спрабаваў увайсці ў Маскву з захаду праз Чартольскую браму, але быў адбіты паўстанцамі-апалчэнцамі. На наступны дзень ён спрабаваў увайсці ў горад з поўдня, прайшоўшы праз Данскі манастыр, праз Калускую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсці да вуліцаў Вялікая Ардынка і Пятніцкая. Спробы прарвацца да Крамля і Кітай-гораду не ўдаліся і ў гэты дзень. 2 верасня 1612 году Хадкевіч узнавіў атакі. Яго жаўнерам удалося дайсці амаль да самай Масквы-ракі, але і цяпер да берага ракі апалчэнцы іх не дапусцілі. А ніжагародзкі купец і праваслаўны татарын Кузьма Мінін з часткай сіл пераправіўся праз Маскву-раку і нанёс удар войску Яна Хадкевіча ля Крымскага двара (цяпер раён Крымскага маста). Атакі войска Яна Караля Хадкевіча былі канчаткова адбітыя, яго войска страціла 500 чалавек і абоз з правіянтам, і ён вымушаны быў адступаць. Гэта вырашыла і лёс крамлёўскага гарнізона. 1 лістапада апалчэнцы занялі Кітай-горад, а 6 снежня 1612 году капітуляваў і гарнізон Крамля, бо харчавання ў іх ужо не было.
Адступаючы, Ян Караль Хадкевіч сустрэў у Вязьме новую каралеўскую армію, з якою ў Маскву ўрэшце ехаў разам з бацькам 17-гадовы каралевіч Уладзіслаў Жыгімонтавіч, каб заняць маскоўскі трон. Але гэтая армія затрымалася ў дарозе, спрабуючы ўзяць Валакаламск, і да моманту капітуляцыі польска-літоўскага гарнізону не паспела. А потым ужо было позна: у лютым 1613 году земскі сабор абраў новага цара, 16-гадовага Міхаіла Фёдаравіча Раманава, родапачынальніка новай дынастыі ў Маскоўскай дзяржаве.
Другі паход на Маскву
Гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч у 1613—1615 гадах камандаваў польскімі і літоўскімі сіламі ў Смаленскім ваяводзтве, абараняючы яго ад маскоўцаў. На пачатку 1615 г. Я. К. Хадкевіч накіраваў у глыбіню расійскай тэрыторыі два атрады: Януша Кішкі на Старадуб і Аляксандра Лісоўскага на Бранск.
А ў гэты час каралеўскі двор у Варшаве зноў вярнуўся да плану пасадзіць на маскоўскі трон каралевіча Ўладзіслава. Камандаваць войскам, якое будзе суправаджаць цара Ўладзіслава ў Маскву, прызначылі гетмана вялікага літоўскага Яна Караля Хадкевіча, бо гетман вялікі каронны Станіслаў Жулкеўскі адмовіўся ісці ў паход.
Каб пераканаць Яна Караля Хадкевіча ў неабходнасьці новага паходу ў Маскву, 20 чэрвеня 1616 г. Жыгімонт Ваза надаў яму вышэйшую пасаду ў Вялікім Княстве Літоўскім — віленскага ваяводы. Тады ж Я. К. Хадкевіч адмовіўся ад пасады старосты жамойцкага на карысць Януша Кішкі.
Я. К. Хадкевіч з войскам пачаў паход раней і 11 кастрычніка 1617 году ўзяў Дарагабуж, а неўзабаве ён аблажыў Вязьму. Сюды да яго выехаў праз Магілёў і Смаленск каралевіч Уладзіслаў, які і пачаў рассылаць у Расіі свае царскія граматы з палёгкамі да розных груп насельніцтва. Была занятая і Вязьма. Да Ўладзіслава далучылася частка дваран, данскіх казакоў і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў часоў паўстання Івана Балотнікава. Але большасць баяраў, дваранаў і казакоў Уладзіслава не падтрымала. Пасля заняцця Вязьмы ўдарылі моцныя маразы, і асноўныя ваенныя дзеі былі прыпыненыя. Каралевіч і гетман засталіся ў Вязьме. Атрады лёгкай конніцы (лісоўчыкі) дзейнічалі ў найбліжэйшых паветах, спусташаючы і так спустошаныя раёны Расіі. Пачалася падрыхтоўка да далейшага паходу. Увесну 1618 г. сілы для наступу на Маскву былі сабраныя. Цяпер у войску Яна Караля Хадкевіча налічвалася 14 тыс. чалавек, у тым ліку каля 5500 пяхоты. Аднак дысцыпліна ў лагеры была недасканалай. Пачаліся спрэчкі, каму камандаваць асобнымі палкамі. У рашэнні камандавання ўмешваўся сам каралевіч і яго фаварыты. Рашучы і смелы, Я. К. Хадкевіч часта ўступаў у спрэчкі з Уладзіславам. А ў гэты час прышлі весткі з Варшавы, што сойм выдаткаваў грошы на вядзенне вайны ў Расеі толькі на 1618 год.
У чэрвені 1618 году войска Я. К. Хадкевіча працягнула паход на Маскву. Ён хацеў прайсці ў Маскву праз Калугу, але вайсковая рада і каралевіч вырашылі накіраваць атрады напрасткі на сталіцу. Час быў страчаны на заняцце Мажайску. У кастрычніку 1618 г. войска каралевіча заняло сяло Тушына на поўнач ад Масквы і пачало рыхтавацца да штурму сталіцы. Да Масквы праз паўднёвыя паветы Расеі прыйшло з Украіны 20-тысячнае казацкае войска на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным, па дарозе разрабаваўшы Пуціўль, Ліўны, Ялец і Лебядзянь і іх акругі. Сагайдачны з’явіўся да Данскога кляштару, а адтуль прайшоў у Тушына. У ноч на 11 кастрычніка пачаўся штурм Масквы праз Цьвярскую і Арбацкую брамы, але штурм быў адбіты. Набліжалася зіма, жаўнерам грошы не плацілі, бо іх не было, і каралевіч пачаў перамовы з маскоўскімі баярамі. У выніку перамоваў 11 снежня 1618 году ў сяле Дэўліне (каля Тройца-Сергіева манастыра) было падпісанае перамір’е. Макоўская дзяржава адмовілася ад прэтэнзіяў на смаленскую зямлю, якая цяпер вярталася ў склад Вялікага Княства Літоўскага, і на чарнігаўскую і северскую землі, якія ўвайшлі ў склад Кароны. Уладзіслаў захаваў тытул цара маскоўскага і ўсяе Расеі. Перамір’е было заключана на 14,5 гадоў. Гэта быў кампраміс і часовае вырашэнне дзяржаўных і тэрытарыяльных праблем.
Гетман вялікі Ян Караль Хадкевіч вярнуўся з гэтага паходу расчараваным. Гады, праведзеныя на войнах, паўплывалі на яго здароўе. Я. К. Хадкевіч усё часцей хварэў. Ён адышоў ад дзяржаўных справаў, усё больш займаўся гаспадаркай у сваіх маёнтках.
Вайна супраць Турцыі 1620—1621 гадоў
На сойме ў Варшаве ў снежні 1620 году гетман Ян Караль Хадкевіч атрымаў галоўнае камандаванне над узброенымі сіламі Рэчы Паспалітай у вайне супраць Турцыі, бо кароннае войска ў кастрычніку 1620 г. было разбіта і страціла абодвух гетманаў у бітве з туркамі і крымскімі татарамі пад Цэцорай (у Малдове). Гетман вялікі каронны Станіслаў Жулкеўскі быў забіты, а гетман польны каронны Станіслаў Канецпольскі трапіў у няволю.
Ян Караль Хадкевіч узначаліў кароннае (польскае) і літоўскае войска ў паходзе супраць туркаў і крымскіх татараў у Малдову. На поўначы тагачаснага Малдаўскага княства (васала Турэцкай імперыі) знаходзілася крэпасць Хацін, на малдаўскім беразе Днястра5. Тут, у раёне Хоціна, і збіраўся даць вырашальную бітву вялікі гетман. Да польска-літоўскага войска далучыліся ўкраінскія казакі гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага, даўняга знаёмага і баявога паплечніка Я. К. Хадкевіча. Польска-літоўскае войска налічвала каля 30 тыс. жаўнераў, з іх 14 тыс. пяхоты і больш за 17 тыс. коннікаў, была і артылерыя. Украінскіх казакоў было таксама 35 тыс. Супраць гэтага войска турэцкі султан Асман II прывёў армію, якая складалася з туркаў, крымскіх татараў, малдаван і валахаў, разам каля 100 тыс. чалавек (некаторыя крыніцы называюць 160 тыс. туркаў і 60 тыс. татараў). Пяхота складала толькі адну шостую частку арміі султана, хаця ў баявых дзеях вакол моцнай крэпасці Хоцін, якую заняў Я. К. Хадкевіч, перш за ўсё патрэбная была пяхота. Аднак у туркаў было больш гарматаў, чым у вялікага гетмана. У параўнаньні з Я. К. Хадкевічам малады султан Асман II прайграваў, бо баявога досведу ня меў. Тым ня менш становішча польска-літоўскіх сіл і ўкраінскіх казакоў было складаным, бо іх было менш, чым у супраціўніка.
Бітва пад Хацінам
Ужо 21 ліпеня 1621 г. Ян Караль Хадкевіч з 20 тыс. жаўнераў знаходзіўся пад Хацінам і чакаў асноўную частку войска, якую вёў сюды каралевіч Уладзіслаў. 1 жніўня, не чакаючы падыходу галоўных сіл, Я. К. Хадкевіч пачаў пераправу праз Днестар, заняўшы крэпасць Хацін і яго навакольле. Галоўны корпус каралевіча Ўладзіслава падыйшоў у мястэчка Жванец (насупраць Хаціна, на левым беразе Днястра) толькі 30 жніўня, а перапраўляўся праз Днестар ужо падчас баёў з туркамі.
Лягер Яна Караля Хадкевіча, тылам якога быў Днестар, быў абкружаны земляным валам у 8 км даўжыні. Казакі абкружылі свой лягер радамі закапаных у зямлю вазоў. Я. К. Хадкевіч падзяліў лінію абароны на тры часткі. Правую частку, побач з казакамі, занялі літоўскія палкі пад непасрэдным камандаваннем вялікага гетмана, у цэнтры камандаваў каралевіч Уладзіслаў (але ён увесь час быў хворы і фактычна не выконваў сваіх абавязкаў), левым крылом камандаваў Станіслаў Любамірскі, падчашы каронны, потым ваявода кракаўскі. Галоўнакамандуючым быў сам Я. К. Хадкевіч.
Бітва пад Хацінам пачалася ў пачатку верасня 1621 году і з кароткімі перапынкамі цягнулася шэсць тыдняў. Польска-літоўскае войска і казакі ўмацавалі свае пазіцыі, вырылі акопы і насыпалі земляныя ўмацаванні вакол свайго лагера. У цяжкіх умовах Я. К. Хадкевічу ўдалося ўтрымаць дысцыпліну жаўнераў і казакоў, нягледзячы на тое, што ў ягоным лагеры не хапала харчавання і жаўнеры былі пасаджаны на галодны паёк, бо татары на паўночным беразе Днястра перашкаджалі падвозу харчавання. Да таго Я К Хадкевіч ужо моцна хварэў і з 11 верасня кіраваў ваеннымі дзеямі, лежучы ў сваім паходным шатры. Спачатку 2—4 верасня 1621 году туркі і іх хаўруснікі атакавалі казацкі лагер і ўрэшце і польска-літоўскі, але атакі туркаў былі адбітыя. Пры гэтым яны панеслі цяжкія страты.
Потым наступілі два дні перапынку. 7 верасня туркі, выкарыстоўваючы артылерыю, пайшлі на штурм і нават уварваліся на галоўны вал у стыку цэнтру і левага крыла войска Рэчы Паспалітай. Я. К. Хадкевіч кінуў на іх сваіх гусараў, якія сагналі непрыяцеля з вала. Новую атаку туркаў Я. К. Хадкевіч перапыніў, выпусціўшы праз бакавую браму конніцу, якая флангавым ударам разбіла іхныя калоны. З прычыны вялікіх стратаў туркі спынілі штурм і ў наступныя дні заблакавалі лагер Я. К. Хадкевіча. 15 верасня яны кінулі на штурм адборныя сілы з 5 тыс. янычараў і 8 тыс. конніцы, аднак гэты штурм быў адбіты з вялікімі для туркаў стратамі. Але страты таксама былі ў войску Я. К. Хадкевіча, апроч таго пашыраліся хваробы, наступіў голад. 23 верасня абаронцы скарацілі перыметр абароны, разрыўшы галоўныя земляныя валы і насыпаўшы новыя, але далей у тыле.
У гэты дзень Ян Караль Хадкевіч сабраў вайсковую раду і перадаў булаву кароннаму падчашаму Станіславу Любамірскаму, сказаўшы, што памірае. Памёр Я. К. Хадкевіч 24 верасня 1621 г. Хоць камандзіры спрабавалі захаваць гэтую вестку ў таямніцы, каб не аслабіць баявы дух жаўнераў, войска хутка даведалася і, калі ягонае цела перавозілі ў замак Хацін, жаўнеры сталі ў строй і аддалі вайсковае ўшанаванне свайму палкаводцу.
Туркі таксама даведаліся пра смерць Я. К. Хадкевіча і 25 і 28 верасня зноў штурмавалі ягоны лагер, аднак зноў панеслі страты. 29 верасня ваенныя дзеянні спыніліся, пачаліся мірныя перамовы, вынікам якіх была мірная дамова паміж Рэччу Паспалітай і Турцыяй (9 кастрычніка 1621). Султан забараніў крымскім татарам нападаць на Ўкраіну. На наступны дзень турэцкая армія адступіла. Вайна скончылася перамогай. Гэта была і апошняя перамога Яна Караля Хадкевіча.
- Сагановіч Г. Чым славуты Ян Кароль Хадкевіч? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993
- Анатоль Грыцкевіч. Ян Караль Хадкевіч. Гісторыя Беларусі, асобы
- Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005
- Claes-Göran Isacson. Vägen till stormakt // Vasaättens krig. — Stockholm: Norstedts, 2006
- Tyla А. Chodkevičius Jonas, Katkevičius, Katkus // Visuotinė lietuvių enciklopedija. — Vilnius, 2003. — T. 4. — P. 79—80