Ілля Капіевіч, беларус з Амстэрдама

Гісторыя адлічвала апошнія гады XVI стагодцзя. На расійскі трон узышоў Пётр I, які добра ўсведамляў культурную і навуковую адсталасць сваёй дзяржавы. У Еўропе Расію з яе азіяцкімі парадкамі працягвалі лічыць краем дзікіх гіпербарэйцаў. Цар выпраўляе ў Еўропу сваё Вялікае пасольства, у якім інкогніта едзе сам.

Царская зайздрасць

Першыя адкрыцці зусім не на карысць Расіі. Так, амаль у кожным больш-менш значным еўрапейскім горадзе працуюць друкарскія варштаты. У ягоных жа ўладаннях друкарняў усяго тры, прычым друкуюць яны практычна адны рэлігійныя кнігі. За цэлае стагоддзе выйшла ўсяго сем свецкіх кніжак, у ліку якіх такія захапляльныя выданні, як «Грамота о таможенных пошлинах» І «Соборное уложение». Што ўжо тут казаць пра даступную кожнаму адукаванаму еўрапейцу антычную спадчыну альбо пра навуковыя трактаты і літаратурныя творы сучасных аўтараў, калі ў асабістай бібліятэцы царэвіча Аляксея Міхайлавіча было усяго чатырнаццаць кніг?
Пазайздросціўшы адукаванай Еўропе, у Галандыі Пётр прымае рашэнне разгарнуць там друкаванне неабходных Расіі выданняў: «печатать книги математические, географические, земные, архитектурные, военные, морские и прочие художества…» За гэтае адказнае прадпрыемства бярэцца нідэрландскі купец – Hегацыянт Тысенг. Пасля аказалася, што ён вялікі авантурыст, бо не толькі не валодае рускай мовай, але нават не мае кірылічных шрыфтоў.

Вучоны Ліцвін

I раптам Негацыянту ўсміхаецца Фартуна. Ён даведваецца, што ў Амстэрдаме жыве вучоны літвін Ілля Капіевіч, які, апрача роднай беларускай, валодае яшчэ і польскай, нямецкай, рускай і галандскай мовамі, а на дадатак і лацінскай.
Ілля Фёдаравіч Капіевіч (альбо Капіеўскі, як ён часта падпісваўся) прыйшоў на свет каля 1651 года і, паводле некаторых звестак, быў земляком славутага Пятра Мсціслаўца. Адукацыю еўрапейскага ўзроўню ён атрымаў у заснаванай князем Янушам Радзівілам Слуцкай кальвінскай гімназіі, дзе выкладанне галоўных дысцыплінаў нi ў чым не саступала універсітэцкім курсам. У Галандыю ж таленавітага беларуса прывялі ўцёкі ад пераследу з боку езуітаў.
Велізарную ролю ў пленным супрацоўніцтве Капіевіча з Тысенгам (пазней наш суайчыннік заснаваў уласную друкарню) адыгралі яшчэ і несумненныя літаратурныя здольнасці адукаванага мсціслаўца.
Вельмі часта заслугаю Капіевіча лічаць толькі шрыфт, які быў створаны ім на аснове шрыфта беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны (з улікам літараў лацінскага алфавіта — антыквы) і паслужыў у рэфармаванні расійскай азбукі. Дарэчы, пасля ўвядзення імператарам Пятром I у 1708 годзе так званых «грамадзянскіх» літараў іх у Расіі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў называлі «беларускай азбукай». Сапраўды, удасканаленая Капіевічам кірыліца, якой у ягонай «рэдакцыі» дагэтуль разам з рускімі карыстаюцца беларусы, украінцы, балгары, сербы, македонцы і іншыя народы, — гэта вельмі значны культурны набытак. Аднак заслугі Іллі Капіевіча-асветніка нязмерна шырэйшыя.

Бібліятэка Капіевіча

Вернемся да планаў імператара, што меў намер даць расійскаму чытачу цэлую бібліятэку патрэбных кніг. (Зрэшты, гаворку, відаць, лепей весці пра стварэнне самога чытацкага асяроддзя.) Задачаю Капіевіча быў падбор адпаведнай кнігі з наступнай адаптацыяй тэксту і перакладу. У той час у рускай мове практычна адсутнічала навуковая тэрміналогія, не існавала мноства паняццяў і катэгорыяў, што ставіла перад перакладчыкам надзвычай складаныя праблемы, якія Капіевіч пераадольваў з нязменным поспехам.
У 1699 годзе ў Амстэрдаме выходзіць у свет першая з ягоных кніг — «Введение краткое во всякую историю». Услед за ёю друкуюцца «Книга, учаща морского плавания…», «Краткое собрание Льва Миротворца…» (своеасаблівы падручнік ваенных навук), «Краткое и полезное руковедение во арифметику…», «Буквар языка словенски…» Беларус Капіевіч складае і выдае першыя расійска-лацінска-нямецкі і расійска-лацінска-галандскі слоўнікі. Ён упершыню ўводзіць у кнігадрук нашых усходніх суседзяў арабскія лічбы, публікуе табліцу трыганаметрычных функцыяў і першую карту зорнага неба.
Яшчэ адно найцікавейшае выданне яго заснаванай у 1700 годзе амстэрдамскай друкарні — «Притчи Эссоповы», куды ўвайшлі сорак баек Эзопа і твор пад назваю «Гомерова брань, или Бог жаб и лягушек». Кніга ўпершыню знаёміла расійскага чытача з перекладам на яго родную мову ўзораў антычнага прыгожага пісьменства. (Заўважым, што ў Беларусі творы Эзопа, як і іншых антычных аўтараў, былі вядомыя з часоў Кірылы Тураўскага.)

Да нашых дзён

Апошнія гады Капіевіч пражыў у Расіі, дзе служыў у Пасольскім прыказе. Ёсць сведчанні, што ён балюча перажываў трагедыю сваёй Радзімы ў гады Паўночнай вайны, калі насельніцтва беларускіх земляў скарацілася амаль на трэць, калі загадамі Пятра былі спаленыя Магілёў і Віцебск, узарваная полацкая Сафія, дзе цар з прыдворнымі ўчыніў уласнаручную крывавую расправу над грэка-каталіцкімі святарамі.
Да нашых дзён гісторыя захавала дзесяць кніг Іллі Капіевіча. Усяго ж з 1699 да 1706 года ён выпусціў і падрыхтаваў да друку звыш дваццаці выданняў, якія сёння можна назваць навукова-папулярнымі. Зробленае Капіевічам высока ацанілі расійскія гісторыкі — знаўцы пятроўскае эпохі. Прызнаннем заслугаў нашага суайчынніка з’яўляецца і яго прысутнасць сярод персанажаў пушкінскага «Арапа Пятра Вялікага».

© Уладзімір АРЛОЎ

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии