Палітычная сітуацыя на Беларусі пасля выгнання Напалеона

Пасля выгнання Напалеона далейшы лёс Беларусі быў у значнай ступені абумоўлены барацьбой рускіх і палякаў за культурны ўплыў на беларускіх землях. I па першым часе палякі, узяўшы ўзамен зброі веды, паспяхова адбівалі “атакі” сваіх пераможцаў у мінулай вайне. Выяўлялася імкненне ператварыць землі былога Вялікага Княства Літоўскага ў польскую правінцыю.

Урадавая палітыка

Аляксандр I заўсёды выяўляў свае сімпатыі да Польшчы. Не абышлося тут і без уплыву езуіцкага ордэна. Яго дзейнасць была спыненая ў 1773 г. па загадзе рымскага папы. Але езуіты, як ужо згадвалася, знайшлі сабе прытулак у Расіі, дзе мелі падтрымку царскага двара. Сярод блізкіх сяброў імператара быў Адам Чартарыскі, прадстаўнік польскай арыстакратыі. Ен уваходзіў у склад царскага “Інтымнага камітэта”, дзе выпрацоўваўся палітычны курс Расіі, а пазней заняў пасаду міністра чужаземных справаў. Зразумела, што і Аляксандр, і яго акружэнне глядзелі на Беларусь у значнай ступені вачыма Чартарыскага. Беларускія землі ўспрымаліся ў рускім грамадстве як польскія. Так, у сваіх мемуарах былы партызан (а пасля генерал) Дзяніс Давыдаў называў Беларусь “чужым нам польскім краем”. Нават вучоныя людзі не ведалі, што Беларускі край меў раней сваю дзяржаўнасць і зберагаў самабытную культуру. I толькі дзеячы кацярынаўскай эпохі, такія як паэт Гаўрыла Дзяржавін, гісторык Мікалай Карамзін, упарта трымаліся старых поглядаў і лічылі Беларусь краем рускім, а не польскім. Але ніхто тады не прызнаваў яго самабытнасці.

Еўрапейскі кантэкст

Пасля перамогі над Напалеонам Аляксандр I разлічваў узяць пад свой пратэктарат княства Варшаўскае. Адам Чартарыскі прапаноўваў цару далучыць да княства беларускія землі і ўтварыць такім чынам Польскае каралеўства, якое б падпарадкоўвалася Расіі. Гэтыя планы ўдалося часткова здзейсніць. Агульнаеўрапейскі кангрэс манархаў, што працаваў у Вене ў канцы 1814—1815 гт., перадаў Расіі значную частку княства Варшаўскага за яе заслугі ў перамозе над напалеонаўскай Францыяй. А вось падпарадкаваць Варшаве Беларусь Аляксандр I не адважыўся, бо сутыкнуўся з варожым стаўленнем кіраўнічых колаў імперыі да палякаў, нядаўніх хаўруснікаў Напалеона. Тым не менш, рускі манарх па-ранейшаму патураў палякам у Беларусі, асабліва ў галіне асветы. Такім чынам ён разлічваў знайсці паразуменне з арыстакратыяй былой Рэчы ГІаспалітай і паспрыяць умацаванню імперыі. Асвета займала ва нае месца ў палітыцы Аляксандра I не толькі таму, што ён быў адукаваным манархам і знаходзіўся пад уплывам асветніцкіх ідэяў, якія тады панавалі ў Еўропе. Адразу пасля захопу Вялікага Княства Літоўскага перад Расіяй паўстала праблема яго культурнага падпарадкавання. Толькі вось візантыйска-азіяцкія традыцыі рускай культуры тут не ўспрымаліся.

Партрэт імператара Аляксандра І. Фрагмент. 1812 г.

Беларусь была бліжэй да еўрапейскіх культурных каштоўнасцяў. Гэта прымушала кіраўніцтва Расійскай імперыі ісці насустрач культурным запатрабаванням мясцовай шляхты, еўрапеізавацца самому.

Фармаванне школьнай палітыкі

Ужо ўрад Кацярыны II дзеля больш паспяховай русіфікацыі Беларусі адкрыў тут новыя рускія народныя вучэльні, створаныя на ўзор аўстрыйскіх школаў. Гэта былі прагрэсіўныя навучальныя ўстановы, у якіх упершыню хлопчыкі і дзяўчынкі, дзеці дваранаў, купцоў, мяшчанаў і нават сялянаў, вучыліся разам. Але мясцовая шляхта ігнаравала чужыя і штучныя для іх рускія школы, аддаючы перавагу навучальным установам пры кляштарах. Кацярынаўскія ж вучэльні прыходзілі ў заняпад. Павел I, які лічыў Беларусь польскай правінцыяй, імкнуўся замацаваць тут свой уплыў з дапамогай каталіцкай адукацыі. I не выпадкова. Амаль пры кожным мясцовым касцёле існавала школа. Вялікі аўтарытэт мелі езуіцкія калегіумы (сярэднія навучальныя ўстановы), якія давалі класічную рэлігійную адукацыю еўрапейскага ўзроўню. Каталіцкая школа бесперашкодна паланізавала беларускую шляхту і нават рускае дваранства. Выкладанне па-беларуску не практыкавалася.

Палітычная накіраванасць царскага асветніцтва

Пасля вайны 1812 г. царскае асветніцтва набыло яшчэ болей выразную палітычную накіраванасць. Аляксандр I, чалавек пераважна еўрапейскай культуры, намагаўся наблізіць Расію да Захаду. 3 першых гадоў свайго праўлення імператар праводзіў рэфармаванне школьнай справы. Ставілася мэта пашырэння свецкай адукацыі. Пры гэтым быў выкарыстаны досвед Адукацыйнай Камісіі былой Рэчы Паспалітай. Створанае ў 1802 г. Міністэрства народнай асветы пачало адкрываць школы трох тыпаў: прыходскія вучэльні, якія ўтрымліваліся на сродкі мясцовых таварыстваў, павятовыя вучэльні і губернскія гімназіі, якія мелі ўласны статут, навучальныя планы і казённае ўтрыманне. Уся Расія падзялялася на 6 вучэбных акругаў на чале з папячыцелем і універсітэтам у кожнай. У Віленскую вучэбную акругу ўваходзілі школы, што знаходзіліся на тэрыторыі Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага).

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии