1517 – 1525 гг.
Гравюры кніжных выданняў Ф. Скарыны – найбольш раннія ілюстрацыйныя гравюры ў славянскім друку. Змяшчаюць 52 ксілаграфіі: 47 у пражскіх выданнях і 5 у віленскіх, а таксама больш за 500 заставак і 900 ініцыялаў1.
Упершыню ў кірыліцкім друкарстве Ф. Скарына ўвёў тытульны ліст, фаліяцыю старонак, калантытулы, сцішыцы, складаныя шматфігурныя ілюстрацыі. Гравюры і арнаментыка кніг даюць яркія і наглядныя прыклады кантактаў усходнеславянскай друкаванай кнігі з мастацтвам позняй готыкі і Рэнесансу.
Ступень удзелу Ф. Скарыны ў стварэнні гравюр застаецца не вырашанай. Па пераважнаму мяркаванню Скарына хутчэй быў малявальшчыкам асобных гравюр, аўтарам кампазіцый. Мог таксама адыгрываць ролю кансультанта, арганізатара ўсіх работ у друкарні, натхніцеля мастакоў. Яму, безумоўна, належаць усе подпісы да ілюстрацый, малюнак шрыфту Бібліі, за аснову якога Скарына ўзяў паўустаў беларускіх рукапісаў (Літоўскай метрыкі XV ст. і інш.), які ім быў мадыфікаваны адпаведна з друкарскім мастацтвам. На Захадзе кірыліцкі шрыфт не мог быць зроблены без папярэдніх эскізаў, малюнкаў Скарыны.
Існуе мяркаванне, што ў выкананні гравюр маглі прыняць удзел мастакі чэшскай гравёрнай школы (якая ў тыя часы яшчэ фактычна не існавала). Між тым факты сведчаць пра кантакты шэрагу гравюр Скарыны з нямецкай (нюрнбергскай) школай гравюры, што ў часы Скарыны дамінавала ў Еўропе. Аднак большасць ілюстрацый Скарыны вылучаюцца мастацкай самастойнасцю і не маюць адпаведных аналогій.
Сведчаннем удзелу розных майстроў у стварэнні гравюр з’яўляюцца некаторыя адрозненні ў тэхнічным узроўні выканання, у вобразна-стылістычным вырашэнні ілюстрацый, заставак і ініцыялаў, што асабліва відавочна становіцца пры параўнанні выяўленчых элементаў у пражскіх і віленскіх выданнях.
Пражскія выданні – “Псалтыр” (6 жніўня 1517 г.) і 22 кнігі Бібліі (калі кнігу “Царстваў” лічыць за 4 кнігі): Старога Запавету (“Библия руска”), “Іоў”, “Прытчы Саламона”, “Ісус Сірахаў” (усе 1517 г.), “Еклесіяст”, “Песня песняў”, “Прамудрасць Божая”, “Царствы”, “Ісус Навін” (усе 1518 г.), “Юдзіф”, “Суддзі”, “Быццё”, “Выхад”, “Левіт”, “Лічбы”, “Другі закон”, “Руф”, “Эсфір”, “Плач Ераміі”, “Прарок Данііл” (усе 1519 г.). Некаторыя з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519 г., магчыма, надрукаваны ў 1520 г.
Пражскія асобныя выданні надрукаваны ў “чацвёрку” – у 4-ю частку аркуша. У “Псалтыру” выкарыстана фірменная папера з філігранямі – відарысам галавы быка (нярэдка з крыжом паміж рагамі), астатнія 22 кнігі Бібліі надрукаваны на паперы нізкіх гатункаў, без вадзяных знакаў.
Пражскія выданні надрукаваны адным чорным колерам, за выключэннем “Песні песняў”, дзе ужыты таксама чырвоны колер. Яшчэ адзін выпадак ужывання чырвонага колеру – тытул “Библии рускай”. Даследаванні сведчаць, што чырвоны і чорны колер друкаваліся майстрамі з дзвюх форм у два прагоны.
Выданні 1517 г.
Скарынаўскі Біблейскі цыкл ілюстрацый з’яўляецца першым ва Ўсходняй Еўропе і складаецца з 51 адбітка (з 47 дошак). Уяўляе сабой у асноўным шматфігурныя кампазіцыі на тэмы Старога запавету. У кірыліцкім кнігадрукаванні гэта першыя ілюстрацыі, якія даюць выяўленчую інтэрпрэтацыю Свяшчэннага пісання. З мініяцюрай беларускіх (і ў цэлым усходнеславянскіх) рукапісаў біблейскі цыкл ілюстрацый Скарыны па стылю і тэматыцы не мае нічога агульнага. Усе гравюры выкананы у традыцыях заходнееўрапейскага мастацтва2.
Выданні 1518 г.
Найбольшую цікавасць з усяго біблейскага цыклу ўяўляе партрэтная выява Скарыны. На думку некаторых даследчыкаў, партрэт Скарыны – ледзьве не адзіны выпадак, калі ў сакральнай кнізе хрысціянскай царквы змешчаны рэалістычны партрэт свецкай асобы, вучонага-гуманіста. Сучасным даследчыкам вядомы толькі два адбіткі партрэта асветніка: у кнігах “Ісус Сірахаў” (1517, л. 82) і “Царствы” (1518, ліст 242). За трэці гравюрны партрэт Скарыны з яго кнігаў некаторыя памылкова лічаць копію партрэта, зробленную ў тэхніцы медзярыту ў XIX ст. А. А. Фларовым, доказам аўтарства якога з’яўляецца манаграма “Гр. Ал. Ф.” змешчаную ў ніжнім левым кутку гравюры.
Выданні 1519 г.
Дрэварыты Бібліі Скарыны па мастацкіх асаблівасцях і функцыянальнаму прызначэнню можна падзяліць на гравюры-партрэты, сюжэтна-тэматычныя (тытульная) ксілаграфія, прадметна-пазнавальныя ілюстрацыі прыкладнога характару, а таксама арнаментальна-дэкаратыўныя ўпрыгожанні: застаўкі, канцоўкі, ініцыялы.
Віленскія выданні – “Малая падарожная кніжка” (1522 г.), якая складаецца з 23 частак: “Пісаныя рэчы”, Псалтыр, “Часасловец”, “Акафіст магіле гасподняй”, “Канон магіле гасподняй”, “Акафіст архангелу Міхаілу”, “Канон архангелу Міхаілу”, “Акафіст Іаану Прадцечы”, “Канон Іаану Прадцечы”, “Акафіст Багародзіцы”, “Канон Багародзіцы”, “Акафіст святым Пятру і Паўлу”, “Канон святым Пятру і Паўлу”, “Акафіст святому Міколе”, “Канон святому Міколе”, “Акафіст крыжу гасподняму”, “Канон крыжу гасподняму”, “Акафіст Іісусу”, “Канон Іісусу”, “Шасцідневец”, “Канон пакаяльны”, “Канон на ютрані”, “Саборнік”. Некаторыя часткі “Малой падарожнай кніжкі”, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі; “Апостал” (1525 г.)3.
Віленскія выданні надрукаваны у 8-ю долю аркуша (асобныя выданні), на фірменнай паперы з філігранямі (галава быка, кабан, карона і інш.). Відарыс быка на паперы некаторыя даследчыкі лічаць сведчаннем яе вытворчасці ў Германіі, іншыя – знакам гатунку паперы4.
- Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва. Том 1. – Мінск, “Беларусь”, 2007
- Баразна Л. Ц. (Прадмова Шматава В. Ф.) Гравюры Францыска Скарыны. Выд. 2-е. – Мінск, “Беларусь”, 1990
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (у шасці тамах). Том 6, кніга 1. – Мінск, “Беларуская энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі, 2001
- Гісторыя беларускага мастацтва (у шасці тамах). 1-ы том. – Мінск, “Навука і тэхніка”, 1987