Партызаны прыступілі да правядзення ваенных дыверсіяў, вызвалялі ваеннапалонных і мабілізаваных на працу ў Германію. Сталін патрабаваў далейшай актывізацыі партызанскай барацьбы ў Беларусі, бо ўлетку чакаўся новы ўдар немцаў на Маскву. Але ў чэрвені немцы ўсе сілы кінулі на поўдзень, у напрамку Сталінграда, і партызанская дыверсійная дзейнасць на чыгунках Беларусі не вельмі ім нашкодзіла. Зацішша на цэнтральным участку фронту дало магчымасць партызанам распачаць барацьбу з нямецкай адміністрацыяй. Партызаны вынішчалі бургамістраў разам з сем’ямі (усяго загінула 500 чалавек). Вялася інтэнсіўная ідэалагічная апрацоўка насельніцтва. 3 пачатку 1942 г. у савецкім тыле дзейнічала радыёстанцыя “Савецкая Беларусь”. Праз паўгода быў наладжаны выпуск падпольных газэтаў, у тым ліку беларускіх. Людзей пераконвалі, што пасля вайны Сталін збіраецца распусціць калгасы, што партызаны ваююць за новы лад жыцця ў СССР. Калі не дапамагалі ўгаворы, скарыстоўвалі тэрор. За супрацоўніцтва з немцамі прысланыя з Масквы нкусаўцы ў асобных выпадках палілі беларускія вёскі. Настаўнікаў, што працавалі ў адчыненых немцамі беларускіх школах, расстрэльвалі як здраднікаў, а школьныя будынкі псавалі ці вынішчалі агнём. У 1942 г. на тэрыторыі Беларусі сфармаваліся структуры партыйнага падполля. Дзейнічалі патаемныя абкамы, гаркамы і райкамы камуністычнай партыі, камсамола. Беларускі народ апынуўся паміж дзвюх уладаў, як паміж молатам і кавадлам. Пакрыўджаныя бальшавікамі ішлі ў паліцыю, пакрыўджаныя фашыстамі – да партызанаў. Моладзь, каб пазбегнуць вывазу ў Германію, уцякала ў лес. Вельмі ўзмацніў партызанаў сакавіцкі загад вермахта аб вяртанні размешчаных па вёсках чырвонаармейцаў-акружэнцаў у лагеры ваеннапалонных. Забіралі ў партызаны і пад прымусам. Спачатку партызаны не выклікалі вялікага спачування. Сваёй жорсткасцю і марадзёрствам яны выклікалі ў вясковага насельніцтва нават большую прыкрасць, чым немцы. У жніўні 1942 г. Сталін адмовіўся ад цэнтралізаванай матэрыяльнай падтрымкі партызанскіх атрадаў і раіў ім перайсці на самазабеспячэнне за кошт ворага. I некаторыя “народныя мсціўцы” забіралі ў вяскоўцаў не толькі тое, у чым мелі патрэбу, але і дзіцячае адзенне, гадзіннікі, упрыгожванні, а потым прапівалі нарабава- нае. Былі выпадкі збіцця і забойства сялянаў. Партызанаў наз валі бандытамі нават тыя, хто чакаў прыходу Чырвонай Арміі. У 1942 г. партызанскі рух канцэнтраваўся пераважна ва ўсходняй Беларусі. Масква не хацела псаваць адносінаў з польскім прэм’ерам Уладзіславам Сікорскім, а таму не ўзмацняла дзейнасці партызанаў на захад ад былой мяжы 1939 г. У канцы 1942 г. савецкія партызаны кантралявалі каля 30% тэрыторыі Беларусі, у іх шэрагах налічвалася каля 50 тыс. чалавек. Але да 1943 г. масавага наплыву ў партызаны не было.
Месяц |
Выбухі на чыгунцы
|
Колькасць знішчаных
|
|
---|---|---|---|
паравозаў | вагонаў | ||
люты | 6 | 5 | 38 |
сакавік | 25 | 5 | 37 |
красавік | 65 | 13 | 45 |
травень | 145 | 20 | 85 |
чэрвень | 262 | 62 | 238 |
ліпень | 398 | 107 | 430 |
жнівень | 539 | 153 | 348 |
верасень | 695 | 184 | 636 |
Крыніца: [Рапарт Бергера], 22.10.1942. AAN. Mikrofilmy aleksandryjskie. Т-175. R.129/2655182.
© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.