Ваенныя дзеянні ўвесну і ўлетку 1920 г. 14 мая 1920 г. Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, якое, аднак, хутка захлібнулася. Затое ў ліпені поспех спадарожнічаў чырвонаармейцам. Праводзілася шырокая мабілізацыя, ствараліся загараджальныя атрады для расстрэлу дэзерціраў. Балшавікі так і не адважыліся стварыць у Чырвонай Арміі беларускія вайсковыя фармаванні. 3 200 тыс. чалавек, мабілізаваных улетку 1919 г. на беларускіх землях, на Заходні фронт былі адпраўленыя толькі 40 тыс. Затое масава прыцягваліся ў Беларусь вайсковыя злучэнні латышскіх чырвоных стралкоў. Малады камандуючы Заходнім фронтам Міхаіл Тухачэўскі, выхадзец з беларускай смаленскай шляхты, трымаў курс на Варшаву, каб распаўсюдзіць ідэі сацыялізму на ўсю Еўропу. Адступленне польскага войска суправаджалася масавым марадзёрствам цывільнага насельніцтва. 11 ліпеня Чырвоная Армія захапіла Мінск, а ў сярэдзіне жніўня падышла да Варшавы. Але там чырваназорныя “пасланцы сацыялізму”, часта галодныя і паўразутыя, сустрэлі ўпартае супраціўленне. А 16 жніўня войска польскае змагло перайсці ў контрнаступленне. У абароне Варшавы ўдзельнічалі 1-я і 2-я беларускія дывізіі, сфармаваныя з жыхароў мястэчак і вёсак паміж Віліяй і Нёманам. У выніку контрнаступлення Мінск зноў на пэўны час (15-17 кастрычніка) перайшоў у рукі польскіх уладаў. Дзесяткі тысячаў палонных чырвонаармейцаў, у тым ліку беларусаў, гінулі ад голаду і хваробаў.
Пачатак гандлю беларускімі землямі. Яшчэ падчас наступлення на Варшаву савецкі ўрад пачаў дзяліць беларускія землі. 12 ліпепя 1920 г., улічваючы, што Літва варагуе з Польшчай, ён схіліў літоўскае кіраўніцтва да падпісання ў Маскве мірнай дамовы. У адпаведнасці з ёю ленінскі ўрад Расіі прызнаваў незалежнасць Літоўскай Рэспублікі, а Віленскі край (з Гародняй, Шчучынам, Лідай, Ашмянамі, Смаргонню, Браславам) – яе неад’емнай часткай. 14 ліпеня Чырвоная Армія заняла Вільню, а пры вераснёўскім адступленні саступіла горад літоўскай арміі. Бальшавікі дамагліся таго, што літоўская дзяржава ўцягвалася ў вострую канфрантацыю з Польшчай і БНР, якія прэтэндавалі на гэтыя ж тэрыторыі. Заняўшы Вільню, літоўскае кіраўніцтва нічога не зрабіла для беларускай справы ані ў адміністрацыйным уладкаванні, ані ў галіне культуры. У сувязі з гэтым беларускія арганізацыі Вільні выказалі недавер Дамініку Сямашку, які з лютага 1920 г. выконваў абавязкі міністра беларускіх справаў ва ўрадзе Літвы, бо Язэп Варонка быў западозраны ў сувязях з Масквой і пакінуў гэтую пасаду.
А паводле жнівеньскай дамовы 1920 г. з Латвіяй, Масква перадала ёй памежную паласу беларускіх земляў Віцебскай губерні разам з Дзвінскам. Праз беларускае насельніцтва Дзвіншчыны яна планавала ўплываць на палітыку суседніх дзяржаваў.
Стаўленне бальшавікоў да аднаўлення БССР. Адначасова ішлі спрэчкі пра аднаўленне савецкай дзяржаўнасці ў Беларусі. Гэтага настойліва патрабавалі беларускія камуністы, якія даказалі сваю адданасць Маскве барацьбой з палякамі. Пра ўзнаўленне Літбела не магло быць гаворкі. Літоўскі народ ужо стварыў сваю асобную дэмакратычную рэспубліку. Грамадзянская вайна пераканала У. Леніна, што без падтрымкі прасавецкіх нацыянальных сілаў бальшавіцкую “імперыю” не стварыць. А таму, каб прадухіліць пераход улады ў рукі нацыянальных сілаў, бальшавікі апраналіся ў нацыянальныя строі. Створаная пры ЦК КП(б) Літвы і Беларусі камісія, хоць і не знайшла ніякіх рэальных падставаў для ўтварэння беларускай савецкай рэспублікі, але мусіла выконваць дырэктывы Масквы.
Другое абвяшчэнне савецкай рэспублікі. 31 ліпеня 1920 г. была апублікаваная Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). Яе тэрыторыя не мела пэўных межаў і складалася прыкладна з 18 паветаў пераважна Мінскай губерні. Масква паспела ўжо прыхапіць значную частку беларускіх земляў сабе, падзяліцца імі з Літвой і Латвіяй, а Беласточчыну ў перспектыве перадаць Польшчы пасля насаджэння там савецкай улады на чале з польскім камуністам Юліянам Мархлеўскім. Вызначэнне межаў з непакорнай Украінай адкладалася. Новаўтвораная Савецкая Беларусь не мела ўнармаванага ўрада. Яго функцыі выконваў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з Аляксандрам Чарвяковым, створаны на аснове былога Мінскага ваеннага рэвалюцыйнага камітэта, што ўзнік яшчэ да заняцця Мінска бальшавікамі. У склад гэтай установы ўвайшлі лідэры беларускіх эсэраў і бундаўцаў. Беларускія эсэры патрабавалі стварэння ўрада з прадстаўнікоў усіх сацыялістычных партыяў, арганізацыі самастойнага Беларускага войска і абвяшчэння поўнай незалежнасці Беларусі. Але Дэкларацыя толькі паўтарала Маніфест марыянетачнага ўрада Зміцера Жылуновіча ад 1 студзеня 1919 г. Таму эсэры яе не падпісалі. А беларускія камуністы пайшлі на супрацоўніцтва з расійцамі, бо верылі ў іх падтрымку незалежнай камуністычнай Беларусі. Што да абласнікоў, то яны шчыра заяўлялі, што разглядаюць ССРБ як нацыянальна-культурную аўтаномію беларусаў у складзе адной Мінскай губерні, дый тое часовую. У канцы 1920 г. Вільгельм Кнорын, старшыня ЦБ Кампартыі Беларусі (асобнай ад літоўскай з 5 верасня 1920 г.), інспіраваў увядзенне спецыяльнага цыркуляра аб перапісцы паміж камісарыятамі ССРБ абавязкова на рускай мове.
Пазіцыя ўрада БНР. Кіраўніцтва БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім не прызнала абвешчанай ССРБ і характарызавала другое ўсталяванне ў Беларусі савецкай улады як маскоўскую акупацыю. Яно патрабавала ад ленінскага ўрада вываду Чырвонай Арміі і прызнання незалежнасці Беларусі. Патрабаванне прызнаць незалежнасць выстаўлялася і Польшчы. Пры ўмове падтрымкі палякамі гэтага патрабавання беларускі ўрад згаджаўся на супольную барацьбу з бальшавікамі. Тым больш, што Польшча прызнала ўжо Украіну і Літву. У маі 1920 г. перад пагрозай падзелу Беларусі паміж Польшчай і Расіяй Вацлаў Ластоўскі быў гатовы на федэрацыю з Польшчай, калі б яна пагадзілася на стварэнне Беларуска-Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Апошнюю спробу дамовіцца з Польшчай В. Ластоўскі зрабіў у верасні 1920 г., калі літоўскае кіраўніцтва пасля адступлення бальшавікоў далучыла да сваёй дзяржавы Віленскі край. Але ні ў Маскве, ні ў Варшаве беларускіх дзеячаў не хацелі слухаць.
Усталяванне прапольскага рэжыму Жалігоўскага. Пасля таго, як Чырвоная Армія адкацілася пад ударамі войска польскага аж за Мінск, 9 кастрычніка 1920 г. польскі генерал Люцыян Жалігоўскі, ураджэнец Ашмянаў і камандзір літоўска-беларускай дывізіі, па ўзгадненні з Пілсудскім атакаваў новыя ўладанні Літвы, захапіў Вільню і абвясціў сябе дыктатарам абвешчанай ім дзяржавы Сярэдняй Літвы. Літоўскі ўрад разарваў дыпламатычныя адносіны з Польшчай і фактычна пачаў з ёй неаб’яўленую вайну. На літоўскі бок стаў і ковенскі ўрад Народнай рады БНР на чале з Ластоўскім. Урад Найвышэйшай рады БНР падтрымаў акцыю Жалігоўскага, але яна не прынесла чаканых палітычных дывідэндаў. Назва “Заходняя Беларусь”, якая спачатку прызначалася для так званай новай дзяржавы, была адхіленая. Дзейнасць урада і сейма Сярэдняй Літвы набывала пры дыктатары відавочны прапольскі змест.
Савецка-польскае перамір’е 1920 г. і яго ўмовы. 12 ліпеня 1920 г. англійскі міністр замежных справаў Джордж Керзан прананаваў бакам ваеннага канфлікту размежаванне па лініі Гародня – Ялаўка – Няміраў – Брэст. Але прапанова была адхіленая савецкім і польскім урадамі. На мірных перамовах у Рызе (верасень-кастрычнік 1920 г.) Расія згаджалася перадаць Польшчы і Мінскую губерню ўзамен на прызнанне палякамі Украінскай ССР. Тым самым савецкі расійскі ўрад У. Леніна свядома ішоў на ліквідацыю савецкай Беларусі, тэрыторыя якой якраз укладвалася тады ў межы Мінскай губерні. Але эндэкі, магчыма, насуперак волі Пілсудскага не дапусцілі далучэння да Польшчы ўсходніх земляў, бо баяліся, што іх праваслаўнае беларускае насельніцтва не ўдасца паланізаваць і што гэтая акцыя можа выклікаць пагаршэнне адносінаў з Расіяй, на ўладу ў якой у той час рэальна прэтэндаваў генерал Пётр Урангель. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе савецкая Расія і Украіна з аднаго боку і Польшча з другога заключылі перамір’е і папярэднія ўмовы міру. Дагавор аб перамір’і (п. 1) прызнаваў незалежнасць савецкай Украіны і савецкай Беларусі. Польшча пайшла на прызнанне гэтых савецкіх рэспублік, а ўзамен змагла ўтрымаць занятыя падчас контрнаступлення вялікія беларускія і ўкраінскія тэрыторыі. Мяжа падзелу Беларускай Народнай Рэспублікі праходзіла крыху на захад ад Дрысы (на поўначы), Мінска (у цэнтры) і Турава (на поўдні), прыкладна супадаючы з лініяй нямецкіх акопаў першай сусветнай вайны. Пасля падпісання савецка-польскага перамір’я за абвешчанай ССРБ засталося ўсяго шэсць паветаў былой Мінскай губерні: Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі (52,3 тыс. кв. км), дзе жыло крыху больш за 1,5 млн. чалавек. 12 паветаў савецкай Беларусі адышлі Польшчы. Усе астатнія беларускія землі яшчэ раней забрала бальшавіцкая Расія.
© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.