Неанародніцтва. Абвастрэнне крызісу

Фармаванне партыі эсэраў. Беларусь была ўсё ж краем сялянскім. Таму па меры збяднення вёскі тут пашыраліся і ідэі сялянскага сацыялізму. У 1899—1900 гг. у Мінску і яго ваколіцах дзейнічала Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі (РППВР) неанародніцкага накірунку. А ў 1904 г. у горадзе на Свіслачы ўжо сфармавалася рэгіянальная Паўночна-заходняя арганізацыя партыі сацыялістаў- рэвалюцыянераў (ПСР – эсэраў). У Смаленску адкрылася Цэнтральнае бюро Сялянскага саюза ПСР. Для эсэраў, як і для народнікаў, шлях да сацыялізму ўяўляўся праз усерасійскае сялянскае паўстанне і сельскую абшчыну. Праўда, яны прызнавалі неабходнасць супрацоўніцтва сялянаў з рабочымі і інтэлігенцыяй, але, у адрозненне ад гоманаўцаў, ужо не ставілі так востра пытання аб праве прыгнечаных народаў на самавызначэнне. Усё мясцовае сялянства было для эсэраў рускім.

Зараджэнне беларускага сацыялізму. I рускія, і палякі імкнуліся прывабіць нешматлікіх беларускіх інтэлігентаў у свае партыі. Але ўзнікала разуменне неабходнасці ўласнай нацыянальнай палітычнай арганізацыі. У 1902 г. пры садзеянні польскіх сацыялістаў (ППС) у асяроддзі беларускіх студэнтаў Пецярбурга ўзнікла Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП) на чале з Вацлавам Іваноўскім. Яна, праўда, нагадвала хутчэй асветніцкі студэнцкі гурток. У сваёй польскамоўнай адозве “Да інтэлігенцыі” члены БРП заклікалі адукаваных беларусаў польскай культуры вярнуцца да мовы сваіх продкаў ды заняцца выданнем беларускіх газэтаў і кніжак. У той жа год у сталіцу Расіі на вучобу прыехалі браты Антон і Іван Луцкевічы з Мінска і Алаіза Пашкевіч з ваколіцаў Ліды. Яны і дапамаглі Вацлаву Іваноўскаму падрыхтаваць першы нумар “Свабоды”, якая павінна была стаць органам БРП. Беларуская газэта была надрукаваная Вацлавам Іваноўскім у сябе на радзіме, у вёсцы Лябёдка Лідскага павета, на гектографе. Але ўвесь наклад нумара пад націскам бацькі Іваноўскага давялося знішчыць. Захаваліся ўсяго два асобнікі. Пазней дайшло да суперніцтва паміж Вацлавам Іваноўскім і братамі Луцкевічамі, якія былі не задаволеныя польскім уплывам. БРП перажывала крызіс. Вацлаў Іваноўскі заняўся асветніцтвам, а Луцкевічы заснавалі ў Мінску новае палітычнае аб’яднанне – Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ), якая, аднак, не выявіла актыўнай дзейнасці.

Вацлаў Іваноўскі

Пачатак шматпартыйнай агітацыі. Палітычнае афармленне рэвалюцыйных сілаў у Беларусі завершылася ў 1903 г. 3 гэтага часу і распачалася іх шырокая практычная дзейнасць сярод рабочых і сялянаў. Асноўнай формай агітацыі стала друкаванае слова. Рэвалюцыйная літаратура была пераважна рускамоўная. I толькі ППС ды БСГ звярталіся да сялянаў па-беларуску і гэтым пераймалі традыцыю “Мужыцкай праўды” Каліноўскага.

Перарастанне эканамічнага крызісу ў палітычны. Партыйная агітацыя спрыяла росту рэвалюцыйных настрояў як сярод гараджанаў, так і сярод вяскоўцаў. Але асноўнай крыніцай іх незадаволенасці быў эканамічны крызіс, які выбухнуў на пачатку XX ст. Ен прывёў да беспрацоўя і рэзкага зніжэння матэрыяльнага дабрабыту людзей. Сацыяльна-палітычная напружанасць у краі павялічылася яшчэ больш, калі ў 1904 г. пачалася руска-японская вайна, якая закрыла для прамысловых прадпрыемстваў Беларусі сібірскі рынак збыту (з-за мілітарызацыі чыгункі) і выклікала мабілізацыю моладзі на фронт.

Такім чынам, у 1863—1904 гг. палітычнае падпарадкаванне Беларусі Расіі істотна папоўнілася падпарадкаваннем культурным, а потым і эканамічным. Працэс універсалізацыі грамадскага жыцця назіраўся тады ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Толькі ў шматнацыянальнай імперыі, якой была Расія, ён меў ненатуральны характар і мог ажыццяўляцца пераважна гвалтоўнымі метадамі. Але нават у змрочнай атмасферы русіфікацыі беларусы не толькі тэарэтычна абгрунтавалі ідэалы самастойнага палітычнага жыцця (маецца на ўвазе дзейнасць “гоманаўцаў”), але і распачалі за гэтае жыццё палітычнае змаганне (дзейнасць БСГ). Русіфікацыя не спыніла станаўлення беларускай нацыі. Праз рускую мову пашыралася асветніцтва. Інтэнсіўна вывучалася гісторыя і культура краю. Навуковыя даследаванні пераконвалі ў адметнасці беларусаў, якія, урэшце, набылі ў канцы XIX ст. уласную саманазву. Для інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі спатрэбілася цэлае стагоддзе. I гэта было стагоддзе вялікіх выпрабаванняў беларускага духу.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии