Генрых Валуа (пасля французскі кароль Генрых III) апынуўся на троне як кампрамісны прэтэндэнт. Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста спынілася дынастыя Ягелонаў. Абранне новага караля і вялікага князя пагражала выліцца ва ўнутраны канфлікт. Частка шляхты прапаноўвала абраць караля з асяродзьдзя мясцовай шляхты (Пяста). Але такая прапанова выклікала ахоўную рэакцыю шляхты ня схільнай абыякава назіраць за узмацненнем аднаго з родаў. Другімм прэтэндэнтамі на пасад былі эрцгерцаг Эрнэст (сын імператара Максіміліяна), Юхан III – кароль Швецыі (жанаты на Кацярыне Ягелон), Стэфан Баторый (князь Сяміградскі), Іван IV Грозны.
На гэты момант сітуацыя ў дзяржаве была вельмі складанай. Працягвалася Лівонская вайна, на паўднёвым усходзе гэтак жа было неспакойна. Акрамя шляхты. што падтрымлівала сваіх прэтэндэнтаў, ціск аказвалі і суседзі. Так Турцыю не задавальняла кандыдатура Эрнэста, Іван Жахлівы вылучаў надмерныя патрабаванні, Шведскі кароль не выклікаў даверу больш як асоба.
У такой сітуацыі ў “першым туры” перамога засталася за двума прэтэндэнтамі: Эрнэстам Аўстрыйскім і, як ні дзіўна, Генрыхам Валуа. Супраць Генрыха былі настроеныя пераважна прадстаўнікі пратэстанцкіх сем’яў. Падзеі Варфаламееўскай ночы ў Парыжы ладна сапсавалі імідж Валуа ва ўсёй Еўропе, і пасланцу Манлюку давялося досыць доўга даказваць недатычнасць Генрыха да разні гугенотаў.
5 красавіка 1573 года адбылося галасаванне, у якім Генрых Валуа атрымаў перамогу. Яго прадстаўнікі падпісалі і важны дакумент больш вядомы як Генрыкавы артыкулы. Пасля ўсе новыя каралі і вялікія князі пры уступленні на пасад былі вымушаныя пацвярджаць дзеянне гэтых законаў. Генрыкавы артыкулы юрыдычна замацавалі перамогу шляхты над уладай манарха. Таксама быў складзены акт з абавязацельствамі новага караля – pacta conventa, дзе сярод іншага Генрых павінен быў пагасіць ўсе даўгі Жыгімонта Аўгуста, забяспечыць атрыманне польскай моладдзю адукацыі ў Парыжы, выставіць некалькі тысяч салдат пяхоты супраць Івана Грознага, выплачваць штогод у польскую казну 450 тысяч злотых з сваіх асабістых даходаў, паслаць французскі флот на Балтыку, забяспечыць будаўніцтва польскага флоту. І яшчэ. Генрых павінен быў ажаніцца на Ганне Ягелон, дачцэ Жыгімонта Старога і Боны Сфорца. 22 гадоваму Генрыху такім чынам дасталася 49-гадовая нявеста.
Генрых Валуа хоць і меў некаторыя дзівацтвы ў вачах сучаснікаў, аднак не быў падобны на таго караля, чый вобраз абессмяроціў Аляксандр Дзюма. Ён быў добра адукаваны, быў добрым наезнікам і фехтавальшчыкам і валодаў досыць шырокімі поглядамі. Прывезеныя польскай амбасадай ўжо падпісаныя дакументы выклікалі толькі шок. Такое абмежаванне каралеўскай улады ў абмен на трон выглядала сумнеўнай здзелкай. Тым не менш, усе ўмовы былі прынятыя. Кароль Карл ІХ хоць і валодаў слабым здароўем, але разлічваў на спадчыннікаў. У яго ўжо была дачка ад жонкі, а палюбоўніца нарадзіла сына. Таму блізкасць дастаткова ўплывовага брата пры двары была яму не выгадная. Генрых неахвотна не спяшаючыся адправіўся ў Кракаў.
Мяркуючы па паводзінах Генрыха ў Польшчы, ні аднаго са сваіх абяцанняў ён стрымліваць не збіраўся. Разумеючы хісткасць свайго становішча і шкоду рэлігійнай барацьбы для дзяржавы, Генрых заручыўся падтрымкай двух уплывовых людзей Польшчы – Яна Замойскага і Яна Фірлея. Больш за ўсё Генрыху не хацелася выконваць абяцанне ажаніцца. Сваё вяселле ён адкладваў усімі праўдамі і няпраўдамі. Выкарыстоўваючы традыцыю шляхты ўжываць алкаголь без меры, Генрых праводзіў вечары і ночы ў балях і азартных гульнях, а днём аддаваў перавагу сну. Такі лад жыцця, ды і сам вонкавы выгляд караля (пярсцёнкі, завушніцы, касметыка) не дадаваў папулярнасці каралю. Адбівалася розніца менталітэтаў. Але далейшае жыццё Генрыха паказала, што ён быў не схільны здзяйсняць імпульсіўныя ўчынкі, пакутаваў прыступамі меланхоліі. Хутчэй за ўсё, такі лад жыцця Генрых выбраў для таго каб вытрымаць паўзу, неабходную ў склаўшымся становішчы. Сучаснікі адзначалі розум і хітрасць Генрыха. Можна не сумнявацца ў тым, што дэлегаванне ўладных паўнамоцтваў магнатам цалкам задавальняла караля.
Нарэшце была прызначаная дата аб’явы заручын, але за дзень да таго Генрых даведаўся пра смерць брата – Карла IX. Для яго гэта быў цудоўны шанец пазбегнуць жаніцьбы, а галоўнае – змяніць трон Рэчы Паспалітай на французскі. План уцёкаў быў просты: пасля працяглага балю, усыпіўшы пільнасць прыдворных, з малой світай Генрых проста паскакаў на Захад. Кароль збег з свайго каралеўства. За ўцекачом неадкладна падрыхтавалі пагоню. Трэба аддаць Генрыху належнае, бо сваю фору ён выкарыстаў вельмі пісьменна. Яго дагналі толькі ля самай мяжы. Далей рушыла ўслед кранальная сцэна, дзе Генрых дае абяцанне вярнуцца, яшчэ адно абяцанне, якое ён не меў намеру выконваць. Наперадзе яго чакалі гады рэлігійных войнаў, жаніцьба на шчыра закаханай у яго Луізе Латарынгскай, барацьба за ўласны трон і смерць ад рукі фанатыка.
Кароткае «праўленне» Генрыха Валуа пакідае масу пытанняў. Хутчэй за ўсё, Генрых, падпісваючы дамову з Рэччу Паспалітай, спадзяваўся ўбачыць тыя ж структуры, якія ён бачыў у Францыі. Але рэальнасць апынулася іншай. Выдатны прыклад таго, як заходнія ідэі і бачанні трансфармуюцца ў нешта зусім іншае, нярэдка супрацьлеглае першапачатковым задумам.