Польская акупацыя БНР 1919 – 1920 гг.

Выспяванне агрэсіі з захаду. Польская дзяржава канчаткова адрадзілася ў лістападзе 1918 г. пасля капітуляцыі Германіі. А ўжо 5 лютага 1919 г. яе кіраўніцтва падпісала з Нямеччынай у Беластоку пагадненне аб замене ў заходняй Беларусі нямецкай улады на польскую. Маладая Польшча прэтэндавала на ўсходнія межы старадаўняй Рэчы Паспалітай, імкнулася як мага болей тэрытарыяльна ўзрасці, каб выстаяць перад пагрозлівымі Расіяй і Германіяй. Польскае камандаванне спяшалася адарваць ад савецкай Расіі найперш Беларусь, бо праз беларускія землі Чырвоная Армія найбліжэй падыходзіла да Варшавы.

Экспансіянізм бальшавіцкай імперыі. Беларусь як крыніца сыравіны і харчавання, а галоўнае, як заходні калідор для экспарту сацыялістычнай рэвалюцыі ў краіны Еўропы была вельмі патрэбная і савецкай Расіі. У сакавіку 1919 г. I Устаноўчы кангрэс Камінтэрна абвясціў праграму барацьбы за сусветную пралетарскую дыктатуру, за сусветны камунізм.

Слабасць савецкага рэжыму ў Беларусі. 14 лютага 1919 г. адбылася першая польска-савецкая сутычка ля Бярозы Картузскай, якая і паклала пачатак вайне. Знясіленая грамадзянскай вайной Чырвоная Армія не магла наладзіць сур’ёзнага супраціўлення добра ўзброенаму польскаму войску. Бальшавікі адчувалі сябе ў Беларусі вельмі ненадзейна. У сакавіку 1919 г. ім з цяжкасцю ўдалося задушыць у Гомелі і Рэчыцы антысавецкае паўстанне галодных і не задаволеных сваімі камандзірамі чырвонаармейцаў з Курскай і Бранскай губерняў, якім кіраваў палкоўнік М. Стракапытаў і Палескі паўстанцкі камітэт эсэраў. Паўстанцы змагаліся за Расійскую Рэспубліку без бальшавікоў, але не ўлічвалі беларускую спецыфіку, а таму не маглі разлічваць на падтрымку мясцовых сялянаў. Увесну і ўлетку 1919 г. сялянскія выступленні супраць бальшавікоў адбыліся ў Нясвіжы, калі горад з 14 па 19 сакавіка быў ачышчаны ад бальшавікоў, у мястэчку Мір, якое паўстанцы ў красавіку ўтрымлівалі чатыры дні, у Барысаве ў сувязі з гвалтоўнай мабілізацыяй, у сяле Добрае Мсціслаўскага павета на чале з Лявонам Зянькевічам, у раёнах Рагачова, Полацка, Слуцка, Старобіна. Сяляне не жадалі такой улады, якая рабавала іх да ніткі праз харчразвёрстку ды яшчэ прымушала абараняць яе са зброяй у руках. Церпячы няўдачу, паўстанцы ішлі ў лясы, але бальшавікам не скараліся. Некаторыя чакалі вызвалення ад бальшавікоў з дапамогай польскага войска.

Прарыў войска польскага да Дняпра. Таму наступленне палякаў у Беларусі ажыццяўлялася паспяхова. 19 красавіка 1919 г. польскія вайсковыя злучэнні, у складзе якіх былі дзве беларуска- польскія дывізіі, захапілі Вільню. Урад Літбел пераехаў у Мінск. Амаль адначасова (28 красавіка) палякі ўвайшлі ў Гародню і ліквідавалі там уладу ўрада БНР. Збіраючыся ў паход на Міншчыну, Віцебшчыну і Магілёўшчыну, Юзаф Пілсудскі шырока абвясціў жыхарам былога Вялікага Княства Літоўскага, што польскі меч нясе ім волю і дабрабыт. Гэта падрыхтавала прыхільную сустрэчу польскіх войскаў на беларускіх тэрыторыях. Арганізоўваліся асобыя паўстанцкія атрады, якія па ўзгадненні з польскім урадам дзейнічалі ў бальшавіцкім тыле. Але былі выпадкі, калі беларускія партызаны аказвалі супраціўленне польскім акупантам у першыя месяцы іх панавання (Случчына). 8 жніўня Мінск ужо знаходзіўся ў руках польскага генерала Станіслава Шаптыцкага. Польскае войска прасунулася да р. Бярэзіны (на лінію Любань – Барысаў – Полацк – Дзвінск) і тут фронт стабілізаваўся да вясны 1920 г. Большасць беларускіх земляў трапіла пад польскую акупацыю. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялітычная Рэспубліка перастала існаваць. Афіцыйнага акту яе самаліквідацыі не было. Кіраўніцтва Літбел перабралося ў Смаленск, дзе пэўны час знаходзілася пры штабе Заходняга фронту разам з ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі. Ленінскі ўрад разглядаў былую Літбел, занятую польскімі войскамі, як тэрыторыю савецкай Расіі. БССР і Літбел узору 1919 г. стаялі ўбаку ад магістральнай лініі нацыянальнага развіцця Беларусі, а таму бясслаўна зніклі. У сакавіку 1920 г. наступленне палякаў узнавілася, і яны пры падтрымцы ўкраінцаў дайшлі да Дняпра. 3 поўдня націскаў Антон Дзянікін. Узнікла пагроза Маскве.

Маўклівае пагадненне Пілсудскага з Леніным. У красавіку, калі палякі занялі Кіеў, напалоханы ўрад У. Леніна прапанаваў Польшчы ўсю тэрыторыю былой Літоўска-Беларускай Рэспублікі ўзамен на мірнае пагадненне. Правадыр савецкай Расіі выяўляў большую гібкасць, чым Дзянікін, які змагаўся за рэстаўрацыю былой Расійскай імперыі ў поўным складзе. Таму Юзаф Пілсудскі і не падтрымаў маскоўскага наступлення дзянікінцаў. Ён ратаваў урад У. Леніна, каб потым дзяліць з ім беларускія і ўкраінскія землі. У. Ленін лёгка ішоў на тэрытарыяльныя саступкі, бо разлічваў на хуткую перамогу пралетарскай рэвалюцыі ў краінах Еўропы, а таксама на магчымую змену ваеннай сітуацыі на карысць савецкай Расіі.

Браніслаў Тарашкевіч
Браніслаў Тарашкевіч. Фота 1919 г.

Акупацыйны рэжым. Занятымі беларускімі тэрыторыямі кіраваў Генеральны камісарыят усходніх земляў, створаны пры штабе Літоўска-Беларускага фронту. Яго ўзначальваў Ежы Асмалоўскі, былы паплечнік Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Новыя гаспадары разагналі найперш сялянскія рады (мясцовыя органы самакіравання), якія ўзніклі пад нямецкай акупацыяй і баранілі беларускія вёскі ад польскіх вайсковых злучэнняў з канца 1918 года. Захопленыя на ўсход ад Беласточчыны беларускія землі дзяліліся на чатыры акругі – Брэсцкую, Валынскую, Віленскую і Мінскую, а тыя ў сваю чаргу – на паветы на чале са старастамі. Грамадзянская акупацыйная адміністрацыя ва ўсім падпарадкоўвалася ваеннаму кіраўніцтву і самастойнага значэння практьгчна не мела. Польскія жаўнеры адбіралі ў сялянаў тое, што не паспелі прыбраць папярэднія акупанты. Даставалася і яўрэйскім гандлярам, крамы якіх аддаваліся на рабаванне. Ужо ў жніўні 1919 г. выйшаў загад аб вяртанні адчужанай бальшавікамі маёмасці былым уласнікам. Абшарнікі атрымлівалі вышэйшыя пасады як у цэнтры, так і на месцах ды не раз помсцілі вяскоўцам за самавольства. Але ў першую чаргу палякі распраўляліся з камуністамі, часам уяўнымі. За камуністычныя асяродкі лічыліся нават праваслаўныя цэрквы і сінагогі. Прадукты харчавання маглі атрымаць толькі тыя, хто ўступаў у польскія кааператывы, а ў апытальных лістах запісваўся палякам. Зразумела, што галодныя беларусы-каталікі не маглі не павялічыць на заходнебеларускіх землях колькасць “польскага” насельніцтва. Якраз тут з 1919 г. нараджаўся інстытут асаднікаў. Для польскіх шавіністаў не было Беларусі і беларусаў, а былі “крэсы ўсходнія” і “крэсавякі”. Польская акупацыя выклікала супраціўленне беларускага народа і давала добрую глебу для пашырэння бальшавіцкай прапаганды. Не выключалася і палітыка заляцанняў. 20 жніўня 1919 г. выйшаў чарговы загад аб карыстанні беларускай мовай. Яна дазвалялася ва ўжытку, але дзяржаўнай лічылася польская. Пайшла паланізацыя. Беларускія школы маглі працаваць толькі ў Мінскай акрузе. Вацлаву Іваноўскаму ўдалося адчыніць у Мінску Беларускі педагагічны інстытут. На Гарадзеншчыне ж і Віленшчыне беларускія школы закрываліся, каталікам перадаваліся праваслаўныя храмы. 3 усходняй Беларусі ў Польшчу вывозіліся рэдкія кнігі, карціны, музейныя каштоўнасці. Гэта мела свае далёкія мэты.

Польская стратэгія. Ужо ў першы год польскай акупацыі рыхтаваліся ўмовы для паступовага ўключэння беларускіх земляў у склад польскай дзяржавы. Але не ўсіх. Польскае кіраўніцтва (не выключана, што і Юзаф Пілсудскі) пачынала разумець усю нерэалістычнасць узнаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Прынцып большасці польскіх палітыкаў быў такі: “На ўсходзе трэба праглынуць роўна столькі, колькі можна асіміляваць за адно пакаленне”. Усходняя Беларусь была для палякаў разменнай манетай, якую яны рыхтаваліся перадаць бальшавікам за іх адмову ад Беларусі заходняй. А таму заходнія беларускія землі паланізаваліся, а ўсходнія рабаваліся. Палякі паўтаралі манеўр папярэдніх акупантаў – немцаў. Узнёслыя ідэалы польскіх сацыялістаў на чале з Юзафам Пілсудскім аб дзяржаўным саюзе (федэрацыі) народаў былой Рэчы ГІаспалітай, што ўзніклі яшчэ ў рэвалюцыйным 1905 годзе, разбіваліся аб жорсткую рэчаіснасць. Акупацыйная ваенная і цывільная адміністрацыі пра гэтыя ідэалы, магчыма, і не ведалі. Іх практычная дзейнасць адпавядала лініі нацыянальнага дэмакрата (эндэка) Рамана Дмоўскага на поўную інкарпарацыю заходнебеларускіх земляў. I ў сацыялістаў, і ў эндэкаў пераважала думка, што беларусы няздольныя да незалежнага існавання і стварэння ўласнай дзяржавы (нібыта не існавала БНР). Ідэя федэралізму выстаўлялася, трэба меркаваць, у тактычных мэтах. Тым больш, што яна не знаходзіла падтрымкі ў літоўцаў і поўнай падтрымкі ў украінцаў, якія імкнуліся да незалежнасці.

Спадзяванні на Пілсудскага. У Беларусі спачатку шмат хто чакаў дапамогі ад Юзафа Пілсудскага. Беларускія дзеячы ведалі, што ён нарадзіўся на Віленшчыне і ўмеў размаўляць па-беларуску, што прымаў у сваё войска мясцовых сялянаў і не забараняў ім карыстацца роднай мовай. 12-14 чэрвеня 1919 г. з дазволу акупацыйных уладаў працаваў з’езд беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гарадзеншчыны. У сваёй рэзалюцыі да ўсіх народаў і вялікіх дзяржаваў свету дэлегаты выказалі настойлівае жаданне бачыць Беларусь непадзельнай. З’езд асудзіў намеры Калчака ўзнавіць Расійскую імперыю і падтрымаў ідэю стварэння федэратыўнай беларуска-літоўскай дзяржавы і беларускага народнага войска. Абраную дэлегатамі Цэнтральную Беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны ўзначаліў эсэр Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Потым яго змяніў Браніслаў Тарашкевіч, які меў прапольскую арыентацыю. Не выключалася магчымасць стварэн- ня і беларуска-польскай федэрацыі. Пра гэта якраз вялася гаворка падчас сустрэчы дэлегацыі Рады з Юзафам Пілсудскім 20 чэрвеня. А на Парыжскай мірнай канферэнцыі падчас перамоваў Антона Луцкевіча з польскім прэм’ерам Ігнатам Падарэўскім справа дайшла да выпрацоўкі 1 ліпеня 1919 г. праекта дамовы паміж урадамі БНР і Польшчы, якая прадугледжвала стварэнне беларускай дзяржавы ў саюзе з Польшчай. Але праект не атрымаў належнай падтрымкі ў польскага кіраўніцтва. Калі польскія вайсковыя аддзелы занялі Мінск Пілсудскі 19 верасня 1919 г. выступіў перад прадстаўніцтвам мінчанаў з прамовай па-беларуску. Ён ужо недвухсэнсоўна дэклараваў неабходнасць дзяржаўнасці для беларусаў. У Мінску быў утвораны прадстаўнічы орган беларускіх арганізацыяў – Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК) на чале з Алесем Гаруном. Яго намеснікам быў Усевалад Ігнатоўскі. Камітэт падтрымліваў ідэю канфедэрацыі
Беларусі з Польшчай, але дамагаўся ад польскага ўрада папярэдняга прызнання незалежнасці БНР і аднаўлення дзейнасці яе Рады. У польскай сталіцы 22 кастрычніка 1919 г. Пілсудскі прыняў Луцкевіча, які знаходзіўся ў Варшаве з 1 верасня. I тады кіраўнік польскай дзяржавы абяцаў беларусам усяго толькі садзейнічаць у стварэнні беларускіх вайсковых злучэнняў.

Пазіцыя Рады БНР: супраціўленне ці супрацоўніцтва? У Мінск нават з Берліна ехалі дзеячы БНР, якія ўключаліся ў культурна-асветную працу. 10 лістапада ўзнавіла сваю дзейнасць Рада БНР. На першым пасяджэнні беларускія эсэры не падтрымалі ідэю ўгодаўцаў паслаць прывітанне Пілсудскаму. Гэта занепакоіла мясцовую польскую адміністрацыю. 20 лістапада Пілсудскі выклікаў да сябе Луцкевіча і прапанаваў замяніць дзяржаўны статус Рады БНР на нацыянальны і назваць яе Нацыянальнай радай. Луцкевіч дыпламатычна пагадзіўся і атрымаў дазвол на скліканне сесіі Рады БНР на 12 снежня. Сярод радаўцаў утварыліся дзве групоўкі. Беларускія эсэры і сацыял-федэралісты лічылі, што працаваць з акупантамі няма ніякай магчымасці. Яны ўжо вялі з палякамі партызанскую барацьбу. На лістападаўскай (1919) канферэнцыі эсэраў было вырашана змагацца на два франты: супраць польскіх уладаў і супраць прыхільнікаў дзянікінскай Расіі. 3 расійскімі бальшавікамі эсэраўскія лідэры спадзяваліся дамовіцца аб стварэнні незалежнай Беларускай сацыялістычнай рэспублікі. Але правацэнтрысты і часткова сацыял-дэмакраты даводзілі, што яшчэ ёсць надзея дачакацца ў польскай палітыцы зменаў да лепшага. Яны разлічвалі з дапамогаю Польшчы ўзняць культурны ўзровень і нацыянальную самасвядомасць народа і гэтым забяспечыць умовы для далейшай незалежнасці Беларусі. Большасць Рады лічыла гэта нерэальным.

Раскол Рады БНР. На гэтым грунце 13 снежня адбыўся раскол Рады БНР. Антыпольская фракцыя (50 чалавек) утварыла Народную раду БНР на чале з беларускім федэралістам Пётрам Крачэўскім і свой кабінет міністраў на чале з беларускім эсэрам Вацлавам Ластоўскім. А тыя, хто спадзяваўся на падтрымку палякаў (37 чалавек), склалі Найвышэйшую раду БНР і выбралі свой урад на чале з сацыял-дэмакратам Антонам Луцкевічам. Праўда, у Мінску Луцкевіча не было. Ён быў у Варшаве (відаць, не па сваёй волі). Пасада старшыні Найвышэйшай рады дасталася федэралісту Івану Серадзе. Раскол Рады БНР аслабіў беларускі рух. I не выключана, што гэта было вынікам загадзя скаардынаванай акцыі прабальшавіцкіх палітыкаў.

Дзейнасць прапольскай партыі. Антон Луцкевіч хутка зразумеў, што польскія ўлады не падтрымаюць беларускую дзяржаўнасць. У лютым 1920 г. на прыёме ў Вільні Пілсудскі прызнаў, што ён не хоча рабіць ніякіх палітычных саступак на карысць “беларускай фікцыі”. Гэта прымусіла Луцкевіча пайсці ў адстаўку (28 лютага 1920 г.) і пераехаць у Вільню. Яго пераемнікам стаў Аркадзь Смоліч. У групу прапольскай арыентацыі ўваходзілі таксама Язэп Лёсік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Вацлаў Іваноўскі, кс. Адам Станкевіч. Спроба актывізаваць беларускае жыццё ў Мінску не мела поспеху. Землеўладальнікі настойвалі на інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы, а ў беларускіх эсэраў варожасць да Польшчы толькі ўзрастала. Створаная ў жніўні 1919 г. у Вільні Беларуская вайсковая камісія (БВК) з 10 чалавек была афіцыйна прызнаная Варшавай толькі 22 кастрычніка. У лістападзе яна пераехала ў Мінск і пад кіраўніцтвам Паўлы Алексюка спрабавала разгарнуць дзейнасць. У склад БВК уваходзілі Алесь Гарун, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Францішак Кушаль. Іх праца не прынесла чаканых вынікаў. Беларусам не ўдалося стварыць ніводнага ваеннага злучэння, якое ўзяло б удзел у ваенных дзеяннях. Гэтаму ўсяляк перашкаджала польскае ваеннае камандаванне. Ніяк не спрыяў справе прынцып добраахвотнага набору, якога строга прытрымліваліся дзеячы БНР. Дзейнасць камісіі паралізоўвалася і ўсё большым расчараваннем Польшчай. Пазней, пры наступленні Чырвонай Арміі, Беларуская вайсковая камісія і падначаленыя ёй падраздзяленні перабраліся ў Лодзь, а потым па загадзе польскіх уладаў прыпынілі сваю дзейнасць. У маі 1920 г. Найвышэйшая рада прапанавала дзяржаўны саюз Польшчы з Беларуссю на ўзор былой Рэчы Паспалітай у разліку прадухіліць падзел Беларусі паміж Польшчай і Расіяй. Аднак у чэрвені ў сувязі з пагаршэннем становішча на ўсходнім фронце яна патрабавала ўжо незалежнасці БНР і пратэктарату Лігі Нацыяў над тэрыторыяй Беларусі да склікання ўстаноўчага сейма.

Незалежнікі. Палітычны апанент Антона Луцкевіча – Вацлаў Ластоўскі пасля двух месяцаў польскай турмы ў лютым 1920 г. з’ехаў у сталіцу Літоўскай Рэспублікі Коўну, дзе працавала забароненая польскімі акупантамі Народная рада БНР, і распачаў барацьбу за незалежнасць Беларусі ў саюзе з літоўцамі. Яго ўрад узяў на сябе функцыю міжнароднага прадстаўніцтва БНР. Вацлава Ластоўскага падтрымалі ўсе незалежніцкія партыйныя і грамадскія арганізацыі беларусаў, у тым ліку Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, прадстаўнікі якой уваходзілі ў Народную раду. Гэта партыя ўступіла ў адкрытую ўзброеную барацьбу за незалежнасць. Па вёсках ствараліся сялянскія дружыны, якія аб’ядноўваліся ў “Сувязь беларускага працоўнага сялянства”. Барацьба вялася пад лозунгам: “Змагай-мося – зможам!” Але для самастойнай барацьбы не ставала сілы. Таму беларускія эсэры звярнуліся па дапамогу да бальшавікоў.

Прасавецкая арыентацыя. Са снежня 1919 г. існавала смаленскае эсэраўска-бальшавіцкае пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць польскіх акупантаў. Партызанскай барацьбой кіраваў створаны ў Мінску Беларускі паўстанчы камітэт. Вынікі яго дзейнасці былі сціплыя. Пазнейшыя перамовы Палуты Бадуновай у Маскве (май 1920 г.) пераканалі частку беларускіх эсэраў, што ленінцы ніколі не пойдуць на прызнанне незалежнасці БНР і ўрада Вацлава Ластоўскага. Ленінскі ўрад, разгортваючы падполле і атрады “чырвоных партызанаў”, імкнуўся скарыстаць беларускі рух у сваіх мэтах. Аднак левае крыло партыі эсэраў па-ранейшаму арыентавалася на саюз з бальшавікамі, маючы надзею разам з беларускімі камуністамі атрымаць уладу ў створанай пасля выгнання палякаў беларускай савецкай дзяржаве. I гэтую надзею ўсяляк падтрымліваў ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі, які ўжо не мог ігнараваць беларускія нацыянальныя сілы. Былыя эсэры Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Каранеўскі, Міхась Кудзелька (паэт Міхась Чарот) і іншыя стварылі 1 студзеня 1920 г. Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Яна мела сваім цэнтрам Беларускі педагагічны інстытут у Мінску і абапіралася на падтрымку вясковых настаўнікаў і сялянаў. Гэтая арганізацыя імкнулася разгарнуць партызанскую барацьбу супраць палякаў і накіраваць беларускі рух у чырвонае рэчышча. Разам з тым, беларускія камуністы адстойвалі ідэю беларускай дзяржаўнасці. Такім чынам, польскі шавінізм штурхаў беларусаў у абдымкі расійскіх бальшавікоў-інтэрнацыяналістаў. Але бальшавіцкі рух у Беларусі быў не толькі інтрыгай Масквы. Паступова ён рабіўся адной з ідэйна-палітычных плыняў у самім беларускім грамадстве. Прадстаўнікі гэтай плыні ахвяравалі незалежнасць свайго краю на карысць ідэалаў сацыяльнай рэвалюцыі.

Спроба нацыянальнага паяднання. Новае кіраўніцтва Часовага беларускага нацыянальнага камітэта (Кузьма Цярэшчанка, Вацлаў Іваноўскі, Аркадзь Смоліч і інш.) настойвалі на неабходнасці кансалідацыі беларускага нацыянальнага руху. На працягу першай паловы 1920 г. ЧБНК дамагаўся правядзення Другога Усебеларускага кангрэсу (з’езда) для вырашэння далейшага лёсу Беларусі. 3 гэтым пагаджаліся і беларускія партыі, але польскі ўрад не падтрымаў ініцыятыву ЧБНК. Падчас сустрэчы 20 лютага 1920 г. з Пілсудскім Іваноўскаму ўдалося дамагчыся для беларусаў толькі нрава займацца культурна-асветнай дзейнасцю ў межах Міншчыны ды ўпарадкаваць справы арганізацыі беларускіх вайсковых аддзелаў.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии