На пачатку 1919 г. тэрыторыя Беларускай Народнай Рэспублікі апынулася паміж чатырма ўладамі: нямецкай, якая згортвалася, польскай, савецкай і літоўска-беларускай з цэнтрам у Вільні.
Прадстаўніцтва БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі
18 студзеня 1919 г. у Версальскім палацы пад Парыжам пачалася міжнародная канферэнцыя па выпрацоўцы умоваў міру з Германіяй і яе саюзнікамі.Кіраўніцтва БНР чакала ад міжнароднай сустрэчы спра-вядлівага вырашэння будучыні сваёй Айчыны, бо якраз на пачатку 1919 г. выспявала савецка-польская вайна за панаванне ў Беларусі і Украіне. У Парыж на грошы, пазычаныя ўрадам Украінскай Народнай Рэспублікі, быў накіраваны старшыня ўрада БНР і міністр замежных справаў краіны Антон Луцкевіч. Спецыяльна для ўдзельнікаў Парыжскай канферэнцыі ён падрыхтаваў мемарандум з апісаннем гісторыі Беларусі. Да мемарандума прыкладалася і карта БНР. Спадзяванні перш за ўсё звязваліся з прэзідэнтам ЗША Вудро Вільсанам. Яшчэ на пачатку 1918 г. ён прапанаваў праграму ўладкавання пасляваеннай Еўропы з 14 пунктаў, у якой прадугледжвалася магчымасць стварэння на руінах былых імперыяў новых вольных дзяржаваў. У адным пункце адзначалася, што ў незалежную Польшчу павінны ўвайсці тэрыторыі з бясспрэчна польскім насельніцтвам. Аднак польскія палітыкі такую рэкамендацыю рашуча адмаўлялі.
Расійскае пытанне на канферэнцыі ў Версалі
Прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Азербайджана патрабавалі прызнання незалежнасці і дапамогі ў барацьбе з бальшавікамі. У супрацьвагу ім прадстаўнікі белага руху ў Расіі (“Рускай палітычнай нарады”) даводзілі, што незалежніцкі рух гэтаксама небяспечны Расіі, як і бальшавіцкі. Яны настойвалі на прызнанні толькі культурна-аўтаномных правоў народаў у складзе дэмакратычнай расійскай рэспублікі. Вялікія дзяржавы вырашылі падтрымаць урад Аляксандра Калчака. У барацьбе з Саветамі ім было зручней абапірацца на агульнарасійскага дыктатара, чым на шэраг нацыянальных дзяржаваў, якія не маглі памірыцца і паміж сабой. Урад Калчака стаў правапераемнікам Часовага ўрада, а тыя дзяржавы, што ўзніклі на месцы былой Расійскай імперыі, прызнаваліся толькі фактычна. Калчак абяцаў новаўтвораным дзяржавам аўтаномію. Дзеячы Беларусі, Украіны, Азербайджана, Эстоніі, Грузіі, Латвіі, Паўночнага Каўказа не пагадзіліся з такім рашэннем канферэнцыі і 18 чэрвеня выказалі пратэст.
Версальскі мір
28 чэрвеня 1919 г. пераможаная Германія падпісала Версальскі мір. Брэсцкі трактат 1918 г., паводле якога была падзеленая Беларусь, касаваўся. Парыжская канферэнцыя завершыла сваю працу ў студзені 1920 г. Яе рашэнні садзейнічалі захаванню Расійскай імперыі, якая, насуперак намерам версальцаў, стала бальшавіцкай. Вялікія дзяржавы, найперш Францыя, патуралі палітычным амбіцыям Польшчы з надзеяй, што гэтая краіна можа супрацьстаяць і Германіі, і савецкай Расіі. Адкінуўшы ідэю стварэння на месцы былой царскай Расіі садружнасці незалежных дзяржаваў, “вялікая пяцёрка” падрыхтавала глебу для непазбежнай польска-савецкай вайны за Беларусь. Беларускае прадстаўніцтва на канферэнцыі не змагло прадухіліць неспрыяльныя для свайго народа рашэнні. Фактычна ў Версалі Беларускай Народнай Рэспубліцы быў вынесены ўжо смяротны прысуд.
© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.