Старажытны перыяд гісторыі
100 тыс. год да н.э. — VIII ст.
Першабытны перыяд
100 тыс. год да н.э. – V ст.
Пачынаецца ад часу Вялікіх зледзяненняў і першых спробаў засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі і ахоплівае этапы ўзнікнення шматлікіх першабытных культур на працягу існавання першабытнага грамадства. Пасля рассялення індаеўрапейцаў у Еўропе, якое паклала пачатак эпохі металаў, у першабытнай гісторыі Беларусі распачынаецца балцкі перыяд, звязаны з рапаўсюджаннем плямён балцкай супольнасці, дамінаванне якіх працягвалася да з’яўлення славянскіх плямёнаў, якое адбылося ў канцы эпохі.
Каменны век
100 тыс. год да н.э. – пач. 2-га тыс. да н.э.
Бронзавы век
Пач. 2-га тыс. – VIII-VII ст. да н.э.
Жалезны век
VIII-VII ст. да н.э. — V ст.
Пераддзяржаўны перыяд
V — VIII стст.
Час рассялення на тэрыторыі Беларусі славянскіх плямён і iх суадносiн з тутэйшым балцкiм насельніцівам. Стварэнне плямянных саюзаў, паступовы пераход ад ваеннай дэмакратыі да ранняй дзяржавы.
Рассяленне славян
кан. V – пач. IX ст.
Перыяд Русі
IX – пач. XIII ст.
Нарманскі перыяд
820-я – 970-я гг.
Час пранікнення вікінгаў на балта-славянскія землі, утварэння Русі і ўваходжання большасці беларускіх земляў у склад Кіеўскай дзяржавы. Узнікненне і развіццё самастойных дзяржаў у Полацку і Тураве. Перыяд заканчваецца захопам Полацка наўгародскім князем Уладзімерам і смерцю полацкага князя Рагвалода.
Ранні перыяд
кан. VIII ст. – 879 гг.
Утварэнне дзяржаўнасці
879 — 980 гг.
Перыяд магутнасці
980-я – 1101 гг.
Перыяд распачынаецца вяртанням полацкага пасаду нашчадкамі Рагвалода, паступовым выхадам Полацка з-пад улады Кіева і заканчваецца смерцю Усяслава Чарадзея. За яго княжанням Полацкая зямля дасягае велічы сваёй магутнасці, пашыраючы сваю уладу на землі Літвы і Ніжняга Падзвіння і становіцца значнай дзяржавай на землях усходніх славян.
Умацаванне і росквіт дзяржаўнасці
980-я – 1101 гг.
Перыяд раздробленасці
1101 г. – пач. XIII ст.
Перыяд распаду Полацкай зямлі на асобныя княствы і ўнутранай барацьбы. З’яўленне Віцебскага, Друцкага, Менскага, Ізяслаўскага, Лагойскага удзельных княстваў, а таксама залежных ад Полацка земляў Герцыке і Кукейнойс на ніжняй Дзвіне. Працяг барацьбы з Кіеўскай дзяржавай. Аднаўленне самастойнасці Тураўскага княства і яго распад на ўдзелы. Фарміраванне Берасцейскай зямлі. Узрастанне ролі Смаленску і Літвы ў палітычным жыцці беларускіх земляў. Пошукі шляхоў кансалідацыі ў сувязі з агрэсіяй крыжацкіх ордэнаў і пагрозай мангола-татарскага нашэсця.
Княжанне Глеба Усяславіча ў Менску
1101 – 1119 гг.
Пад націскам экспансіі
1199 – 1229 гг.
Перыяд ВКЛ
XIII ст. – 1569 г.
Новагародскі перыяд
~1230 – 1316 гг.
Час аб’яднання літоўскіх зямель і суседніх беларускіх княстваў пад уладай літоўскага конунга Міндоўга. Пачатак знішчэння племяннога ладу і усталявання неабмежаванай манархіі федэратыўнага тыпу на аснове літоўска-беларускай тэрытарыяльнай і палітычнай супольнасці. Са смерцю Міндоўга распачынаецца дынастычная барацьба за ўладу з кароткачасовыямі уладараннямі нашчадкаў Міндоўга. Перыяд уплыву Галіцка-Валынскага княства на Літву ў час княжання Войшалка змяняецца вяртаннем да самастойнай палітыкі ў часы княжання Трайдзена.
Утварэнне ВКЛ
1230 – 1263 гг.
Першыя ўладары княства
1263 – 1289 гг.
Узмацненне дзяржавы
1290 – 1316 гг.
Віленскі перыяд
1316 – 1385 гг.
Перыяд распачынаецца з пачаткам княжання Гедыміна і пераносу ім сталіцы ў Вільню. Перыяд характэрызуецца імклівым пашырэннем тэрыторыі ВКЛ галоўным чынам за кошт большай часткі сучаснай тэрыторыі Беларусі. Час ўмацавання княжаскай улады, дыпламатычных поспехаў у Заходнім і Усходнім напрамку. Са смерцю Гедыміна ў ВКЛ пачынаецца перыяд дыярхіі: кіраванне дзяржавай ажыццяўляецца дзвюмя князямі – Кейстутам і Альгердам, з якіх апошяняму дасталіся ў спадчыну усходнія землі, да якіх на працягу кіравання дадаліся новыя.
Пашырэнне цэнтральнай улады
1316 – 1341 гг.
Княжанне Альгерда
1345 – 1377 гг.
Ягайла і дынастычная вайна
1377 – 1384 гг.
Крэўскі перыяд
1385 – 1569 гг.
Крэўская ўнія, заключаная паміж Польшчай і ВКЛ у 1385 г. адкрыла новы перыяд у айчыннай гісторыі, які і стаў фактычна перыядам уній. Яе падпісанне паставіла пад пагрозу незалежнасць ВКЛ, што выклікала рух пратэсту сярод знаці, скарыстаўшы які да ўлады прыходзіць Вітаўт. Княжанне Вітаўта пачалося з шэрагу няўдач, выникам якіх стала паражэнне ад татар на Ворскле. Для супрацьдзеяння Ордэну ВКЛ мусіла заключыць новую ўнію з Польшчай. Кульмінацыяй княжання Вітаўта становіцца яго ўдзел у Грунвальдскай бітве, дзе ён разам з Ягайлам атрымлівае перамогу над крыжакамі. У часы княжання Вітаўта ВКЛ дасягае максімальнага пашырэння сваёй тэрыторыі.
Супярэчнасці паміж ВКЛ і Вялікім Княствам Маскоўскім, якія наспявалі гадамі, ўрэшце выліліся ў шэраг войнаў у XV-XVI ст. Акрамя націску з усходу ВКЛ павінна была адбіваць напады татараў з Крымскага ханства. Пачатак праўлення Жыгімонта Аўгуста знаменаваны правядзеннем аграрнай рэформы (“валочнай памеры”), якая стала важным этапам развіцця гаспадаркі ў ВКЛ. Лівонская вайна з Маскоўскай дзяржавай прывяла ВКЛ да значных тэрытарыяльных стратаў і з’явілася прычынай унутранага палітычнага крызісу, які вымушаў палітычную эліту дзяржавы ісці на больш шчыльныя кантакты з Польшчай, якая ў выпадку аб’яднання абяцала ваенную дапамогу. У выніку была падпісана Люблінская унія, якая прывяла да аб’яднання ВКЛ і Кароны Польскай у адну дзяржаву – Рэч Паспалітую.
Княжанне Вітаўта
1392 – 1430 гг.
Перыяд палітычнага крызісу
1430 – 1440 гг.
Час Казіміра Ягайлавіча
1440 – 1492 гг.
Княжанне Аляксандра
1492 – 1506 гг.
Час Жыгімонта Старога
1506 – 1548 гг.
Жыгімонт ІІ Аўгуст і Люблінская унія
1548 – 1569 гг.
Перыяд Рэчы Паспалітай
1569 — 1795 гг.
Ранняя выбарная манархія
1572 – 1648 гг.
Пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ў Рэчы Паспалітай пачаўся перыяд унутранага крызісу, звязанага з пошукам новай кандыдатуры на каралеўскі і вялікакняскі трон. У выніку новым манархам быў абраны Стэфан Баторы, які ўзнавіў ваенныя дзеянні супраць Масквы, у ходзе якіх быў атрыманы шэраг перамог і вернуты ў склад ВКЛ страчаныя раней беларускія землі.
Важнейшымі асаблівасцямі эканамічнага развіцця беларускіх зямель у гэты перыяд былі паспяховыя наступствы аграрнай рэформы і бурны рост гарадоў і мястэчак. Рэлігійнае жыццё было адзначана разгарнутым наступам каталіцкай царквы, узначаленай езуітамі, як рэакцыя на пашырэнне ідэй пратэстантызму. Прывілегіраванае становішча каталіцкага касцёла і крызіс праваслаўнай царквы ўсё больш схілялі палітычную эліту Рэчы Паспалітай да ідэі аб’яднання заходняй і ўсходняй канфесіі, якое ўрэшце і адбылося, выклікаўшы неаднолькавую рэакцыю ў розных слаях грамадства.
Бескаралеўе
1572 – 1576 гг.
Час Стэфана Баторыя
1576 – 1586 гг.
Час Жыгімонта Вазы
1587 – 1632 гг.
Час Уладзіслава IV Вазы
1632 – 1648 гг.
Пачатак заняпаду
1648 – 1763 гг.
Казацкае паўстанне на Ўкраіне на чале з Б. Хмяльніцкім дало штуршок для сялянскіх хваляванняў у паўднёвых раёнах ВКЛ, але ВКЛ здолела мабілізаваць сілы, выцясніць казакоў з тэрыторыі Беларусі. Тым часам Маскоўская дзяржава вырашыла скарыстацца аслабленнем Рэчы Паспалітай у казацкай вайне і нанесці удар на землі ВКЛ.
У выніку працяглых войн, асабліва з пачатку да сярэдзіны XVII стагоддзя, беларускае грамадства перажывае заняпад, а разам з ім адбываецца заняпад усяго ВКЛ, якое ужо не мае сіл супрацьстаяць спачатку паланізацыі, а затым поўнаму захопу Расійскай Імперыяй.
“Крывавы патоп”
1648 – 1667 гг.
Час Яна ІІІ Сабескага
1674 – 1696 гг.
Паміж Швецыяй і Расіяй
1697 – 1763 гг.
Канец Рэчы Паспалітай
1763 – 1795 гг.
Са смерцю Аўгуста ІІІ разгарэлася барацьба за трон, якую ўдала выкарыстоўвалі моцныя суседзі Рэчы Паспалітай Расія і Прусія. У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога да Расіі адыйшла амаль трэцяя частка тэрыторыі Беларусі.
Пасля першага падзелу палітычная эліта Рэчы Паспалітай пачала актыўна дзейнічаць і склікала ў Варшаве сойм, які пачаў працу над праграмай дзяржаўных рэформаў і на якім была прынята канстытуцыя. У выніку Прусія і Расія ўчынілі другі падзел Рэчы Паспалітай. Як рэакцыя на гэтыя падзеі пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Пасля задушэння паўстання адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, з канцом якой перастала існаваць і ВКЛ, а ўся тэрыторыя Беларусі апынулася пад уладай Расійскай Імперыі.
Ад анархіі да анэксіі
1763 – 1772 гг.
Рэформы і канстытуцыя
1788 – 1792 гг.
ІІ і ІІІ падзелы Рэчы Паспалітай
1793 – 1795 гг.