Кіпрыян Кандратовіч (28 красавіка 1859 в.Зіневічы (цяпер Лідскі раён) — 31 кастрычніка 1932, маёнтак Гародна, Лідскі павет) — расейскі і беларускі вайсковы дзеяч, член Народнага Сакратарыяту БНР. Кандратовічы — старажытны ліцвінскі род, герб — Сыракомля.
Кіпрыян Антонавіч Кандратовіч нарадзіўся 28 красавіка 1859 г. ў вёсцы Зіневічы (Воранаўскі раён).
Вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе.
У 1875 г. у Вільні пачаў вайсковую службу ў 105-м Арэнбурскім пяхотным палку. У 1878 годзе атрымаў званне падпаручніка і перайшоў у Ізмайлаўскі полк лейб-гвардыі ў Санкт-Пецярбургу, які ўдзельнічаў у Расейска-турэцкай вайне. У 1879 годзе перавёўся ў Егерскі полк лейб-гвардыі. У 1884 годзе скончыў курс Мікалаеўскай акадэміі Генэральнага штаба. У 1900 годзе атрымаў званне генерал-маёра і стаў зкамандаваць 2-й брыгадай 30-й пяхотнай дывізіі. Увосень 1900 году падчас паўстаньня баксёраў у Кітаі лятучы атрад пад яго загадам праклаў расейскі тэлеграф ад Порт-Артура праз Мукдэн у Сібір, што злучыла Санкт-Пецярбург з Манчжурыяй і Квантунам. За баявыя дзеяньні атрымаў ордэн святога Ўладзімера 3-й ступені з мячамі. У 1902 годзе прыбыў у распараджэнне загадніка войскамі Квантунскай вобласці Яўгена Аляксеева. У 1904 годзе стаў камандавааць 9-й Усходне-Сібірскай стралковай брыгадай, пазней разгорнутую ў дывізію. Падчас Расейска-японскай вайны ўдзельнічаў у баі пад Вафангоў 1—2 (14—15) чэрвеня 1904 году. 16—18 жніўня ў бітве пад Ляоянам прадухіліў разгром сваёй дывізіі праз прыкрыццё яе адступлення. За гэта 17 ліпеня 1906 году атрымаў ордэн святога Георгія 4-й ступені.
13 лютага 1905 году быў паранены. За вайну таксама атрымаў чын генерал-лейтэнанта, залатую зброю «За храбрасць» і ордэны святога Станіслава 1-й ступені з мячамі і святой Ганны 1-й ступені з мячамі. У 1908 годзе стаў начальнікам штаба Сямірэчанскага казачага войска і памагатым Туркестанскага генерал-губернатара Аляксандра Самсонава. На пачатку 1910 году атрымаў званне генерала ад інфантэрыі і стаў загадваць 1-м Каўказскім армейскім корпусам у Тбілісі. 15 жніўня 1913 г. стаў камандаваць новаўтвораным 23-м армейскім корпусам у Варшаўскай вайсковай акрузе. На пачатку Першай сусветнай вайны разбіў 41-ю пяхотную дывізію ў бітве пад Вапліцам 14/27 жніўня 1914 году і ўзяў звыш 1000 ваеннапалонных немцаў. 30 жніўня яго знялі з пасады камандзіра 23-га корпуса пасля наступу 1-га нямецкага корпуса на Ронцкен. 25 лістапада 1915 году залічаны ў запас Менскай вайсковай акругі. 8 траўня 1917 году стаў загадваць 75-й пяхотнай дывізіяй у Пінску1.
У 1917 г. Кіпрыян Кандратовіч далучаецца да беларускага нацыянальнага руху. На з’ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту ён абіраецца ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР). У траўні-ліпені 1918 году ў Народным сакратарыяце БНР быў народным сакратаром унутраных справаў. У снежні 1918 году ў Вільні стварыў 1-ы беларуск полк, які да красавіка 1918 году ў складзе 5 ротаў і аднаго эскадрона размяшчаўся ў Аляксандраўскіх казармах. У 1919 годзе працаваў у складзе дэлегацыі ўраду БНР на Парыжскай мірнай канфэрэнцыі. У 1920—1921 гадах быў намеснікам міністра аховы краю Летувы. Пасля выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку Гародна ў Лідскім павеце разам з жонкай Адай і дачкой Верай.
На момант адстаўкі, неаднаразова паранены ў баях беларускі генерал меў 61 год узросту. Больш за тры гады, ад самага пачатку ў 1917 г. і практычна да канца, Кандратовіч працаваў над стварэннем беларускага войска — стрыжнем будучай дзяржавы. Калі не прыйсці да высновы, што беларуская ідэя стала яму сваёй, не магчыма адказаць на пытанне, чаму ён быў з беларускім рухам амаль што да апошняй рысы.